Краўдфандынг у Беларусі: як ствараецца грамадзянская супольнасць

Краўдфандынг у Беларусі прадэманстраваў імклівы рост у 2015 годзе і працягнуў набіраць папулярнасць ў 2016-м.

Вядучыя беларускія краўдфандынгавыя платформы Talakosht, MaeSens і Ulej становяцца ўсё больш эфектыўнымі ў падтрымцы культурных і сацыяльных праектаў, дабрачынных арганізацый і сацыяльна адказнага бізнесу.

Гэтыя ініцыятывы важныя не толькі таму, што заахвочваюць грамадзянскую актыўнасць, але і таму, што дазваляюць больш паспяхова збіраць сродкі. Тым не менш, краўдфандынг пакуль што мае абмежаваны патэнцыял у якасці асноўнай крыніцы фінансавання такіх праектаў з-за невялікай колькасці ахвяраванняў.

Старыя традыцыі супольнага дзеяння: беларуская Талака

Талака ў беларускай мове абазначае старажытную народную традыцыю супольнай помачы людзям, напрыклад, пры будаўніцтве дома або ўборцы ўраджаю. Яго сучаснае ўвасабленне  — Talaka.by — гэта некамерцыйная онлайн платформа. Яна спецыялізуецца на злучэнні і камунікацыі паміж людзьмі, што маюць творчыя ідэі.

Talakosht ёсць краўдфандынг-адгалінаваннем платформы Talaka.by. Адной  з істотных умоў для праектаў Talakosht з’яўляецца іх сацыяльная значнасць. Спачатку людзі заяўляюць аб сваёй гатоўнасці падтрымаць кампанію. На наступным этапе гэтыя абяцанні матэрыялізуюцца ў ахвяраванні. Паводле Talaka.by, каля 80% абяцаных ахвяраванняў ператвараюцца ў рэальныя грошы. Схема фінансавання з’яўляецца гнуткай і працуе як па мадэлі «усё ці нічога», калі збор грошай адбываецца да дасягнення мінімальнай патрэбнай лічбы, гэтак і праз «атрымаць усё сабранае», калі праект забірае любую сабраную суму незалежна ад першапачатковых патрэбаў.

У цяперашні час Talaka змяшчае звыш 250 актыўных праектаў, перш за ўсё ў галіне адукацыі, культуры і сацыяльнай сферы. Паспяхова рэалізаваныя ідэі даволі разнастайныя: ад фестывалю вулічнага мастацтва і бясплатнага пракату ровараў у Мінску да беларускага дубляжу мультфільма Свінка Пэпа. Апошні праект стаўся вельмі папулярным і сабраў больш за $3000, перавысіўшы першапачаткова запланаваную суму на 63%.

Віталь Гуркоў. Фота: svaboda.org

12 красавіка карыстальнікі Talaka паабяцалі фінансавую падтрымку паездкі Віталя Гуркова на чэмпіянат свету па муай-тай, які запланаваны на травень 2016 года ў Швецыі. Міністэрства спорту Беларусі адмовілася фінансаваць паездку Гуркова нават з улікам таго факту, што ён ёсць адным з вядучых нацыянальных і сусветных спартоўцаў у гэтым адзінаборстве. Чыноўнікаў раздражняў яго ўдзел у рок-гурце Brutto, што вядомы сваёй палітызаванасцю.

Вулей як мадэль супольнага ўдзелу

Нядаўні пачатковец на беларускай сцэне краўдфандынгу з прадпрымальніцкай накіраванасцю – Ulej – быў запушчаны вясной 2015 года. У адрозненне ад Talakosht, Ulej з’яўляецца камерцыйнай арганізацыяй, што атрымлівае 12% камісіі ад паспяховых праектаў. Ён працуе ў адпаведнасці з мадэллю “усё або нічога” сусветна вядомай платформы Crowdfunding Kickstarter. Па статыстыцы, каля 40% усіх праектаў на Ulej мелі поспех ў зборы неабходных сродкаў.

Ulej падтрымлівае шырокі спектр ініцыятыў з акцэнтам на іх арыгінальнасць і карысць для грамадства. Для пачаткоўцаў платформа прапануе навучальныя курсы па краўдфандынгу. Аўтары могуць бясплатна прасоўваць свае праекты, атрымліваць падтрымку і зваротную сувязь ад платформы.

У цяперашні час найбольш папулярныя праекты на Ulej  — дабрачынныя, літаратурныя і гарадскія ініцыятывы. Сярод паспяхова рэалізаваных ідэяў — пераклады казак для айфонаў і айпадаў, публікацыі дзіцячых кніг, мапа беларускай кухні, а таксама лялечны дом для дзіцячага прытулку. Напрацягу года існавання на Ulej было сабрана больш за $71,000. Сярэдняя сума ахвяравання складае каля $23.

Прыклады краўдфандынгавых ініцыятываў на Ulej дэманструюць новы падыход да дабрачыннай дзейнасці. Акцэнт на творчых і нетрадыцыйных ідэях дазваляе гаварыць пра існуючыя праблемы па-новаму і атрымаць больш станоўчых адказаў у параўнанні з традыцыйнымі заклікамі да спагады і пачуцця абавязку.

Альтэрнатыўныя спосабы папулярызацыі дабрачыннасці

Праект МаеСэнс пачаўся ў кастрычніку 2011 года ў Мінску. Ён працуе па адрозным ад Talakosht і Ulej прынцыпе, і выконвае ролю ўнікальнага спалучэння сацыяльнай сеткі і электроннага аўкцыёна.

MaeSens прыцягвае фінансаванне для сацыяльных праектаў праз так званыя «аўкцыёны сустрэчаў». Карыстальнікі могуць рабіць стаўкі на абвешчаную сустрэчу з аўтарам праекта або знакамітасцю. Карыстальнік з найвышэйшай стаўкай атрымлівае права на сустрэчу. Усе прыбыткі ад аукцыёну ідуць на падтрымку пэўнага праекта або дабрачыннай ініцыятывы.

На сёння гэту платформу ўжо актыўна выкарыстоўвалі больш за 85,000 чалавек, якія сабралі больш за $300,000 для дзіцячых дамоў, сацыяльных прытулкаў, дабрачынных арганізацый і хворых дзяцей. Гэтыя акцыі прыцягнулі беларускіх і замежных знакамітасцяў, у тым ліку спартсменку Аляксандру Герасіменю, экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч, заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера, а таксама музычых зорак Робі Уільямса і Three Days Grace.

У чэрвені 2013 года MaeSens запусціла конкурс “Сацыяльны ўік-энд”. Ён мае на мэце падтрымаць развіццё некамерцыйных арганізацый і моладзевых ініцыятыў, якія працуюць у сацыяльнай і культурнай сферах. Іншай мэтай конкурсу з’яўляецца прасоўванне сацыяльнага прадпрымальніцтва і сацыяльных інвестыцый. За перыяд існавання ў ім прынялі ўдзел больш за 750 праектаў, у выніку чаго было сабрана інвестыцый на суму $75,000.

Такім чынам, краўдфандынг адкрывае новыя маршруты не толькі для грамадзянскай супольнасці ды дабрачынных арганізацый, але і для бізнесу. Тым не менш, адной з патэнцыйных перашкодаў краўдфандынгу могуць быць спробы дзяржавы кантраляваць нізавыя ініцыятывы. У беларускім заканадаўстве да гэтага часу не распрацаваныя правілы для краўдфандынгу. Цяпер ён мае статус збору ахвяраванняў  і мусіць плаціць 13% падаходнага падатку. Але гэта можа хутка змяніцца, асабліва ў святле апошніх тэндэнцый уладаў па пошуку лёгкіх даходаў для бюджэту.

Сёння беларускія краўдфандынг платформы ўсё яшчэ застаюцца адносна новай з’явай. Але яны ўжо працуюць як эфектыўны інструмент для тэставання ідэяў і вызначэння праектаў, якія звычайныя беларусы лічаць вартымі падтрымкі. Тым не менш, уплыў краўдфандынгу застаецца абмежаваным, бо ён яшчэ не дасягнуў патэнцыялу для падтрымкі буйнамаштабных праектаў.

З эканамічнага пункту гледжання краўдфандынг спрыяе сацыяльнаму прадпрымальніцтву і мікраінвеставанню, што вядзе да дэмакратызацыі эканомікі. Але галоўнае пытанне палягае ў тым, які падыход да краўдфандынгу абярэ дзяржава — умешвацца або назіраць. Відавочна, што краўдфандынг мае доўгатэрміновы патэнцыял для падтрымкі незалежных канкурэнтаздольных праектаў, а таксама для стварэння большай колькасці працоўных месцаў для эканомікі Беларусі.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *