Юрыдычная адукацыя і прафесійныя навыкі — рэформа юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Вялікабрытаніі

Другая панель канферэнцыі «Рэформа юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Вялікабрытаніі: абмен вопытам і погляд у будучыню«была прысвечана юрыдычнай адукацыі і прафесійным навыкам выпускнікоў. Выступоўцамі былі Аляксандр Храпуцкі, партнёр адвакацкага бюро “Сысуеў, Бондар, Храпуцкі”, Ірына Эсмантовіч, дэкан юрыдычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, і Раман Мароз, даследчык Лонданскай школы эканомікі. Дыскусію мадэравала Вікторыя Шылко, загадчыца вучэбнай лабараторыяй «Юрыдычная клініка» юрыдычнага факультэта БДУ і выкладчыца кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ.

Тэмы для абмеркавання:

  • Складанне юрыдычных дакументаў
  • Юрыдычны аналіз
  • Запатрабаванасць юрыстаў на рынку працы

Падсумаванне:

Аляксандр Храпуцкі распавёў пра цяперашнюю сітуацыю з запатрабаванасцю выпускнікоў юрыдычных факультэтаў на рынку працы. Адвакат пачаў свой выступ з канстатацыі факта, што ў Англіі і ў Расіі ў назіраецца вельмі моцная канкурэнцыя сярод маладых юрыстаў, якія гатовыя працаваць бесплатна дзеля атрымання вопыта.

У выпадку з Беларуссю, адбываецца падзел студэнтаў на “матываваных” і “нематываваных”. Не ўсе беларускія студэнты ўяўляюць, што будуць рабіць пасля атрымання дыплома, таму жывуць “ад сесіі да сесіі”. Многія студэнты не разумеюць, што праца юрыста патрабуе моцнай самааддачы і можа праходзіць у рэжыме “7 дзён па 24 гадзіны”. Выступоўца адзначыў жаданне часткі студэнтаў толькі працаўладкавацца, а не стаць прафесіяналам у абранай галіне права.

Адвакат выразіў упэўненасць, што выбар вузкай спецыялізацыі – гэта верны шлях да паспяховай юрыдычнай кар’еры. На думку Аляксандра Храпуцкага, замест юрыстаў шырокага профіля рынку патрэбныя юрысты вузкага профіля, здольныя рабіць параўнальны аналіз. Апроч таго, добры юрыст мусіць прафесійна валодаць як  мінімум адной замежнай мовай і разумець спецыфіку галіны бізнеса, у якой працуе. “Колькі існуе юрыстаў у Беларусі, якія могуць правесці здзелку на 100 мільёнаў даляраў?” – рытарычна спытаўся адвакат. Аляксандр Храпуцкі мяркуе, што беларускія ВНУ павінны надаваць больш увагі выхаванню прафесійнай этыкі, а таксама арыентаваць студэнтаў на працу не толькі ў дзяржаўных установах, але і ў іншых сферах, напрыклад, камерцыйных.

Ірына Эсмантовіч распавяла пра рэаліі праходжання практыкі і працаўладкавання студэнтаў юрыдычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта. У асноўным праходжанне практыкі дапамагаюць арганізаваць спецыялісты дзяржаўных органаў (адвакаты, натарыюсы, пракуроры, суддзі), у той час, як прадстаўнікі камерцыйных структур не заінтэрасаваны ў куратарстве практыкантаў. Безумоўна, універсітэту лягчэй дамовіцца аб арганізацыі практыкі з былымі выпускнікамі, якія працаўладкаваліся па спецыяльнасці. Акрамя таго, былыя выпускнікі адказней ставяцца да практыкантаў: даюць ім заданні і кантралююць прагрэс выканання.

Часам здараюцца канфузы з замоўцамі кадраў, якія не разлічваюць час падачы заяўкі на патрэбных спецыялістаў. Напрыклад, каб атрымаць лепшых выпускнікоў у канцы жніўня, замоўца кадраў мусіць падаць заяўку яшчэ ў сакавіку. Калі замоўца кадраў звяртаецца па спецыялістаў у жніўні, то ў іх ужо няма шанцаў атрымаць найлепшых выпускнікоў факультэта. Дзеля таго, каб у далейшым пазбавіцца магчымых непаразуменняў, Гомельскі дзяржаўны універсітэт кожную восень ладзіць сутрэчы замоўцаў кадраў з кіраўніцтвам факультэтаў. Ірына Эсмантовіч таксама прапануе стварэнне абласной кампутарнай базы вакансій і спецыялістаў.

На старэйшых курсах юрыдычнага факультэта ў якасці факультатыву прапаноўваецца праца ў юрыдычнай клініцы, аднак дзеля таго, каб у яе патрапіць, трэба дэманстраваць поспехі ў навучанні і пісаць адпаведную заяўку. Ірына Эсмантовіч падкрэсліла, што далучэнне да юрыдычнай клінікі мусіць быць усвядомленым рашэннем студэнта.

Сярод іншых праблем узаемадзеяння паміж студэнтамі і арганізатарамі юрыдычнай практыкі – нежаданне некаторых выбітных юрыстаў-практыкаў чытаць лекцыі праз адсутнасць вопыту публічных выступаў. Апроч таго, часам самі студэнты заўважаюць разыходжанне тэорыі з практыкай, напрыклад у судовых інстанцыях, што нараджае шмат пытанняў да выкладчыкаў універсітэта. Яшчэ адзін негатыўны момант — нежаданне пракуратуры браць на практыку студэнтаў, якія маюць адміністрацыйныя парушэнні.

Раман Мароз распавёў, як вырашаюцца праблемы працаўладкавання студэнтаў юрыдычных факультэтаў у ЗША і Вялікабрытаніі. Даследчык засяродзіў увагу на дзейнасці кар’ерных цэнтраў (career centers) пры універсітэтах. Кар’ерныя цэнтры знаходзяцца ў пастаянным кантакце з рознымі працадаўцамі, у тым ліку з дзяржаўных устаноў, камерцыйнага сектара, няўрадавых арганізацый. Кар’ерныя цэнтры інфармуюць студэнтаў пра заробкі ў розных сферах юрыдычнай працы, а таксама вучаць, як правільна складаць рэзюме, праходзіць сумоўі, пісаць матывацыйныя лісты. Кар’ерныя цэнтры рэгулярна праводзяць тэматычныя кірмашы з працадаўцамі, куды запрашаюць прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў, камерцыйных і некамерцыйных арганізацый.

У Англіі студэнты могуць патрапіць на кірмашы працы, арганізаваныя не толькі праз свой універсітэт, але на кірмашы іншых універсітэтаў. Раман Мароз лічыць, што Беларусі варта пераняць брытанскі вопыт арганізацыі кірмашоў з працадаўцамі, каб даць студэнтам лепшае ўяўленне аб далейшай працы, а таксама палепшыць працаўладкаванне выпускнікоў юрыдычных факультэтаў.

Напрыканцы Раман Мароз адзначыў, што праблемы з матывацыяй і працаўладкаваннем існуюць таксама ў Вялікабрытаніі, і ў меньшай ступені ў ЗША. Дасдечык пацвердзіў наяўнасць жорсткай канкурэнцыі паміж выпускнікамі юрыдычных факультэтаў і нават прывёў хрэстаматычныя прыклады. Дзеля таго, каб павысіць свае шансы на добрае працаўладкаванне, студэнт мусіць скончыць прэстыжную навучальную ўстанову з высокім сярэднім балам, а таксама мець публікацыі ў юрыдычных часопісах. Вітаецца ўдзел ва універсітэцкіх юрыдычных конкурсах, акадэмічных абменах.

Для паспяховай навуковай дзейнасці варта папрацаваць асістэнтам у выкладчыка. Раман Мароз ухваліў актыўны ўдзел беларускіх студэнтаў у Philip C. Jessup International Law Moot Court Competition і заахвоціў надаваць больш увагі вывучэнню майстэрства акадэмічнага пісьма з мэтай стварэння публікацый на англійскай мове.

Падсумаванне дыскусіі:

Другая панель канферэнцыі была прысвечана абмеркаванню адпведнасці беларускай юрыдычнай адукацыі сапраўдным патрэбам рынку працы. Аляксандр Храпуцкі, партнёр адвакацкага бюро “Сысуеў, Бондар, Храпуцкі”, канстатаваў, што цяперашняя беларуская юрыдычная адукацыя рыхтуе ў асноўным кадры для дзяржаўных устаноў, пры гэтым ігнаруе патрэбы камерцыйнага і некамерцыйнага сектараў. На думку Аляксандра Храпуцкага, беларускім студэнтам не хапае матываванасці і добрай прафесійнай арыентацыі. Выступоўца лічыць, што студэнты павінны як можна раней абіраць сабе юрыдычную спецыялізацыю і прымаць больш актыўны ўдзел у пошуку месца для праходжання практыкі. У цэлым, Аляксандр Храпуцкі невысока ацаніў узровень падрыхтоўкі і матываванасці большасці студэнтаў беларускіх юрыдычных факультэтаў. Некаторыя ўдзельнікі канферэнцыі не пагадзіліся з такой ацэнкай узроўню беларускіх выпускнікоў. Тым не менш, большасць удзельнікаў згадзілася з меркаваннем, што назіраецца даволі моцны разрыў паміж матываванымі і нематываванымі студэнтамі, які з цягам часу будзе толькі павялічвацца.

Ірына Эсмантовіч, дэкан Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, адзначыла наяўнасць шэрагу цяжкасцяў пры арганізацыі студэнцкай юрыдычнай практыкі. Камерцыйныя структуры не заінтэрасаваныя ў дапамозе універсітэту з арганізацыяй праходжання практыкі, і дзяржаўныя ўстановы таксама не заўжды ахвотна бяруць практыкантаў. Больш за тое, не ўсе практыканты атрымліваюць добры прафесійны трэнінг з боку куратараў. Падчас дыскусіі Канстанцін Дзегцяроў выказаў сваё меркаванне наконт эфектыўнасці супрацоўніцтва паміж беларускімі выпускнікамі і замоўцамі кадраў. На думку выкладчыка, куратары студэнцкай практыкі з прадпрыемстваў не заінтэрасаваныя ў тым, каб удзяляць увагу студэнтам, якія не застануцца з імі працаваць. Практыка “з-пад палкі” не дае карыснага вопыту ні студэнтам, ні працадаўцам; студэнты мусяць самастойна шукаць месца для практыкі. Таксама абмяркоўвалася патэнцыяльная магчымасць апрабацыі ў Беларусі амерыканскіх летніх стажыровак (summer internships). На думку Аляксандра Храпуцкага, пакуль што ў беларускіх рэаліях гэта немагчыма.

Раман Мароз, даследчык Лонданскай школы эканомікі, пазначыў магчымыя кірункі паляпшэння сітуацыі з прафесійнай арыентацыяй выпускнікоў беларускіх юрыдычных факультэтаў. Даследчык засярэдзіў свой выступ на дзейнасці кар’ерных цэнтраў (career centers) пры заходніх універсітэтах. На думку Рамана Мароза, кар’ерныя цэнтры граюць станоўчую ролю ў прафесійным уладкаванні выпускнікоў юрыдычных факультэтаў. Кар’ерныя цэнтры знаходзяцца ў пастаянным кантакце з працадаўцам, а таксама інфармуюць студэнтаў пра рэальныя заробкі, вучаць, як складаць рэзюме, праходзіць сумоўі, пісаць матывацыйныя лісты. Удзельнікі дыскусіі пагадзіліся, што беларускім вышэйшым навучальным установам варта адаптаваць гэты карысны заходні вопыт. Акрамя таго, падчас дыскусіі было прапанавана пашырыць выкладанне акадэмічнага пісьма і прафесійнай этыкі на першых курсах беларускіх юрыдычных факультэтаў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *