Беларускія незалежныя аналітычныя цэнтры: нялёгкае выжыванне

Беларусь навіны

Хаця беларускі палітычны рэжым справядліва лічыцца аўтарытарным, у краіне ўсё ж такі функцыянуюць некалькі незалежных аналітычных цэнтраў. Ostro.by аналізуе вядучыя незалежныя фабрыкі думак на аснове базы беларускіх даследаванняў Belarus Policy і рэйтынга Беларускага даследчага савета 2016 года.

Беларускія незалежныя аналітычныя цэнтры ў большасці спецыялізуюцца на даследаваннях у галінах эканомікі, бяспекі, міжнародных стасункаў, дзяржаўнага кіравання і адукацыі. Пакуль што былі зроблены нешматлікія спробы ацаніць эфектыўнасць працы беларускіх незалежных аналітычных цэнтраў. Паводле ацэнак Беларускага даследчага савета 2016 года, BEROC, BISS, CASE Беларусь і Цэнтр Астрагорскага валодаюць найбуйнейшым арганізацыйным патэнцыялам і найбольш шырокім інфармацыйным ахопам. Нягледзячы на вельмі абмежаваны ўплыў на дзяржаўны апарат, беларускія незалежныя фабрыкі думак генеруюць ідэі, некаторыя з якіх уплываюць на фарміраванне дзяржаўнай палітыкі.

Арганізацыйны патэнцыял

У 2016 годзе Беларускі даследчы савет ацаніў беларускія незалежныя аналітычныя цэнтры ў адпаведнасці з іх арганізацыйным патэнцыялам, інфармацыйным ахопам і навукова-даследчай дзейнасцю. З пункту гледжання арганізацыйнага патэнцыялу, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), Цэнтр сацыяльных і эканамічных даследаванняў CASE-Беларусь, а таксама Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC занялі першыя тры месцы. BISS праводзіць даследаванні ў чатырох асноўных кірунках: чалавечы капітал, сацыяльны кантракт, мадэрнізацыя і інстытуцыйныя змены. Акрамя таго, BISS працуе ў галіне міжнародных стасункаў:  Інстытут даследуе Беларусь як частку еўразійскай інтэграцыі і аналізуе стасункі паміж Беларуссю і ЕС, а таксама стасункі паміж Беларуссю і краінамі, якія развіваюцца.

База даследаванняў Belaruspolicy.com змяшчае 50 навуковых прац, падрыхтаваных экспертамі BISS з 2009 па 2018 гады. Эксперты BISS даследавалі пытанні сацыяльнага кантракту паміж дзяржавай і рознымі групамі беларускага грамадства, праблемы ізаляцыі Беларусі ў Еўропе і паляпшэння канкурэнтаздольнасці Беларусі на сусветнай арэне. Эксперты BISS надалі асаблівую ўвагу пытанням беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і міграцыі беларусаў. Сярод найбольш папулярных навукова-даследчых прац BISS — аналіз поглядаў беларусаў на іміграцыю Аляксея Пікуліка і аналіз міграцыйных працэсаў паміж Беларуссю і ЕС Андрэя Елісеева.

Беларусь навіны

Вокладка аднага з даследаванняў, падрыхтаванага экспертамі CASE-Belarus. Крыніца: case-belarus.eu

Цэнтр сацыяльных і эканамічных даследаванняў CASE-Беларусь, які месціцца ў Варшаве, праводзіць шырокі сацыяльна-эканамічны аналіз і распрацоўвае рэкамендацыі. Дапамагчы Беларусі пазбегнуць памылак іншых постсацыялістычных краін застаецца асноўнай задачай даследчага цэнтра CASE-Беларусь.

Belaruspolicy.com змяшчае 31 даследаванне, падрыхтаванае экспертамі CASE-Беларусь з 2011 па 2018 гады. Гэтыя даследаванні ахопліваюць пытанні структурнага крызісу беларускай эканомікі, прадукцыйнасці розных галін беларускай прамысловасці, а таксама патэнцыялу развіцця рынкавых інстытутаў у Беларусі. Эксперты CASE-Беларусь таксама надалі ўвагу сацыяльна-эканамічным праблемам, у прыватнасці, праблемам экалогіі, поясу беднасці, выкарыстанню дармовай працы ў пенітэцыярнай сістэме, а таксама ролі дзіцячых дамоў у выхаванні сірот.

Сярод найбольш папулярных навукова-даследчых прац CASE-Беларусь — аналіз нерэалізаванага патэнцыяла эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС пад рэдакцыяй Зміцера Бабіцкага і дыягназ «пояса беднасці» у Беларусі Аляксандра Радзіны.

Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC вылучаецца як адна з вядучых эканамічных фабрык думак у Беларусі. Цэнтр пачаў сваю працу ў 2008 годзе ў якасці сумеснага праекта Стакгольмскага інстытута пераходнай эканомікі (SITE) і Кансорцыума эканамічнай адукацыі і  даследаванняў (EERC).

Belaruspolicy.com змяшчае 82 дакумента, падрыхтаваных экспертамі BEROC з 2010 па 2018 год. Гэтыя даследаванні ахопліваюць пытанні замежных інвестыцый, інфляцыі, макраэканамічных тэндэнцый, падатковых амністый, ліквіднасці і грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі. Акрамя таго, эксперты BEROC звярнулі асаблівую ўвагу на праблему даларызацыі беларускай эканомікі і  пенсійнай сістэмы, а таксама на ролю прыватнага сектара ў Беларусі. Сярод найбольш папулярных навукова-даследчых прац экспертаў BEROC  — аналіз самастойнай занятасці беларусаў Марыі Акулавай і даследаванне дэпрэсіўных рэгіёнаў Беларусі Алега Мазоля.

Інфармацыйны ахоп

З пункту гледжання інфармацыйнага ахопу, Беларускі Цэнтр еўрапейскіх даследаванняў, SYMPA/ BIPART, Цэнтр Астрагорскага і Ліберальны клуб займаюць вядучыя пазіцыі. Беларускі Цэнтр еўрапейскіх даследаванняў садзейнічае больш цесным стасункам паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам, а таксама пазіцыянуе сабе ў якасці экспертай базы пра-еўрапейскага руху ў Беларусі. Акрамя сваёй даследчай дзейнасці, Цэнтр адмініструе адукацыйную платформу ECLAB і дыскусійны клуб «Еўрапейскае кафэ».

SYMPA (Школа маладых мэнэджэраў у галіне дзяржаўнага кіравання) / BIPART (Беларускі інстытут рэформы і трансфармацыі дзяржаўнага кіравання) ладзіць адукацыйныя праекты ў галіне дзяржаўнага кіравання, а таксама займаецца навукова-даследчай дзейнасцю. За апошнія некалькі гадоў эксперты BIPART даследавалі пытанні дзяржаўнай закупкі, электроннага ўраду і партнёрскіх магчымасцей паміж беларускім дзяржаўным і прыватным сектарамі.

Беларусь навіны

Крыніца: http://belaruspolicy.com/

Цэнтр Астрагораскага аналізуе праблемы, з якімі сутыкаецца Беларусь ва ўмовах пераходу да рынкавай эканомікі і вяршэнства права. Цэнтр даследуе пераходныя працэсы ў Беларусі і прапаноўвае рашэнні, часта заснаваныя на перадавым вопыце іншых краін.

Акрамя таго, Цэнтр Астрагорскага рэгулярна праводзіць канферэнцыі па рэформе беларускай адукацыі і пытаннях бяспекі. З 2013 года Цэнтр Астрагорскага падрыхтаваў 12 навуковых прац па рэформе адукацыі, пытаннях нацыянальнай бяспекі і знешняй палітыкі. Сярод найбольш папулярных артыкулаў Цэнтра —  «Хто кіруе Беларуссю» Сяргея Богдана і «Беларуска-расійскія стасункі пасля украінскага канфліктуРыгора Астапені і Зміцера Балкунца.

Ліберальны клуб займаецца даследаваннямі і распаўсюджваннем ліберальнай парадыгмы ў кантэксце беларускіх сацыяльна-палітычных, эканамічных і культурных рэалій. Belarusprofile.com змяшчае 14 артыкулаў, напісаных экспертамі Ліберальнага клуба ў перыяд з 2010 па 2018 гады. Эксперты Ліберальнага клуба падлічылі індэкс эканамічнай адэкватнасці Беларусі, прапанавалі метады стымулявання карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, а таксама прааналізавалі стасункі Беларусі з Расіяй і ЕС у дыскурсе друкаваных сродкаў масавай інфармацыі.

Аналітычная і навукова-даследчая дзейнасць

З пункту гледжання аналітычнай і навукова-даследчай дзейнасці, BEROC, NMNE і даследчы цэнтр IPM занялі першыя тры месцы. NMNE (альбо экспертная суполка»Наша думка») рыхтуе штотыднёвую аналітыку беларускай палітыкі, эканомікі, дзяржаўнага кіравання, грамадства, культуры і гендэрнай палітыкі з 2003 года.

Мінскі даследчы цэнтр IPM (Даследчы цэнтр Інстытута прыватызацыі і менеджменту) ажыццяўляе маніторынг і прагноз эканамічнай сітуацыі ў Беларусі з 1999 года. Сярод найбольш папулярных навукова-даследчых прац экспертаў цэнтра ў базе Belaruspolicy — даследаванні карумпаваных практык у беларускім малым і сярэднім бізнесе, аналіз развіцця беларускага малога і сярэдняга бізнесу, а таксама перспектывы развіцця беларускага бізнесу ў 2017 годзе.

Супрацоўніцтва паміж дзяржавай і незалежнымі фабрыкамі думак?

Час ад часу беларускія незалежныя аналітычныя цэнтры праводзяць сумесныя мерапрыемствы з прадстаўнікамі дзяржавы. Пляцоўка абмену думкамі па пытаннях знешняй палітыкі “Мінскі дыялог” першапачаткова з’яўлялася сумеснай ініцыятывай Цэнтра Астрагорскага і  Ліберальнага клуба, пазней стала штогадовым мерапрыемствам пад эгідай Ліберальнага клуба. 23-25 ​​мая экспертная суполка “Мінскага дыялога”арганізавала міжнародны форум «Усходняя Еўропа: у пошуках калектыўнай бяспекі » з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем сярод выступоўцаў.

Аднім з галоўных мерапрыемстваў эканамічнага цэнтра BEROC з’яўляецца штогадовая канферэнцыя “Кастрычніцкі эканамічны форум” (таксама вядомая як KEF), якая прыцягвае лепшых эканамістаў беларускага ўраду, такіх як былы першы намеснік прэм’ер-міністр Беларусі Васіль Мацюшэўскі і вядучых дарадцаў Нацыянальнага банка. Форум Астрагорскага арганізуе мерапрыемствы ў галіне адукацыі з удзелам кіраўнікоў факультэтаў беларускіх універсітэтаў і ўплывовых супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі.

Тым не менш, у цэлым, незалежныя цэнтры аказваюць вельмі абмежаваны ўплыў на дзяржаўную палітыку Беларусі. Урадавыя чыноўнікі, як правіла, падазрона ставяцца да незалежных фабрык думак, паколькі многія з іх вымушаныя выжываць дзякуючы фінансавай дапамозе з Захаду. Прававыя і палітычныя абмежаванні перашкаджаюць незалежным аналітычным цэнтрам паспяхова супрацоўнічаць з беларускімі прадпрыемствамі, прэтэндаваць на дзяржаўнае фінансаванне альбо праводзіць буйныя сумесныя праекты з урадам, асабліва на “палітычна-слізкую” тэматыку.

Яраслаў Крывой, Вольга Грынюк

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *