Як Беларусь расчаравала Расію ва Украіне і Сірыі

Мінск паслядоўна пазбягае падтрымкі Масквы ва Украіне і Сірыі, і гэта мякка кажучы. 7 снежня міністр унутраных спраў Украіны Авакаў прэзентаваў новы ўкраінскі бронетранспарцёр “Варта”, распрацаваны ў супрацоўніцтве з беларускімі інжынерамі.

Ён стаў яшчэ адным прыкладам беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва ў галіне абароны. Праз некаторы час Міністэрства абароны Беларусі абвергла сцвярджэнне, што Мінск падтрымлівае пазіцыю Расіі ў спрэчцы з Турцыяй.

Беларусь рызыкуе страціць давер свайго расійскага саюзніка, але не таму, што хоча зарабіць дадатковыя грошы ва Украіне ці ў супрацы з кансерватыўнымі арабскімі рэжымамі. Мінск імкнецца палепшыць адносіны з ворагамі Расіі, бо Крэмль паказаў сваю гатоўнасць рабіць радыкальныя знешнепалітычныя крокі.

Крамлёўскі трэш: Беларуская зброя для Ісламскай дзяржавы

На мінулым тыдні расійскі прапагандысцкі рэсурс Eurasia Daily апублікаваў каментар з красамоўнай назвай “Беларускі “нейтралітэт” — крывадушнасць на пралітай крыві”. Ён падсумоўвае шэраг артыкулаў, у якіх блізкія да Крамля эксперты абвінавачваюць Беларусь у антырасійскай палітыцы ва Украіне і Сірыі.

Калі вядомыя расійскія эксперты крытыкуюць Мінск у паўтузіне артыкулаў на Eurasia Daily, гэта азначае, што Крэмль хоча даць беларускаму партнёру зразумець усю сур’ёзнасць абвінавачванняў. Вядучы эксперт па Беларусі з Інстытуту вывучэння краінаў СНД Аляксандр Фадзееў адзначыў, што Беларусь пастаўляе Украіне паліва, тавары двайнога прызначэння і камплектуючыя для сістэмаў ўзбраення. Ён падкрэсліў, што Мінск зрабіў гэта не толькі па эканамічных, але і палітычных прычынах: іншымі словамі, каб палепшыць адносіны з Захадам.

11 снежня расійскі палітолаг з прэстыжнай Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў развіў гэту ідэю далей. Паводле яго слоў, Лукашэнка не толькі зарабляе грошы ва Украіне, але і кажа Захаду: «Я свой, не рабіце Майдану ў Беларусі».

Палітычны аглядальнік Яўген Сатаноўскі перад гэтым абвінаваціў Беларусь у супрацы з Турцыяй і Катарам супраць Расіі на Блізкім Усходзе. Гэтым разам ён давёў сваю крытыку Мінска да крайнасці. Паводле яго слоў, калі раней праціўнікі Расіі на Блізкім Усходзе — Катар і ААЭ — набывалі зброю для Ісламскай дзяржавы ў Сербіі і Паўночнай Карэі, то зараз яны робяць гэта ў асноўным у Мінску. Сатаноўскі падкрэсліў: «Яны [Ісламская дзяржава] збіраюцца выкарыстоўваць гэтую зброю. Ці будзе гэта супраць нас, сірыйцаў, іранцаў ці цывільных асобаў, якіх яны забіваюць — гэта пытанне другараднае.»

Супрацоўніцтва з Украінай немагчыма схаваць

Недарэчнымі абвінавачваннямі Беларусі ў продажы зброі ІД наўрадці кагосці абдурыш. На самай справе, Маскву раз’юшвае беларуская палітыка не ў Сірыі, а ва Украіне. Сведчанняў беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва мноства. Год таму здавалася, што Беларусь можа проста скарыстацца сітуацыяй, каб зарабіць трохі грошай, пастаўляючы ва Украіну ваенныя тавары. Цяпер, амаль праз два гады пасля пачатку вайны на Данбасе, Мінск працягвае супрацоўнічаць з Кіевам, даказваючы, што гэтае супрацоўніцтва з’яўляецца часткай доўгатэрміновай стратэгіі Беларусі ў рэгіёне.

Кіеўскі журналіст Ігар Тышкевіч нядаўна апублікаваў у газеце Хвиля расследаванне пра беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва. Ён лічыць, што ў гэтым годзе беларускія фірмы маглі зарабіць каля $90-100 млн на вайсковых здзелак з Украінай (не лічачы паліва).

Супрацьтанкавы ракетны комплекс Стугна-P

Сёе-тое з гэтага бізнэсу ёсць відавочным, напрыклад рост долі Беларусі на ўкраінскім рынку авіяцыйнага паліва з 0% да вайны да 45% цяпер, або статыстычныя дадзеныя аб двухбаковым гандлі, якія паказваюць перадачу шматлікіх тавараў верагодна ваеннага прызначэння.

Калі ў 2014 годзе Беларусь прадала Украіне самалётаў на суму $5 млн, то ў першай палове 2015 года гэтая лічба вырасла да $14,4 млн. У 2015 годзе Кіеў купіў у Беларусі спецыяльных грузавікоў на суму $1,7 млн — экспарт па гэтым артыкуле вырас на 210% у параўнанні з 2014 годам.

Шматлікія паказчыкі супрацоўніцтва не маюць прамых доказаў, але выглядаюць пераканаўча. Напрыклад, Тышкевіч згадвае, што ўкраінская армія пачала атрымліваць вялікія аб’ёмы новага супрацьтанкавага ракетнага комплексу Стугны. Украіна вырабляе толькі ракеты, якія выкарыстоўваюцца ў гэтай сістэме, а астатняя частка пастаўляецца мінскім прадпрыемствам Пеленг.

Чаму Мінск рызыкуе супрацоўнічаць з Кіевам

Статыстычныя дадзеныя паказваюць, што хоць Беларусі і зарабіла пэўную суму грошай на гэтых здзелках, гэта само па сабе не варта рызыкі пагаршэння беларуска-расійскіх адносін. Напэўна, справа не ў грашах.

Прыведзеныя вышэй расійскія эксперты слушна ўсё зразумелі: паводзіны беларускага ўраду вызначае палітыка. У першую чаргу, глыбока ўзрушаны падзеямі ў Крыме і Данбасе Мінск імкнецца захаваць і палепшыць адносіны з супернікамі Масквы ў рэгіёне і за яго межамі (перш за ўсё ЕС). Улады Беларусі не ўпэўненыя, што нешта падобнае не можа адбыцца ў Беларусі, і ўсюды шукаюць партнёраў, якія дапамаглі б прадухіліць ці, у выпадку неабходнасці, супраціўляцца падобным дзеянням Масквы.

У той жа час Беларусь дасягнула межаў свайго супрацоўніцтва з Расіяй. У галіне ваенна-прамысловага супрацоўніцтва Мінск атрымаў шэраг расчараванняў. Напрыклад, спадзяванні стварыць у Беларусі сумесна з Расіяй зборачную вытворчасць самалётаў напачатку 2010-х гадоў скончыліся нічым.

У канцы 2000-х гадоў Беларусь вяла перамовы з Крамлём пра яшчэ больш маштабныя планы па вытворчасці высакаякаснай прадукцыі абароны ў Беларусі. Сярод іх былі балістычных ракетныя сістэмы малой далечыні (Іскандэр), зенітна-ракетныя комплексы (Тор) і пускавыя ўстаноўкі для мабільных міжкантынентальных балістычных ракетаў (Таполя). Але таксама безвынікова.

Украіна перадае Беларусі ваенныя тэхналогіі

Па некаторых з гэтых пытанняў Мінск тады публічна звярнуўся да Кітаю і (больш прыхавана) да Украіны, асабліва пасля Крыму. Цікава адзначыць, што беларускі генерал Пётр Рагажэўскі, які вёў перамовы з Масквой пра магчымы ўдзел Беларусі ў вытворчасці Іскандэраў і Тораў, пазней вырашыў працаваць з украінцамі.

Гэты былы намеснік міністра абароны Беларусі, а затым намеснік старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта ў цяперашні час з’яўляецца дырэктарам беларускага аддзялення Украінскай кампаніі Мотор Січ. Мотор Січ дала Беларусі тое, што Расія даць адмовілася: ўкраінская кампанія стварыла завод па рамонце верталётаў у Оршы і плануе пашыраць яго.

Тышкевіч сцвярджае, што Украіна дапамагае Беларусі экспертызай і тэхналогіямі, і не толькі датычна авіяцыі, але таксама танкаў і ракет. Расійскі эксперт Суздальцаў на Eurasia Daily пагаджаецца з гэтым: “Лукашэнка спрабуе атрымаць ад Украіны зброю, якую Расія, прымаючы да ўвагі не вельмі даверлівыя адносіны паміж Мінскам і Масквой, не можа яму даць.»

Тышкевіч і Суздальцаў выказваюць здагадку, што ўкраінцы маглі прымаць удзел у праектаванні беларускай сістэмы залпавага агню “Паланэз”. Гэты афіцыйна беларуска-кітайскі прадукт страляе далей, чым кітайскія сістэмы WS-2 і WS-3, якія, як мяркуецца, служылі прататыпам для Паланэза. Пачынаючы з публічнай дэманстрацыі сістэмы ў траўні, СМІ спекулявалі пра ўкраінскі і расійскі след ў распрацоўцы гэтай зброі.

Беларускія кантакты з украінскімі і арабскімі рэжымамі, якія супрацьстаяць Расіі, нельга лічыць толькі апартуністычнай пагоняй за лёгкімі грашыма. Мінску не падабаецца палітыка цяперашняга расійскага ўрада, які пагражае перамаляваць міждзяржаўныя межы. Больш за тое, ён зразумеў, што Крэмль разумее саюз з Беларуссю як нешта відавочнае і не разглядае яго ў якасці партнёра.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *