Уцечка мазгоў у Беларусі: ці спраўджваюцца мары за мяжой?

Выпускны ў ЕГУ. Крыніца: nn.by

Паводле артыкула, апублікаванага TUT.by 22 траўня, 31,3% беларусаў  гатовыя пераехаць на сталае жыхарства ў іншую краіну. Апытанне, праведзенае Беларускай аналітычнай майстроўняй, уключала 1063 чалавекі і паказала, што ўсё больш беларусаў гатовыя з’ехаць за мяжу.

Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, Беларусь з’яўляецца адной з нямногіх краін у постсавецкім рэгіёне, дзе іміграцыя перавышае эміграцыю. Аднак сацыёлагі лічаць, што афіцыйная статыстыка не адпавядае рэальнасці.

Эканамічны крызіс, палітычны ціск і застой у сістэме адукацыі з’яўляюцца толькі некалькімі прычынамі, па якіх беларусы пакідаюць краіну. Суседнія краіны наадварот спрабуюць прыцягнуць больш беларусаў. Напрыклад, 30 траўня літоўская газета Delfi паведаміла, што колькасць ІТ-спецыялістаў, якія прыбываюць з Беларусі, расце.

Улады выдаткоўваюць вялікія сумы на забеспячэнне бяспекі і абароны, але не робяць нічога, каб пераканаць беларусаў застацца ў сваёй краіне. Беларусь магла б зменшыць уцечку мазгоў праз стымуляванне пераводу капіталу з-за мяжы і паляпшэнне ўмоваў для маладых спецыялістаў.

Колькі беларусаў эмігруе?

Беларусы працягваюць эміграваць у пошуках лепшага жыцця. Белстат паведамляе, што каля 13,000 беларусаў пакінулі краіну ў 2016 годзе. Гэта на 3,000 людзей больш, чым у 2015-м. Між тым, у 2017 годзе эміграцыя яшчэ больш узрасла. У першыя два месяцы гэтага года 1839 беларусаў ужо пераехалі ў Расію, Украіну, Літву і Туркменістан.

Нягледзечы на ​​тое, што большасць беларусаў эмігруюць у Расію, многія аддалі б перавагу Еўропе. Супрацоўніца Нацыянальнай акадэміі навук Анастасія Барысава паведаміла Thinktanks.by, што “плыні эканамічных мігрантаў у апошні час перанакіраваліся з Расіі ў краіны ЕС”.

У той жа час, афіцыйная статыстычная інфармацыя дае сумнеўную карціну сапраўднай колькасці эмігрантаў. Паводле дадзеных Еўрастата, беларускія грамадзяне ўваходзяць у топ-10 краін па атрыманні грамадзянства ЕС. Акрамя таго, паводле ацэнак Росстата, у 2016 годзе ў Расію эмігравалі 83,000 беларусаў. Такім чынам, рэальная колькасць беларускіх эмігрантаў застаецца незразумелай, асабліва ўлічваючы колькасць нелегалаў.

Эканамічная сітуацыя ў краіне вымушае ўсё больш беларусаў з’яжджаць. ВУП працягвае падаць, а ўрад у чарговы раз не здолеў выканаць абяцанне пра $500 сярэдняга заробку ў месяц (цяпер $377 брута). Акрамя таго, улады працягваюць прыдумляць новыя падаткі, такія як “падатак на дармаедаў”.

Чаму беларускія студэнты эмігруюць?

Беларускія студэнты складаюць большую частку эмігрантаў. З-за культурнага падабенства і адсутнасць моўнага бар’ера Расія застаецца самым папулярным месцам для працоўных мігрантаў, у тым ліку будаўнікоў і працаўнікоў сферы абслугоўвання. Еўрасаюз жа прыцягвае ўсё больш студэнтаў з Беларусі. Нягледзячы на ​​тое, што Беларусь уступіла ў Балонскі працэс, адукацыйны паток з краіны працягвае расці. З 2001 па 2015 год агульная колькасць студэнтаў, якія навучаюцца за межамі Беларусі, павялічылася ў пяць разоў.

Да таго часу, пакуль прынцыпы Балонскага працэсу не будуць па-сапраўднаму рэалізаваныя, ўцечка мазгоў будзе працягваць расці. Аднак такія змены наўрад ці адбудуцца, улічваючы нязначныя дасягненні краіны ў рамках Балонскага працэсу і пазіцыю чыноўнікаў па гэтым пытанні.

Студэнцкая рада пры Міністэрстве адукацыі. Фота: kii.gov.by

17 лістапада 2016 года Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ заявіў: “Мы за вами (за Россией) побежали, но вовремя остановились, за каким-то Болонским процессом… Добежимся до того, что потеряем образование в угоду Западу. Они приезжают к нам и завидуют: у нас хорошее образование”.

Акрамя адсутнасці навучальных дасягненняў, недастатковай акадэмічнай свабоды і ідэалагізацыі, Беларусь адпалохвае значную колькасць студэнтаў па палітычных прычынах. У лютым-сакавіку падчас акцыяў пратэсту супраць “падатку на дармаедаў” многія студэнты зазналі пагрозы і выключэнне з навучальных установаў.

Еўрапейскія краіны прыцягваюць студэнтаў з Беларусі праз праграмы і стыпендыі. ЮНЕСКА паведамляе, што 37 з кожных 10,000 беларускіх студэнтаў вучыцца за мяжой. Для параўнання, у Расіі гэта 3,4 студэнты, ва Украіне — 9,3.

Сёння каля 35 тысяч беларусаў навучаюцца за мяжой. Яны маюць магчымасць атрымаць шэраг міжнародных стыпендый, такіх як Нямецкая служба акадэмічных абменаў (DAAD), стыпендыя Visby Шведскага інстытута,  Muskie Graduate Fellowship і іншыя. У той жа час Беларусь прымушае студэнтаў плаціць за прапушчаныя заняткі і прымусова адпрацоўваць два гады пасля заканчэння навучання. Гэта часта прыводзіць да пратэстаў.

Як прыцягнуць беларусаў

Замест эканамічных рэформаў улады прапануюць новыя падаткі і кантроль над бізнэсам. Рэжым марнуе грошы на спецслужбы і ваенныя парады, але не жадае інвеставаць у развіццё сістэмы адукацыі.

Беларусы менш актыўна прымаюць удзел у палітычных пратэстах, чым іх суседзі ва Украіне ці Расіі, і значную колькасць дэманстрантаў тут складаюць маладыя людзі. Падаўленне пратэстаў прыводзіць да павелічэння эміграцыі, як гэта здарылася ў 2006 і 2010 гадах, калі апазіцыйныя актывісты і студэнты пратэставалі супраць вынікаў выбараў.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што беларуская моладзь у асноўным рухацца на Захад, паколькі не можа знайсці “магчымасці для самарэалізацыі” у Беларусі, а таксама па палітычных прычынах, паведамляе gazetaby.com.

З 1993 года Беларусь мае правіла, паводле якога студэнты бясплатнай формы навучання павінны адпрацаваць свой “доўг” дзяржаве на працягу двух гадоў. Гэта тэарэтычна створана, каб прадухіліць уцечку мазгоў. Абавязковае працаўладкаванне часта азначае, што студэнты павінны працаваць у вёсках і малых гарадах за нізкія заробкі. Неспрыяльныя ўмовы размеркавання прымушаюць беларусаў або плаціць за адукацыю, або вучыцца за мяжой.

Беларусь атрымала б значныя выгады ад супрацоўніцтва з дыяспарай. Дзяржаве, аднак, не ўдалося распрацаваць паслядоўную і канструктыўную палітыку ў дачыненні да яе. Паспяховыя навукоўцы, бізнесмены і культурныя дзеячы, якія жывуць за мяжой, маглі б дапамагчы развіццю краіны і прыцягнуць больш грошай у Беларусь. Аднак Лукашэнка, здаецца, баіцца гэтай стратэгіі, бо ўспрымае большасць прадстаўнікоў дыяспары як апазіцыю.

Спыніць уцечку мазгоў з Беларусі  — складаная задача, асабліва ўлічваючы, што суседняя Літва ці Польшча сутыкаюцца з падобнай праблемай нават нягледзечы на вышэйшую якасць жыцця. Тым не менш, дзяржава можа адаптавацца да ўцечкі мазгоў. Да прыкладу, Беларусь магла б спрыяць прыходу капіталу ад тых, хто з’ехаў за мяжу, за кошт зніжэння падаткаў на перавод грошай. Ураду варта было б супрацоўнічаць з дыяспарай, а таксама ствараць больш адукацыйных магчымасцяў для маладых беларусаў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *