Беларусь намагаецца інтэграваць дзясяткі тысяч украінцаў

15 студзеня 2016 года Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў міграцыйны крызіс у ЕС, адзначыўшы, што той «захлынаецца ў плыні мігрантаў, якая суправаджаецца тэрорам і злачыннасцю.»

Колькасць асобаў з краінаў Блізкага Усходу, якія шукаюць прытулку ў Беларусі, застаецца досыць сціплай. Беларусь для мігрантаў ‒ цяжкадасягальная і не вельмі заможная краіна. З іншага боку, Беларусь прапануе прывабны варыянт для ўкраінцаў, якія могуць лёгка інтэгравацца ў беларускае грамадства. З гэтых прычынаў Беларусь можа пахваліцца трывалым кантролем над працэсам міграцыі.

Тым часам, беларускае заканадаўства імкнецца адаптавацца да новых выклікаў, аб’ядноўваючы правілы для прыняцця бежанцаў і мігрантаў. Нядаўнія заявы беларускіх чыноўнікаў паказваюць, што рост небяспекі можа стаць даміноўным пытаннем на парадку дня міграцыйнай палітыкі ў 2016 годзе.

Рост ўкраінскай меншасці ў Беларусі

Атрымаўшы найбольшую колькасць ўкраінскіх мігрантаў на душу насельніцтва ў 2015 годзе, Беларусі давялося адаптавацца да новых тэндэнцыяў міграцыі ў рэгіёне. Для украінскіх грамадзянаў з Данецкай і Луганскай абласцей беларуская дзяржава стварыла ільготны рэжым. Спрошчаныя працэдуры на атрыманне часовых і пастаянных відаў на жыхарства дапамаглі зменшыць фармальнасці для мігрантаў з Усходняй Украіны.

Агульная колькасць украінцаў, якія прыехалі ў Беларусь з пачатку канфлікту, склала каля 150,000 чалавек. Гэтая лічба ўключае бежанцаў, эканамічных мігрантаў, і людзей з сямейнымі сувязямі ў Беларусі, якія патэнцыйна маглі б у бліжэйшы час падаць заяву на грамадзянства. Гэтая катэгорыя мігрантаў дэманструе высокую ступень адаптыўнасці і інтэграцыі з прычыны культурнай і моўнай блізкасці да беларусаў.

Па стане на снежань 2015 года 46,000 ўкраінцаў ўжо атрымалі статус сталага жыхара Беларусі. Агулам, да канца 2015 года 180,000 замежных грамадзян (што складае менш за 2% ад агульнага насельніцтва краіны) мелі сталы від на жыхарства ў Беларусі.

Квоты для бежанцаў і сірыйцы ў якасці прыкладу

Каля 1200 чалавек падалі заявы на статус бежанца або на дадатковую абарону ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе. Украінцы склалі большасць заяўнікаў на статус бежанца (75%), у той час як колькасць заявак ад сірыйскіх грамадзянаў заставалася ніжэй за 10%.

Па словах беларускага Міністэрства ўнутраных спраў, у 2014 і 2015 гадах у краіне адбылося рэзкае павелічэнне колькасці прэтэндэнтаў на стасус бежанца, хоць Беларусь і не з’яўляецца жаданым месцам для шукальнікаў лепшага жыцця. Украінскія мігранты, як правіла, абіраюць шлях атрымання часовых або пастаянных відаў на жыхарства замест стасусу бежанца.

Ўцекачы ў Беларусі з 2004 года. Крыніца: Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі

У той час як беларускія ўлады працягваюць надаваць прыярытэт ўкраінскім мігрантам, яны не адмаўляюць у прытулку і прадстаўнікам іншых нацыянальнасцяў. Тым не менш, паводле інафрмацыі БЕЛТА, толькі 20 сірыйцаў атрымалі статус бежанца ў Беларусі ў перыяд 2013 — 2015 гадоў. Да верасня 2015 года гэта лічба крыху вырасла ‒ каля 40 сірыйцаў атрымалі статус дадатковай абароны ў Рэспубліцы Беларусь.

Прадстаўнік УВКБ ААН у Беларусі Жан-Ів Бушардзі не чакае істотнага наплыву сірыйцаў у Беларусь. Ён мяркуе, што іх колькасць будзе няўхільна расці, але ў межах бягучай тэндэнцыі.

У 2016 годзе ўлады плануюць надаць статус бежанца ў Беларусі 1200 заяўнікам, якіх плануецца рассяліць ў розных рэгіёнах краіны. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, «нашы кампетэнтныя органы правяраюць кожнага чалавека, які прыехаў у Беларусь. Сем’і з’яўляюцца нашым прыярытэтам «.

Міністэрства ўнутраных спраў і ААН прафінансавалі прыбыццё і размяшчэнне трох сірыйскіх сем’яў у Беларусі. Справаздачы ў СМІ, як правіла, сканцэнтраваныя на некалькіх сірыйцах, што цяпер жывуць ў Беларусі. З аднаго боку, афіцыйныя медыя імкнуцца стварыць пазітыўны і кампетэнтны вобраз дзяржаўнай міграцыйнай палітыкі, а з другога боку, яны падкрэсліваюць, што Беларусь чакае ад мігрантаў інтэграцыі ў тутэйшае грамадства.

«Рэгуляванне адмоўных момантаў«

Падобна да еўрапейскіх грамадстваў, Беларусь сутыкаецца з праблемай старэння насельніцтва. І беларускі прэзідэнт прызнаў, што міграцыя ўяўляецца натуральным рашэннем дэмаграфічнай праблемы. У той жа час ён адзначыў, што раптоўны нерэгуляваны прыток мігрантаў можа прывесці да росту небяспекі і незадаволенасць сярод мясцовага насельніцтва. «Мы не збіраемся гуляць ў дэмакратычныя гульні ў гэтых пытаннях», рашуча заявіў Лукашэнка.

Фота: sb.by

Нядаўняя міграцыйная напружанасць у Нямеччыне прадэманстравала беларускім ўладам рызыкоўнасць недастатковага кантролю над тымі, каго дзяржава пускае ў краіну. «Мы павінны прыняць да ўвагі праблемы, з якімі сёння сутыкаюцца краіны ЕС,» адзначыў намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка.

Мельчанка папярэдзіў пра магчымыя праблемы на вялікай неахоўнай частцы мяжы з Расіяй. Тым не менш, паводле Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі, штогадовая колькасць нелегальных мігрантаў, затрыманых у Беларусі, захоўваецца на ўзроўні паміж 500 і 1000 чалавек.

Змена заканадаўства па размяшчэнні бежанцаў

Беларускі парламент нядаўна абмяркаваў шэраг паправак да закона аб вымушанай міграцыі, каб аблегчыць працэс звароту па статус бежанца, прытулак, і дадатковую абарону. Новыя правілы змяншаюць час апрацоўкі заяваў з 18 да 6 месяцаў і накіраваныя на абмежаванне часу, які замежныя грамадзяне праводзяць у Беларусі, карыстаючыся яе сацыяльнай сістэмай.

Акрамя таго, змены прадугледжваюць сітуацыю масавага прыбыцця ў бежанцаў у Беларусі з улікам еўрапейскага вопыту. Яны вызначаюць, якія дзяржаўныя ўстановы мусяць адказваць за абавязковую рэгістрацыю адбіткаў пальцаў, медыцынскі агляд, і ідэнтыфікацыю асобаў.

Вельмі верагодна, што глабальныя праблемы бяспекі будуць вызначаць міграцыйны парадак дня ў Беларусі ў 2016 годзе. Нядаўнія папраўкі ў заканадаўства запэўніваюць беларусаў, што ўлады трымаюць міграцыйныя плыні пад кантролем.

З іншага боку, строгія квоты для бежанцаў, візавы рэжым, і геаграфічнае размяшчэнне Беларусі на перыферыі асноўных маршрутаў у заможны ЕС паказваюць на тое, што краіне не варта баяцца масавага наплыву шукальнікаў прытулку.

 

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *