Вялікі гендэрны разрыў у працягласці жыцця беларусаў: чаму так адбываецца?

Дыскусія па гендэрнай праблеме ў Беларусі па зразумелых прычынах факусуецца на правах жанчын, але мужчыны заслугоўваюць не меншай увагі. Беларускія мужчыны маюць значна меншую чаканую працягласць жыцця, чым жанчыны – гэты ўзровень у Беларусі нават ніжэйшы, чым у Паўночнай Карэі.

У гэтым вінаватыя як самі людзі, так і дзяржава. Беларусь застаецца адной з самых алкагалізаваных краінаў у свеце, а беларускія мужчыны ў асноўным ставяцца да свайго здароўя абыякава.

Гэта мае балючыя наступствы. Сем’і губляюць бацьку і крыніцу даходу, а дзяржава — падаткаплатніка. Але і напрацягу жыцця слабое здароўе мужчын прыводзіць да нізкай прадукцыйнасці і, такім чынам, негатыўна ўплывае на эканоміку. Беларускі ўрад прадпрымае пэўныя намаганні па прапагандзе здаровага ладу жыцця, але не робіць гэта сістэматычна.

Кароткае жыццё беларускіх мужчын

Ва ўсім свеце жанчыны ў сярэднім жывуць даўжэй, чым мужчыны. Напрыклад, паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) у 2015 годзе чаканая працягласць жыцця для жанчын ў Швецыі была на тры гады большай, чым для мужчын (84 гады і 80,7 адпаведна). У іншых краінах, напрыклад, Злучаных Штатах, гэты разрыў можа быць яшчэ большым (адпаведна 81,6 і 76,9 года).

Беларусь адрозніваецца ад заходніх краінаў тым, што мае значна большую розніцу ў чаканай працягласці жыцця паміж мужчынамі і жанчынамі. Беларуская дзяўчынка, якая нарадзілася ў 2015 годзе, пражыве на 11,5 года больш, чым хлопчык (78 гадоў і 66,5 года). Розніца атрымліваецца настолькі вялікая, што беларускія жанчыны займаюць 66-е месца ў свеце па чаканай працягласці жыцця, а мужчыны — 119-е. Толькі Расія мае большы разрыў у працягласці жыцця (76,3 і 64,7 года).

Але рэальнасць застаецца нашмат больш сумнай. Многія мужчыны паміраюць да дасягнення пенсійнага ўзросту, асабліва тыя, хто жыве ў сельскай мясцовасці. У 1990-х і 2000-х гадах сярэдняя працягласць жыцця для сельскіх мужчынаў часам зніжалася да 60 гадоў. Беларускія мужчыны жывуць нядоўга, нібы матылькі.

Чаму мужчыны паміраюць так рана?

Паказнікі працягласці жыцця беларускіх мужчын выглядаюць цалкам лагічна. Беларусь з 2014 года застаецца адным з сусветных лідараў па спажыванні алкаголю па дадзеных СААЗ. Беларусы выпіваюць 17,5 літра чыстага алкаголю на душу насельніцтва, але гэта лічыцца ў сярэднім па краіне. Калі браць толькі мужчынаў, то яны спажываюць 27,5 літра на душу насельніцтва. Між тым, сярэдні сусветны паказнік складае 6,2 літра. Нягледзячы на ​​спробы ўрада стварыць праграму па прафілактыцы алкагалізму і рэабілітацыі алкаголікаў, Беларусь да гэтага часу не змагла знізіць спажыванне алкаголю.

Па словах галоўнага нарколага пры Міністэрстве аховы здароўя, у Беларусі на ўліку стаіць 160 тысяч алкаголікаў, а ў 2016 годзе пад прафілактычным наглядам знаходзілася 85 тысяч чалавек. Гэта складае амаль 4% насельніцтва, але на самай справе можна падвоіць або патроіць гэту лічбу, бо дзяржаўныя органы не рэгіструюць усіх, хто мае праблемы з алкаголем.

Фота: Shutterstock

Курэнне застаецца яшчэ адной важнай прычынай, па якой беларускія мужчыны жывуць так мала. Паводле сацыялагічнага даследавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ў 2016 годзе траціна дарослага насельніцтва Беларусі курыла.

Большасць курцоў — мужчыны, якія часта пачынаюць курыць яшчэ да таго ўзросту, калі статыстыка пачынае прымаць іх да ўвагі. Беларуская моладзь мае адзін з самых высокіх узроўнеў курэння на постсавецкай прасторы. Сам аўтар артыкула паспрабаваў курыць ва ўзросце 7 гадоў і стаў сталым курцом ва ўзросце 12 гадоў.

Акрамя таго, у Беларусі ёсць шэраг іншых прычынаў, якія вызначаюць кароткую працягласць жыцця мужчын, аналагічную тым, якія сустракаюцца ў іншых частках свету. Напрыклад, мужчыны схільныя пазбягаць лекараў і ісці на большыя рызыкі. Мужчыны часцей працуюць у небяспечных прафесіях, напрыклад, звязаных са здабычай або будаўніцтвам. Міністэрства працы практычна забараняе жанчынам працаваць на небяспечных працах, такіх як каваль або дальнабойшчык. Беларускія феміністкі лічаць гэта дыскрымінацыяй.

Беларускія мужчыны застаюцца значна менш сацыялізаванымі, і гэта ўплывае на іх псіхалагічную стабільнасць. Таму, напрыклад, яны з большай верагоднасцю здзяйсняюць самагубства — у 2016 годзе забілі сябе 386 жанчын і 1656 мужчын.

Як ранняя смерць мужчын уплывае на грамадства

Падобна, што беларускія ўлады не занепакоеныя нізкай працягласцю жыцця мужчын. Гэтае пытанне па-ранейшаму адсутнічае ў публічных выступах афіцыйных асобаў, і да гэтага часу па гэтым пытанні цяжка знайсці якія-небудзь згадкі ў СМІ або акадэмічных колах. Аднак праблема закранае не толькі мужчын – яна мае балючыя наступствы для грамадства ў цэлым.

Беларускія мужчыны зарабляюць больш, чым жанчыны, таму іх смерць значна скарачае сямейны даход. Немагчыма нават уявіць сабе гадоўлю двух дзяцей на адну сярэднямесячную зарплату, якая скаладае ў Беларусі 250 даляраў. Дзеці без бацькі (ці, у меншай ступені, дзядулі) будуць мець значна менш шанцаў на прафесійны і асабісты поспех у жыцці.

Яшчэ адна даволі распаўсюджаная праблема: жанчына, якая знаходзіцца на пенсіі, павінна плаціць за камунальныя паслугі ў невялікай кватэры каля 40 даляраў, якую яна раней дзяліла з мужам. Фактычна, гэта ставіць жанчыну пад пагрозу беднасці, паколькі сярэдняя пенсія ў Беларусі складае каля 150 даляраў у месяц.

Фота: Shutterstock

Дзяржава таксама нясе страты ад гэтай праблемы, хоць некаторыя могуць цынічна меркаваць, што дзяржава выйграе, бо людзі не дасягаюць пенсійнага ўзросту. Аднак на практыцы гэта азначае дачасны сыход з рынку працы кваліфікаванага і дасведчанага персаналу. Больш за тое, дрэннае здароўе мужчын азначае, што іх прадукцыйнасць застаецца ніжэйшай за магчымую і запавольвае ўсю эканоміку.

У інтарэсах усёй Беларусі падоўжыць жыццё мужчын, але ўлады, падобна, не гатовыя прадпрымаць для гэтага нейкія крокі. Урад робіць пэўныя захады па прапагандзе здаровага ладу жыцця, такія як размяшчэнне сацыяльнай рэкламы на рэкламных шчытах, але яна не хоча падымаць цэны на алкаголь і цыгарэты, баючыся, што гэта павялічыць незаконную вытворчасць алкаголю і кантрабанду з Расіі.

Больш за тое, нездаровы лад жыцця па-ранейшаму служыць інструментам аўтарытарызму, паколькі ён дапамагае беларусам забываць пра свае праблемы. Калі гэта стаўленне ўладаў да праблемы не зменіцца, нішто не зможа перашкодзіць беларусам паміраць дачасна.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *