Сістэма супрацьракетнай абароны ЗША ў Еўропе падвышае стратэгічную важнасць Беларусі

Паколькі АПАД (NATO) пачала будаваць еўрапейскую сістэму супрацьпаветранай абароны, 16 траўня Масква правяла перамовы з Мінскам пра планаваны адказ на гэты крок. «У нас аднолькавы падыход да сістэмы СПА», заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. Урад Расіі, як мяркуецца, хоча разгарнуць свае ракетныя адзінкі побач з аб’ектамі сістэмы АПАД, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі.

Але Мінск супраціўляецца размяшчэнню расійскіх вайсковых падраздзяленняў у краіне, таму што гэта разбурыць беларускую нейтральнасць, якую апошнім часам будуюць беларускія ўлады. Гэта стварае перадумовы для “крымскага сцэнару” і пазбаўляе Беларусь магчымасці выкарыстоўваць сваё ваеннае супрацоўніцтва як козыр у адносінах з Крамлём.

Беларусь, аднак, імкнецца атрымаць выгаду з ролі гаранта бяспекі для Масквы, і прапанаваць пэўны адказ на цяперашняе разгортванне АПАД.

Расія хоча размясціць ракеты ў Беларусі

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў 16 траўня прыбыў у Мінск, каб абмеркаваць магчымы адказ на запуск сістэмы супрацьпаветранай абароны АПАД. Але адказ Расіі ўжо вядомы на працягу многіх гадоў. Масква плануе разгарнуць свае балістычныя ракеты “Іскандэр” на межах краінаў АПАД, у тым ліку ў Беларусі.

Афіцыйна Мінск выказвае занепакоенасць у сувязі з разгортваннем дадатковых сілаў АПАД ў рэгіёне. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей пасля сустрэчы з Лаўровым таксама назваў размяшчэнне аб’ектаў СПА «патэнцыйным выклікам для нашай Саюзнай дзяржавы». Але пад паверхняй гэтага стратэгічнага пагаднення існуюць важныя адрозненні ў беларускай і расійскай пазіцыях.

Па-першае, значэнне новай сістэмы СПА для бяспекі Беларусі і Расіі дыяметральна адрозніваецца. Макей меў гэта на ўвазе, калі згадаў выклік для Саюзнай дзяржавы, а не для Беларусі. Для Масквы ж сістэма СПА ўяўляе сабой фундаментальную пагрозу. Гэта можа нівеляваць частку яе ядзернай зброі і парушыць сістэму ўзаемнага гарантаванага знішчэння.

Для Беларусі новыя супрацьпаветраныя аб’екты мала што мяняюць. Беларускае кіраўніцтва бачыць пагрозы нацыянальнай бяспекі ў іншым — у дзейнасці пра- і антымаскоўскіх ваенізаваных групаў, у рэгіянальнай дэстабілізацыі, выкліканай вайной ва Усходняй Украіне і г.д., а не ў дадатковых амерыканскіх вайсковых адзінках.

Мінск можа пачакаць

У адрозненне ад Масквы, Мінск можа чакаць і гандлявацца. Ананімны высокапастаўлены чыноўнік з Міністэрства абароны РФ  16 траўня паведаміў маскоўскай газеце Коммерсант пра сутыкненне падыходаў да разгортвання тактычных ракетных комплексаў у Беларусі.

Беларускі ўрад хацеў бы атрымаць новы Іскандэр-M бясплатна ў якасці члена Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, якую ўзначальвае Расія, або купіць іх. А Крэмль нібыта хоча размясціць у Беларусі Іскандэры, укамплектаваныя расійскімі вайскоўцамі.

Пункт гледжання Крамля: саюзнікі не патрэбныя

Гэтыя адрозненні ўпісваюцца ў стыль двухбаковых адносінаў паміж Беларуссю і Расіяй у апошнія гады. З пачатку 2010-х гадоў Масква імкнецца мінімізаваць сваю залежнасць ад беларускага партнёра. Ужо больш за пяць гадоў расійская прамысловасць працуе над заменай ваеннай тэхнікі беларускай вытворчасці расійскімі аналагамі.

Адначасова з гэтым, Расія альбо адмаўляе Беларусі ў больш сучасным абсталяванні (напрыклад, самалёты), або адпраўляе ёй састарэлыя сістэмы ды мадыфікацыі для імпарту (S-300 і ракеты тыпу зямля-паветра Тор). Замест таго, каб даць Беларусі зброю, Крэмль імкнецца накіроўваць сваіх уласных салдатаў у Беларусь. Напрыклад, у 2013-2015 гадах Масква настойвала на разгортванні сваіх ваенна-паветраных сілаў у Беларусі.

Нядаўна Расія разгарнула свае войскі ўздоўж украінскай і беларускай межаў, што паказвае на яе стаўленне да Мінска. У красавіку і пачатку траўня інфармацыйнае агенцтва Інтэрфакс апублікавала серыю ўцечак аб фармаванні да 1 снежня трох новых матарызаваных стралковай дывізіяў — у Варонежы, Растоўскай і Смаленскай абласцях Расіі. Апошні з трох рэгіёнаў — Смаленск — мяжуе толькі з Беларуссю і ніякай іншай замежнай краінай.

Гледзячы на ​​гэтыя захады, былы амэрыканскі дарадца па нацыянальнай бяспецы Збігнеў Бжэзінскі 17 красавіка ў American Interest напісаў пра Маскву: «У цяперашні час яна бессэнсоўна адштурхоўвае былых саюзнікаў на ісламскім паўднёвым захадзе сваёй колішняй вялізнай імперыі, а таксама Украіну, Беларусь і Грузію, не кажучы ўжо пра краіны Балтыі».

У Мінску блукае прывід «крымскага сцэнара»

Мінск, са свайго боку, у апошнія гады павялічыў адлегласць ад Масквы ў сферы знешняй палітыкі і нацыянальнай бяспекі — напрыклад, праз сваю пазіцыю па Украіне, супраціў расійскім планам па ўсталяванні авіябазы ў Беларусі і аднаўленне адносінаў з Захадам. Без сумневу, беларускі ўрад сёння не жадае знішчаць гэту новую беларускую квазінейтральнасць з-за дыслакацыі ў краіне расійскай арміі.

Разгортванне цэлага шэрагу расійскіх баявых адзінак таксама вымушае беларускае кіраўніцтва думаць пра Крым, дзе падобныя расійскія сілы ў 2014 годзе перамаглі ўкраінскую армію. Беларусь ужо мае на сваёй тэрыторыі два расійскіх ваенных тэхнічных аб’екты, але яны былі створаныя яшчэ да прэзідэнтства Аляксандра Лукашэнкі і там знаходзяцца збольшага тэхнічныя спецыялісты, а не вайсковы кантынгент.

Варта памятаць, як Лукашэнка супраціўляўся расійскай авіябазе ў апошнія тры гады. І хоць авіябаза наўрад ці б зрабілы магчымым “беларускі Крым”, яна усё роўна прынесла б больш рускіх салдатаў у краіну. Без сумневу, Лукашэнка гатовы памерці, але не дапусціць  размяшчэнні шматлікіх сухапутных войскаў з Іскандэрамі ў Беларусі.

Бяспека Масквы

Нарэшце, разгортванне расійскіх Іскандэраў азначала б, што Мінск траціць сваю значнасць для Расіі ў якасці гаранта бяспекі для Маскоўскага рэгіёна. Гэта, напэўна, самая дарагая паслуга, якую беларускі ўрад можа прапанаваць Крамлю на дадзены момант.

Гэтая паслуга абапіраецца на два складнікі: геаграфія Беларусі і ўзброеныя сілы. У той час як першы ёсць нязменным, другі — асабліва яго кампанент СПА — павінен падтрымлівацца ў належным стане для таго, каб функцыянаваць у якасці козыра беларускага ўраду ў яго адносінах з Масквой.

Гэта не лёгкая задача для ўрада Беларусі, якому бракуе сродкаў. Тым не менш, ён разумее, што дэградацыя нацыянальнай арміі можа мець фатальныя наступствы для беларускай дзяржаўнасці. Напрыклад, пасля таго, як Масква настойліва прапанавала Мінску выканаць абавязацельствы па ўдзеле ў агульнай сістэме СПА або прыняць расійскую авіябазу, Мінск адразу ж знайшоў грошы на капітальны рамонт і разгортванне ў 2014-2015 гадах неабходных самалётаў-знішчальнікаў.

Імаверна, Беларускі ўрад будзе дзейнічаць такім жа чынам у справе разгортвання тактычных балістычных ракет у краіне. Мінск разумее, што Масква не дасць беларусам Іскандэры і будзе шукаць іншыя спосабы рэалізацыі сваіх намераў. Прагназуючы сітуацыю, мінулай зімой улады Беларусі загадалі арміі трэніравацца на старых сістэмах тактычных ракет.

Па-другое, Беларусь можа выкарыстоўваць зброю з іншых крыніц. Хоць рэактыўная сістэма залпавага агню “Паланэз” беларуска-кітайскай вытворчасці, безумоўна, не эквівалентная балістычным ракетам Іскандэр, гэтага можа быць дастаткова для больш сціплых місіяў беларускай арміі, у тым ліку захвання бяспекі Расіі.

Беларускі ўрад можа атрымаць выгаду з новай сітуацыі рэгіянальнай бяспекі за кошт ўмацавання сваіх пазіцый у стасунках з Масквой. Крэмль не можа моцна ціснуць на Лукашэнку, бо рызыкуе яго зрынуць і атрымаць дэстабілізаваную краіну або новага празаходняга суседа. Такім чынам, Мінск ўключаецца ў глабальнае супрацьстаянне з усімі выгодамі і рызыкамі, якія яно прадугледжвае.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *