Польская меншасць у Беларусі супраціўляецца русіфікацыі

Сход саюзу палякаў у Гродне. Фота: Белсат

11 траўня Саюз палякаў у Беларусі даслаў каля 6,000 подпісаў Аляксандру Лукашэнку з патрабаваннем спыніць русіфікацыю польскіх школаў у Гродзенскай вобласці.

У ліпені Міністэрства адукацыі Беларусі плануе зменшыць колькасць прадметаў, якія выкладаюцца на польскай мове ў польскіх школах Гродна і Ваўкавыска.

За апошнія некалькі гадоў беларускія палякі зазналі спробы дзяржавы абмежаваць іх правы ў сферы адукацыі і рэлігіі. Гродзенская вобласць, дзе жыве большасць беларускіх палякаў, стала эпіцэнтрам барацьбы польскай меншасці за свае правы.

Абмежаванне на выкарыстанне польскай мовы можа моцна паўплываць на далейшае развіццё польскага руху ў Гродзенскай вобласці.

Хто прадстаўляе палякаў у Беларусі?

Гістарычна склалася так, што большасць палякаў Беларусі жыве ў Гродзенскай вобласці. Па дадзеных перапісу 2009 года больш за 20% насельніцтва Гродзенскай вобласці пазначылі сябе палякамі. Самым польскім горадам у Беларусі стаў Воранава, дзе каля 80% насельніцтва лічаць сябе палякамі.

Інтарэсы польскай меншасці ў Беларусі прадстаўляюць дзве асобныя польскія арганізацыі. Заснаваны ў 1988 годзе Саюз палякаў стварыў уласную газету і адкрыў дзве польскія школы ў Гродне і Ваўкавыску. Да 2005 года Саюз адчыніў 16 Польскіх дамоў і налічваў больш за 25,000 сябраў. Тым не менш, ужо ў 1997 годзе беларускія ўлады пачалі абвінавачваць аб’яднанне ў палітычных правакацыях.

Анжаліка Борыс. Фота: Hrodna.life

У 2005 годзе Саюз падзяліўся на дзве розныя арганізацыі. Міністэрства юстыцыі не прызнала кіраўніцтва Анжалікі Борыс, якая на выбарах перамагла праўладнага кандыдата Тадэвуша Кручкоўскага.

Сітуацыя абвастрылася, і наступны канфлікт прывёў да расколу. На сённяшні дзень існуе два аб’яднанні палякаў у Беларусі, адно з якіх лаяльнае да ўладаў,  а другое з’яўляецца незалежным.

Сёння дзейнасць двух аб’яднанняў каардынуюць два розныя ўрады. Беларускі ўрад прызнае афіцыйны Саюз палякаў і вінаваціць незалежны Саюз у 18 асобных парушэннях заканадаўства пра рэгістрацыю. Тым часам польскі ўрад збольшага камунікуе з незалежным Саюзам палякаў.

Беларускі ўрад скарыстаўся расколам Саюза палякаў, каб усталяваць кантроль над актыўнасцю польскай меншасці ў Беларусі. Напрыклад, улады адкрыта падтрымалі кандыдатуру асабліва лаяльнага кандыдата ў 2005 годзе. Аднак, паводле актывіста Андрэя Пачобута у інтэрв’ю Белсату, улады ў асноўным стварылі свой саюз з чыноўнікаў і асоб, якія супрацоўнічаюць са спецслужбамі.

Абарона польскай мовы

Незалежны Саюз палякаў паказвае на неаднаразовыя парушэнні правоў польскай меншасці. У 1990-я гады кіраўнік саюза Тадэвуш Гавін падкрэсліў неабходнасць абароны статусу польскай мовы і заклікаў спрыяць развіццю беларускай мовы. Аднак русіфікацыя сістэмы адукацыі не ўплывала на выкарыстанне польскай мовы ў гродзенскім рэгіёне да апошніх гадоў.

За апошнія некалькі гадоў ўлады неаднаразова стваралі перашкоды для развіцця польскай мовы. У 2012 годзе Міністэрства адукацыі прапанавала зменшыць выкарыстанне польскай мовы ў польскіх школах у Гродне і Ваўкавыску. У лютым 2017 года пытанне паўстала зноў, што прывяло да папраўкі ў Кодэкс пра адукацыю.

Міністэрства адукацыі прапануе змяншэнне колькасці прадметаў, якія выкладаюцца на польскай мове ў польскіх школах у Гродне і Ваўкавыску. У адказ незалежны Саюз палякаў сабраў подпісы пратэсту супраць папраўкі і накіраваў пазоў у Міністэрства адукацыі.

Бацькоўскі сход у польскай школе Гродна. Фота: Белсат

17 красавіка пазоў быў адхілены міністэрствам. Адказ вымусіў польскую меншасць прыкласці ўсе намаганні для абароны польскай мовы ў двух адзіных выключна польскіх школах у краіне. 11 мая незалежны саюз сабраў каля 6,000 подпісаў супраць паправак у Кодэкс аб адукацыі і накіраваў іх да Аляксандра Лукшэнкі.

18 мая праўладная рэгіянальная газета “Гродзенская праўда” ​​апублікавала ліст ад нібыта вернікаў каталіцкага касцёла, якія заклікалі спыніць прапаганду польскай мовы.

Ліст заклікаў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча “прадухіліць актыўнась Анжалікі Борыс па насаджэнні польскай мовы ў касцёлах”. Аднак 21 мая Кандрусевіч сказаў выданю Krynica.info, што ён не атрымліваў такога ліста. Прэс-сакратар незалежнага Саюза палякаў Анджэй Пісальнік лічыць, што ліст ўяўляе сабой яшчэ адну спробу “дыскрэдытаваць Саюз”, які актыўна змагаецца супраць рэфармавання польскіх школ у Гродзенскай вобласці.

Польская меншасць — пагроза для рэжыму?

Адукацыя для польскай меншасці ў Беларусі ўжо адчувала ціск з боку ўладаў у апошнія гады. У 2015 годзе ўлады зачынілі апошнюю польскамоўную групу ў дзіцячым садзе ў Гродне.

Змяншэнне ролі польскай мовы ў адукацыі стала ключавым пытаннем для польскай меншасці ў рэгіёне. Замена яе ў школах  на “адну з афіцыйных моў” будзе азначаць замену на рускую з-за дамінавання рускай ў сферы адукацыі.

Акрамя абмежавання польскай мовы ў адукацыі дзяржава імкнецца ўплываць на сферу рэлігіі. Актывіст Андрэй Пачобут кажа, што святары, якія прыязджаюць з Польшчы, атрымліваюць больш кароткія візы (на 3-6 месяцаў), чым раней. У 2009 годзе  тры святары былі высланыя ў Польшчу, таму што праводзілі службу выключна на польскай мове.

Нацыянальны Эўхарыстычны кангрэс у Гродне. Фота: church.by

Але цяперашняя хваля русіфікацыі, здаецца, мае больш эканамічныя, чым ідэалагічныя матывы. Польская меншасць у рэгіёне знаходзіцца на ўздыме, бо многія беларусы імкнуцца атрымаць карту паляка. Гэта можа мець як станоўчыя, так і негатыўныя наступствы, у тым ліку ўцечку мазгоў, працоўную міграцыю, культурны абмен і дэмакратызацыю.

Улады імкнуцца прадухіліць уцечку мазгоў і працоўную міграцыю ў Польшчу праз русіфікацыю сістэмы адукацыі і абмежаванні для некаторых групаў насельніцтва. Да прыкладу, беларускія чыноўнікі і іх дзеці не маюць права рабіць карту паляка ў Беларусі і вымушаныя ехаць у Польшчу, каб падаць дакументы.

Польская меншасць у Гродзенскай вобласці сутыкаецца з мноствам праблем, створаных уладамі. Кантроль за незалежным Саюзам палякаў і польскай адукацыяй сталі дадатковымі перашкодамі для меншасці ў рэгіёне. У бліжэйшай будучыні яе правы ў Гродзенскай вобласці, верагодна, будуць выконвацца толькі ў той ступені, якая дазваляе ўладам кантраляваць польскую актыўнасць.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *