Як беларуская вайсковая прамысловасць змагаецца з ціскам Крамля

25 красавіка Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі паведаміў, што ў першым квартале 2016 года прадпрыемствы абароннай прамысловасці павялічылі экспарт на 31% у параўнанні з мінулым годам. Іх чысты прыбытак вырас яшчэ больш — у 1,6 разоў.

Адметна тое, што беларуская абаронка мае поспех нават ва ўмовах, калі Масква працягвае абмяжоўваць доступ беларускіх абаронных прадпрыемстваў да расійскага рынку і распрацоўвае замену беларускай прадукцыі.

Мінск адказвае на гэта супрацоўніцтвам з Украінай, Кітаем і іншымі краінамі. Крэмль дзейсным чынам змушае беларусаў дыстанцыявацца ад сябе і будаваць эканамічныя асновы незалежнай дзяржавы.

Чаму МЗКЦ так важны

20 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Мінск прадасць Расіі Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) толькі пры ўмове, што Масква дасць Беларусі некалькі нафтавых радовішчаў у Сібіры. Аднак маскоўская газета Взгляд адзначыла: Лукашэнка сам зразумеў, што Крэмль не будзе ані плаціць цану, якую ён выстаўляе, ані дасць яму нафтавае радовішча.

МЗКЦ на працягу многіх гадоў пастаўляў шасі для савецкіх, а пазней і рускіх зенітна-ракетных комплексаў (ЗРК). Сярод іх знакамітыя ракетныя комплекс Іскандэр, Ураган і Град, ЗРК тыпу зямля-паветра Тор, Бук, S-300 і S-400, балістычныя ракетныя сістэмы Топаль і Ярс, а таксама іншыя. Паводле ацэнак расійскіх экспертаў, Расія купляе ад 60 да 90% вытворчасці МЗКЦ.

На працягу 2010-х гадоў расійскія фірмы неаднаразова заяўлялі, што яны спраектавалі замену для шасі беларускага МЗКЦ. У гэтым сакавіку расійскае прадпрыемства “Алмаз-Антэй” заявіла, што гатовае спыніць выкарыстанне беларускай прадукцыі. Тым не менш, Масква па-ранейшаму набывае прадукцыю МЗКЦ, а расійскія фірмы працягваюць ўсталёўваць сваю зброю на беларускія шасі. Гэты факт ставіць пытанне аб праўдзівасці прэтэнзій і пагроз Расіі.

Крэмль спрабуе замяніць прадукцыю беларускіх саюзнікаў

Расія распачала праектаванне замены для шасі МЗКЦ ўжо ў 2010 годзе, і паслядоўна спрабуе зрабіць гэта да сёння. Гэта выразна паказвае палітычную лінію Масквы. Адзін з вядучых ваенных экспертаў Расіі, намеснік дырэктара Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналогій Канстанцін Макіенка, пагадзіўся з гэтым меркаваннем у каментары газеце “Взгляд”:

«Стратэгія імпартазамяшчэння тычыцца не толькі заходніх і ўкраінскіх прадуктаў […]. Гэта глабальная канцэпцыя. Расія, апёкшыся на Украіне і Еўропе, імкнецца замяніць імпарт па ўсім спектры […] Мы гатовыя цалкам адмовіцца ад беларускай прадукцыі [абароннай прамысловасці]».

Гэта імкненне адлюстроўвае і афіцыйная палітыка Крамля. Нядаўна Мінск нават паскардзіўся ў Еўразійскую эканамічную камісію (ЕЭК) наконт расійскіх правілаў абаронных заказаў. У прыватнасці, ён апратэставаў рашэнне урада Расіі ад 29 снежня 2015, якое абмяжоўвае набыццё замежных тавараў і паслуг для патрэб абароны.

12 красавіка ЕЭК прызнала, што ўрад Расіі парушыў прынцып роўнага доступу да дзяржаўных замоваў для ўдзельнікаў еўразійскай інтэграцыі. Але трыумф Мінска ў гэтым пытанні не адбыўся – Масква проста ігнаруе падобныя вердыкты Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Украіна як рашэнне

Парушаючы прамысловае супрацоўніцтва, якое ўзыходзіць да савецкіх часоў, Крэмль разбурае важную сувязь паміж Беларуссю і Расіяй. Расійскія эксперты і, верагодна, урад Расіі лічаць, што беларуская абаронная прамысловасць у цэлым і МЗКЦ у прыватнасці не маюць іншага выбару, акрамя як працаваць на Расію. Віцэ-прэзідэнт Расійскага саюза інжынераў Іван Андрыеўскі падкрэсліў, што «для МЗКЦ было б праблематычна знайсці доступ да еўрапейскіх і іншых рынкаў.»

Гэта часткова праўда. Беларуская прамысловасць наўрад ці ў цяперашні час здольная знайсці добрую замену для расійскага рынку. Але калі Пуцін паспрабуе выціснуць беларусаў з Расіі, яны не будуць здавацца і ўжо працуюць над альтэрнатывамі.

Працяг шырокамаштабнага супрацоўніцтва Беларусі з Украінай кладаецца ў гэтую карціну. Найбольш вядомым прыкладам ёсць дзейнасць МАЗа ва Украіне. У сакавіку беларускія вытворцы грузавікоў МАЗ падпісалі пагадненне з украінскай карпарацыяй “Богдан” аб стварэнні лініі па вытворчасці грузавых аўтамабіляў у Чаркасах. Яна будзе вырабляць грузавікі як грамадзянскіх, так і ваенных мадыфікацый з выкарыстаннем беларускіх і ўкраінскіх камплектуючых. Гэта стварае альтэрнатыву існуючаў вытворчасці ўкраінскага КрАЗа.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка у адказ на крытыку аб занядбанні КрАЗа на карысць беларускага вытворцы патлумачыў, што беларускія грузавікі паспяхова прайшлі неабходныя выпрабаванні і з’яўляюцца больш устойлівымі ў баявых умовах. На базе МАЗ-6317 украінцы таксама распрацавалі браніраваны аўтамабіль для паліцыі і Нацыянальнай гвардыі.

Па ўласнай інфармацыі МАЗа, кампанія стала лідарам па продажах грузавых аўтамабіляў гэтага тыпу ва Украіне пасля пастаўкі Кіеву 294 грузавых машынаў у 2015 годзе. Украінскі палітык Ляшко выказваў меркаванне, што ў лютым Кіеў купіў яшчэ 120 аўтамабіляў МАЗ.

Новыя рынкі ўжо прыносяць прыбытак

Беларусь працягвае рабіць шматлікія праекты абароннай прамысловасці з Кітаем і іншымі, больш далёкімі краінамі. У сакавіку на вайсковым парадзе ў М’янме з’явіўся зенітна-ракетны комплекс КВАДРАТ-М, мадэрнізаваны беларускай фірмай “Алевкурп”. Між іншым, гэты комплекс таксама працуе на шасі МЗКЦ. Яшчэ адна беларуская фірма “Мінатор-Сэрвіс” летась мадэрнізавала амаль 500 БТР-50с для Егіпта.

Ускосныя дадзеныя паказваюць на некаторыя неапублікаваныя буйныя здзелкі па ваеннай тэхніцы з Пакістанам. За апошнія месяцы адбыўся шэраг іншых істотных падзеяў. 26-27 лютага міністр абароны Тайланда Правіт Вонгсуван прыехаў у Мінск. За ім услед 28-30 красавіка рушыў міністр абароны Інданэзіі Рыамізард Рыакуду, які таксама быў прыняты на самым высокім узроўні — самім Лукашэнкам.

Гэтыя намаганні па дыверсіфікацыі рынкаў і партнёраў беларускай абароннай прамысловасці ўжо прынеслі некаторыя вынікі. Яна дасягнула добрых вынікаў не толькі ў першыя месяцы гэтага года, але і напрацягу ўсяго 2015 года.

Грунтуючыся на выніках гаспадарчай дзейнасці беларускіх фірмаў у 2015 годзе, ўрад уключыў у спіс з 29 найбольш прыбытковых нацыянальных кампаній тры буйныя абаронныя прадпрыемствы.

Расійскія палітыкі і эксперты паспяшаліся спісаць з рахункаў сваіх беларускіх саюзнікаў. Крэмль мабыць лічыць, што Мінск не мае іншага выйсця, акрамя як паступова здаваць расійцам нацыянальныя эканамічныя актывы ці нават дзяржаўнасць. Гэты лад мыслення расійскія лідары праяўлялі ў дачыненні да былых савецкіх дзяржаваў пачынаючы з 1991 года. Гісторыя шматкроць даказала памылковасць гэтага погляду, бо былыя савецкія краіны ў выніку такога стаўлення пачалі дыстанцыявацца ад Расіі. І Беларусь можа стаць наступнай.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *