Як Беларусь спрабуе кантраляваць свае межы

swamp buggy rosa

Балотаход “Раса 21”, прадастаўлены беларускім памежнікам праз праект, фінансаваны Еўрасаюзам. Фота: gpk.gov.by

13 кастрычніка беларускія памежнікі атрымалі фінансаванае Еўрапейскім Саюзам спецыяльнае абсталяванне на суму €2,5 млн, што дапаможа Мінску кантраляваць украінскую мяжу. У гэтым ёсць элемент іроніі: ЕС імкнецца прыбраць межы ўнутры самога сябе, але дапамагае будаваць іх па-за сваімі межамі.

Калі Беларусь здолее выбудаваць сваю мяжу з Украінай, то расійская мяжа застанецца адзінай адкрытай мяжой. Тым не менш, нягледзечы на дзесяцігоддзі інтэграцыі, статус гэтай мяжы застаецца хісткім. У сярэдзіне верасня Крэмль закрыў сваю мяжу з Беларуссю для грамадзян трэціх краін без якога-небудзь папярэджання, руйнуючы такім чынам планы Мінска стаць транзітнай краінай.

Беларусь па-ранейшаму мае сур’ёзныя праблемы ў развіцці службаў памежнага катролю, што выяўляецца ў іх залежнасць ад замежнай дапамогі і фактах карупцыі.

Чаму Еўрасаюз дае Мінску мільёны еўра?

Каб забяспечыць патруляванне беларускай мяжы, Еўрасаюз фінансуе праект “Умацаванне нагляду і двухбаковай каардынацыі ўздоўж агульнай мяжы паміж Беларуссю і Украінай» (SURCAP), які рэалізуецца Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі.

ЕС запусціў SURCAP ў 2012 годзе пасля перыяду разрыву адносін з Беларуссю, звязанага з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года ў краіне. У лістападзе 2012 года Лукашэнка нават намякнуў, што без такой дапамогі з боку ЕС Мінск больш не змог бы кантраляваць нелегальную міграцыю ў накірунку ЕС.

Ці была гэта пагроза прычынай заснавання праекта SURCAP? Наўрад ці. Пытанне па праекце было вырашана яшчэ да таго, як беларускі прэзідэнт выказаўся па гэтай пагрозе. Больш за тое, такія заявы ніколі не выклікалі ў ЕС трывогі, бо незаконная міграцыя з Беларусі ў ЕС заўсёды была адносна невялікай.

Брусэль, верагодна, меў намер дапамагчы Украіне ўсталяваць кантроль над сваімі мяжамі і такім чынам прасунуць яе бліжэй да сяброўства ў ЕС. Беларуска-ўкраінская мяжа на працягу многіх гадоў была пытаннем, якое Мінск звязваў з неабходнасцю Украіны ўрэгуляваць свае даўгі з Беларуссю.

На першым этапе ў 2012-2014 гадах ЕС выдаткаваў Беларусі €1,3 млн. На другім этапе (2014-2016 гады) фінансаванне павялічылася ў два разы да € 2,68 млн. Дзякуючы гэтым сродкам, беларускія памежнікі атрымалі пазадарожнікі, балотаходы, хуткасныя катэры і маторныя лодкі, квадрацыклы, матацыклы і іншае абсталяванне. Гэта супрацоўніцтва даказвае, што інтарэсы Брусэля і Мінска супадаюць у гэтай галіне, і што беларускі ўрад не супраць працаваць з Захадам па пытаннях нацыянальнай бяспекі.

Імперыя наносіць зваротны ўдар

мяжа

Фота: belapan.com

Хоць праблемы з украінскай мяжой знаходзяцца ў стадыі вырашэння, Мінск нечакана сутыкнуўся з праблемамі з усходу. У сярэдзіне верасня Расія без якога-небудзь папярэдняга паведамлення закрыла сваю 1230-кіламетровую мяжу з Беларуссю для ўсіх грамадзянаў трэціх краін.

Цяпер яны могуць перасякаць беларуска-расійскую мяжу толькі ў адным месцы — самай паўднёвай частцы Беларусі, дзе межы Беларусі, Расіі і Украіны перасякаюцца. Гэта стала непрыемным сюрпрызам для Беларусі, бо многія замежнікі прывыклі ўязджаць ў Расію праз Беларусь.

На працягу многіх гадоў асобы, якім быў забаронены ўезд на тэрыторыю Расіі, маглі абыйсці гэта: спачатку прыехаць ў Беларусь, а затым накіравацца ў Расію. Мінск і Масква таксама не каардынавалі візавую палітыку і вялі свае ўласныя спісы непажаданых асоб і грамадзян, якім забаронены выезд за мяжу.

У выніку, на працягу многіх гадоў грамадзяне Беларусі і Расіі, а таксама грамадзяне трэціх краін выкарыстоўвалі беларуска-расійскую мяжу, каб уехаць у дзве краіны або збегчы з іх. Крэмль мірыўся з гэтым нягледзечы на тое, што з сярэдзіны 2000-х гадоў расійскія межы станавіліся ўсё больш закрытымі.

Дык чаму ж Масква вырашыла закрыць мяжу з Беларуссю цяпер? Ёсць важкія падставы меркаваць, што гэта было пакаранне для Мінска. У ліпені Reuters паведаміў пра прыкладна 40-працэнтнае зніжэнне аб’ёмаў паставак расійскай нафты ў Беларусь у якасці пакарання за празмерна сяброўскія жэсты ў адносінах да Захаду. У Крамля ёсць шмат іншых інструментаў, каб аказаць ціск на Мінск.

Ёсць яшчэ адна дэталь, што даказвае сапраўдную прычыну закрыць мяжу замест афіцыйнай падставы, у якасці якой называецца незаконны ўвоз санкцыянаваных тавараў у Расію праз Беларусь. Расія працягвае дазваляць грузавым аўтамабілям бесперашкодна перасякаць мяжу, але ў той жа час кантралюецца перамяшчэнне асобаў.

Буйнамаштабная кантрабанда

мяжа

Фота: by24.org

Беларуская сістэма пагранічнага кантролю змагаецца з цэлым шэрагам унутраных праблем. 26 ліпеня прэзідэнт Лукашэнка публічна выказаў сваю незадаволенасць працай Дзяржаўнага памежнага камітэта. Ён падкрэсліў, што ўжо трэці раз у 2016 годзе звяртаецца да дзейнасці ўстаноў памежнага кантролю і некаторыя накірункі іх дзейнасці выклікаюць «не проста насцярожанасць, а глыбокую незадаволенасць».

Нягледзячы на тое, што Лукашэнка не ўдакладняў канкрэтныя праблемы, напэўна ён меў на ўвазе карупцыю і буйнамаштабныю кантрабанду. З’яўляецца ўсё больш і больш прыкладаў гэтага. Такім чынам, 21 кастрычніка супрацоўнікі польскай мытні выявілі 356,000 пачкаў кантрабандных цыгарэт у грузавым цягніку з Беларусі. Калі прадаць гэты аб’ём па рынкавай цане ў ЕС, ён будзе каштаваць $1,2 млн. У Беларусі гэта колькасць цыгарэт можа каштаваць усяго толькі $72,000.

Гэта не першы раз, калі польскія ўлады затрымалі незаконны груз; праблема існуе з пачатку 2010-х гадоў. Напрыклад, у ліпені польскія ўлады ў Цярэспалі канфіскавалі два грузы кантрабандных цыгарэт з Беларусі ў цягніках агульным рынкавым коштам больш за $1,2 млн. Нехта мае з гэтага бізнэса велізарныя прыбыткі, і  відавочна, што немагчыма правезці такую вялікую колькасці цыгарэт без змовы службовых асобаў пагранічнага кантролю.

Праблемы застаюцца, нягледзечы на інвестыцыі

Такія праблемы ўяўляюць сабой парадокс, бо грамадскі прэстыж памежнай службы высокі: нават сыны Лукашэнкі служылі на мяжы.

У матэрыяльным плане беларускія пагранічныя органы належаць да ліку найбольш прэстыжных і развітых дзяржаўных устаноў у краіне. У адрозненне ад іншых сілавых структур, яны рэгулярна атрымліваюць сучаснае абсталяванне. Гэта адбываецца не толькі ў выглядзе замежнай тэхнічнай дапамогі: у канцы 2000-х гадоў беларускі ўрад нават набыў чатыры французскія верталёты Ecureuil АS 355 NP для пагранічнікаў. Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак, бо Мінск, як правіла, закупляе складанае абсталяванне для сваіх службаў бяспекі толькі ў Расіі.

Тым не менш, беларускі ўрад імкнецца захаваць кантроль над сотнямі кіламетраў сваёй мяжы. За апошнія два дзесяцігоддзі ўрад мусіў пачаць патруляваць межы, якія раней не існавалі, за выключэннем беларуска-польскай мяжы, якую Беларусь атрымала ў спадчыну ад савецкіх часоў.

Акрамя таго, Мінск прыклаў намаганні, каб рэфармаваць жосткі памежны кантроль савецкіх часоў, калі 30-кіламетровая памежная зона, мілітарызацыя і падпарадкаванне памежнай службы КДБ былі нормай. Беларускі ўрад здолеў пераадолець многія з гэтых парэшткаў мінулага. Пабудова больш эфектыўнай сістэмы займае шмат часу, а таксама патрабуе шматлікіх спробаў і памылак.

Адзін Каментар

  1. Уладзімер Русаковіч says:

    Жаўтуха, а ні «Ройтэрз»: «У ліпені Reuters паведаміў пра прыкладна 40-працэнтнае зніжэнне аб’ёмаў паставак расійскай нафты ў Беларусь у якасці пакарання за празмерна сяброўскія жэсты ў адносінах да Захаду». Хутчэй складваецца параўнальнае становішча з летам 2010 г., калі пры наяўнасьці грошай «Белтрансгаз» затрымліваў аплату «Газпраму». Тады апынулася, што «Газпрам» быў вінен «Белтрансгазу» болей за прапампоўку газу, чым «Белтрансгаз» за сам газ. Усё адно «Белтрансгаз» зьлілі ўжо ў 2011 г. пад шумок фінансавага крызісу. Тое самае цяпер могуць паспрабаваць правярнуць з Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводам. Шумок ужо ёсьць. Праўда, «Раснафта» сама выпрошвае грошы ў «Лукойла».

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *