Польшча перацягвае да сябе “найлепшых у свеце мігрантаў” з Беларусі

28 студзеня Польскі саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў прапанаваў выдаць від на жыхарства мільёну мігрантаў, што цяпер знаходзяцца ў Польшчы. Большасць з іх — ўкраінцы, за якімі па колькасці ідуць беларусы і в’етнамцы.

У апошнія гады Польшча паставіла мэтай сваёй міграцыйнай палітыкі прыцягненне маладой працоўнай сілы з рэгіёнаў, якія калісці знаходзіліся ў складзе Польшчы, і стварыла ўнікальныя прэферэнцыі для грамадзянаў гэтых тэрыторый у выглядзе карты паляка. Карта дае яе ўладальніку права працаваць і вучыцца ў Польшчы, а з часам і атрымаць польскае грамадзянства.

Многія беларусы разглядаюць карту як магчымасць працаваць і вучыцца ў Польшчы з перспектывай атрымання грамадзянства ЕС ва ўмовах эканамічнага крызісу. Уладам Беларусі відавочна не падабаецца гэтая ініцыятыва, але яны не ў стане штосьці супрацьпаставіць ёй.

Польшча прыцягвае мігрантаў

28 студзеня Польскі саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў апублікаваў падлікі, паводле якіх з-за дэмаграфічнага крызісу да 2050 года Польшча будзе вымушаная прыцягнуць ад 2 да 5 мільёнаў мігрантаў, каб захаваць бягучыя тэмпы эканамічнага росту. Сёння у польскай эканоміцы працуюць каля мільёна чалавек, у асноўным з Украіны і Беларусі. Дзякуючы ім польскі бюджэт штогод атрымлівае дадаткова 1,5-2 млрд еўра.

У інтэрв’ю Gazeta Prawna кіраўнік саюза Цэзары Казьмерчак выказаў меркаванне, што мігранты з гэтых краін з’яўляюцца «найлепшымі ў свеце». Яны не адымаюць працоўныя месцы ў палякаў і нічога не каштуюць падаткаплатнікам. У якасці адваротнага прыкладу ён узгадаў мігрантаў з краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі, якія ў большасці выпадкаў не працуюць і жывуць на сацыяльную дапамогу. Незадаволенасць цяперашняй міграцыйнай палітыкай ЕС ў Польшчы расце, таму шанцы беларусаў і ўкраінцаў стаць польскімі жыхарамі будуць павялічвацца.

Карта паляка

У 2008 годзе Польшча ўвяла Закон пра карту паляка, накіраваны на насельніцтва зямель Беларусі, Украіны і Балтыйскіх краінаў, якія ў межваенны час уваходзілі ў склад Польшчы. Карта дае яе ўладальніку права атрымліваць доўгатэрміновую бясплатную польскую візу, легальна працаваць, займацца бізнэсам і вучыцца ў Польшчы нароўні з польскімі грамадзянамі, а таксама прапануе некаторыя іншыя выгоды.

Фота: warsaw.by

Каб атрымаць карту, трэба прадэманстраваць дакументальнае пацверджанне аб продках, якія жылі у Польшчы ў 1921-1939 гадах. У той час туды ўваходзіла і Заходняя Беларусь, і пад гэтыя крытэры трапляе сотні тысячаў беларускіх грамадзянаў. Альтэрнатыўным спосабам атрымаць картку можа быць пацвярджэнне значнага ўнёску ў польскую культуры, але нямногія беларусы могуць гэтым пахваліцца.

У 2013 годзе польскія ўлады выдалі карту паляка 42,000 беларусаў. У цяперашні час колькасць уладальнікаў карты у Беларусі застаецца невядомай, бо чыноўнікі неахвотна раскрываюць актуальныя лічбы. Па дадзеных Еўрастата, у 2015 годзе каля 70 тысяч беларусаў атрымалі нацыянальныя доўгатэрміновыя візы, што паказвае на прыблізную колькасць уладальнікаў карт паляка ў Беларусі.

У лістападзе 2015 года спецыяльная камісія польскага парламента рэкамендавала ўнесці папраўку да Закону аб карце паляка, што дазволіць яе ўладальніку атрымаць польскае (і адпаведна еўрапейскае) грамадзянства пасля таго, як той пражыве ў Польшчы ўсяго адзін год. У дадатак, уладальнікі карт змогуць атрымаць грант у памеры каля €5,400 на кожнага чальца сям’і, каб пакрыць выдаткі на ўладкаванне, а таксама прафесійную і моўную падрыхтоўку.

Першапачаткова Польшча абвесціла, што карта паляка ёсць сімвалічным крокам для падтрымкі сваіх суайчыннікаў за мяжой, але гэта, відавочна, перарасло ў чыста прагматычную палітыку — інструмент для паглынання маладой рабочай сілы з суседніх краін. Гэта палітыка не магла застацца па-за ўвагай беларускага ўраду.

Улады бачаць у карце паляка пагрозу

У 2012 годзе Канстытуцыйны суд Беларусі абвясціў пра тое, што Закон аб карце паляка супярэчыць міжнароднаму праву і парушае шэраг двухбаковых пагадненняў. Акрамя таго, урад унёс папраўку ў закон аб дзяржаўнай службе, якая забараняе дзяржаўным чыноўнікам мець карту паляка і аналагічныя дакументы іншых дзяржаваў.

Беларускі эксперт па міграцыі Андрэй Елісееў паведаміў BelarusDigest, што большасць краінаў у такой сітуацыі паводзілі б сябе аналагічна. Яны б рабілі захады супраць замежнай палітыкі, якая штурхае значную колькасць грамадзян, у тым ліку службовых асоб, аб’яўляць сябе лаяльным іншай дзяржаве. Елісееў нагадаў пра рэакцыю літоўскіх дэпутатаў на закон пра карту паляка ў 2009 годзе, калі яны спрабавалі абмежаваць права уладальнікаў карт балатавацца на парламенцкіх выбарах.

Негатыўная рэакцыя беларускіх уладаў зразумелая. Карта паляка прывядзе да выезду працоўнай сілы з Беларусі і ўзмоцніць уплыў Польшчы, сябра НАТА і традыцыйнага крытыка Лукашэнкі, на беларускае насельніцтва.

Аднак улады шмат у чым самі спрыяюць такому развіццю падзеяў – яны стымулююць попыт на карту паляка зацягваннем лібералізацыі візавага рэжыму з ЕС і блакаваннем малога памежнага руху з Польшчай. Многія беларусы былі б задаволеныя бясплатнымі шэнгенскімі візамі, каб рабіць пакупкі ў суседняй Польшчы і Літве. З картай паляка яны атрымаюць больш сур’ёзныя па наступствах для Беларусі магчымасці —  атрымаць грамадзянства ЕС.

Беларусы рухаюцца на захад

Эканамічная сітуацыя ў Беларусі за апошнія два гады значна пагоршылася, і выхаду з крызісу у бліжэйшай будучыні не прадбачыцца. Расія, якая традыцыйна служыла міграцыйным цэнтрам для многіх беларусаў, таксама знаходзіцца ў перыядзе эканамічнага заняпаду, і ў дадатак праводзіць ўсё больш агрэсіўную і ксенафобскую палітыку. Гэтая сітуацыя штурхае беларусаў да міграцыі на захад, у краіны з больш стабільнай эканомікай і інстытутамі прававой дзяржавы.

Фота: zn.ua

Большасць беларусаў хацела б атрымаць карту паляка не з-за моцнай любові да польскай культуры або гонару за сваіх продкаў. Яны хочуць атрымаць канкрэтныя матэрыяльныя выгоды — бясплатныя візы з перспектывай атрымання віду на жыхарства, а затым і грамадзянства ЕС, а таксама магчымасць працаваць і вучыцца на роўных умовах з польскімі грамадзянамі ў краіне, дзе сярэдні заробак з у тры разы вышэйшы за беларускі. Тыя, хто не гатовы пераехаць за мяжу, хочуць прынамсі атрымаць магчымасць выяжджаць на закупы і падарожнічаць.

30-гадовы Ігар з Мінска нядаўна стаў шчаслівым уладальнікам карты паляка. Ён паведаміў BelarusDigest, што сярод яго сяброў ужо каля 10 чалавек маюць карты паляка, і яна становіцца ўсё больш папулярнай сярод моладзі. Напрыклад, раздзел найбуйнейшага беларускага інтэрнэт-форуму Onliner, прысвечаны атрыманню карты паляка, мае 3000 старонак – гэта адна з самых папулярных тэмаў на форуме.

Андрэй Елісееў лічыць, што цяперашні эканамічны крызіс, безумоўна, выкліча адток беларусаў на Захад. Тыя, хто не маюць права на атрыманне карты паляка, будуць выкарыстоўваць іншыя магчымасці, напрыклад, сезонныя працы ў Польшчы.

Калі беларускія ўлады хочуць спыніць уцёкі працоўнай сілы, яны павінны ў першую чаргу запусціць малы памежны рух і прыкладаць намаганні па лібералізацыі, а пазней і поўнай адмене візавага рэжыму з ЕС. На доўгатэрміновую перспектыву ўрад павінен распрацаваць падобную палітыку па прыцягненні этнічных беларусаў з-за мяжы і забяспечыць іх адмысловымі прэферэнцыямі.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *