4-я штогадовая галандска-беларуска-польская канферэнцыя «Aдукацыя як права чалавека»

Адукацыя як права чалавека

13 снежня 2016 года ў Мінску пройдзе 4-я штогадовая галандска-беларуска-польская канферэнцыя. Назва сёлетняй канферэнцыі: “Адукацыя як права чалавека: мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі ў адказ на выклікі XXI стагоддзя”.

Канферэнцыя будзе праходзіць праз тры дні пасля Міжнароднага дня правоў чалавека, які прысвечаны прыняццю ў 1948 годзе Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека на Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Беларусь, Польшча і Нідэрланды – краіны-заснавальніцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый – таксама адзначаюць гэты дзень.

Артыкул 26 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека абвяшчае, што кожны чалавек мае права на адукацыю, якая павінна быць скiраваная на поўнае развiццё чалавечай асобы i павелiчэнне павагi да правоў чалавека i асноўных свабодаў.

Паляпшэнне вышэйшай адукацыі будзе асноўнай тэмай дыскусійна-арыентаванай канферэнцыі. Яна дасць экспертам з Беларусі, Нідэрландаў і Польшчы магчымасць абмеркаваць, які досвед краіны могуць пераняць адна ў адной.

Як і на іншых канферэнцыях, арганізаваных з удзелам Цэнтра Астрагорскага, падзея збярэ людзей з рознымі поглядамі і досведам для ўдзелу ў паважлівым дыялогу. Сярод дакладчыкаў будуць прадстаўнікі навучальных установаў з Нідэрландаў, Польшчы і Беларусі, а таксама беларускіх урадавых установаў і НДА.

Па кожнай з трох тэмаў Цэнтр Астрагорскага падрыхтуе кароткі працоўны дакумент, каб засяродзіць дыскусію на абмеркаванні рэальных праблемаў. Belarus Digest, Ostro.by і Ideaby.org будуць рабіць жывую трансляцыю мерапрыемства, а таксама апублікуюць відэаархіў пасля канферэнцыі.

Канферэнцыя будзе прысвечаная тром асноўным тэмам: выклікі для Беларусі ў працэсе далучэння да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, паляпшэнне бізнес-адукацыі, і шляхі павелічэння даступнасці адукацыі з дапамогай дыстанцыйнай адукацыі.

Інтэграцыя ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі

Беларусь займае высокую пазіцыю па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу ў параўнанні з іншымі краінамі СНД; каля 90% насельніцтва мае сярэднюю або вышэйшую адукацыю. У адпаведнасці з індэксам Legatum Prosperity 2016 года Беларусь апярэджвае Расію, Украіну, Літву і некаторыя краіны ЕС па доступе да адукацыі, якасці адукацыі і чалавечым патэнцыяле.

Тым не менш, Беларусі па-ранейшаму неабходна прыкладаць больш намаганняў для гарманізацыі сваёй адукацыйнай сістэмы з еўрапейскімі стандартамі, бо яна адной з апошніх у рэгіёне далучылася да Балонскага працэсу. Гэта далучэнне разглядалася ўладамі як магчымасць палепшыць сістэму адукацыі.

На канферэнцыі 47-мі міністраў адукацыі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў Ерэване 14-15 мая 2015 года Беларусь прыняла на сябе абавязацельствы па выкананні Дарожнай мапы рэфармавання вышэйшай школы як умовы далучэння Беларусі да ЕПВА. Дарожная мапа прадугледжвае мадэрнізацыю  сістэмы прафесійных кваліфікацый, яе гарманізацыю з Еўрапейскай рамкай кваліфікацый і ўвядзенне трохступеневай архітэктуры вышэйшай адукацыі.

Беларусь мусіць правесці істотныя пераўтварэнні, каб адпавядаць ўсім патрабаванням ЕПВА. Напрыклад, студэнты і выкладчыкі сутыкаюцца з бар’ерамі на шляху міжнароднай мабільнасці. Яны мусць праходзіць працяглую працэдуру, каб атрымаць афіцыйны  дазвол на навучанне ці выкладанне за мяжой, хоць у многіх выпадках гэтыя патрабаванні не выконваюцца строга.

Рэклама дзейнасці замежных універсітэтаў строга рэгламентуецца законам па барацьбе з гандлем людзьмі, распрацаваным Міністэрствам унутраных спраў. Самакіраванне і студэнцкія арганізацыі ва ўніверсітэтах сутыкаюцца са значнымі абмежаваннямі.

Бізнес-адукацыя для больш дынамічнага эканамічнага росту

Беларускія ўлады праявілі зацікаўленасць у развіцці бізнес-адукацыі, што пацвярджаецца прыняццем адпаведнай Канцэпцыі беларускім урадам у 2015 годзе. Бізнес-адукацыя можа дапамагчы вывесці людзей з беднасці і паляпшыць іх становішча. У той жа час гэты сектар застаецца, бадай, найбольш адчувальным да эканамічнага клімату, які апошнім часам быў у Беларусі складаным. У суседняй Польшчы і Расіі бізнес-адукацыя расквітнела напачатку 1990-х гадоў у сувязі з ростам прыватнага сектара.

У Беларусі значная частка эканомікі па-ранейшаму належыць дзяржаве і большасці беларускіх бізнес-адукацыйных праектаў не хапае багатых кліентаў. Адукацыйныя праекты часта больш падобныя на навучальныя цэнтры, арыентаваныя на малы бізнес, чым паўнавартасныя навучальныя ўстановы.

Сёння тыя, хто прыходзіць навучацца ў праекты бізнес-адукацыі, патрабуюць, каб навучанне давала практычныя навыкі. Сектар бізнес-адукацыі ў Беларусі церпіць ад празмернага дзяржаўнага рэгулявання, слабой інтэграцыі ў міжнародную адукацыйную прастору, і недахоп бізнес-трэнераў у рэгіёнах.

Павелічэнне даступнасці адукацыі з дапамогай дыстанцыйнай адукацыі

Нягледзячы на ​​шырокае пранікненне высакахуткаснага Інтэрнэту ў Беларусі і значную колькасць вышэйшых навучальных установаў, дыстанцыйная адукацыя ў краіне развітая слаба. Яе пашырэнне стварыла б новыя магчымасці атрымання адукацыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, людзей, якія жывуць далёка ад гарадоў, і людзей, якія працуюць поўны працоўны дзень. Гнуткі графік і магчымасць стварэння індывідуальнага плана дыстанцыйнага навучання дазволіць студэнтам сумяшчаць навучанне і працу.

Польшча, Латвія, і Расія, у адрозненне ад Беларусі, маюць асобныя ўстановы дыстанцыйнай адукацыі. Да прыкладу, больш за 20,000 студэнтаў скончылі польскі Віртуальны ўніверсітэт у Лодзі. Нідэрланды з’яўляюцца адным з сусветных лідэраў у галіне дыстанцыйнай адукацыі і прапануюць сотні курсаў на розных узроўнях. Беларусі неабходна стварыць спрыяльны заканадаўчы рэжым для рэгулявання дыстанцыйнай адукацыі, арганізаваць навучанне выкладчыкаў і заахвочваць супрацоўніцтва з установамі, якія паспяхова выкарыстоўваюць дыстанцыйнае навучанне.

Супрацоўніцтва з больш дасведчанымі інстытуцыямі дыстанцыйнай адукацыі магло б стварыць магчымасці для дыстанцыйнай бізнэс-адукацыі. Сектару варта арыентавацца на навучанне канкрэтным навыкам, неабходным на рынку працы, а таксама ствараць арыентаваныя на Беларусь масавыя адкрытыя онлайн-курсы (MOOC).

Гэтыя і іншыя тэмы будуць абмяркоўвацца больш падрабязна ў Мінску 13 снежня на 4-й штогадовай галандскай-беларуска-польскай канферэнцыі: “Адукацыя як права чалавека: мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі ў адказ на выклікі XXI стагоддзя”.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *