Як у Беларусі распаўсюджваецца беднасць

Бадай адным з самых вялікіх дасягненняў Лукашэнкі была яго барацьба з беднасцю. У цяжкія 1990-я гады палова насельніцтва Беларусі знаходзілася за мяжой беднасці. Сёння гэтая лічба ў 10 разоў меншая, але яна зноў пачынае расці.

У некаторых рэгіёнах працаўнік у сярэднім атрымлівае ўсяго 100$ за месяц, што крыху больш за беларускую рысу беднасці (каля $90).

Асноўная прычына, чаму людзі апынаюцца за рысай беднасці — гэта страта працы, бо дзяржава не можа прапанаваць беспрацоўным значную дапамогу. Дапамога па беспрацоўі складае каля 12$ на месяц. Жыхары суседняй Польшчы тым часам атрымліваюць каля 200$.

Выглядае, што беднасць будзе працягваць распаўсюджвацца, бо ўлады спрабуюць перакласці эканамічныя праблемы краіны на плечы бедных.

Шлях Беларусі да беднасці

Два дзесяцігоддзі таму Беларусь была адназначна беднай краінай. У 1990-я гады ва ўсім рэгіёне заработная плата рэзка знізілася ў выніку распаду сацыялістычнай эканомікі. У той час каля паловы насельніцтва Беларусі знаходзілася ніжэй за рысу беднасці.

Таму не дзіўна, што лозунг кампаніі Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе “адвесці людзей ад прорвы” знайшоў народную падтрымку, і барацьба з беднасцю паспрыяла працяглай папулярнасці Лукашэнкі сярод беларусаў. Паводле дырэктара даследчага цэнтра ІПМ Аляксандра Чубрыка, эканамічны рост у Беларусі прынёс найбольшую карысць самай беднай частцы грамадства.

Аднак з 1990 года многае змянілася, і цяперашні спад рэзка адбіўся на бедных. Нягледзячы на ​​заявы ўладаў пра тое, што беларуская эканоміка нарэшце аднаўляецца, на ўсходзе краіны крызіс працягваецца. Паводле афіцыйных дадзеных, у першай палове 2017 года эканоміка Віцебскага рэгіёну скарацілася на 3,2%, а Магілёўскага — на 2,6%.

Але нават калі эканоміка расце, найбяднейшыя грамадзяне не абавязкова атрымліваюць ад гэтага выгоду. У апошнія гады пераразмеркаванне рэсурсаў павольна схіляецца на ​​карысць багатых. Калі ў 2010 годзе 20% самых багатых беларусаў валодала 36,7% агульнай маёмасці краіны, у 2016 годзе гэты паказчык вырас да 38,8%.

Гэтая лічба можа ўвесці ў зман: няроўнасць, верагодна, расце яшчэ больш рэзка. Многія багатыя людзі маюць банкаўскія рахункі за мяжой або знаходзяць законныя спосабы, каб пазбегнуць выплаты падаткаў. Напрыклад, у той час як людзі, якія працуюць у “старой эканоміцы”, плацяць поўны памер падатку, ІТ-кампаніі просяць беларускія ўлады падоўжыць ужо існуючыя падатковыя льготы для  свайго бізнэсу і даць яшчэ больш. Пагаршае сітуацыю і той факт, што ад 10 да 25% насельніцтва Беларусі працуе ў ценявой эканоміцы. Дзяржава не можа пераразмяркоўваць прыбыткі ад гэтага сектара на карысць найбольш бедных грамадзянаў.

У адказ на гэты крызіс, у некаторых частках беларускага грамадства набірае папулярнасць фудшэрынг. Людзі дзеляцца паведамленнямі ў vk.com, самай папулярнай сацыяльнай сетцы ў Беларусі, і прапануюць аддаць непатрэбныя прадукты. Звычайна ахвочыя прыняць падарунак адказваюць на такія прапановы цягам некалькіх хвілінаў. Некаторыя людзі нават гатовыя ехаць з аднаго канца Мінска ў іншы, толькі каб узяць ежу. Самая вялікая старонка фудшэрынга ў сацыяльных сетках мае больш за 8,000 падпісчыкаў.

Дзве прычыны беднасці

Сусветны банк называе чатыры асноўныя фактары, якія перадвызначаюць беднасць: малады ўзрост, жыццё ў сельскай мясцовасці, беспрацоўе і нізкі ўзровень адукацыі. У выпадку Беларусі, занятасць і месца жыцця ўяўляюцца найбольш важнымі.

Беспрацоўе, безумоўна, застаецца вырашальным фактарам, бо ў Беларусі няма належнай сістэмы сацыяльнай абароны беспрацоўных, а рэальны ўзровень беспрацоўя хаваецца. Сацыяльная дапамога па беспрацоўі складае ад 12$ да 24$, і “ў рэчаіснасці атрымліваюць яе менш за 10% беспрацоўных”, кажа эканаміст Аляксандр Чубрык.

Такім чынам, “пратэсты недармаедаў” гэтай вясной былі заканамернымі: людзі проста не маюць дастаткова грошай для выжывання. Каля 20 тысяч дэманстрантаў у 12 гарадах Беларусі выступілі супраць падатку на беспрацоўе. Многія людзі звязваюць канец пратэстаў з тым, што надвор’е палепшылася, і людзі сышлі ў адпачынак на дачы. Але сёння дачы становяцца не проста месцам, дзе беларусы расслабляюцца: даследаванне Цэнтра ІПМ паказвае, што доля даходаў ад падсобнай гаспадаркі расце паўсюль у Беларусі, нават у Мінску.

Месца жыхарства з’яўляецца яшчэ адным важным фактарам, які ўплывае на ўзровень беднасці. Груба кажучы, чым больш месца жыхарства падобнае да Мінска, тым менш верагодна, што чалавек будзе бедным. Паводле афіцыйных дадзеных, у Мінску бедныя сем’і складаюць 1,4% ад агульнай колькасці, а ў Гомельскай вобласці гэты паказчык роўны 5,9%.

Вядома, што ў большасці краінаў жыхары сталіцы жывуць багацей, але многія беларускія рэгіёны, асабліва вёскі, папросту не могуць вызваліцца з заганнага кола галечы. Нягледзячы на ​​тое, што ўрад імкнецца выраўняць узровень жыцця паміж рэгіёнамі і сталіцай, на практыцы разрыў працягвае павялічвацца.

“Няхай шукаюць другую працу”

Беларускія законы і заявы чыноўнікаў сведчаць пра тое, што ўлады мала спачуваюць бедным людзям.

Адказам уладаў на эканамічны крызіс стала перакладанне цяжару на простых людзей. Напрыклад, замест таго каб падтрымліваць беспрацоўных, беларускія ўлады абклалі іх падаткам. Нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што новая версія ўказа аб дармаедстве будзе гатовая да 1 кастрычніка.

Акрамя таго, сёлета ўлады пачалі паступова павышаць пенсійны ўзрост, а камунальныя тарыфы ў 2016 годзе павялічыліся на траціну. Гэтыя меры могуць быць мудрымі з гледзішча эканомікі, але яны не ёсць вынікам веры ўладаў у лібералізм. Замест гэтага яны проста рэарганізуюць сацыяльныя функцыі дзяржавы. Малаверагодна, што беларускія ўлады будуць праводзіць рэальныя рынкавыя рэформы.

Яшчэ адно сведчанне адсутнасці ва ўладаў зацікаўленасці ў дапамозе людзям — гэта заявы ўрадавых чыноўнікаў. Напрыклад, паводле слоў Лукашэнкі, “толькі лянівы ў Беларусі не можа зарабіць дастаткова грошай”. Былы міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна параіла беларусам шукаць другую працу, бо “93% беларусаў маюць толькі адну працу”.

Такія заявы, вядома, не спрыяюць станоўчаму іміджу ўраду. Але галасаванне на выбарах у Беларусі з’яўляецца толькі фармальнасцю, таму чыноўнікі наўрадці адчуюць на сабе нейкія наступствы сваіх выказванняў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *