Міжнароднае супрацоўніцта ў сферы юрыдычнай адукацыі — рэформа юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Вялікабрытаніі

Трэцяя панель канферэнцыі «Рэформа юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Вялікабрытаніі: абмен вопытам і погляд у будучыню» была прысвечана міжнароднаму супрацоўніцтву ў галіне юрыдычнай адукацыі. Выступоўцамі былі Дар’я Ландо, дацэнт кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ, Вадзім Самарын, дацэнт кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду юрыдычнага факультэта БДУ, і Андрэй Козік, дацэнт, старшыня Асацыяцыi мiжнароднага права i арбiтража (BILA Association). Дыскусію мадэраваў прафесар Яраслаў Крывой, старшы навуковы супрацоўнік Брытанскага інстытута міжнароднага і параўнальнага права.

Тэмы для абмеркавання:

  • Мабільнасць выкладчыкаў і студэнтаў
  • Сумесныя навуковыя праекты і іх фінансаванне
  • Арганізацыя міжнародных канферэнцыяў і іншых падзеяў

 

Падсумаванне:

Дар’я Ландо ўхваліла прыняцце Канцэпцыі юрыдычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на перыяд да 2025 года , аднак заўважыла, што не ўсе пункты Канцэпцыі выконваюцца на практыцы. Дацэнт засяродзіла свой выступ на праблеме павышэння мабільнасці выкладчыкаў беларускіх вышэйшых навучальных устаноў.

Па-першае, дзеля таго, каб беларускія выкладчыкі маглі ўдзельнічаць у міжнародных праграмах акадэмічнага абмену, яны мусяць выключна добра валодаць прафесійнай замежнай лексікай. Тым не менш, беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы не арганізуюць дадатковыя курсы акадэмічнага пісьма і прафесійнай замежнай лексікі, таму выкладчыкі мусяць займацца самаўдасканальваннем.

Існуюць платныя дыстанцыйныя курсы ў зарубежных універсітэтах, аднак беларускія вышэйшыя навучальныя установы не кампенсуюць іх кошты сваім выкладчыкам.  Апроч таго, далёка не ўсе беларускія універсітэты разглядаюць удзел сваіх выкладчыкаў у праграмах акадэмічнай мабільнасці як крытэр іх прафесійнага росту. Існуе патрэба ў павышэнні лаяльнасці вышэйшых навучальных устаноў да камандзіровак сваіх выкладчыкаў у мэтах удзелу ў праграмах акадэмічнай мабільнасці.

Амаль цалкам адсутнічае фінансаванне замежных паездак: выкладчыкі мусяць разлічваць на замежных партнёраў альбо на ўласныя сродкі. Таксама здараюцца цяжкасці з атрыманнем віз.

Вадзім Самарын распавёў пра свой ўдзел у арганізацыі міжнародных адукацыйных праектаў, фінансаваных праз Еўрапейскі Саюз. Найбольшыя складанасці ўзніклі з рэгістрацыяй міжнароднай фінансавай дапамогі ад замежных партнёраў у Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь. На думку Вадзіма Самарына, беларускае заканадаўства ў галіне рэгістрацыі міжнароднай дапамогі мусіць быць сур’ёзна ўдасканалена. Напрыклад, фінансавая дапамога для правядзення сумеснага адукацыйнага праекта рэгістрацуецца як “міжнародная тэхнічная дапамога”. Тэрмін рэгістрацыі ў Міністэрстве эканомікі складае адзін год.

Іншы прыклад – рэгістрацыя фінансавай дапамогі для правядзенная навуковых канферэнцый. У заканадаўстве паданы рэгістрацыйны тэрмін у дзесяць дзён, аднак на практыцы рэгістрацыя можа займаць да двух месяцаў. Выступоўца адзначыў, што існуючая сітуацыя значна ўскладняе міжнароднае супрацоўніцтва паміж беларускімі і замежнымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Тэрмін рэгістрацыі міжнароднай фінансавай дапамогі мусіць быць істотна зніжаны, каб беларускі бок не меў дадатковых праблем з канверсіяей курса замежнай валюты і універсітэцкай бухгалтэрыяй. Вадзім Самарын таксама падкрэсліў адсутнасць даверу ў беларускіх выкладчыкаў да супрацы з міжнароднымі праектамі.

Выступоўца таксама распавёў пра спробы заключэння адукацыйных дамоў па выданню двайных дыпломаў – беларускага і замежнага. Вадзім Самарын з прыкрасцю канстатаваў, што ў бліжэйшай будучыні такія дамовы не будуць падпісаныя праз заканаўчыя перашкоды ў замежных партнёраў. На думку выступоўца, бюракратыя – гэта вельмі істотны тормаз пашырэння адукацыйнага супрацоўніцтва ва ўсім свеце.

Андрэй Козік закрануў пытанне рэфарміравання беларускай юрыдычнай адукацыі. Выступоўца распавёў пра сваё супрацоўніцтва ў якасці старшыні Асацыяцыi мiжнароднага права i арбiтража са студэнтамі беларускіх вышэйшых навучальных устаноў. Дацэнт узгадаў арганізацыю падтрымкі, у тым ліку фінансавай, для ўдзелу беларускіх студэнтаў у міжнародных юрыдычных спаборніцтвах (так званыя moot courts) і падрыхтоўку студэнцкіх заявак на паступленне ў замежныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Андрэй Козік ухваліў паспяховыя выступы беларускіх студэнтаў на міжнародных юрыдычны конкурсах, у тым ліку на Philip C. Jessup International Law Moot Court Competition. Апроч таго, выступоўца адзначыў пазітыўны трэнд запрашэння працадаўцаў да ацэнкі якасці беларускай юрыдычнай адукацыі.

Асаблівую ўвагу выступоўца засярэдзіў на стварэнні бібліятэкі англамоўнай юрыдычнай літаратуры. Як і мінулыя выступоўцы, Андрэй Козік падкрэсліў слабасць моўнай падрыхтоўкі на беларускіх юрыдычных факультэтах і адзначыў неабходнасць паляпшэння выкладання прафесійнай лексікі.

З мэтай стварэння платформы для маладых беларускіх даследчыкаў Андрэй Козік з калегамі заснаваў часопіс “Yearbook International Law”, дзе публікуюцца артыкулы на ангельскай мове. Сярод іншых праблем беларускай вышэйшай юрыдычнай адукацыі выступоўца адзначыў адсутнасць разумення таго, што юрысты выпускаюцца для ўсёй беларускай эканомікі, а не для праваахоўных органаў. Дадатковая праблема – адсутнасць адпаведнасці паміж беларускімі і еўрапейскімі навуковымі ступенямі, што таксама перашкаджае развіццю акадэмічнай мабільнасці.

Падсумаванне дыскусіі:

Трэцяя панель канферэнцыі была прысвечана абмеркаванню міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне юрыдычнай адукацыі. Дар’я Ландо, дацэнт кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ, назвала асноўныя праблемы павышэння акадэмічнай мабільнасці беларускіх выкладчыкаў: адсутнасць арганізацыйнай і матэрыяльнай падтрымкі, недастатковая лаяльнасць кіраўніцтва да акадэмічных камандзіровак, цяжкасці з атрыманнем віз. Падчас дыскусіі ўдзельнікі канферэнцыі адзначылі, што беларускія выкладчыкі, у тым ліку з рэгіянальных навучальных устаноў, у асноўным карыстаюцца праграмамі акадэмічнага абмену Erasmus Mundus і MOST, дзе фінансіраванне забяспечваецца праз Еўрапейскі Саюз. Яраслаў Крывой узгадаў пра дыстанцыйныя курсы па міжнародным фінансавым інстытутам, якія ладзяцца праз Цэнтр Астрагорскага.

Вадзім Самарын, дацэнт кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду юрыдычнага факультэта БДУ, назваў асноўныя перашкоды ў арганізацыі міжнародных адукацыйных праектаў з удзелам беларускіх і замежных партнёраў. Найбольшыя складанасці ўзнікаюць пры рэгістрацыі міжнароднай фінансавай дапамогі ад замежных партнёраў у Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь. На думку Вадзіма Самарына, тэрміны рэгістрацыі мусяць быць істотна зніжаны на заканадаўчым узроўні. Падчас дыскусіі прагучала прапанова зарэгістраваць юрыдычны факультэт БДУ, а таксама цалкам Беларускі дзяржаўны універсітэт у Парку высокіх тэхналогій (ПВТ) Рэспублікі Беларусь як магчымы спосаб пазбегнуць бюракратычных перашкод.

Андрэй Козік, дацэнт, старшыня Асацыяцыi мiжнароднага права i арбiтража, распавёў пра свае  практычныя намаганні па рэфармаванню беларускай юрыдычнай адукацыі. Дацэнт узгадаў падтрымку ўдзелу беларускіх студэнтаў у міжнародных юрыдычных спаборніцтвах, а таксама падрыхтоўку студэнцкіх заявак на працяг навучання ў замежных юрыдычных магістратурах. Некаторыя ўдзельнікі дыскусіі пацікавіліся, ці можа падобная дзейнасць прывесці да “уцечкі мазгоў”. На думку Андрэя Козіка, далёка не кожны выпускнік юрыдычнага факультэта беларускіх навучальных устаноў будзе запатрабаваны на замежных рынках працы. Дацэнт адзначыў слабую моўную падрыхтоўку беларускіх студэнтаў, а таксама несуадносіны беларускіх і еўрапейскіх адукацыйных ступеняў. Андрэй Козік раіць паступаць на замежныя праграмы LLM толькі тым студэнтам, якія прагнуць працаваць у міжнародных арганізацыях ці камерцыйных кампаніях. Дацэнт таксама ўхваліў запрашэнне працадаўцаў да ацэнкі якасці беларускай юрыдычнай адукацыі.

Напрыканцы дыскусіі беларускія супрацоўнікі англійскіх універсітэтаў распавялі, якого адукацыйнага вопыту ім не хапала ў Беларусі, і які карысны вопыт яны набылі ў Англіі. Раман Мароз адзначыў недахоп акадэмічнай мабільнасці для студэнтаў і выкладчыкаў. У Англіі даследчык атрымаў лепшую магчымасць сумяшчаць выкладанне, працу і навуковую дзейнасць. На думку Канстанціна Дзегцярова, юрыст можа добра навучыцца ў Беларусі і кепска навучыцца ў Англіі. Тым не менш, Англія можа прапанаваць лепшыя  адукацыйныя, арганізацыйныя і фінансавыя магчымасці для даследчыкаў у галіне права. Яраслаў Крывой адзначыў атрыманне навыкаў працы з прэцэдэнтным правам у англа-саксонскіх краінах.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *