Лукашэнка хоча падвоіць насельніцтва Беларусі: што з гэтага атрымаецца?

3 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь можа лёгка змясціць насельніцтва ў 20 мільёнаў чалавек, адзначыўшы, што чалавечы капітал з’яўляецца ключом да эканамічнай бяспекі краіны.

Але лічбы кажуць пра іншае — з 1994 года, калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам, Беларусь страціла звыш 700,000 грамадзянаў. У апошнія гады насельніцтва стабілізавалася на ўзроўні 9,5 млн, у той час як колькасць працаздольнага насельніцтва працягвае зніжацца.

Дзяржава прапануе шэраг ільготаў і стымулаў для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, але ў цэлым гэта не гарантуе належнай якасці жыцця для ўсіх беларусаў. Нядаўні дэкрэт супраць дармаедаў паказаў, што беларуская эканоміка мае цяжкасці з сацыяльнай абаронай, забеспячэннем ўстойлівага развіцця і пераадоленнем беднасці.

Агульная карціна

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе насельніцтва Беларусі стала расло і  дасягнула максімуму ў 1993 годзе з 10,2 мільёна чалавек. Тэндэнцыя змянілася ў 1994 годзе, бо пагоршылася эканамічная сітуацыя і Беларусь, як і іншыя еўрапейскія краіны, сутыкнулася з праблемай дэпапуляцыі і хуткага старэння. Толькі каля 2010 года насельніцтва стабілізавалася на ўзроўні 9,5 мільёна чалавек.

Тым не менш, узровень нараджальнасці ў Беларусі па-ранейшаму знаходзіцца ніжэй за ўзровень смяротнасці – 13 смерцяў супраць 9 народжаных на 1000 чалавек. У мінулым годзе самы высокі ўзровень нараджальнасці, па дадзеных Белстата, быў зарэгістраваны сярод маладых жанчын з сельскай мясцовасці — 256 дзяцей на 1000 жанчынаў.

Насельніцтва Беларусі ў 1951 – 2015 гадах. Крыніца: countrymeters.com

На думку экспертаў BEROC, дзяржаўная грашовая дапамога па доглядзе за дзецьмі перашкаджае эканамічнай актыўнасці сельскага насельніцтва. Дапамога на адно дзіця перавышае пражытачны мінімум, што нівелюе матывацыю людзей да працы. Маладыя жанчыны аддаюць перавагу нараджэнню дзяцей дзеля атрымання дапамогі, грэбуючы ўласным адукацыйным і прафесійным развіццём.

Тое, што застаецца на заднім плане — гэта якасць жыцця дзяцей з сем’яў з нізкім узроўнем даходу, якія маюць абмежаваныя магчымасці для атрымання адукацыі і канкуравання за лепшыя працоўныя месцы. Гэтыя дзеці маюць больш шанцаў патрапіць у тую ж пастку беднасці, што і іх бацькі. Такім чынам, сельскія рэгіёны застаюцца маргіналізаванымі і недаразвітымі.

Дадзеныя Белстата таксама паказваюць, што 75% беларускага насельніцтва жыве ў гарадах. У 2016 годзе ўзровень нараджальнасці ў гарадах быў значна ніжэйшы, чым у сельскай мясцовасці — 68 дзяцей на 1000 жанчын.

Якія лічбы сапраўды маюць значэнне?

Праблема дэпапуляцыі турбуе беларускага прэзідэнта ўжо на працягу некалькіх гадоў. У сваёй нядаўняй заяве наконт дэмаграфічнай сітуацыі ён паўтарыў тэзіс пра 20 мільёнаў беларусаў і запатрабаваў чыноўнікаў на ўсіх узроўнях павысіць прыярытэтнасць нараджальнасці. Аднак колькасць насельніцтва сама па сабе не гарантуе эканамічнага росквіту краіны.

Паводле Індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу ААН Беларусь займае 52-м месца. Краіны з супастаўнай колькасцю насельніцтва, такія як Швейцарыя, Швецыя або Аўстрыя займаюць у ім 2, 14 і 24 месца адпаведна.

Для таго, каб прагназаваць магчымыя дэмаграфічныя тэндэнцыі і іх эканамічны эфект, трэба глядзець на колькасць працаздольнага насельніцтва. Паводле звестак Белстата, з 2010 года агульная колькасць насельніцтва заставалася стабільнай на ўзроўні каля 9,5 мільёнаў, але колькасць асобаў працаздольнага ўзросту знізілася з 5,8 млн да 5,4 млн. У пачатку 2017 года на кожныя 1000 чалавек прыпадала 443 пенсіянеры.

Старэнне насельніцтва ёсць прадметам для клопату ва ўрадзе, які мусіць падтрымліваць сацыяльную сістэму на плаву. На сённяшні дзень Беларусь ініцыявала пенсійную рэформу і пачала рэалізацыю праграмы дэмаграфічнай бяспекі, накіраваную на падтрымку сем’яў з дзецьмі. У доўгатэрміновай перспектыве план падвоіць колькасць насельніцтва накіраваны на падтрыманне бягучай сацыяльнай мадэлі.

Тым не менш, апошнія падзеі вакол дэкрэту пра дармаедаў паказалі, што для дасягнення гэтай мэты ўрад жадае ўсталяваць больш строгі кантроль за дзейнасцю ўсіх працаздольных беларусаў. Новая версія закона пра дармаедаў мае з’явіцца ў кастрычніку 2017 года. Нядаўна Міністэрства працы і сацыяльная абарона таксама абвясціла пра замену бягучага нумара сацыяльнага забеспячэння новай ідэнтыфікацыйнай картай.

Гэта карта будзе падключана да цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы, здольнай адсочваць працоўную дзейнасць кожнага грамадзяніна. Такім чынам, урад спадзяецца прымусіць усіх працуючых беларусаў плаціць за сацыяльныя паслугі, асабліва калі яны працуюць неафіцыйна і ўхіляюцца ад выплаты падаткаў.

Аднак, як адзначыў палітолаг Валер Карбалевіч, гэтыя захады выглядаюць як спроба дзяржавы “запрыгоніць” усё працаздольнае насельніцтва. Яны наўрад ці будуць спрыяць жаданню людзей мець больш дзяцей і не здолеюць знізіць эміграцыю з Беларусі.

Маладыя адукаваныя беларусы едуць за мяжу ў пошуках адукацыі і працы. Іншыя рыхтуюць такія варыянты для будучыні: нядаўна беларускія СМІ паведамілі, што каля 50% усіх выпушчаных картаў паляка — звыш 100.000 — належаць беларускім грамадзянам.

Праблемы ў галіне ўстойлівага развіцця

Калі сцэнар Лукашэнкі з дасягненнем лічбы 20 мільёнаў беларусаў збудзецца, Беларусь можа сутыкнуцца з іншым тыпам праблемаў. Незалежны эканаміст Міхаіл Залескі папярэджвае, што цяперашняя сацыяльная сістэма дазволіць забяспечыць у лепшым выпадку 6 мільёнаў.

Акрамя таго, рост насельніцтва будзе аказваць ціск на беларускую экалогію і сельскую гаспадарку. Эксперты адзначаюць небяспеку існуючага спажывецкага падыходу да прыродакарыстання. Паводле Ланы Сяменас, каардынатаркі ініцыятывы арганічнага фермерства “Агракультура”, Беларусь зможа вырабіць дастатковую колькасць ежы для 20 мільёнаў людзей толькі ў тым выпадку, калі пяройдзе на ўстойлівыя метады вядзення сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, гэта тычыцца буйных прадпрыемстваў жывёлагадоўлі.

Беларускія дэмаграфічныя праблемы маюць шмат агульнага з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі, якія змагаюцца са старэннем насельніцтва і нізкім ўзроўнем нараджальнасці. Аднак беларускі падыход да гэтых пытанняў уяўляецца павярхоўным, бо ўрад схільны ацэньваць чалавечы капітал у колькасным выглядзе, што заганяе сельскіх жыхароў у пастку беднасці. Ён таксама не звяртае ўвагі на уцечку мазгоў і міграцыйныя тэндэнцыі.

Для таго, каб стабілізаваць дэмаграфічную сітуацыю, урад Беларусі павінен адмовіцца ад рэпрэсіўных метадаў, лібералізаваць прадпрымальніцкую дзейнасць, пераадолець разрыў паміж горадам і вёскай, а таксама інвеставаць у адукацыйныя ініцыятывы для росту чалавечага капіталу.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *