Ці з’яўляецца Беларусь часткай “Вялікая Расіі”? Суседнія дзяржавы сумняюцца ў беларускім суверэнітэце

Уладзімір Макей. Фота: era.by

Нягледзячы на ​​ўсе намаганні Мінска прадставіць сябе ў якасці нейтральнай краіны, некаторыя з суседзяў сумняюцца не толькі у яго нейтралітэце, але нават суверэнітэце і мірных намерах. 5 чэрвеня прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ вызначыла Беларусь як пагрозу для рэгіёну, а міністр замежных спраў Літвы неаднаразова згадваў “парэшткі  беларускага суверэнітэту”.

Выступаючы 19 чэрвеня на канферэнцыі Ostrogorski Forum, пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім раскрытыкаваў Мінск за адмову дазволіць замежным назіральнікам кантраляваць беларуска-руска-сербскія вайсковыя вучэнні ў Беларусі паблізу мяжы з Украінай, што прайшлі ў пачатку гэтага месяца. З-за гэтых вучэнняў Кіеў перавёў сваё войска на вышэйшую баявую гатоўнасць.

Суседзі Беларусі выказваюць заклапочанасць знешняй палітыкай Мінска. 2 чэрвеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прызнаў, што Беларусі цяжка балансаваць паміж рознымі бакамі ў цяперашняй канфрантацыі Захаду і Расіі, улічваючы тое, “як далёка ўсе бакі зайшлі ў ваяўнічай рыторыцы і ўзаемных абвінавачваннях”.

Беларусь як частка “Вялікай Расіі”

У апошнія гады Літва стала крыніцай вельмі жорсткай крытыкі Мінска. У інтэрв’ю LRT Radijo 5 чэрвеня прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ назвала галоўным “выклікам і пагрозай” для краінаў Балтыі і Польшчы наступнае:

“Прысутнасць Расіі і Беларусі на нашай усходяй мяжы… мілітарызацыя Калінінграда, выкарыстанне беларускай тэрыторыі для розных эксперыментальных і агрэсіўных гульняў, накіраваных супраць Захаду. У тым ліку будучыя ваенныя вучэнні [Захад-2017]”.

Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ ў кастрычніку 2010 года ў Мінску. Фота: CTV.by

Гэта спрэчнае сцвярджэнне выклікала пратэст у МЗС Беларусі. Вільня, аднак, адмовілася папрасіць прабачэння або змяніць сваю пазіцыю. Міністр замежных спраў Лінкявічус толькі паўтарыў словы прэзідэнта.

Раней, выступаючы на ​​беларускай службе Радыё Свабода 31 мая Лінкявічус выказаў заклапочанасць у сувязі з вучэннямі Захад-2017: “Беларусь цалкам інтэграваная з Расіяй. 4000 чыгуначных вагонаў прывязуць велізарную колькасць зброі і ваеннай тэхнікі ў Беларусь”. Акрамя таго, Лінкявічус згадаў даўжыню мяжы Літвы з Расіяй і Беларуссю, і заявіў: “гэта амаль тысяча кіламетраў мяжы з “вялікай Расіяй”.

Літоўскі міністр мяркуе, што расійскія войскі застануцца ў Беларусі. Лінкявічус лічыць, што беларускі ўрад павінен усвядоміць небяспеку вучэнняў, “калі ён хоча захаваць рэшткі свайго суверэнітэту”. Раней у гэтым годзе Лінкявічус ўжо гаварыў з Deutsche Welle пра “тое, што засталося ад беларускага суверэнітэту”, што выклікала рэзкую рэакцыю з боку беларускага знешнепалітычнага ведамства. Тым не менш, ён яшчэ раз адмовіў здольнасць Беларусі дзейнічаць аўтаномна.

Гэта грэблівая пазыцыя ў дачыненні да беларускай незалежнасці падаецца шырока распаўсюджанай сярод літоўскага палітычнага істэблішменту. 24 траўня былы міністр абароны Літвы Раса Юкнявічэне пракаментавала маючыя адбыцца вучэнні беларускаму інтэрнэт-парталу TUT.BY: “У мяне ёсць толькі адно пытанне. Колькі суверэнітэту мае Лукашэнка, колькі суверэнітэту ён пакінуў для сябе?”. Яна дадала:

“Я хачу сказаць, што многія эксперты, не толькі ў Літве, лічаць, што Беларусь не з’яўляецца суверэннай вайсковай сілай. Асабіста ў мяне больш надзей, чым у прадстаўнікоў іншых дзяржаў, якія забыліся, што Беларусь з’яўляецца суверэннай, і лічаць яе часткай Расіі.”

Будаўнічая пляцоўка Астравецкай АЭС. Фота: ostrovets.by

У той жа час, Вільня таксама характэрызуе праект Астравецкай АЭС як “небеларускі”. Беларусь будуе яе паблізу літоўскай мяжы з удзелам расійскай карпарацыі “Расатам”. Што тычыцца АЭС, міністр замежных спраў Літвы Лінкявічус 31 траўня заявіў: “Мы не можам дазволіць ім [беларускім ўладам] рабіць усё, што яны пажадаюць. Гэта нават не іх воля, бо гэта расійскі праект, грошы і тэхналогіі”.

16 чэрвеня было апублікавана інтэрв’ю з міністрам навакольнага асяроддзя Літвы Кястуцісам Навіцкасам, які паўтарыў словы Лінкявічуса. Літоўскія чыноўнікі называюць Астравецкую АЭС “геапалітычнай зброяй”, а перад гэтым літоўскі парламент прыняў закон, які заклікае беларускі ўрад спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Пакінуць дзверы адчыненымі для Мінска

Застаецца незразумелым, ці іншыя суседзі Беларусі гэтак жа грэбліва ставяцца да беларускага нейтралітэту, міралюбства і суверэнітэту. Ёсць некаторыя прыкметы таго, што іх падыход з’яўляецца больш мяккім. Старшыня камітэта па замежных справах парламента Эстоніі і былы міністр абароны Эстоніі (2015- 2016) Ханес Хансо нядаўна наведаў Мінск, каб абмеркаваць вучэнні Захад-2017.

Як ён пракаментаваў TUT.by, “Беларусь фактычна наш сусед. Я думаю, што ні адна з краін Балтыі не адчувае, што пагроза сыходзіць ад Беларусі.” Ён вітаў гатоўнасць Беларусі да запрашэння назіральнікаў NATO і засумняваўся ў праўдзівасці чутак, што расійскія войскі будуць знаходзіцца ў Беларусі пасля вучэнняў.

Акрамя таго, 31 траўня выканаўчы дырэктар буйнога латвійскага аналітычнага Цэнтра усходнееўрапейскіх палітычных даследаванняў і сябар Рады па знешняй палітыцы Міністэрства замежных спраў Латвіі Андзіс Кудорс прадставіў кнігу пра беларускую знешнюю палітыку і заявіў:

“Беларускія ўлады маюць абмежаваныя магчымасці для манеўру. Для заходніх краінаў важна быць асцярожнымі. Калі Лукашэнка вядзе торг  па коштах на энерганосьбіты з Масквой, ён глядзіць у бок Еўропы. З аднаго боку, мы павінны трымаць дзверы адчыненымі, а з другога боку, мы не павінны быць наіўнымі, каб не стаць аргументам у гульні Мінска і Масквы”.

Першы візіт міністра абароны Беларусі ў дзяржаву-сябра NATO

Мінск робіць захады ў ваеннай сферы, каб захаваць давер і ўнікнуць удзелу ў канфлікце паміж Расіяй і яе супернікамі. У артыкуле, апублікаваным ў Беларускай ваеннай газеце 12 траўня, кіраўнік упраўлення міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі генерал-маёр Алег Воінаў разам са сваім намеснікам, палкоўнікам Валерыем Равенкам падкрэсліў важнасць развіцця супрацоўніцтва з суседнімі краінамі і толькі выпадкова згадаў разгортванне войскаў NATO.

Яны пералічылі некаторыя канкрэтныя крокі, якія ў мінулым годзе зрабілі беларускія ваенныя чыноўнікі, каб заваяваць давер сваіх суседзяў і NATO. Сярод іх былі чатыры ўзаемныя інспекцыі, праведзеныя беларускімі і ўкраінскімі ваеннымі чыноўнікамі на тэрыторыі адна адной.

Начальнік штаба літоўскай арміі Тамашайціс сустракаецца са сваім беларускім калегам Белаконевым ў лютым 2016 года. Фота: агенцтва Ваяр

Што да Літвы, яны адзначылі візіт былога начальніка штаба літоўскіх узброеных сілаў Вілмантаса Тамашайціса ў Мінск. Ён сустрэўся з кіраўніком беларускага Генштаба Алегам Белаконевым, дзе адбыўся “нялёгкі, але адкрыты абмен меркаваннямі аб развіцці ваенна-палітычнай сітуацыі”.

Узаемадзеянне з Латвіяй, паводле Воінава і Равенкі, аказалася больш паспяховым. Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў нават наведаў Латвію. Гэта быў першы афіцыйны візіта міністра абароны Беларусі ў дзяржаву-сябра NATO. Акрамя таго, беларускія ваенныя чыноўнікі зрушылі з месца кантакты з ключавой краінай NATO – ЗША. 8 жніўня 2016 года міністэрства абароны Беларусі нарэшце акрэдытавала ваеннага аташэ ЗША пасля працяглага перапынку.

У цяперашняй напружанай атмасферы супрацьстаяння ў рэгіёне Мінск робіць усё магчымае, каб сябраваць з усімі. У выніку ўсе застаюцца незадаволенымі. Беларускія намаганні па захванні нейтралітэту ў шэрагу пытанняў ужо выклікалі абурэнне ў правага крыла расійскай палітычнай эліты. Палітычны каментатар Яўген Сатаноўскі, блізкі да Крамля, назваў Беларусь сябрам “саюзу краінаў-здрадніц”.

Намаганні Мінска не змаглі парадаваць сваіх суседзяў, якія хацелі б бачыць Беларусь на большай адлегласці ад Масквы. Беларускі ўрад, аднак, можа праводзіць толькі палітыку, скіраваную на вельмі асцярожную і паступовую выбудову нейтральнасці, калі краіна хоча захаваць незалежнасць.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *