Нябачная меншасць: жыццё з інваліднасцю ў Беларусі

5 мая 2016 года ў Мінску прайшоў мітынг беларусаў на інвалідных калясках, якія сабраліся, каб нагадаць грамадству пра існаванне дыскрымінацыі.

Ні дзяржава, ні грамадскасць не заўважылі гэты адчайны крок, які адлюстроўвае патрэбы каля 500,000 людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

У 2015 годзе Беларусь стала апошняй дзяржавай у Еўропе, якая падпісала Канвенцыю ААН пра правах інвалідаў, але людзі з абмежаванымі магчымасцямі да гэтага часу застаюцца тут схаванай меншасцю.

Розныя формы дыскрымінацыі ў галіне адукацыі, занятасці і штодзённым жыцці абмяжоўваюць магчымасці інвалідаў для поўнай сацыяльнай інтэграцыі. Яны церпяць ад адсутнасці безбар’ернага доступу і існавання стэрэатыпаў, якія пазбаўляюць іх роўных шанцаў рэалізаваць свой патэнцыял.

«Нас тут ніхто не бачыць і не чуе»

Падарожнік, які пройдзе па вуліцах беларускай сталіцы або іншых гарадоў, верагодна, не ўбачыць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, і запытае, ці існуюць яны тут увогуле. Тым не менш, па дадзеных Белстата каля 500,000 беларусаў маюць інваліднасць, што складае 6% насельніцтва. Сярод іх каля 20 тысяч складаюць калясачнікі.

Гэтыя людзі часта застаюцца ў самоце ў барацьбе за роўныя магчымасці. Толькі некалькі тузінаў інвалідаў здолелі прыняць удзел у мітынгу 5 мая 2016 года ў Мінску. Арганізатары мерапрыемства, Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў, хацела такім чынам заявіць пра асноўныя патрэбы інвалідаў, і ў першую чаргу стварэнне безбар’ернага асяроддзя і спыненне дыскрымінацыі.

Мітынг інвалідаў у Мінску, 5 мая 2016 года. Фота: belapan.com

На жаль, акцыя прайшла далёка ад цэнтра горада, на плошчы Бангалор, нябачнай для шырокай аўдыторыі. Гэта традыцыйнае месца, дзе беларускія ўлады дазваляюць апазіцыі арганізоўваць палітычныя пратэсты, такім чынам хаваючы іх ад грамадскай увагі.

Той жа сцэнар быў прыменены да пратэсту інвалідаў, толькі ў іх выпадку ўлады нават не паклапаціліся даслаць міліцыю для забеспячэння парадку. На пляцоўцы не былі забяспечаныя ні медыцынскія брыгады, ні прыбіральні, што выглядала як чэрствае грэбаванне праблемай інвалідаў з боку дзяржавы.

Кіраўнік Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Яўген Шаўко адзначыў, што  з моманту апошняга такога мітынгу інвалідаў у 2012 годзе мала што змянілася: «Так, цяпер у нас ёсць лепшая ежа і адзенне. Але клеткі, ў якіх нас хоча трымаць дзяржава, таксама памацнелі. Улады спрабуюць прымусіць нас пагадзіцца на ролю цяжару, які мае патрэбу ў пастаянным доглядзе».

Ангеліна Уэльская. Фота: kp.by

Звычайныя беларусы часта дэманструюць такія ж адносіны — яны шкадуюць інвалідаў або разглядаюць іх як непаўнавартасных. Беларуская мадэль Ангеліна Уэльская (Анёл Уэльса) паказала, як людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць змагацца з гэтымі стэрэатыпамі. Яна пабудавала сваю кар’еру і дамагліся прафесійнага поспеху, нягледзячы на ​​дыягназ цэрэбральнага паралюшу.

Безбар’ернасць: колькасць вышэй за якасць?

28 верасня 2015 года Беларусь падпісала Канвенцыю ААН пра правы інвалідаў, і гэтым узяла абавязак стварыць інклюзіўную супольнасць. У апошні час краіна фінансуе шэраг ініцыятыў па адаптацыі гарадской прасторы для інвалідаў. Адным з такіх праектаў была дзяржаўная праграма безбар’ернага асяроддзя на 2011 — 2015 гады.

Па словах прадстаўніка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Анатоля Ражанца, праграма аказалася паспяховай і перавыканала свае мэты у лепшых савецкіх традыцыях. Замест першапачатковага пераабсталявання 5000 аб’ектаў для патрэбаў інвалідаў, дзяржава пабудавала 9000 безбар’ерных кропак доступу.

Толькі ў Мінску яна выдаткавала больш за $3,5 млн на 2,107 безбар’ерных аб’ектаў. Мінскае метро інвеставала больш за $150,000 у пераабсталяванне станцый. Агулам, на 32 станцыях цяпер ёсць ліфты, спецыяльныя платформы або пандусы.

Але гэтая аптымістычная статыстыка не адлюстроўвае таго, як людзі з абмежаванымі магчымасцямі скарысталіся новым безбар’ерным асяроддзем. Многія з гэтых новых аб’ектаў надзвычай складаныя ў выкарыстанні, у той час як іншыя існуюць толькі як “паказуха” або проста не працуюць.

У нядаўнім здарэнні на вакзале ў Пухавічах хворая на цэрэбральны паралюш Вікторыя Ждановіч хацела выкарыстаць ліфт, усталяваны на мосце праз чыгуначныя шляхі. Пасля няўдалай спробы ўключыць яго, яна мусіла звязацца з супрацоўнікамі станцыі, якія запатрабавалі ад яе пасведчанне інваліда. У рэшце рэштаў, Вікторыя ўсё роўна не змагла скарыстацца ліфтам — ён не запрацаваў.

Кампанія за парковачныя месцы

Паводле Сяргея Драздоўскага, які каардынуе Бюро па правах інвалідаў, большасць праблем беларускіх інвалідаў спараджае дыскрымінацыя. Галоўная адказнасць у гэтым пытанні, на яго думку, ляжыць на дзяржаве, таму Сяргей прапанаваў папраўкі да Закону аб сацыяльнай абароне. Новыя палажэнні павінны даць азначэнне дыскрымінацыі інваліднасці, забяспечыць яе прафілактыку і абарону правоў людзей з інваліднасцю.

Кампанія па вызваленні парковачных месцаў. Фота: raik.by

Сёння інваліды адчуваюць дыскрымінацыю ва ўсіх аспектах паўсядзённага жыцця. Шматлікія крамы, адміністрацыйныя і жылыя будынкі часта не маюць неабходных пандусаў для безбар’ернага доступу. Калі карыстальнікі інваліднай каляскі выязджаюць за мяжу на аўтамабілі, яны на працягу некалькіх гадзін затрымліваюцца ў чэргах на памежных пераходах, якія звычайна не маюць спецыяльна абсталяваных прыбіральняў.

Парковачныя месцы для інвалідаў сталі з’яўляцца на Беларусі толькі каля пяці гадоў таму. Тым не менш, кіроўцы часта ігнаруюць гэта правіла і не саромеюцца пакідаць там свае аўтамабілі. У красавіку 2016 года актывісты Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў пачалі інфармацыйную кампанію, падчас якой паведамлялі пра парушэнні на паркоўках міліцыі і сродкам масавай інфармацыі.

Тым не менш, ў апошні час назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Напрыклад, пачынае з’яўляцца безбар’ерны турызм. Адной з ініцыятыў у гэтай сферы з’яўляецца сумесны праект некалькіх НДА і Валожынскай адміністрацыі ў Налібоцкай пушчы. Пры падтрымцы гранта ЕС яны плануюць стварыць турыстычны маршрут і хостэл, які прыстасаваны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі да 2018 года.

Каб такія праекты сталі паспяховымі, беларускаму грамадству неабходна змяніць свой менталітэт і пераадолець стэрэатыпы. Большасць з іх карэняцца ў савецкай практыцы маргіналізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі і іх выдалення з грамадскіх месцаў, як гэта здарылася з ветэранамі Другой сусветнай вайны напярэдадні маскоўскай Алімпіяды ў 1980 годзе.

Не менш важнай з’яўляецца роля беларускай дзяржавы, якая павінна пераадолець абыякавасць і забяспечыць асноўныя канстытуцыйныя правы грамадзянаў з інваліднасцю.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *