Смяротнае пакаранне: ці ёсць кошт у літасці?

10 сакавіка 2016 года ў Мінску прайшла міжнародная канферэнцыя пад назвай “Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў”.

Па словах Стаўраса Ламбрынідзіса, спецыяльнага прадстаўніка ЕС па правах чалавека, увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне было б станоўчым сігналам для ЕС і палепшыла б міжнародны імідж Беларусі.

Існаванне смяротнага пакарання стварыла Беларусі вобраз адшчапенца — яна страціла статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) пасля рэферэндуму 1996 года, калі больш за 80% насельніцтва прагаласавалі за захаванне смяротнага пакарання.

На сёння Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, у якой улады працягваюць караць смерцю асуджаных за ўчыненне цяжкіх злачынстваў.

Нядаўняе зняцце Еўрапейскім Саюзам санкцый стварыла акно магчымасцяў для паляпшэння адносінаў Беларусі з Еўропай ва ўсіх сферах. Увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне уяўляецца простым, але важным сімвалічным крокам, які б замацаваў пацяпленне адносінаў і  прадэманстраваў добрую волю Беларусі. Але ў той час як грамадскае меркаванне ўсё больш ссоўваецца у бок увядзення мараторыю, улады разглядаюць праблему смяротнага пакарання выключна ў якасці козыра ў гандлі з ЕС.

Цёмныя сакрэты камеры смяротнікаў

На сённяшні дзень 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі прадугледжваюць смяротнае пакаранне ў якасці магчымага прысуду. Да іх належаць ваенныя злачынствы, генацыд, міжнародны тэрарызм, прымяненне зброі масавага знішчэння і розныя катэгорыі цяжкіх злачынстваў, у тым ліку забойства. МУС Беларусі таксама адзначыў, што тыя беларусы, якія ваююць ў якасці наймітаў ва Украіне, могуць быць абвінавачаныя ў здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці, і патэнцыйна ім пагражае смяротнае пакаранне.

Фота: spring96.org

Паводле Міністэрства юстыцыі, з 1990 года беларускія суды вынеслі смяротны прысуд больш за 300 асобам. Але празрыстасць і даступнасць гэтай інфармацыі вельмі нізкая.

Напрыклад, сайт Міністэрства ўнутраных спраў падае састарэлую статыстычную інфармацыя, што адлюстроўвае толькі колькасць смяротных прысудаў за перыяд з 1998 па 2010 гады. Паводле афіцыйна распаўсюджанай інфармацыі, на працягу апошняга дзесяцігоддзя сярэдні лік пакаранняў смерцю вагаўся ад 2 да 9 чалавек у год.

Урад захоўвае ўсе працэдуры ў таямніцы і ані грамадства, ані сем’і асуджаных не ведаюць, што здарылася з імі пасля выканання прысуду. Адной з нешматлікіх крыніц інфармацыі, даступнай для грамадскасці, ёсць кніга “Эскадрон смерці” былога начальніка СІЗА Мінска Алега Алкаева, які раней адказваў за выкананне смяротных прысудаў.

Найбольш сумнавядомы выпадак апошніх гадоў — пакаранне Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, прызнаных вінаватымі ў арганізацыі выбухаў у мінскім метро 11 красавіка 2011 года. Супраць абодвух было неадкладна распачатае следства, і прысуды былі абвешчаныя да канца бягучага года. Паспешлівасць, з якой адбываўся гэты судовы працэс, і падзенне даверу да судовай сістэмы выклікалі першыя сур’ёзныя грамадскія дэбаты пра смяротнае пакаранне.

Лукашэнка і грамадскае меркаванне: за і супраць

У пытанні смяротнага пакарання прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка настойліва звяртаецца да вынікаў вядомага рэферэндуму ў лістападзе 1996 года, калі 80% галасоў падтрымалі захаванне смяротнага пакарання. Такім чынам, прэзідэнт звычайна сцвярджае, што ён як «слуга народа, які ведае грамадскія настроі» не мае права прымушаць грамадства падтрымаць мараторый.

Тым не менш, яго нядаўнія заявы аб смяротнай кары паказваюць на некаторы патэнцыял для пераменаў. 9 сакавіка 2016 года Лукашэнка адзначыў, што Беларусь распрацавала “сваю ўласную інтэрпрэтацыю гуманітарных пытанняў, у тым ліку пытання аб правах чалавека”. Ён звязаў прагрэс у сферы правоў чалавека з эканамічнай сітуацыяй, намякаючы, што змены ў грамадскай думцы залежаць ад матэрыяльнага дабрабыту беларусаў. Іншымі словамі, смяротнае пакаранне можа быць адмененае пры ўмове, што ЕС дасць Беларусі эканамічную помач.

Паодле вынікаў апытання 2013 года, праведзенага арганізацыяй “Міжнародная турэмная рэформа” (Penal Reform International), 37% беларусаў не ведалі, што ў Беларусі да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне. З гэтай прычыны Беларуская грамадзянская супольнасць, у тым ліку Хельсінкскі камітэт і праваабарончая арганізацыя “Вясна” пры падтрымцы інстытутаў ЕС праводзяць інфармацыйныя кампаніі па павышэнні ўвагі грамадства да гэтага пытання.

Паступова гэтыя намаганні ствараюць зрух у грамадскай думцы. Словы прэзідэнта пра падтрымку 80 працэнтамі насельніцтва смяротнага пакарання выклікаюць ўсё менш даверу. Паводле дадзеных сацыялагічнага апытання, праведзенага кансалтынгавай кампаніяй SATIO ў супрацоўніцтве з Міжнароднай турэмнай рэформай і Беларускім хельсінкскім камітэтам ў 2014 годзе, колькасць праціўнікаў смяротнага пакарання (43,3%) ўпершыню перавысіла колькасць яго прыхільнікаў (41,9%).

Праціўнікі найвышэйшай меры перакананыя ў тым, што яна не з’яўляецца эфектыўным сродкам пакарання. Паводле апытанняў грамадскай думкі НІСЭПД, гэтыя людзі больш сацыяльна адказныя, талерантныя да меншасцяў, і, як правіла, выступаюць супраць цяперашняга палітычнага рэжыму. І наадварот, прыхільнікі смяротнага пакарання больш схільныя давяраць міліцыі і ўладам.

Узбагачэнне на мараторыі?

5 студзеня 2016 года Мінскі абласны суд вынес першы смяротны прысуд у новым годзе. Генадзь Якавіцкі з Вілейкі быў асуджаны за жорсткае забойства сваёй дзяўчыны. 15 лютага з’явілася інфармацыя пра яшчэ адзін смяротны вердыкт невядомай асобе.

Канферэнцыя “Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў”. Фота: sb.by

ЕС неадкладна выказаў сваю занепакоенасць і заклікаў беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ды стымуляваць публічныя дэбаты па гэтым пытанні. Паколькі ЕС адмяніў санкцыі супраць Беларусі ў лютым 2016 года, кіруючыя колы пачалі праяўляць некаторую гатоўнасць супрацоўнічаць са сваімі еўрапейскімі калегамі.

10 сакавіка 2016 года беларускі МЗС сумесна з Праграмай развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ПРААН) правялі міжнародную канферэнцыю пад назвай “Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў”. Нягледзячы на ​​прызнанне неабходнасці шырокага дыялогу па смяротным пакаранні, беларускія арганізатары папрасілі выдаліць журналістаў з залі пасля правядзення афіцыйнай цырымоніі адкрыцця. Незарэгістраваная праваабарончая арганізацыя “Вясна”, вядомая сваёй актыўнай пазіцыяй па пытанні смяротнага пакарання, увогуле не была запрошаная да ўдзелу ў канферэнцыі.

Гэтыя акалічнасці кідаюць цень сумневу на гатоўнасць ўрада да сапраўднага дыялогу. Улады па-ранейшаму неахвотна абмяркоўваюць пытанне мараторыя на смяротнае пакаранне. Таксама верагодна, што прэзідэнт не жадае адмовіцца ад сімвалічнай улады, якую ён цяпер мае над жыццём і смерцю беларускіх грамадзянаў.

Тым не менш, галоўнае пытанне, як уяўляецца, палягае у практычнай сферы палітыкі. Нядаўнія заявы Лукашэнкі дакладна паказваюць на сувязь паміж пытаннямі правоў чалавека і эканамічным дабрабытам насельніцтва. У дадзены момант беларускі рэжым спрабуе падняць стаўкі ў перамоўным працэсе з ЕС, бо спадзяецца прадаць мараторый за максімальна магчымую цану.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *