Жорсткасць міліцыі ў Беларусі застаецца істотнай праблемай

Затрыманне Дашкевіча

Затрыманне Змітра Дашкевіча ў лістападзе 2016 года. Фота: spring96.org

26 лістапада 2016 года 36-гадовая жанчына была насмерць збітая машынай падчас пераходу дарогі ў вёсцы Дарава Брэсцкай вобласці.

Вінаватым у няшчасным выпадку быў п’яны кіроўца, які апынуўся кіраўніком Баранавіцкай дарожнай інспекцыі.

Алкаголь з’яўляецца толькі адной з праблемаў, якая пагаршае вобраз міліцыі ў вачах грамадства. Сваволле, няветлівасць, а таксама недастатковая празрыстасць дзейнасці падрываюць рэпутацыю міліцыі.

Жорсткасць пры выкананні службовых абавязкаў па-ранейшаму застаецца сур’ёзнай праблемай міліцыі ў Беларусі. У 2016 годзе працягвала расці колькасць справаў, звязаных са злоўжываннем ўладай супрацоўнкамі МУС.

П’яныя і небяспечныя

Цяпер праводзіцца расследванне па справе Андрэя Ваўкавыцкага, кіраўніка ДАІ Баранавічаў, з-за якога адбылася аварыя. Сродкі масавай інфармацыі ўжо пацвердзілі, што ў дзень аварыі ён кіраваў аўтамабілем у п’яным стане, алкаголь у крыві склаў амаль тры праміле.

Па сведчаннях відавочцаў, пацярпелая, маці дваіх дзяцей, памерла імгненна. Кар’ера Ваўкавыцкага на гэтым, вядома, скончылася, і яму пагражае да сямі гадоў турмы. Алкагалізм шырока распаўсюджаны сярод супрацоўнікаў міліцыі, і Ваўкавыцкі быў не першым, каго злавілі п’яным за рулём.

20 лютага 2016 года пара з Віцебска спыніла машыну начальніка абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Сяргея Сарокіна, падазраючы, што кіроўца знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. ДАІ пазней выявіла два праміле алкаголю ў крыві Сарокіна. У рэшце рэшт, ён быў аштрафаваны на суму каля $1200 і пазбавіўся пасведчання кіроўцы на пяць гадоў.

Ці ёсць межы свавольства?

Смерць пешахода вымусіла МУС выступіць з афіцыйнай заявай. Але замест таго, каб прынесці прабачэнні сям’і ахвяры, міністр Ігар Шуневіч назваў Ваўкавыцкага сорамам міліцыі. Міністр таксама запэўніў грамадскасць, што чыноўнікі, якія правініліся, неадкладна страцяць свае працоўныя месцы.

Шуневіч

Ігар Шуневіч. Фота: svaboda.org

У дадатак да праблемы з алкаголем, супрацоўнікі міліцыі ў Беларусі часта дзейнічаюць беспакарана. 4 жніўня 2016 года група супрацоўнікаў міліцыі ў масках ўварвалася ў кватэру мінскага педыятра Дзмітрыя Серады. Без аніякага папярэджання яны пачалі ламаць дзверы і балкон, збіваючы лекара і палохаючы яго дзіця і цяжарную жонку. Пазней міліцыя прызнала, што іх супрацоўнікі памыліліся, але да гэтага часу ніхто не пакараны.

Улетку 2016 года прадстаўнікі спецназу затрымалі двух непаўнагадовых маладых людзей, збілі і памачыліся на аднаго з іх. Далей пайшлі пагрозы сэксуальнага гвалту. Аднак пазней маладых хлопцаў саміх абвінавацілі ў нападзе на міліцыю. 1 лістапада 2016 года адзін з іх, 17-гадовы Аляксандр Гарута, быў асуджаны на два гады хатняга арышту па абвінавачанні ў збіцці афіцэра спецназа.

Статыстычныя дадзеныя Міністэрства ўнутраных спраў паведамляюць аб 123 крымінальных справах, звязаных з абвінавачваннямі ў адрас супрацоўнікаў міліцыі ў 2016 годзе. Тым не менш, міністр Шуневіч пазбягае агучвання канкрэтных доўгатэрміновых захадаў па спыненні міліцэйскага свавольства. Раней сёлета міністр катэгарычна адмовіў усе доказы прафесійнай некампетэнтнасці міліцыі і пагражаў судовым пераследам тым, хто крытыкуе яе.

Міліцыя супраць грамадзянскай супольнасці

Сярод іншых паблемаў беларускай міліцыяй варта згадаць заганную кадравую палітыку і падрыхтоўку кадраў, адсутнасць магчымасці грамадскага кантролю міліцыі, а таксама пераслед палітычна актыўных грамадзянаў.

Міліцыя

Жанчына «збівае» супрацоўніка міліцыі, 2015 год. Фота: euroradio.fm

Па словах праваабаронцы і былога следчага Алега Волчака, Беларусі патрэбны “капітальны рэмонт” міліцыі. На яго думку, адзінай місіяй міліцыі сёння з’яўляецца абарона палітычнага рэжыму.

Кіраўнік руху “За свабоду” Юры Губарэвіч сцвярджае, што палітычны пераслед цяпер распаўсюджваецца на звычайных грамадзянаў, а не толькі на лідараў апазіцыі. Нават нягледзячы на ​​тое, што колькасць крымінальных справаў знізілася, прадстаўнікі апазіцыі пастаянна сутыкаюцца з адміністрацыйнымі пакараннямі і штрафамі, якія становяцца цяжарам для насельніцтва ва ўмовах эканамічнага крызісу.

У адказ на гэтыя абвінавачванні Шуневіч заняў абарончую пазіцыю. Ён сцвярджае, што любыя спробы крытыкаваць яго міністэрства маюць намер дыскрэдытаваць існуючы палітычны рэжым і дэстабілізаваць палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Яшчэ больш шкілетаў у шафе

Улады не жадаюць прызнаваць існаванне праблемы. Яны неаднаразова адмаўлялі незалежным назіральнікам у доступе да месцаў часовага ўтрымання, сумна вядомых жорсткімі ўмовамі. Вядома, што затрыманыя часта ўтрымліваюцца ў маленькіх камерах і не маюць доступу да пітной вады. Але рэальная сітуацыя ў гэтых установах застаецца незразумелай.

Афіцыйна прызначаныя інспекцыйныя камісіі адзначаюць станоўчыя бакі месцаў ўтрымання, часам перабольшваючы іх да абсурду. Напрыклад, сродкі масавай інфармацыі паведамлялі аб нядаўнім візіце беларускай поп-спявачка Ірыны Дарафеевай ў турму Магілёва. Яна была здзіўленая якасцю турэмнай ежы, якую параўнала з «рэстаранам».

Іншай трывожнай тэндэнцыяй з’яўляецца тое, што міліцыя ў правінцыі менш падсправаздачная, чым у сталіцы. Некалькі тыдняў таму юнак у Полацку зрабіў заўвагу, што міліцэйскі аўтамабіль быў прыпаркаваны на месцы паркоўкі для інвалідаў. Міліцыянты, у сваю чаргу, прымусілі яго прайсці ў мясцовае аддзяленне міліцыі, каб пацвердзіць яго асобу.

Шматлікія выпадкі міліцэйскага самавольства заахвоцілі беларускую грамадзянскую супольнасць выступіць з ініцыятывай супраць злоўжывання ўладай з боку міліцыі. На працягу двух тыдняў у лістападзе больш за 4000 чалавек падпісалі петыцыю з патрабаваннем, каб Шуневіч узяў на сябе адказнасць альбо сыйшоў у адстаўку.

Некаторыя супрацоўнікі міліцыі ведаюць пра гэтыя праблемы і спрабуюць іх вырашыць, але большасць з іх яшчэ не гатовыя выступіць і падзяліцца сваімі меркаваннямі з грамадскасцю. Аднак для таго, каб палепшыць сітуацыю і пазбегнуць далейшага пагаршэння рэпутацыі міліцыі, улады павінны арганізаваць публічнае абмеркаванне ролі і абавязкаў міліцыі ў Беларусі.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *