Таямніцы першай беларускай АЭС

26 жніўня 2016 года 43-гадовы працаўнік Астравецкай атамнай электрастанцыі быў паранены і забіты ў выніку выбуху кіслароднага балону на будаўнічай пляцоўцы.

Гэтая гібель стала апошняй у шэрагу няшчасных выпадкаў, якія ўжо ўзнялі хвалю апасенняў наконт ядзернай бяспекі, як на лакальным, так і на міжнародным узроўні.

У ліпені 2016 года беларускія СМІ паведамлялі пра яшчэ адзін небяспечны інцыдэнт, які адбыўся падчас устаноўкі рэактару. Акрамя таго, аказалася, што кіраўніцтва АЭС хавала гэтую навіну больш за два тыдні. Адсутнасць празрыстасці нагадвае замоўчванне навінаў пра Чарнобльскую катастрофу ў 1986 годзе.

У выніку, будаўніцтва АЭС патрапіла пад больш пільную ўвагу, і нават дзяржаўныя СМІ падхапілі тэму ядзернай бяспекі. Тым не менш, усе гэтыя падзеі не прывялі да масавых антыядзерных пратэстаў у Беларусі.

Серыя няшчасных выпадкаў

Паведамленні аб інцыдэнтах на Астравецкай будаўнічай пляцоўцы накопліваліся на працягу 2016 году, прыцягваючы ўсё больш і больш увагі да першага беларускага атамнага праекту. Напрыклад, у красавіку 2016 года  беларускі тэлеканал Белсат, які знаходзіцца ў Польшчы, паведамляў пра разбурэнне апорнай канструкцыі ў адным з будынкаў тэхнічнага абслугоўвання.

Негледзячы на інфармацыю, атрыманую журналістам ад працаўніка станцыі, кіраўніцтва АЭС адмовіла нават факт здарэння і назвалі гэтую навіну “абсалютным глупствам”.

Корпус ядзернага рэактара. Фота: tut.by

Менш чым два месяцы таму, улады спрабавалі схаваць іншую, больш сур’ёзную аварыю, якая прыпыніла ўстаноўку ядзернага рэактара. 10 ліпеня 2016 года корпус рэактара вагой больш за 330 тон упаў на зямлю з вышыні ад 2-х да 4-х метраў.

Тым не менш, грамадству аб гэтай катастрофе стала вядома толькі 25 ліпеня. Мясцовы актывіст антыядзернай кампаніі і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Уласевіч паведаміў, што больш за дзесяць ананімных інсайдэрскіх крыніц могуць пацвердзіць, што нешта пайшло не так падчас працэдуры тэставага ўздыму.

«Мы павінны жыць з гэтай атамнай электрастанцыяй»

Беларускія СМІ тут жа паспрабавалі атрымаць пацверджанне аб здарэнні, але не атрымалі адказу ні ад кіраўніцтва АЭС, ні ад Міністэрства энергетыкі. Апошняе, у сваю чаргу, апублікавала заяву толькі ў другой палове дня 26 ліпеня. Яно проста пацвердзіла факт аварыі і запэўніла грамадскасць, што «абсалютная бяспека» на АЭС ёсць для міністэрства прыярытэтам.

Росатам, асноўны падрадчык праекта, прапанаваў іншае няўцямнае тлумачэнне. Першы намеснік кіраўніка Аляксандр Лакшын заявіў, што яго кампанія правяла тэсты на корпусе рэактара, і аніякіх пашкоджанняў выяўлена не было. Тым не менш, Росатам пагадзіўся замяніць корпус для таго, каб «спыніць чуткі і паніку сярод насельніцтва.»

Да таго часу нават беларуская дзяржаўная прэса пачала ставіць пад сумненне ядзерную бяспеку, звяртаючыся да Міністэрства энергетыкі з нязручнымі пытаннямі. Напрыклад, галоўны беларускі тэлеканал спытаў, ці Міністэрства плануе хаця б інфармаваць грамадскасць аб здарэннях на АЭС, альбо людзі могуць даведацца аб праблемах толькі дзякуючы ўцечкам і інфарматарам. Журналісты таксама   паставілі пад сумнеў надзейнасць Росатама, мяркуючы, што знешні падрадчык больш зацікаўлены ў хуткім заробку, чым працы з АЭС у доўгатэрміновай перспектыве.

Літва таксама выказала сваю заклапочанасць. 23 жніўня прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ назвала беларускую АЭС інструментам, які можа быць выкарыстаны супраць краін Балтыі нетрадыцыйным чынам. На яе думку, беларуская АЭС патэнцыйна ўяўляе сабой «праблему энэргетычную, вайсковую, здароўя і тэрытарыяльнай бяспекі, у тым выпадку, калі будзе выкарыстаная варожай краінай.»

Што робяць экалагічныя актывісты?

Беларускія эколагі прынялі выразную антыядзерную пазіцыю яшчэ да 2005 года, калі чыноўнікі пачалі абмяркоўваць планы пра АЭС. У 2006 годзе беларуская НДА “Экадом”, пры падтрымцы апазіцыйных партый упершыню арганізавала антыядзерны рух. Да 2008 года асноўныя антыядзерныя ініцыятывы аб’ядналіся ў межах Беларускай Антыядзернай Кааліцыі.

Фота: nn.by

Але беларускія ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб нейтралізаваць зялёны рух. Напрыклад, на так званыя публічныя дэбаты па будаўніцтве АЭС у кастрычніку 2009 года былі дапушчаныя толькі некалькі антыядзерных актывістаў. Мерапрыемства завяршылася арыштам эксперта Андрэя Ажароўскага.

Акрамя таго, Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук прадставіў апытанні, якія паказваюць нечаканы паварот у грамадскай думцы ў дачыненні да ядзернай энергіі. Паводле шэтых дадзеных, у той час як толькі 28% беларусаў падтрымалі будаўніцтва АЭС у 2005 годзе, у 2016 годзе гэты паказчык вырас да 50,3%. У той жа час, колькасць апанентаў скарацілася з 50 да 17,3%.

Эколагі раскрытыкавалі гэтыя апытанні за ненадзейнасць і неаб’ектыўнасць, паколькі стала вядома пра ціск з боку даследчыкаў з Інстытуту сацыялогіі, якія патрабавалі ад рэспандэнтаў адказаць «правільна.» Удзельнікі апытання не былі ананімнымі і сутыкнуліся з псіхалагічным ціскам, паколькі павінны былі раскрыць усю асабістую інфармацыю ў анкетах.

І, нарэшце, улады выкарысталі тактыку «падзяляй і ўладар» супраць экалагічных актывістаў, падтрымаўшы лаяльныя НДА з выразнай пра-ядзернай праграмай. Напрыклад, Экалагічная ініцыятыва актыўна супрацоўнічала з уладамі і прасоўвала ядзерную энергетыку. У верасні 2012 года гэтая арганізацыя выступіла ў якасці аднаго з заснавальнікаў Інфармацыйнага цэнтру для маніторынгу экалагічнай бяспекі на Астравецкай АЭС.

Больш за тое, старшыня Экалагічнай ініцыятывы Юрый Салаўёў раней займаў кіруючую пасаду ў праўладным Беларускім патрыятычным саюзе моладзі. Акрамя таго, спецыялісты гэтай НДА працавалі ў Інстытуце ядзернай фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адной з установаў, якія зараз ўдзельнічаюць у будаўніцтве АЭС.

Хаця ў 2016 годзе антыядзерны рух прыцягнуў больш увагі, эколагі лічаць беларускае грамадства небяспечна наіўным у пытанні будаўніцтве АЭС. Па словах каардынатара асацыяцыі “Зялёная сетка” Яраслава Бекіша, гэта тлумачыць, чаму нават сур’ёзныя аварыі ў Астраўцы не справакавалі значныя грамадскія пратэсты.

Да гэтага часу беларускія ўлады здолелі абараняць свой вялізны праект у Астраўцы. Ні беларускія незалежныя антыядзернай актывісты, ні ЕС не маюць рычагоў, каб ўмяшацца ў планы будаўніцтва. Тым не менш, іх голас можа быць пачуты, калі сур’ёзныя здарэнні на будоўлі будуць працягвацца ў будучыні.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *