Беларуская бізнес-адукацыя: ад каманднай эканомікі да рынку

бізнэс адукацыя

Беларускія ўлады выказваюць зацікаўленасць у развіцці бізнес-адукацыі, пра што сведчыць прыняццё адпаведнай Канцэпцыі беларускім урадам у 2015 годзе. Аднак, дагэтуль улады не шмат зрабілі, каб дапасаваць дзяржаўныя рэгуляцыі да сучасных рэаліяў.

Сёння існуюць тры асноўныя праблемы, на якіх маглі б сфакусавацца прадстаўнікі ўраду, міжнароднай супольнасці і бізнес-адукатараў: дзяржаўнае рэгуляванне, слабая інтэграванасць у міжнародную адукацыйную прастору і адсутнасць даступнай бізнес-адукацыі ў рэгіёнах Беларусі.

Гэтыя высновы прапануе новая аналітычная папера “Беларуская бізнес-адукацыя: ад каманднай эканомікі да рынку”, апублікаваная сёння Цэнтрам Астрагорскага.

Уводзіны

Бізнес-адукацыя з’яўляецца сектарам навучання, які хіба найбольш адчувае стан эканомікі. Калі ў суседніх краінаў, як Польшча ці Расія, на пачатку 90-ых быў бум на развіццё бізнес-адукацыі, звязаны з ростам долі прыватнага сектару ў эканоміцы, то ў Беларусі сектар бізнес-навучання рос паволі. Беларускія бізнес-адукатары не мелі буйных замоўцаў, як напрыклад “Газпром” у Расіі, і выглядалі як трэнінгавыя цэнтры, арыентаваныя на малы бізнес.

Калі ж беларуская эканоміка пачала імкліва расці і павялічвалася доля прыватнага сектару, паралельна ёй узрастаў сектар бізнес-адукацыі, які ўзмацняўся бізнес-школамі пры ўніверсітэтах і доўгатэрміновымі праграмамі ў прыватных бізнес-школах. У 2009 годзе эканамічны рост застопарыўся і адпаведна зменшыўся рынак бізнес-адукацыі, што ўзмацнілася ў часе сённяшняга эканамічнага крызісу.

Гэты крызіс пакідае беларускую бізнес-адукацыю на раздарожжы, бо ён напэўна скончыцца няхутка і правайдарам бізнес-адукацыі, як і многім іншым, трэба прызвычаіцца жыць у гэтай “новай нармальнасці”. Пры гэтым, кліенты бізнес-адукатараў павышаюць свае патрабаванні і патрабуюць большай практыка-арыентаванасці, што звязана са сталеннем беларускага прыватнага сектару, які развівае формы ацэнкі і кантролю ўласнай эфектыўнасці.

Трэнды ў развіцці беларускай бізнес-адукацыі

На сённяшні момант рынак бізнес-адукацыі здамінаваны чатырма асноўнымі акторамі: прыватныя кампаніі “Бізнес-школа Інстытута прыватызацыі і менеджмента”, Кансалтынгавая група “Здесь и сейчас”, “Бізнес-школа ХХІ век” і дзяржаўным Інстытутам бізнеса і менеджмента тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На долю гэтых установаў прыпадае каля паловы рынку правайдараў бізнес-адукацыі.

Паводле ўдзельнікаў рынку, гадавы памер рынку прыватных кампаній зменшыўся магчыма нават  у два разы ад пачатку крызісу ў 2014 годзе, калі ён складаў ад $6,5 млн да $10,5 млн. У беларускіх рублях жа рынак застаўся такім жа самым, калі ўлічваць інфляцыю і дэвальвацыю беларускага рубля. Цяпер жа рынак ажывае, паколькі многія кампаніі бачаць у развіцці эфектыўнасці шлях да выхаду з крызісу. Гэтаксама адбываецца рост набору студэнтаў-магістрантаў па бізнес-спецыяльнасцях ва ўніверсітэтах.

Аднак стан ажыўлення адрозніваецца ў Мінску і рэгіёнах, дзе цэны на бізнес-адукацыю застаюцца занадта высокімі для прадпрымальнікаў, а заробкі на траціну ніжэйшыя. Наагул, па-за Мінскам, паводле ўдзельнікаў рынку, знаходзіцца толькі каля 10%-20% бізнес-адукацыі. Пазітыўнымі выключэннямі з’яўляюцца дзяржаўныя рэгіянальная ўніверсітэты, якія маюць бізнес-спецыяльнасці і бізнес-школа ІПМ, якая адчыніла прадстаўніцтвы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі і выкарыстоўвае тэхналогіі дыстанцыйнага навучання, каб знізіць кошт трэнінгаў.

Беларускія ўлады выказваюць зацікаўленасць у развіцці бізнес-адукацыі ў Беларусі, пра што сведчыць прыняцце ў 2015 годзе “Канцэпцыі фарміравання і развіцця сістэмы бізнес-адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”. Праблема толькі ў тым, што Канцэпцыя мае празмерна завышаныя мэты, а план па яе рэалізацыі пакуль не выконваецца. Напрыклад, застаецца незразумелым якім чынам вырасце рынак бізнес-адукацыі да $50 млн да 2020 году ва ўмовах эканамічнай стагнацыі. Магчыма, што планы па рэалізацыі Канцэпцыі дэталізуюцца, калі паўстане Рэспубліканская рада па развіцці сістэмы бізнес-адукацыі – праўдападобна, што гэта адбудзецца ў 2017 годзе.

Галоўнае, што хочуць прадстаўнікі бізнес-школаў (як прыватных, гэтак і дзяржаўных) ад працы будучай Рэспубліканскай рады – гэта дастасаванне дзяржаўных рэгуляцыяў да сучасных рэаліяў. Напрыклад, многія метады бізнес-школ, як коўчынг ці case-study проста не адпавядаюць рэгламентам акадэмічных універсітэтаў. Даволі натуральна, што прадстаўнікі прыватных бізнес-школаў хацелі б пайсці як мага далей у лібералізацыі рынку.

Асацыяцыі бізнес-адукацыі

Асацыяцыі на беларускім рынку бізнес-адукацыі

Сёння ўсе, апроч бізнес-школы ІПМ, прыватныя правайдары бізнес-адукацыі не маюць статусу ўстановы адукацыйнага тыпу. Гэта не дазваляе ім выдаваць дыпломы аб перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў дзяржаўнага тыпу і пазбаўляе іх падатковых ільготаў, якія маюць дзяржаўныя правайдары, маючыя статус установы адукацыйнага тыпу. Атрыманне ж гэтага статусу застаецца даволі складанай і працаёмкай працэдурай.

Асноўныя праблемы сферы бізнес-навучання

Дзяржаўныя рэгуляцыі. Хоць дзяржаўныя чыноўнікі адкрыта заяўляюць аб неабходнасці дасягнення “рэальнай роўнасці ўсіх суб’ектаў, якія дзейнічаюць на рынку бізнес-адукацыі”, застаюцца невырашанымі дзве ключавыя справы. Па-першае, прыватныя і дзяржаўныя бізнес-адукатары карыстаюцца рознымі падатковымі рэжымамі. Дзяржаўныя ўніверсітэты і іншыя ўстановы адукацыйнага тыпу, напрыклад, не плацяць падатак на прыбытак і падатак на дададзеную вартасць. Па-другое, прыватныя кампаніі, якія не маюць статусу адукацыйнай установы, не могуць выдаваць дыпломы па перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі дзяржаўнага ўзору. У практыцы гэта абмяжоўвае магчымасць прадстаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў навучацца ў іх за кошт сваіх кампаніяў.

Гэтыя рэгуляцыі шкодзяць не толькі прыватным адукатарам, але і дзяржаўным універсітэтам. Для іх істотна, каб навучальныя праграмы былі эластычнымі (то бок, каб абавязковы кампанент, усталёўваемы зверху, у праграме навучання не перакрочваў 50%), каб статус выпускнікоў МВА быў адлюстраваны ў дакументах Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і каб выкладчыкамі ва ўніверсітэцкіх бізнес-школах маглі станавіцца людзі без навуковых ступеняў, але з практычным досведам у бізнесе.

Слабая інтэграцыя ў міжнародную адукацыйную прастору. Праблемай беларускіх бізнес-адукатараў застаецца адсутнасць міжнародных акрэдытацыяй, якія маюць найбольшае значэнне на сусветным рынку бізнес-навучання: Association to Advance Collegiate Schools of Business, Association of MBAs, European Quality Improvement System. Адзіным выключэннем з’яўляецца бізнес-школа ІПМ, якая мае акрэдытаваную (AMBA) праграму з Універсітэтам Казмінскага ў Польшчы.

Нягледзячы на тое, што амаль усе буйныя бізнес-адукатары падтрымліваюць сувязі з замежнымі партнёрамі, беларуская бізнес-адукацыя дагэтуль варыцца ва ўласным саку. Як кажуць прадстаўнікі беларускіх бізнес-адукатараў, з якімі размаўлялі прадстаўнікі Цэнтра Астрагорскага, яны патрабуюць метадалагічнай падрыхтоўкі для стварэння новых доўгатэрміновых праграмаў.

Малая прысутнасць бізнес-адукатараў у рэгіёнах Беларусі. Паколькі цэны на бізнес-адукацыю кшталтуюцца ў сталіцы, многія навучальныя праграмы застаюцца недаступнымі для рэгіянальных бізнес-структураў. Аднадзённыя семінары за $70-90 даляраў могуць сабраць толькі найбольш заможных рэгіянальных бізнесоўцаў, у той час як попыт на падобныя семінары пры ніжэйшых цэнаў быў бы вышэйшым. Пры гэтым, недапрадстаўленасць бізнес-адукацыі ў рэгіёнах стварае сітуацыю, калі само існаванне ў Беларусі бізнес-школаў застаецца невядомым фактам для многіх прадпрымальнікаў. Паводле аналізу Даследчага цэнтру ІПМ, больш 40% апытаных малых і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі не ведаюць ніводнай бізнес-школы.

Рэкамендацыі па развіцці бізнес-адукацыі ў Беларусі

Значная праблема беларускіх бізнес-адукатараў у тым, што эканамічны крызіс у Беларусі не скончыцца як мінімум у бліжэйшыя некалькі гадоў. Гэта азначае, што попыт на большасць бізнес-школаў, калі і будзе расці, то нязначна. У такіх умовах ёсць тры рэчы, на якіх павінны факусавацца беларускі ўрад, міжнародная супольнасць і бізнес-адукатары, каб палепшыць стан беларускай бізнес-адукацыі.

Ва ўмовах, калі эканамічныя стымулы росту рынку адсутнічаюць, беларускі ўрад мог бы пазбавіць сферу непатрэбных рэгуляцыяў, якія замінаюць развіццю бізнес-адукацыі, што паслужыла б штуршком для росту канкурэнцыі сярод бізнес-школаў. Ад гэтага выйграюць не толькі прыватныя школы, але і дзяржаўныя, якія пазбавяцца неабходнасці дастасоўваць уласныя праграмы да рэгуляцыяў універсітэтаў альбо Міністэрства адукацыі і атрымаюць магчымасць прыцягнення інвестараў.

Міжнародная супольнасць можа адыграць пазітыўную ролю, падтрымліваючы метадалагічнае развіццё бізнес-адукатараў у Беларусі. Сёння беларускія бізнес-школы патрабуюць метадалагічнага навучання, каб сфармаваць доўгатэрміновыя адукацыйныя праграмы, асабліва гэта датычыць блэнд-праграмаў, якія павінны мець спраўную метадалогію дыстанцыйнага навучання. Гэтаксама замежныя стажыроўкі ў заходніх бізнес-школах маглі б стаць каштоўным урокам для бізнес-адукатараў, якія фактычна не маюць у каго вучыцца ўнутры краіны. Гэтыя крокі б павысілі якасць працы выкладчыкаў і кампетэнцыі бізнес-школаў.

Зважаючы на канкурэнцыю паміж рознымі бізнес-адукатарамі дапамога міжнароднай супольнасці мае быць як мага больш шырокай, каб не стаць інструментам у канкурэнтнай барацьбе. Тым болей, што дзяржаўныя і камерцыйныя кампаніі праз свой статус часам могуць не адпавядаць патрабаванням грантадаўцаў, то найлепшым партнёрам для супрацоўніцтва з замежнымі фондамі ўяўляюцца асацыяцыі, якія аб’ядноўваюць правайдараў бізнес-адукацыі.

Гэтаксама грошы замежных фондаў маглі бы быць накіраваныя на развіццё адукацыі ў рэгіёнах Беларусі, дзе цана бізнес-навучання застаецца адносна высокай. Адначасова з паляпшэннем адукацыйных праграмаў, дзякуючы замежным сродкам, беларускія бізнес-адукатары маглі б развіваць сваю прысутнасць у рэгіёнах, якая б дапамагала стварэнню новага кіраўнічага класу беларускіх кампаніяў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *