У пошуках годнасці: роды і догляд дзяцей у Беларусі

Беларуская алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар’я Домрачава ў кастрычніку плануе нарадзіць дзіця. Гэтая навіна прыйшла ў красавіку ад бацькі будучага дзіцяці Оле Эйнар Б’ёрндалена, таксама вядомага як нарвежскі «Кароль біятлона» і ўладальнік найбольшай колькасці медалёў на зімовых Алімпійскіх гульнях.

Некаторыя прадстаўнікі грамадскасці настойваюць на тым, што Дар’я павінна нараджаць у Беларусі, бо сімвалізуе беларускі гонар і мае званне «Герой Беларусі». Але ў той час як гэта інтэрнацыянальная пара можа выбіраць краіну і шпіталь для будучых родаў, большасць беларусаў не мае такога выбару.

Беларусь мае добрыя пазіцыі ў міжнародных індэксах гендэрнай роўнасці і мацярынскага здароўя. Але гэта мала суцяшае беларускіх жанчынаў, якія нараджаюць і гадуюць дзяцей. У пошуках годных родаў некаторыя едуць у суседнюю Літву, у той час як мясцовыя актывісты распачалі ініцыятывы за празрыстасць і “ачалавечванне” гэтых ключавых момантаў жыцця.

Высокі ўзровень мацярынскай аховы здароўя і сацыяльных выгодаў

2015 год прынёс сціплую перамогу беларускай дэмаграфічнай палітыцы — сумарны каэфіцыент нараджальнасці склаў 1,7 дзіцяці на адну жанчыну. Гэта можа падацца недастатковым для ўзнаўлення хутка старэючай нацыі, але ў параўнанні з каэфіцыентам 1,4 ў 2010 годзе можна адзначыць істотны рост. Ён добра выглядае і ў параўнанні з суседнімі краінамі Балтыі, дзе самы высокі ўзровень нараджальнасці мае Літва — 1,6.

Большасць жанчын у Беларусі, і ў гарадскіх і ў сельскіх раёнах, звычайна маюць больш за адно дзіця. Гэтак жа, як і іх еўрапейскія калегі, сучасныя беларускія жанчыны ўступаюць у шлюб пазней — у сярэднім ва ўзросце 25,5 гадоў, і нараджаюць першае дзіця ў 26. Беларускія жанчыны ствараюць сем’і крыху раней, чым польскія і літоўскія, якія у сярэднім нараджаюць першае дзіця ў 26,7 гадоў.

У 2015 годзе штогадовы мацярынскі індэкс арганізацыі “Ратуйце дзяцей” (Save the Children) ацаніў дабрабыт мацярок і дзяцей у 179 краінах, і Беларусь заняла 25 месца ў гэтым спісе. Беларусь ідзе адразу пасля Вялікабрытаніі і апярэджвае суседнія Польшчу і Літву. Сярод іншых, індэкс ўлічвае такія статыстычныя паказнікі, як рызыка мацярынскай смяротнасці і дзіцячая смяротнасць.

У параўнанні з іншымі краінамі, Беларусь прапануе вельмі шчодры адпачынак па цяжарнасці і родах. Ён складаецца з 126 дзён аплочвальнага адпачынку з 100% захаваннем папярэдняга даходу, і 165 тыдняў дэкрэтнага адпачынку з дапамогай у памеры $115 на адно дзіця, але няпэўнымі перспектывамі захавання працоўнага месца. Няпэўнымі таму, што мала хто з працадаўцаў у канкурэнтным бізнес-асяроддзі будуць трымаць месца для жанчыны на працягу трох гадоў.

Але такі доўгі адпачынак па цяжарнасці і родах прапануецца за кошт нізкай матэрыяльнай дапамогі. Еўрапейскія чэмпіёны па працягласці адпачынку па цяжарнасці і родах — Польшча і Вялікабрытанія —  прапануюць жанчынам толькі 52 тыдні з выплатай 87%  свайго даходу. Іншы выпадак гэта Літва, дзе прапануецца толькі 18 тыдняў, але пры 100% выплаце папярэдняга даходу.

Статыстыка і рэальнасць

Якасць медыцынскай дапамогі падчас цяжарнасці і вопыт родаў уплываюць на рашэнне жанчыны пра будучую колькасць дзяцей. Досвед родаў амаль заўсёды будзе балючым для жанчыны, але цяжарнасць не павінна адбывацца ў самоце і зняважлівым асяроддзі. Тым не менш, для многіх жанчын у Беларусі гэта адбываецца менавіта такім чынам. Установы не забяспечваюць прыватнасці і не дазваляюць партнёрам або сваякам прысутнічаць на родах, а персанал бывае даволі непрыязны. Такія ўмовы траўмуюць жанчынаў, і яны не жадаюць зноў праходзіць праз гэта цяжкое выпрабаванне.

З 2000 года прысутнасць партнёра на родах стала больш распаўсюджанай ў Беларусі. Паводле zautra.by кожная дзясятая пара хоча прайсці праз гэты вопыт разам, хоць ніякіх афіцыйных дадзеных не маецца. Для таго каб гэта адбылося, пара павінна прайсці спецыяльны платны курс падрыхтоўкі, але нават у такім выпадку няма ніякай гарантыі, што бацька будзе дапушчаны да родаў. Лекары і медыцынскі персанал маюць апошняе слова ў гэтым пытанні.

Рашэнне аб допуску партнёра жанчыны да родаў залежыць ад наяўнасці родавага пакою, стану здароўя партнёра, і, вядома, капрызу лекараў. Жанчынаў падчас родаў перавозяць ў пакой, дзе яны звычанйа нараджаюць разам з двума ці трыма іншымі жанчынамі. Гэта значыць, што ні адзін мужчына не можа ўвайсці ў пакой.

Аднак паводле беларускіх навінавых агенцтваў гэта сітуацыя можа змяніцца, прынамсі для тых, хто можа сабе гэта дазволіць. Міністэрства аховы здароўя ў траўні абвясціла, што адзін з міскіх роддомаў будзе прапаноўваць асобныя пакоі для размяшчэння цяжарных жанчын. Гэта дазволіць сваякам жанчыны прысутнічаць падчас родаў.

Роды з годнасцю

Роды ў суседняй Літве становяцца ўсё больш папулярнымі сярод маладых заможных беларусаў, якія хочуць прайсці праз гэты вопыт разам. Сталіца Літвы Вільня, размешчаная ўсяго за 180 км ад Мінска, можа быць іншым светам з пункту гледжання вопыту нараджэння дзіцяці. Сярэдні кошт родаў складае €800-1000 еўра на сям’ю, і можа павялічыцца да €1300 у выпадку Кесарава сячэння. Паводле адкрытых звестак у 2013 годзе ў Вільні нарадзіліся 60 беларусаў, а ў  2014 годзе ўжо 70.

Беларускія сем’і едуць ў Літву па трох асноўных прычынах: магчымасць прысутнасці абодвух бацькоў падчас родаў, магчымасць знаходжання дзіцяці адным пакоі з маці, і прыязны, добразычлівы медыцынскі персанал. Дар’я Вашкевіч і Сяргей Лісічонак, у якіх сёлета ў Вільні нарадзіўся першы сын, распавялі сваю гісторыю:

“У Літве ўжо змяніўся падыход да родаў, якія  разглядаюцца яго штосці натуральнае для здаровай жанчыны. Мы хацелі, каб з намі абыходзіліся як з нармальнымі людзьмі, што перажываюць важную фізіялагічную і псіхалагічную падзею ў сваёй сям’і, а не як з ахвярамі надзвычайнай сітуацыі. Ведаеце, базавы падыход да наражэння дзіцяці вызначае ўсё астатняе: працэдуры, пратаколы, асяроддзе, гасціннасць і іншае”.

Калі вярнуцца да знакамітай спартыўнай пары, нарвежскі бацька ў адпаведнасці з сямейным заканадаўствам Нарвегіі будзе браць як найменш 10 тыдняў адпачынку, каб клапаціцца пра немаўля. У адрозненне ад Нарвегіі, ў Беларусі менш чым 2% мужчынаў бяруць адпачынак па догляду за дзіцем. Нягледзячы на ​​тое, што мужчыны маюць такія ж правы, як маці, яны рэдка карыстаюцца імі.

Адной з відавочных прычынаў такога падзелу ёсць розніца ў заробку. У Беларусі мужчыны, як правіла, зарабляюць на 25% больш, чым жанчыны, таму страчваць большы заробак не мае сэнсу. Хоць такая сітуацыя характэрная для большасці краінаў свету, краіны Паўночнай Еўропы, уключаючы Нарвегію, зрабілі адпачынак па догляду за дзецьмі абавязковым для мужчынаў. Нечакана, Беларусь збіраецца рушыць услед іх прыкладу. 12 траўня прадстаўнік Міністэрства працы паведаміў, што будзе разглядацца магчымасць увядзення абавязковага адпачынку па догляду за дзіцем для мужчынаў.

Беларусь па-ранейшаму адстае ў засваенні дальнабачных і  арыентаваных на сям’ю практык. Краіна захавала высокія стандарты дародавай і пасляродавай медыцынскай дапамогі, распрацаваныя ў савецкі час, але не перагледзела старамодныя правілы і жорсткія пратаколы. Магчыма, настаў час дадаць да гэтых высакаякасных паслугаў чалавечае вымярэнне.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *