Журнал беларускіх даследаванняў: Усходняя Беларусь у 1917 годзе, пратакол Кангрэса, астралогія Скарыны

Цэнтр Астрагорскага сумесна з Англа-беларускім таварыствам рады прадставіць найноўшы нумар Журнала беларускіх даследаванняў.

Заснаваны ў 1965 годзе, гэты часопіс з’яўляецца найстарэйшым перыядычным выданнем па беларускіх даследаваннях на англійскай мове.

Паміж мясцовым і нацыянальным: выпадак Усходняй Беларусі ў 1917 годзе

Нумар часопіса за 2017 год пачынаецца з артыкула Лізаветы Касмач. Яе нядаўна абароненая доктарская дысертацыя, напісаная ва Універсітэце Альберты ў Канадзе, прысвечаная беларускаму нацыянальна-дзяржаўнаму будаўніцтву падчас Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі. У сваім артыкуле Лізавета аналізуе праблемы нацыянальнай мабілізацыі насельніцтва ва ўсходняй Беларусі ў 1917 годзе. У той час Лютаўская рэвалюцыя ў Расіі адчыніла новыя магчымасці для нацыянальных дзеячоў браць удзел у палітыцы.

Лізавета вылучае дзве асноўныя перашкоды, якія не далі дзеячам нацыянальнага руху дамагчыся поспеху: спадчына дзесяцігоддзяў русіфікацыі і лакальная (а не нацыянальная) ідэнтычнасць беларускага насельніцтва. У той час людзі пазбягалі выразнага акрэслення нацыянальнай ідэнтычнасці, і замест гэтага ідэнтыфікавалі сябе з пэўным рэгіёнам або паселішчам. Стратэгіі выжывання тагачаснага беларуса не прадугледжвалі атаясамлення з асобнай беларускай нацыяй.

Беларусь у пратаколе Кангрэса 1873-1994 гадоў

Таццяна Кулакевіч з Універсітэта Рутгерс аналізуе пытанне Беларусі у пратаколе Кангрэса паміж 1873 і 1994 гадамі. Аўтарка падкрэслівае важнасць дзейнасці беларускай дыяспары у Злучаных Штатах, што дазволіла намаляваць Беларусь на мапе свету ў свядомасці амерыканскай палітычнай эліты. З нямой тэрыторыі пад кантролем Расіі Беларусь пераўтварылася ў асобную краіну, што пакутуе ад камунізму і мае права на незалежнасць.

Доктар Францыск Скарына і нябёсы: астралогія ў жыцці кнігадрукара XVI стагоддзя

Уладзімір Канановіч прапануе тэкст пра Францыска Скарыну, аднаго з першых ўсходнееўрапейскіх кнігадрукароў, які заклаў аснову для развіцця беларускай мовы. Постаць Скарыны шырока вывучалася ў літаратуры, але яго зацікаўленасць астралогіяй не была належным чынам асветленая. Скарына быў практыкуючым лекарам, таму меў вялікую цікавасць да астралагічнага прагназавання.

З’яўленне сімвала сонца з паўмесяцам у яго самых вядомых гравюрах можна аднесці да ўплыву Рэгіямантануса. Артыкул Уладзіміра Канановіча стаў вынікам яго выступу на другой штогадовай канферэнцыі па беларускіх даследаваннях, якая адбылася ў Лондане ў сакавіку 2017 года. Канферэнцыя была арганізаваная Цэнтрам Астрагорскага ў супрацоўніцтве з Універсітэцкім каледжам Лондана ды Беларускай бібліятэкай і музеем імя Францыска Скарыны.

Выступоўцы з Беларусі, Вялікабрытаніі, Японіі, Германіі, ЗША і іншых краінаў прадставілі і абмеркавалі даклады ў галіне беларускіх даследаванняў. Панэлі канферэнцыі былі прысвечаныя працы і спадчыне Францыска Скарыны, праблемам беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, знешняй палітыцы Беларусі і параўнальнай палітыцы, грамадскім і палітычным рухам, а таксама беларускай мове і літаратуры.

Пасля асноўнай часткі канферэнцыі адбылася Штогадовая лекцыі па беларускіх даследаваннях, якую прачытаў доктар Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Штогадовая лекцыю, а таксама падкасты усіх панэляў канферэнці можна знайсці на Soundcloud.

Рэцэнзіі

Сяргей Богдан з Берліна абмяркоўвае кнігу Алены Маркавай пра савецкую беларусізацыю і спрабуе аддзяліць міфы ад рэальнасці. Аляксей Ластоўскі з Мінска разглядае кнігу Пятра Рудкоўскага пра Беларусь ў еўрапейскім кантэксце з філасофскага пункта гледжання. Раман Урбановіч з Будапешта абмяркоўвае кнігу Вольгі Сасункевіч пра гендэрныя аспекты нефармальнага памежнага гандлю ў Беларусі.

Гэты выпуск часопіса беларускіх даследаванняў таксама ўключае гадавую справаздачу Англа-беларускага таварыства, падрыхтаваную яго старшынём, былым амбасадарам Вялікабрытаніі ў Беларусі Браянам Бенетам.

Часопіс прымае прапановы публікацый на пастаяннай аснове і вітае тэксты ад маладых і сталых навукоўцаў у галіне беларускіх даследаванняў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *