Рух супраць прышчэпак у Беларусі: чарговае ўзмацненне?

Беларусь прышчэпкі

13 жніўня ў Ганцавіцкай бальніцы памёр двухмесячны Кірыл, якога брыгада хуткай прывезла з фельчарска-акушэрскага пункта. Бацька дзіцяці паведаміў, што сыну стала дрэнна пасля планавых прышчэпак. Дзяўчынка, якая атрымала прышчэпку на 15 хвілін раней за Кірыла, трапіла ў рэанімацыю. Ганцавіцкая трагедыя стала чарговай нагодай для паслядоўнікаў руху супраць прышчэпак ставіць пад сумнеў бяспеку вакцынацыі ў Беларусі.

Блогі «мамачак» і забабоны прапаведнікаў

У цяперашні час менавіта пытанні, звязаныя з вакцынацыяй, а не з распаўсюджваннем хвароб, знаходзяцца ў цэнтры шматлікіх «онлайн» і «афлайн» дыскусій у Беларусі. Прасторы Інтэрнэта сталі небяспечнай платформай для распаўсюджвання разнастайных чутак і забабонаў пра прышчэпкі. Шматлікія псеўданавуковыя онлайн крыніцы схіляюць бацькоў да аспрэчвання мэтазгоднасці ўсеагульнай вакцынацыі. Беларускія «блогі мамачак» і адмысловыя групы ў сацыяльных медыя агітуюць за адмову ад вакцынацыі і распаўсюджваюць неабгрунтаваныя чуткі пра пабочныя эфекты ад прышчэпак.

Чаму ж некаторыя “мамачкі” актыўна выступаюць супраць прышчэпак? Некаторыя з іх мелі пэўныя ўскладненні пасля вакцынацыі, іншыя ж проста не валодаюць базавымі ведамі пра прадмет. Да шэрагу «мамачак» дайшлі чуткі з англамоўных крыніц аб магчымай сувязі паміж прышчэпкай БЦЖ (ад туберкулёзу) і лімфадэніту, а таксама паміж камбінаванай прышчэпкай ад адзёру, эпідэмічнага паратыту і краснухі і аўтызмам.

Тым не менш, варта падкрэсліць, што беларускія «мамачкі» далёка не адзіныя на постсавецкай прасторы, хто агітуе супраць усеагульнай вакцынацыі. Шэраг аналагічных груп “мамачак” з’явілася ў Казахстане, Расіі і Украіне. Мусульманскія прапаведнікі, асабліва ў постсавецкіх рэспубліках Цэнтральнай Азіі, заклікаюць адмаўляцца ад вакцынацыі па рэлігійных матывах. Больш за тое, яны звязваюць жаночае бясплоддзе з пабочнымі эфектамі ад прышчэпак.

Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя Кыргызстана, узмацненне руху за адмову ад прышчэпак сярод мусульманскага насельніцтва выклікала выбух адзёру ў 2015 годзе. Такім чынам, рух за адмову ад прышчэпак даволі актыўна распаўсюджваецца па ўсёй Садружнасці Незалежных Дзяржаў (Арменія, Беларусь Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан і Украіна).

Штраф за адмову ад прышчэпак?

Рост забабонаў супраць усеагульнай вакцынацыі ў значнай ступені закрануў і Еўрапейскі Саюз. Як вынік, Францыя, Германія і Італія прынялі больш жорсткія санцыі за адмову ад прышчэпак. Напрыклад, Італія ўвяла штрафы ў памеры да 500 еўра пасля ўспышкі адзёру вясной 2017 года. Беларускае заканадаўства, з іншага боку, пакуль што на карае бацькоў, якія свядома адмаўляюцца ад прышчэпак .

Беларусь вакцынацыя

Фота: БЕЛТА

Беларускі каляндар прышчэпак ахоплівае гепатыт Б, поліяміэліт, туберкулёз, дыфтэрыю, слупняк, коклюш, адзёр, паратыт, краснуху, гемафільную інфекцыю, пнеўманію і грып. У адпаведнасці з беларускім каляндаром прышчэпак, нованароджаны атрымлівае сваю першую прышчэпку супраць гепатыту Б на працягу дванаццаці гадзін з моманту нараджэння. Астатнія прышчэпкі па каляндару ў асноўным праводзяцца на працягу першага года жыцця. Вакцыны і сама працэдура вакцынацыі з’яўляюцца бясплатнымі.

У беларускім заканадаўстве аб ахове здароўя  існуе спецыяльнае палажэнне наконт свядомай адмовы ад прышчэпак. Бацькі павінны падпісаць афіцыйны ліст аб адмове ў прысутнасці медыцынскіх работнікаў. У Беларусі такая працэдура займае не больш за два рабочых дні. Часам медыцынскія работнікі адкрыта выказваюць сваю незадаволенасць наконт адмоў ад прышчэпак і папярэджваюць аб магчымых праблемах пры паступленні ў дзіцячыя сады.

Тым не менш, у адрозненне ад Італіі, беларускае заканадаўства не прадугледжвае санкцый супраць тых бацькоў, якія свядома адмаўляюцца ад вакцынацыі. Дзеці без прышчэпак маюць права наведваць дзяржаўныя дзіцячыя сады і сярэднія навучальныя ўстановы. Толькі ў выпадку эпідэміі яны могуць быць выключанымі з вучэбнага працэсу.

Цікавыя параўнанні можна правесці з Малдовай і Украінай, дзе непрышчэпленыя дзеці не маюць права наведваць дзяржаўныя школы і дзіцячыя садкі. Ва Украіне дзеючае заканадаўства ў галіне аховы здароўя ўступае ў прававую калізію з Канстытуцыяй, якая гарантуе універсальнае права на адукацыю.

У Малдове праваабаронцы пацярпелі паражэнне ў спрэчцы з заканадаўцамі. Малдаўскі Канстытуцыйны суд пастанавіў, што абавязак удзелу ў калектыўнай вакцынацыі не парушае універсальнага права на адукацыю. Тыя бацькі, якія свядома адмаўляюцца ад вакцынацыі, могуць арганізаваць індывідуальнае навучанне сваім дзецям. Такім чынам, Малдова ўстанавіла юрыдычны прэцэдэнт узмацнення дзяржаўнага кантролю над абавязковай вакцынацыяй для краін СНД.

Туберкулёз, дыфтэрыя і калектыўны імунітэт

У цяперашні час сітуацыя ў галіне аховы здароўя ў Беларусі знаходзіцца ў межах нормы. Ахоп вакцынацыяй супраць найбольш цяжкіх захворванняў складае 96-98 % ад агульнай колькасці насельніцтва. Такія страшныя хваробы як адзёр і поліяміэліт адсутнічалі ў Беларусі на працягу апошніх некалькіх дзесяцігоддзяў. Дыфтэрыя стала апошняй буйной эпідэміяй, якая закранула Беларусь у сярэдзіне 1990-х гадоў.

Беларусь прышчэпкі

Фота: sb.by

Выбух дыфтэрыі адбыўся пасля распаду Савецкага Саюза, у выніку арганізацыйных перабояў у працы ўстаноў аховы здароўя. Тым не менш, Іна Карабан, галоўны эпідэміёлаг Беларусі, адзначыла ў інтэрв’ю, што значная частка пацярпелых ад эпідэміі дыфтэрыі адмовілася ад вакцынацыі яшчэ ў 1980-х гадах.

У дваццаць першым  стагоддзі асноўнай праблемай для аховы здароўя ў Беларусі з’яўляецца рост устойлівых формаў туберкулёзу, асабліва МЛУ-ТБ (туберкулёз з множнай лекавай устойлівасцю). Высокія ўзроўні курэння і ўжывання алкаголю істотна спрыяюць распаўсюджванню МЛУ-ТБ. Як вынік, Міністэрства аховы здароўя распачало дзяржаўную праграму «Туберкулёз», разлічаную на 2016-2020 гады, з мэтай  удасканальвання лячэння MЛУ-ТБ па ўсёй краіне. Тым не менш, барацьба з рэзістэнтнымі формамі туберкулёзу адначасова патрабуе моцных антыалкагольных і антытытунёвых кампаній.

У заключэнне, пакуль што сітуацыя ў сферы аховы здароўя ў Беларусі далёкая ад крытычнай, таму заканадаўства наўрад ці стане больш жорсткім у дачыненні да бацькоў, якія свядома адмаўляюцца ад прышчэпак . У лістападзе 2017 года амаль 35 % беларусаў добраахвотна зрабілі сабе прышчэпкі ад грыпу. Такі высокі паказчык ўскосна пацвярджае сур’ёзны ўзровень даверу да нацыянальных устаноў аховы здароўя.

Тым не менш, Міністэрству аховы здароўя пажадана адсочваць рост настрояў супраць усеагульнай вакцынацыі. Акрамя таго, усе выпадкі ускладненняў пасля планавых прышчэпак павінны атрымаць належнае расследаванне. У час імгненнага распаўсюджвання чутак і забабон праз Інтэрнет медыкам неабходна знайсці правільныя словы, каб патлумачыць важнасць калектыўнага імунітэта для нацыі.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *