Хто атрымлівае выгаду ад алкагалізацыі Беларусі?

Вытворчасць беларускай гарэлкі. Крыніца: belta.by

Сёння Беларусь – другая ў свеце па спажыванні алкаголю. У 2014 годзе Беларусь узначаліла рэйтынг спажывання алкаголю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Па дадзеных СААЗ, у сярэднім беларусы выпіваюць каля 17,5 літраў алкаголю ў год, у той час як сярэдні аб’ём спажывання ў свеце вагаецца каля 6,5 літраў.

У той жа час, цэны на алкаголь у Беларусі значна ніжэйшыя, чым у суседніх краінах Еўразвязу. Нягледзечы на ​​спробы ўрада стварыць праграму па прафілактыцы алкагалізму і рэабілітацыі алкаголікаў, Беларусь да гэтага часу не здолела перамагчы п’янства. Акрамя таго, цэны на алкаголь маюць тэндэнцыю да зніжэння перад выбарамі і падчас эканамічных крызісаў.

Танны алкаголь у Беларусі стаў інструментам для нейтралізацыі грамадскай актыўнасці і затлумлення нацыянальнай самасвядомасці. Зніжаючы цэны на алкаголь, ўлады забяспечваюць сабе больш лаяльнасці і падтрымкі.

Алкагалізацыя Беларусі

Па дадзеных СААЗ, Беларусь уваходзіць у лік найбольшых спажыўцоў алкаголю ў  свеце: у 2016 годзе арганізацыя падлічыла, што сярэдні беларус выпівае 17,5 літраў алкаголю ў год. Гэта велізарная лічба нашмат пераўзыходзіць стандартны ўзровень спажывання СААЗ памерам 8 літраў у год.

Тым не менш, застаецца незразумелым, колькі беларусы сапраўды п’юць. 17-18 літраў у год, якія  СААЗ падае апошнія некалькі гадоў, выглядае як сярэдняя колькасць.

З-за адрозненняў у метадалогіі Міністэрства аховы здароўя Беларусі абвяргае звесткі СААЗ і сцвярджае, што ў 2016 годзе рэальная лічба была каля 8,8 літраў.

Статыстычныя ведамствы таксама імкнуцца ацаніць сапраўдныя маштабы нелегальнай вытворчасці алкаголю. У пачатку траўня міліцыя раскрыла ў Маладзечна найбуйнейшы падпольны бровар ў рэгіёне за апошнія пяць гадоў. Праваахоўныя органы выявілі больш за 100 літраў самагонкі і 21 тону брагі.

У многіх вёсках самаробныя напоі сталі велізарнай сацыяльнай праблемай, што часам прыводзіць да смерці. Па гэтай прычыне ні міжнародныя, ні нацыянальныя сацыёлагі не могуць вызначыць дакладны ўзровень спажывання алкаголю.

(Анты) алкагольная палітыка

Беларускі ўрад спрабуе змагацца з алкагалізацыяй Беларусі і адначасова атрымлівае прыбытак ад продажу алкаголю. У 2011 годзе ўрад увёў антыалкагольныя захады, якія абмежавалі продаж і рэкламу спіртных напояў. Але ў 2013 годзе вытворцы алкаголю пераканалі Лукашэнку не забараніць продаж “чарніла”, аднаго з самых папулярных алкагольных напояў у Беларусі. Акрамя таго, з 2013 года Міністэрства гандлю абмяркоўвае ідэю продажу алкаголю праз Інтэрнэт.

Беларускі ўрад не толькі ігнаруе праблему алкагалізму, але і заахвочвае яго продаж. У 2016 годзе Беларусь прадала 6,954,100 дэкалітраў алкаголю, паведамляе Белта. Беларусы могуць купіць спіртное і ў начны час пасля таго, як урад адмяніў забарону на продаж алкаголю паміж 10-й вечара і 9 раніцы. У красавіку 2017 года міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч у прамым эфіры на канале Беларусь 1 заявіў, што беларусам ў бліжэйшы час будзе дазволена прыносіць уласны алкаголь у месцы грамадскага харчавання.

У апошнія некалькі гадоў ўрад пачынае ўспрымаць праблему алкагалізму больш сур’ёзна. Міністэрства ўнутраных спраў, якое рыхтуе дакумент па гэтым пытанні, лічыць, што дзяржава выйграе ад зніжэння продажаў алкаголю, бо будзе марнаваць менш грошай на лячэнне алкаголікаў.

Дакумент прадугледжвае абмежаванне продажу алкаголю паміж 10-й вечара і 9-й раніцы і продаж толькі ў асобных аддзелах вялікіх крамаў. Тым не менш, моцнае алкагольнае лобі да гэтага часу прадухіляе ўступлення гэтага дакумента ў сілу.

Шырокая даступнасць алкаголю яшчэ больш пагаршае праблему. Беларусы могуць купіць алкаголь у любы час у любой краме і на аўтазаправачных станцыях. У Літве, напрыклад, алкаголь можна набыць толькі з 10 раніцы да 10 вечара; у Швецыі мацнейшы за 3,5% алкаголь даступны толькі ў адной дзяржаўнай манапольнай сетцы да 7 гадзін вечара.

Акрамя таго, цэны на алкаголь у Беларусі застаюцца адносна стабільнымі на працягу многіх гадоў, нягледзечы на ​​эканамічны крызіс і інфляцыю. Вопыт суседніх краін, напрыклад Расіі, даказвае, што павышэнне коштаў на танныя віны і моцныя напоі вядзе да зніжэння спажывання алкаголю.

Чаму дзяржаве выгадны алкагалізм?

Алкагалізм у Беларусі прыводзіць да сур’ёзных сацыяльных праблемаў. Дзіцячыя прытулкі з’яўляюцца адным з вынікаў высокага ўзроўню спажывання алкаголю; алкаголь застаецца адной з галоўных прычынаў самагубстваў. Акрамя таго, беларусы здзяйсняюць больш за 80% забойстваў у стане ап’янення. У дадатак, дзякуючы алкаголю Беларусь мае адзін з самых высокіх узроўняў разводаў у свеце.

Нізкія цэны і шырокая даступнасць алкаголю прыносіць эканамічныя выгады дзяржаве. Улады абмяркоўвалі забарону на самы папулярны від алкаголю — таннае мацаванае віно — пачынаючы з 1999 года. Аднак яно прыносіць каля 30% прыбытку ўсёй галіны, што робіць забарону малаверагоднай. Палітолаг Юрый Чавусаў лічыць, што «мясцовыя бюджэты цалкам залежаць ад прыбытку ад продажу алкаголю» і што «любая антыалкагольная палітыка будзе неэфектыўнай да таго часу, пакуль цэны на алкаголь застаюцца такімі нізкімі”.

Апроч эканамічных выгодаў, алкаголь служыць сродкам палітычнага і сацыяльнага маніпулявання. Нароўні з павышэнняў заробкаў і пенсій, адмена абмежавання на продаж алкаголю напярэдадні выбараў (як у 2015 годзе) з’яўляецца формай подкупу грамадства.

Алкаголь стаў інструментам ўтойвання эканамічных і сацыяльных праблем, якія дзяржава не ў стане пераадолець. Падтрымліваючы вытворчасць таннага і лёгкадаступнага алкаголю, дзяржава зводзіць да мінімуму існуючую сацыяльную незадаволенасць. Як адзначыў сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі ў каментары Радыё Рацыя, “танны алкаголь спрыяе алкагалізацыі і дэградацыі нацыі”.

У дадатку да адсутнасці моцнай антыалкагольнай палітыкі, беларускае грамадства не ў стане мабілізавацца для вырашэння гэтай праблемы. Інвестыцыі ў рэабілітацыйную інфраструктуру і цэнтры па догляду за алкаголікамі з удзелам як ўрада, так і грамадзянскай супольнасці, павінны стаць першым крокам на шляху да спынення алкагалізацыі Беларусі.

Павышэнне цэнаў на алкаголь і спыненне плыні нелегальнай алкагольнай прадукцыі паможа знізіць ўзровень спажывання алкаголю. Тым не менш, пакуль грамадства і дзяржава не прымуць супольную алкагольную палітыку, урад будзе працягваць зарабляць грошы і маніпуляваць беларусамі. Хоць дзяржава і заяўляе пра сваю занепакоенасць ростам алкагалізму, яна працягвае выкарыстоўваць алкаголь у якасці дойнай каровы.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *