Ці спрацуе альтэрнатыўная грамадзянская служба ў Беларусі?

З 1 ліпеня 2016 года ў Беларусі ўступае ў сілу новы закон аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе. Увосень 10,000 маладых беларускіх прызыўнікоў пачнуць тэрміновую вайсковую службу. Паводле TUT.by, 20 з іх хацелі б рэалізаваць сваё права на альтэрнатыўную службу.

Нарэшце, пасля больш за дзесяці гадоў дэбатаў у парламенце і дыскусіяў розных камісіяў, новы закон будзе прадугледжваць ўмовы для альтэрнатыўнай службы. Гэтыя маладыя людзі, вядомыя як «альтэрнатыўшчыкі», трапляюць пад  апеку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Яны павінны будуць служыць на працягу трох гадоў — у два разы больш, чым прызыўнікі тэрміновай службы.

Прызыўнікі, “укланісты” і “альтэрнатыўшчыкі

Два разы на год Міністэрства абароны Беларусі выклікае маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў на вайсковую службу. У савецкія часы людзі масава імкнуліся патрапіць у войска. Тады панавала ўяўленне,  што для мужчыны армія ёсць школай жыцця. Яны павінны былі служыць на працягу двух гадоў і маглі апынуцца ў любой кропцы вялізнага Савецкага Саюза, як правіла, за межамі Савецкай Беларусі.

З тых часоў шмат што змянілася. Для кожнага раўнду прызыву на вайсковую службу — адзін вясной і адзін восенню — Міністэрства абароны мяркуе набраць каля 10,000 маладых прызыўнікоў. Многія маладыя людзі паспяхова ўхіляюцца ад прызыву. З савецкіх часоў армія страціла сваю прывабнасць — цяпер сем’і плацяць вялікія грошы і выкарыстоўваюць шматлікія сувязі, каб уратаваць сваіх сыноў ад войска.

Метады ўхілення, адцягвання ці скарачэння вайсковай службы сталі ўсеагульна вядомымі. Адукацыя застаецца найбольш эфектыўным спосабам пазбегнуць службы або скараціць яе. Мужчыны без вышэйшай адукацыі павінны служыць 18 месяцаў, а дыплом аб вышэйшай адукацыі памяншае гэты тэрмін да 12 месяцаў. Калі ж універсітэт прапануе вайсковую падрыхтоўку на працягу навучання, час службы такога прызыўніка скарачаецца да шасці месяцаў.

Цяпер, пачынаючы з 1 ліпеня, людзі з рэлігійнымі ці пацыфісцкімі перакананнямі могуць прэтэндаваць на іншы тып службы. Новы беларускі закон аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе прапануе ім аплочвальную працу замест прызыву на вайсковую службу. Ён прадугледжвае 36 месяцаў працы замест 18 месяцаў службы ў войску. Гэта можа быць праца ў сферы аховы здароўя або сацыяльнай абароны, сельскай гаспадаркі, чыгуначнага абслугоўвання ды іншых галінах, прапанаваных Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны насельніцтва.

Гісторыя Віктара

Новы беларускі закон прымае толькі рэлігійныя пацыфісцкія перакананні ў якасці падставаў для адмовы ад вайсковай службы. Для таго, каб мець права на альтэрнатыўную грамадзянскую службу, трэба падаць пісьмовую заяву не пазней чым за дзесяць дзён да заканчэння тэрміну прызыву. Заяўку разглядае камісія і  пасля гэтага прымае рашэнне. Такім чынам гэта працэдура павінна ажыццяўляцца паводле закона. Але гісторыя Віктара паказвае, што закон не функцыянуе на практыцы.

Віктар

Віктар з Брэста. Фота: onliner.by

Віктар працуе на заводзе ў Брэсце. Ён лічыць сябе Сведкам Іеговым і адмаўляецца служыць у войску. Віктар ахвотна б адпрацаваў 36 месяцаў альтэрнатыўнай грамадзянскай службы. Замест гэтага яму пагражае крымінальная справа і 21 млн рублёў штрафу.

Гісторыя Віктара пачалася, калі закон аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе яшчэ не існаваў. Два судовыя слуханні вынеслі рашэнне на яго карысць. Суд прызнаў яго жаданне служыць невайсковым спосабам апраўданым яго рэлігійнымі перакананнямі. Генеральны пракурор, незадаволены рашэннем мясцовых судоў, звярнуўся ў Вярхоўны суд і выйграў.

Віктар падаў апеляцыю 24 чэрвеня і чакае рашэння. У сваім інтэрв’ю onliner.by ён кажа аб магчымым выніку гэтай справы:

Два суды пастанавілі на маю карысць, а на трэцяй спробе па тым жа артыкуле яны абвінавацілі мяне ў крымінальным злачынстве. Вядома, закон (аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе) у бліжэйшы час уступіць у сілу, як гэта толькі пытанне часу. Але чаму я павінен залежаць ад яго? Як я магу быць адказным за адсутнасць альтэрнатыўнай грамадзянскай службы да сённяшнягя дня? Я ніколі ня ўхіляўся ад прызыву. Я хацеў служыць сваёй краіне. І не толькі паўтары гады, але ўсе тры! Я лічу службу сваім абавязкам перад краінай, але хацеў бы зрабіць гэта альтэрнатыўным спосабам.

Што гавораць скептыкі

Фармальна артыкул 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дае беларускім мужчынам права на альтэрнатыўную грамадзянскую службу, калі іх рэлігійныя перакананні не дазваляюць ім служыць. Тым не менш, у рэчаіснасці ніякага механізму для выканання гэтай нормы не існуе да гэтага часу. У вачах Міністэрства абароны мужчыны, якія не могуць служыць па рэлігійных меркаваннях, нічым не адрозніваюцца ад іншых ухілістаў.

Бягучыя і папярэднія міністры абароны адкрыта асуджалі альтэрнатыўную грамадзянскую службу, называлі яе апрыёры шкоднай, і гаварылі пра яе ў іншых нэгатыўных тэрмінах. Міністэрства імкнулася зрабіць альтэрнатыўную грамадзянскую службу настолькі непрывабнай, што мужчыны не хацелі б яе выкарыстоўваць. Здаецца, яны гэтага дасягнулі.

Новы закон ўлічвае толькі рэлігійныя матывы адмовы ад войска. Ён прадугледжвае двайны тэрмін службы ў параўнанні са звычайнымі прызыўнікамі — тры гады замест паўтара для тых, хто не мае вышэйшай адукацыі, і два гады замест аднаго для выпускнікоў навучальных установаў. І самае галоўнае, “альтэрнатыўшчыкі” будуць атрымліваць каля 2 млн рублёў заробку у месяц.

Гэтыя ўмовы, вядома, робяць альтэрнатыўную службу вельмі непрывабнай. Акрамя таго, Міністэрства абароны пакідае за сабой права адмовіць заяўнікам без тлумачэння прычын або права на апеляцыю. Прынамсі сёння здаецца, што грамадзянская служба існуе толькі фармальна. А Міністэрства абароны не мае аніякага намеру ператварыць яе ў жыццяздольную альтэрнатыву вайсковай павіннасці.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *