Як беларусы змагаюцца за захаванне гістарычнай спадчыны

будынак у Беняконях

Разбураны ў 2009 годзе будынак у Беняконях, Воранаўскі раён. Фота: tut.by

Падчас паездкі ў Гродна ў канцы студзеня група турыстаў выратавала ўнікальны гістарычны музей Януша Паруліса. Ён здолеў выжыць фінансава толькі дзякуючы мясцовым актывістам і медыя-кампаніі.

У той час як суседняя Польшча абвесціла пра павелічэнне бюджэтных выдаткаў на культуру на 9.5%, Беларусь не можа ажыццявіць сваю адзіную дзяржаўную праграму па захаванні культурнай спадчыны. Замест таго, каб супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасцю ў мэтах захавання важных культурных помнікаў, урад абмяжоўвае дзейнасць НДА і траціць грошы на бяспеку і правапарадак.

Захаванне спадчыны

Беларусь паставіла пытанне аб захаванні культурнай спадчыны на парадак дня параўнальна нядаўна: першы дакумент, непасрэдна датычны аховы культурнай спадчыны, з’явіўся толькі ў 2006 годзе. У Літве закон пра захаванне спадчыны з’явіўся ў 1992 годзе, а ў Аўстрыі — яшчэ 200 гадоў таму.

Тым часам, міжнародныя абавязкі падштурхоўваюць Беларусь да абароны сваёй культурнай спадчыны. У 2015 годзе беларускі горад Мсціслаў стаў чальцом праекта COMUS (Удзел грамадства ў аднаўленні гістарычных гарадоў), які накіраваны на актыўны ўдзел грамадзян у захаванні спадчыны. Акрамя таго, ЮНЕСКА вызначыла чатыры аб’екты сусветнай спадчыны ў Беларусі.

Тым не менш, беларускі ўрад да гэтага часу не здолеў стварыць комплексны праект па захаванні спадчыны. За апошнія гады Беларусь пачала камерцыялізаваць захаванне спадчыны на такіх вядомых турыстычных аб’ектах, як Мірскі замак. У той жа час замкі ў Крэве і Любча выжываюць толькі дзякуючы добраахвотнай працы гісторыкаў і мясцовых жыхароў. Праз лібералізацыю візавага рэжыму Беларусь мае больш шанцаў зарабіць на турыстах, але ўраду варта перад гэтым эфектыўна падрыхтаваць аб’екты спадчыны, якія могуць уяўляць цікавасць для турыстаў.

Аднаўленне замкаў

Негледзячы на вялікую колькасць гістарычных месцаў, якія могуць быць цікавымі для турыстаў, урад вырашыў засяродзіцца выключна на замках. У 2011 годзе былі вылучаныя грошы на дзяржаўную праграму пад назвай “Замкі Беларусі” на 2012-2018 гады. Праграма накіраваная на аднаўленне 38 гістарычных помнікаў Беларусі. У той жа час мясцовыя ўлады руйнуюць шмат іншых гістарычных будынкаў, як гэта нядаўна адбылося з двума вайсковымі будынкамі ХІХ стагоддзя ў Мінску.

Замак у Свяцку

Замак у Свяцку. Крыніца: TUT.by

Але нават праграма “Замкі Беларусі” не атрымала дастатковага бюджэта, і ў яе межах былі адноўленыя толькі некалькі замкаў. Замкі ў Косаве, Ружанах, і Лідзе былі рэстаўраваныя першымі, а аднаўленне іншых гістарычных помнікаў, такіх як замкі ў Гродне і Свяцку, да гэтага часу не пачалося. Ужо ў 2015 годзе намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко заявіў, што праект недафінансаваны і не можа працягвацца без паведічэння выдаткаў.

З-за эканамічнага крызісу беларускія ўлады не ставяць захаванне гістарычнай спадчыны ў прыярытэты. У адрозненне ад выдаткаў на правапарадак і бяспеку, выдаткі на культуру за апошнія сем гадоў застаюцца вельмі нізкімі. Акрамя таго, беларускія ўлады змясцілі культуру, СМІ і спорт у адзін бюджэтны артыкул. Для параўнання, у канцы 2016 года польскія ўлады абвясцілі пра павелічэнне бюджэтных выдаткаў на культуру ў памеры 9,5% ад ВУП.

Гісторыкі працягваюць выказваць заклапочанасць у справе праграмы “Замкі Беларусі”. Напрыклад, вядомы антраполаг Сцяпан Стурэйка паведаміў інтэрнэт-радыё Твой Стыль, што дзяржава не раіцца з гісторыкамі і экспертамі падчас рэстаўрацыйных працаў. Па словах Антона Астаповіча, старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, існуе велізарная розніца паміж рамонтам і рэстаўрацыяй, але ўлады часта не прымаюць гэта пад увагу.

У той час як у большасці суседніх краінаў кансультацыі з экспертамі і абмеркаванне з мясцовымі жыхарамі, якія папярэднічаюць рэстаўрацыі, з’яўляецца абавязковым патрабаваннем, у Беларусі ўлады ігнаруюць гэты важны крок. Паводле Астаповіча, толькі тыя аб’екты, якія ўлады лічаць гістарычна каштоўнымі, маюць гарантыі ад разбурэння. Мясцовыя ўлады схільныя самастойна, без кансультацыі гісторыкаў, вырашаць, ці вартыя пэўныя будынкі разбурэння.

Абарона спадчыны – справа грамадства?

Да гэтага часу захаванне гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі ў асноўным было справай энтузіястаў. У 2016 годзе на вуліцах Мінска з’явіліся шыльды з гістарычнымі назвамі. Неўзабаве пасля гэтага гісторыкі ў Гродне ініцыявалі падобны праект, які стартаваў 15 лютага. Дзякуючы ініцыятыве мясцовых актывістаў некаторыя гістарычныя будынкі працягваюць функцыянаваць.

Музей Януша Паруліса ў Гродне знаходзіўся ў небяспецы, бо ўладальнік больш не мог дазволіць сабе плаціць арэндную плату. Тым не менш, працягнуў працу ў 2017 годзе дзякуючы сродкам масавай інфармацыі і кампаніі, арганізаванай мясцовымі жыхарамі. Асвятленне ў СМІ дазволіла ўладальніку прыцягнуць турыстаў, якія цяпер наведваюць музей ўсё часцей.

Музей Паруліса

Музей Паруліса. Крыніца: Hrodna.life

Некаторыя ініцыятывы накіраваныя на выдаленне заканадаўчых прабелаў, якія значна ўскладняюць маніторынг аднаўлення гістарычных аб’ектаў. Беларускае добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ўвесь час змагаецца супраць зносу гістарычных будынкаў. Некалькі тыдняў таму яно накіравала зварот да парламента з прапановай абнавіць заканадаўства па рэканструкцыі гістарычных аб’ектаў.

Міжнародныя праекты таксама накіраваныя на падтрымку аховы спадчыны, хоць аб’ём такіх праектаў невялікі. Пасольскі фонд па захаванні культурнай спадчыны арганізуе штогадовы конкурс праектаў, але здольны падтрымаць толькі некалькі праектаў на год.

Захаванне гістарычнай спадчыны не павінна быць толькі справай добраахвотнікаў. Грамадзянская супольнасць не валодае рэсурсамі для рэалізацыі такіх праектаў без дзяржаўнай падтрымкі. Акрамя таго, ініцыятывы НДА абмежаваныя заканадаўствам, якое патрабуе рэгістрацыі міжнароднай фінансавай дапамогі. У выніку многія гістарычныя месцы ратуюць грамадзяне або групы добраахвотнікаў уласнымі сіламі.

Беларускі ўрад сам па сабе робіць мала для абароны спадчыну, але і не дазваляе грамадзянскай супольнасці вырашыць праблему. Улады спрабуюць зэканоміць грошы на захаванні спадчыны, абмяжоўваючы выдаткі да ўсяго 0,9% ВУП. Разам з тым яны ігнаруюць прапановы па арганізацыі грамадскіх слуханняў або кансультацый экспертаў з нагоды рэканструкцыі або зносу.

Грамадскія ініцыятывы за апошні год прадэманстравалі поспех у гэтай сферы. Адкрываючы прастору для ініцыятываў па захаванні спадчыны, дзяржава дэлегуе больш функцый грамадзянскай супольнасці, і такім чынам пашырае правы грамадзян. Замест падзелу сфераў адказнасці, грамадзянская супольнасць і ўрад маглі б аб’яднаць свае намаганні для стварэння эфектыўнай праграмы па захаванні спадчыны.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *