Арганізацыя навучальнага працэсу — рэформа юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Вялікабрытаніі

Першая панель канферэнцыі «Рэформа юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Вялікабрытаніі: абмен вопытам і погляд у будучыню» была прысвечана арганізацыі навучальнага працэсу ў Англіі і Беларусі. Выступоўцамі былі Канстанцін Дзягцяроў, старшы выкладчык Універсітэта Ліверпуля, і Алена Грыгаровіч, дэкан юрыдычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта. Дыскусію мадэраваў прафесар Віктар Камянкоў, загадчык кафедры фінансавага права і прававога рэгулявання гаспадарчай дзейнасці юрыдычнага факультэта БДУ.

Тэмы для абмеркавання:

  • Канцэпцыя развіцця юрыдычный адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь да 2025 г.
  • Праверка ведаў
  • Арганізацыя наведвальнасці
  • Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогіяў
  • Структура навучальных праграмаў

 

 

Падсумаванне:

На думку Канстанціна Дзегцярова, працэс атрымання прававой адукацыі ў Беларусі істотна адрозніваецца ад аналагічнага працэсу ў Англіі. Выступоўца выдзяліў пяць асноўных напрамкаў арганізацыі навучальнага працэсу, дзе беларускім адукацыйным установам варта было б разгледзець альбо часткова пераняць англійскі вопыт. Першы напрамак – гэта колькасць абавязковых лекцыйных гадзін і навукова-даследчая дзейнасць выкладчыкаў. Канстанцін Дзегцяроў падкрэсліў, што англійскія выкладчыкі чытаюць нашмат менш лекцый у параўнанні са сваімі беларускімі калегамі.

Значную частку сваёй працы англійскія выкладчыкі прысвячаюць профільным навуковым даследаванням. Рэгулярная навуковая дзейнасць істотна павышае ўзровень кампетэнцыі англійскіх выкладчыкаў, што, у сваю чаргу, павышае агульны ўзровень выкладання прававых дысцыплін.

Выступоўца прапанаваў скараціць колькасць абавязковых лекцыйных гадзін для беларускіх выкладчыкаў з мэтай вызваліць больш часу для навуковых даследаванняў. На думку Канстанціна Дзегцярова, студэнты мусяць самастойна працаваць з навучальнымі матэрыяламі, а лекцыі выкарыстоўваць для непасрэднага абмеркавання ўзнікшых пытанняў ці дыскусій па прававых праблемах вывучаемай дысцыпліны.

Прывучэнне студэнтаў да самастойнай працы – гэта адна з галоўных задач навучальнага працэсу. Акрамя таго, выступоўца падкрэсліў, што беларускія універсітэты мусяць ствараць адпаведныя ўмовы для арганізацыі прававых даследаванняў, напрыклад, актыўней удзельнічаць у праграмах міжнароднага акадэмічнага абмену выкладчыкаў і ствараць англамоўныя базы прававых артыкулаў.

Другі напрамак – гэта працягласць навучання. На дадзены момант атрыманне ступені бакалаўра права ў Англіі займае тры гады, у Беларусі – чатыры гады. Канстанцін Дзегцяроў лічыць, што тры гады – гэта найбольш аптымальны тэрмін для атрымання вышэйшай прававой адукацыі. На думку выкладчыка, беларускія універсітэты мусяць пазбавіцца прадметаў, якія не маюць непасрэднага дачынення да выкладання права, напрыклад, той жа абавязковай фізкультуры.

Трэці напрамак – гэта пашырэнне метадаў выкладання. Канстанцін Дзегцяроў упэўнены, што беларускім адукацыйным установам трэба актыўней прымяняць інавацыйныя метады выкладання прававых дысцыплін, у тым ліку выкарыстоўваць онлайн-платформы для размяшчэння навучальных матэрыялаў, ладзіць сімуляцыі крымінальных і цывільных працэсаў, даваць практычныя заданні ў малых групах.

Чацвёрты напрамак – гэта ацэнка ведаў. Выкладчык адзначыў, што выключна пісьмовая форма іспытаў у Англіі мае свае недахопы, аднак дазваляе істотна павялічыць аб’ектыўнасць выніковых адзнак. Акрамя таго, Канстанцін Дзегцяроў звярнуў увагу на праблему плагіяту ў беларускіх ВНУ. У якасці магчымых сродкаў барацьбы з плагіятам выкладчык назваў увядзенне строгіх санкцый, набыццё адпаведнага праграмнага забеспячэння, скасаванне рэферата як формы кантроля ведаў.

Пяты напрамак – гэта аплата працы выкладчыкаў. Універсітэцкія выкладчыкі мусяць быць фінансава забяспечаны – гэта прадухіліць іх ад сыходжання з выкладчыцкай пасады ў юрыдычную практыку.

Алена Грыгаровіч падзялілася сваім вопытам арганізацыі навучальнага працэсу ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. Дэкан адзначыла, што універсітэт прыкладае шмат намаганняў дзеля таго, каб юрысты-практыкі максімальна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы студэнтаў. У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце практыкуючыя юрысты чытаюць лекцыі, распрацоўваюць адукацыйныя праграмы, кіруюць напісаннем курсавых прац, распавядаюць прыклады з уласнай юрыдычнай практыкі.

Алена Грыгаровіч падкрэсліла, што актыўны кантакт студэнтаў з юрыстамі-практыкамі патрэбны ў тым ліку дзеля таго, каб студэнты пазбавіліся першапачатковай “рамантызацыі” юрыдычнай дзейнасці, пазнаёміліся з рэаліямі будучай прафесіі і самавызначыліся. Апроч таго, добрая рэзультатыўнасць курсавых і дыпломных прац назіраецца толькі пры ўмове іх непасрэднай сувязі з юрыдычнай практыкай.

Дэкан адзначыла неабходнасць праходжання практыкі ва універсітэцкай юрыдычнай клініцы. Універсітэцкая юрыдычная клініка дазваляе студэнтам паспрабаваць сябе ў ролі юрыдычных кансультантаў, правесці прыём грамадзян, саставіць прававыя дакументы, прааналізаваць юрыдычныя дамовы. Юрыдычная клініка Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта супрацоўнічае з Брэсцкай калегіяй адвакатаў, Следчым камітэтам, пракуратурай.

З 2013 года ва універсітэце за пасрэдніцтвам эканамічнага суда Брэсцкай вобласці была адчынена зала судовых паседжанняў, дзе адбываюцца сімуляцыі судовых працэсаў. Прамоўца асабліва ўхваліла правядзенне сімуляцый судовых паседжанняў як надзвычай эфектыўны метад выкладання працэсуальных прававых дысцыплін. Дэкан падкрэсліла, што паляпшэнне вынікаў па адпаведных профільных іспытах было зафіксавана Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіяй.

Сярод іншых адукацыйных мерапрыемстваў, накіраваных на ўзаемадзеянне з практыкамі Алена Грыгаровіч назвала навукова-практычныя семінары, канферэнцыі і круглыя сталы. Сярод асноўных тэм навукова-практычных семінараў – праблемы правапрымянення ў практыцы органаў угалоўнай юстыцыі, барацьба з абаротам наркатычных рэчаў у Брэсцкай вобласці, актуальныя пытанні падтрымкі дзяржаўнага абвінавачвання. Дэкан адзначыла, што паспяховы ўдзел студэнтаў у падобных канферэнцыях магчымы толькі пры ўмове развіцця навыкаў самастойнай працы.

Алена Грыгаровіч пагадзілася з Канстанцінам Дзегцяровым у тым, што беларускіх студэнтаў трэба сур’ёзней вучыць уменню самастойна працаваць з вучэбнымі матэрыяламі. На думку дэкана, павышэнне студэнцкай матывацыі – не менш важная задача для беларускіх адукацыйных устаноў. Студэнты мусяць добра разумець, дзеля чаго яны паступілі на юрыдычны факультэт, і як будзе выглядаць іх далейшая прафесійная дзейнасць.

Падсумаванне дыскусіі:

Першая панель канферэнцыі была прысвечана абмеркаванню арганізацыі навучальнага працэсу ў Англіі і Беларусі. На думку Канстанціна Дзегцярова, старэйшага выкладчыка універсітэта Ліверпуля, беларускім навучальным установам варта разгледзець прымяненне брытанскага вопыту выкладання юрыдычных дысцыплін у пяці напрамках: колькасць лекцыйных гадзін, працягласць навучання, метады выкладання, ацэнка ведаў і аплата працы выкладчыкаў.  Удзельнікі канферэнцыі пацікавіліся, якія меры паляпшэння беларускай юрыдычнай адукацыі маглі б быць прынятыя ў бліжэйшы час без значных капіталаўкладанняў. Канстанцін Дзегцяроў падкрэсліў, што найперш трэба павышаць акадэмічную мабільнасць беларускіх выкладчыкаў. Падчас удзелу ў праграмах акадэмічнай мабільнасці беларускія выкладчыкі змогуць азнаёміцца з інавацыйнымі метадамі выкладання і абмяняцца вопытам з калегамі з іншых краін, што станоўча паўплывае на іх агульны прафесійны ўзровень.

Наступная прапанова Канстанціна Дзегцярова тычылася скарачэння  колькасці абавязковых лекцыйных гадзін на беларускіх юрыдычных факультэтах з мэтай вызвалення часу для навуковай дзейнасці выкладчыкаў. Беларускія студэнты, у сваю чаргу, мусяць вучыцца самастойна працаваць з навучальнымі матэрыяламі, каб развіваць свае аналітычныя навыкі і крытычнае мысленне. Апроч таго, Канстанцін Дзегцяровоў лічыць, што большасць дысцыплін, наўпрост не звязаных з выкладаннем права, павінны быць скасаваныя. Гэта дазволіць беларускім студэнтам зэканоміць адзін год навучання і раней перайсці да юрыдычнай практыкі. Пры ацэнцы студэнцкіх ведаў варта больш увагі надаваць пісьмовым работам.

Падчас дыскусіі не ўсе ўдзельнікі канферэнцыі пагадзіліся з неабходнасцю скарачэння абавязковых лекцыйных гадзін. На думку Вадзіма Самарына, дацэнта кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду юрыдычнага факультэта БДУ, прывучаць студэнтаў да самастойнай працы павінны школы, а не універсітэты. Універсітэты адаптуюцца да існуючай школьнай падрыхтоўкі і ўстанаўліваюць адпаведныя нормы наведвання лекцый. Канстанцін Дзегцяроў не пагадзіўся з такім меркаваннем і прывёў прыклад сваіх брытанскіх студэнтаў. Для многіх з іх першы год навучання на юрыдычным факультэце быў выключна стрэсавым праз неабходнасць засвойваць вялікую колькасць навучальных матэрыялаў, аднак з цягам часу яны прызвычаіліся.

Алена Грыгаровіч, дэкан Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта, пагадзілася з Канстанцінам Дзегцяровым наконт таго, што беларускія універсітэты павінны прывучаць студэнтаў да больш актыўнай самастойнай працы. Яна таксама падкрэсліла важнасць развенчвання студэнцкіх міфаў пра юрыдычную прафесію на першых курсах навучання. На думку дэкана, студэнты юрыдычнага факультэта мусяць напачатку добра азнаёміцца з рэаліямі юрыдычнай прафесіі. Тыя студэнты, якія прынялі ўсвядомленае рашэнне працягваць сваё навучанне на юрыдычным факультэце, маюць большыя шанцы дасягнуць прафесіянальнага поспеху.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *