
22 студзеня Аляксандр Лукашэнка ўхваліў змены ў ваенную дактрыну Беларусі. Яны сведчаць пра фундаментальны зрух у мысленні беларускіх элітаў. Навучаны ўкраінскім ўрокам, Мінск робіць ваенную бяспеку пытаннем найвышэйшай прыярытэтнасці.
22 студзеня Аляксандр Лукашэнка ўхваліў змены ў ваенную дактрыну Беларусі. Яны сведчаць пра фундаментальны зрух у мысленні беларускіх элітаў. Навучаны ўкраінскім ўрокам, Мінск робіць ваенную бяспеку пытаннем найвышэйшай прыярытэтнасці.
Беларускія стратэгі вызначылі тыя новыя пагрозы, якім Беларусь мусіць супрацьстаяць. Яны ўключаюць у сябе гвалтоўныя палітычныя змены, якія могуць прыйсці з Украіны і ад прамаскоўскіх сілаў, гатовых паўтарыць украінскі сцэнар у Беларусі.
Мінск таксама пераацэньвае свой саюз з Расіяй. На працягу многіх гадоў Крэмль ігнаруе інтарэсы Беларусі і схіляецца да ўсё больш шавіністычнай палітыкі. У прыватнасці, на мінулым тыдні прэзідэнт Расіі Ўладзімер Пуцін раскрытыкаваў міжнародныя межы савецкіх часоў за іх “адвольнасць”, маючы на ўвазе, што яны могуць быць змененыя праз Крымскі або Данбаскі сцэнар.
Мінск ідэнтыфікуе пагрозы
22 студзеня Лукашэнка ўхваліў змены ў ваенную дактрыну Беларусі, якая заставалася нязменнай з 2001 года.
Выяўляючы патэнцыйныя ваенныя пагрозы, новая рэдакцыя дактрыны згадвае гібрыдную вайну і каляровыя рэвалюцыі – тэрміны, што маюць вельмі дакладнае значэнне ў беларускім і рэгіянальным кантэксце.
Гібрыдная вайна адсылае да магчымасці расійскага ўмяшання, накшталт таго, што адбылося ва Украіне. А каляровыя рэвалюцыі паказваюць на Захад, як мяркуе вайсковы тыднёвік IHS Jane’s. Але гэта пытанне спрэчнае.
Мінск сапраўды тоіць падазрэнні, што хтосьці на Захадзе збіраецца скінуць Лукашэнку, але ў апошнія гады беларускія чыноўнікі найчасцей называлі Украіну ў якасці крыніцы дэстабілізацыі. Напрыклад, незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў у кастрычніку 2015 года дзяржаўны тэлеканал паведаміў пра “200 узброеных ўкраінцаў», затрыманых на мяжы.
Хаця Лукашэнка згадвае распад дзяржавы ў Лівіі, Сірыі і Емене ў якасці прыкладаў магчымых сцэнароў, якія ён хоча прадухіліць, Мінск перагледзеў сваю ваенную дактрыну толькі пасля крызісу і канфлікту ва Украіне.
Сцеражыся крамлёўскіх саюзнікаў
Каментуючы будучыя змены ў ваеннай дактрыне, восенню мінулага года міністр абароны Андрэй Раўкоў сцвярджаў, што Беларусь не разглядае ніякія замежныя дзяржавы ў якасці ворагаў і дадаў: “Але мы, вядома, не саступім сваю тэрыторыю і будзем выкарыстоўваць любыя сілы і сродкі, у тым ліку ваенныя, каб пазбегнуць гэтага».
Міністр абароны Андрэй Раўкоў
У гэтай афіцыйнай фармулёўцы заключаўся сігнал экстрэмісцкім элементам у Расіі: не спрабаваць здзейсніць у Беларусі нічога, падобнага на ўкраінскія падзеі.
Раўкоў толькі далей развіў ранейшыя заявы Лукашэнкі, які неаднаразова публічна папракаў урад Украіны за “адмову ад сваіх земляў [у Крыме]” і грэбліва выказваўся пра ўкраінскую армію, якая не здолела абараніць краіну.
Беларусь застаецца саюзнікам Расіі, але Менск лічыць гэты стастус ўсё менш і менш карысным, і таму спрабуе перафармуляваць саюз. Беларускае кіраўніцтва бачыць небяспеку ва ўцягванні краіны ў чужыя войны ў выніку супрацьстаяння паміж Расіяй і іншымі дзяржавамі.
У сваіх папярэдніх заявах Лукашэнка характарызаваў саюз з Расіяй у якасці абавязацельства з агаворкамі. 30 кастрычніка, выступаючы перад камандзірамі нацыянальных узброеных сіл, ён сказаў: “Наяўнасць саюзнікаў з’яўляецца важным фактарам у захаванні нашай ваеннай бяспекі. Тым не менш, мы будзем будаваць механізм калектыўнай абароны ў адпаведнасці з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі”.
Масква не дае зброю беларусам
Найпершая прычына для Мінск перагледзець умовы свайго саюза з Расіяй знаходзіцца ў самой Маскве. Крэмль часта адмаўляецца мець справу з Беларуссю на саюзніцкіх умовах і не хавае гэтага. Самы вядомы прыклад — Масква хавала ад Мінска інфармацыю пра свае намеры на ранніх стадыях расійскай аперацыі па анэксіі Крыма.
Нягледзячы на лямант пра пашырэнне NATO, Расія забяспечвае толькі мінімальную падтрымку беларускай арміі, якая мае вострую патрэбу ў абсталяванні. Гэта тычыцца нават самых важных для Расіі сфераў – супрацьпаветранай абароны. Пасля многіх гадоў затрымкі Крэмль даў Беларусі патрыманыя ды спісаныя зенітна-ракетныя сістэмы S-300 самай старой мадэлі. У той час як Масква збіраецца пастаўляць Ірану мадэлі С-300 1990-х гадоў, Мінск атрымлівае ад Масквы С-300 пачатку 1980-х.
Такім жа чынам, гаворачы пра ўсё шчыльнейшае ваеннае супрацоўніцтва, Расея дае Беларусі толькі экспартныя мадэлі іншага ЗРК, Тор-М2Э. У параўнанні з мадэлямі, якія пастаўляюцца расійскай арміі, яны маюць абмежаваныя характарыстыкі. Да таго ж, Беларусь атрымала Тор толькі пасля таго, як Масква вымусіла Мінск саступіць у пытанні расійскай авіябазы.
Тор-М2Е
Іншыя прыклады таксама паказваюць падобнае стаўленне Крамля да Беларусі. Многія расійскія аналітыкі прызнаюць, што беларускае войска забяспечвае асноўную частку абароны Масквы з захаду. Негледзячы на гэта, Масква на працягу многіх гадоў адмаўляецца даць беларусам самалёты новага пакалення.
Беларускае войска мае толькі некалькі старых знішчальнікаў і зусім не мае бамбавікоў, а таксама плануе вывесці з эксплуатацыі самалёты авіяцыйнай падтрымкі сухапутных войскаў. Такім чынам, сістэма супрацьпаветранай абароны Беларусі застаецца дзіравай, а сухапутныя войскі маюць невялікую карысць без авіяпадтрымкі.
Апошні рубель — на войска
Цяперашняя эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў параўнанні з 2010 годам значна пагоршылася: у 2015 годзе інфляцыя дасягнула каля 12 адсоткаў. Аднак Лукашэнка настойвае, што “апошні рубель ў дзяржаўным бюджэце мы патрацім на бяспеку нашых грамадзянаў”. Каб падкрэсліць сваю думку, ён зноў прыгадаў сітуацыю ва Украіне, маючы на ўвазе, што недастатковая ўвага да бяспекі зрабіла з як цацку у руках вялікіх дзяржаваў.
Выглядае, што беларускі ўрад ставіцца да гэтага пытання сур’ёзна. Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, ён знайшоў рэсурсы для праектаў у сферы ваеннага або двайнога прызначэння – напрыклад, праектавання і вырабу сістэмы залпавага агню і іншых відаў зброі разам з кітайскімі і, верагодна, украінскімі кампаніямі. Ён таксама накіраваў рэсурсы на рамонт старых беларускіх знішчальнікаў, паставіўшы інтарэсы нацыянальнай бяспекі над эканамічнымі разлікамі.
Толькі нешматлікія эксперты заўважылі гэтыя тэхнічныя дэталі, у той час як прыняцце новай ваеннай дактрыны прыцягнула значна больш увагі. Дактрына, аднак, ёсць толькі адным невялікім відавочным прыкладам фундаментальных зменаў у беларускай знешняй палітыцы і бяспецы, выкліканым палітыкай Пуціна на постсавецкай прасторы. Мінск не зможа справіцца з новымі рызыкамі без супрацоўніцтва з іншымі краінамі ў рэгіёне і за яго межамі. Але ён робіць тое, што можа рабіць.
26 кастрычніка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін меўся абмеркаваць планы стварэння расійскай авіябазы ў Беларусі са сваім беларускім калегам Лукашэнкам. Але ў выніку яны не сустрэліся.
Замест гэтага, рускі генерал заявіў журналістам, што рашэнне па базе было ўжо ўзгоднена з беларускім бокам. Міністэрства абароны Беларусі ў адказ запярэчыла, што палітычнае рашэнне па аб’екце не было прынятае.
Стварэнне расійскай авіябазы ў Беларусі спазняецца ўжо на два гады. Аднабаковыя заявы расійскіх чыноўнікаў на працягу ўсяго гэтага перыяду прыхоўваюць адсутнасць прагрэсу па гэтым пытанні. Расійская Независимая газета паскардзілася, што «шматгадовае супрацоўніцтва паміж Мінскам і Масквой не прынесла эфектыўнага механізма сумеснай абароны».
Між тым, ў апошні час скарацілася і колькасць беларускіх афіцэраў, якія навучаюцца ў Расіі, і маштаб рэгулярных сумесных вайсковых вучэнняў, што адбываюцца ў верасні.
Мінск ясна тлумачыць сваю нязгоду з разгортваннем базы
Расія прапанавала стварыць сваю авіябазу ў Беларусі ў красавіку 2013 года. Але перад кастрычніцкімі выбарамі Лукашэнка адхіліў любую магчымасць падобных планаў, і абвінаваціў кіраўніцтва Расіі ва ўкідзе ў прэсу непраўдзівай інфармацыі.
Лукашэнка і Пуцін меліся абмеркаваць базу ў кастрычніку гэтага года на саміце ў Астане. Але пасля Астаны, беларускія ўлады працягваюць цвёрда выступаць супраць авіябазы. Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў і міністар замежных справаў Уладзімір Макей у канцы кастрычніка раскрытыкавалі ідэю расійскай авіябазы.
Апроч таго, на сумеснай нарадзе 21 кастрычніка міністэрствы абароны Беларусі і Расіі, падчас абмеркавання адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны, бакі не закранулі пытання расійскай авіябазы, хоць яна была б неад’емнай часткай такой сістэмы.
Лукашэнка катэгарычна адмаўляецца прымаць расійскую авіябазу. Ён хоча ахоўваць неба Масквы у адпаведнасці са сваімі саюзніцкім абавязальніцтвам – пры дапамозе беларускіх ўзброеных сілаў. Кіраўнік Беларусі працягвае тармазіць пытанне авіябазы з надзяй павялічыць эканамічную выгаду, якую Беларусь атрымлівае ад Масквы.
Расійская авіябаза ў Беларусі: палітычны, а не вайсковы крок
Улічваючы цвёрдую пазіцыю Мінска, Масква зноў вырашыла змяніць свае планы. Яна ўжо пагадзілася перасунуць базу ад мяжы з сябрамі НАТА (з Ліды або Баранавічаў у Бабруйск), а таксама адкласці яе стварэнне.
24 кастрычніка начальнік аператыўнага ўпраўлення паветраных і касмічных сілаў Расіі Аляксандр Ляпкін, выступаючы на семінары ў Маскве заявіў, што Расія хоча размясціць дванаццаць знішчальнікаў Су-27 і чатыры верталёты Мі-8 у Беларусі. Гэта палова таго, што запатрабавала Расія падчас першых абмеркаванняў па стварэнні базы.
Гэткая гнуткасць уздымае пытанне аб стратэгічным значэнні базы, якая можа быць лёгка перанесеная з аднаго канца Беларусі ў іншы, і паменшыць свае сілы ўдвая. Відаць, Масква хоча атрымаць базу ў любой форме. База ёй патрэбная не для таго каб супраціўляцца НАТА, але для нейкіх іншых мэтаў.
Шляхам стварэння вайсковай базы ў Беларусі, Крэмль дамагаецца ў першую чаргу палітычнай мэты – скасаваць любыя праявы беларускага нейтралітэту, якія пабудаваў Мінск у апошняе дзесяцігоддзе, адасабляючыся ад шматлікіх палітычных крокаў Расі (напрыклад, у дачыненні Грузіі і Ўкраіны) і шукаючы альтэрнатыўных знешнепалітычных партнёраў.
Два дзесяцігоддзі супрацоўніцтва ў сферы абароны: дэкларацыі і рэчаіснасць
На сумеснай канферэнцыі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі 21 кастрычніка, расійскія вайскоўцы паскардзіліся, што нягледзячы на 20 гадоў шчыльнага вайсковага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі па-ранейшаму не мае выразнай абарончай сістэмы.
На канферэнцыі таксама абмяркоўвалася рэалізацыя дамоўленасцяў аб знешніх межах Саюзнай дзяржавы і адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны. Апошняя знаходзіцца ў гаротным стане. У 2013 годзе Масква абвясціла аб стварэнні адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расіі, але яна дагэтуль не функцыянуе.
Беларусь у вайсковым плане цесна звязаная з Расіяй, але заявы аб гэтай сувязі і рэчаіснасць моцна адрозніваюцца. Такім чынам, хоць фармальна Беларусь купляе ў Расіі амаль усе найноўшыя ўзбраенні, якія сама не можа вырабляць, гэта толькі палова праўды.
Па-першае, Мінск не можа дазволіць сабе купляць буйныя вайсковыя сістэмы, нягледзячы на пагаршэнне стану сваёй вайсковай тэхнікі. У гэтым годзе яна набыла чатыры трэніровачныя самалёты Як-130 і плануе купіць яшчэ чатыры. Абвешчаная ўгода па куплі у Расіі бронетранспарцёраў існуе пакуль толькі на паперы. Гэта былі адзіныя буйныя пакупкі, якія Беларусь зрабіла з моманту здабыцця незалежнасці. Выключэннем сталі бадай што толькі зенітна-ракетныя комплексы. Масква перадала іх Мінску толькі таму, што не магла дапусціць дэградацыі сістэмы беларускай СПА, якая абараняе расійскую паветраную прастору.
Па-другое, пасля таго, як Крэмль у канцы 2000-х — пачатку 2010-х гадоў адмовіўся перадаць Беларусі пэўныя віды сучасных узбраенняў, такіх як ракетны комплекс Іскандэр, у 2009 годзе Мінск распачаў супрацоўніцтва з Кітаем па распрацоўцы новых узбраенняў. У 2012-2013 гадах, Мінск падпісаў два пагадненні з Кітаем аб распрацоўцы двух буйных сістэму ўзбраенняў: рэактыўнай сістэмы залпавага агню і зенітна-ракетнага комплекса. Першае з іх ўжо прынесла свой плён – сёлета Мінск прадэманстраваў сістэму залпавага агню “Паланэз”.
Змяншэнне супрацоўніцтва пачалося пасля Крыму?
Масква мае падставы непакоіцца станам беларуска-расійскай інтэграцыі і ў сферы вайсковай адукацыі. Беларусь пасылае многа вайсковых спецыялістаў на навучанне ў Расію — у апошнія 17 гадоў больш за 1126 афіцэраў прайшлі там навучанне. Але колькасць беларускіх афіцэраў, што едуць вучыцца ў Расію пасля ўкраінскага крызісу рэзка скарацілася. Год таму такіх было 447, сёлета толькі 374.
Іншым прыкладам з’яўляецца правядзенне сумесных вайсковых вучэнняў. Беларусь і Расія рэгулярна праводзяць сумесныя шырокамаштабныя вучэнні, такія як Шчыт Саюза. Мала хто з каментатараў згадаў той факт, што сёлета ў гэтай падзеі ўдзельнічалі значна меншыя сілы.
Чатыры гады таму 12000 салдатаў і 450 транспартных сродкаў прадэманстравалі свае навыкі на Шчыце Саюза-2011, а ў гэтым годзе Мінск і Масква адправілі туды толькі 8000 салдатаў і каля 400 транспартных сродкаў. Акрамя таго, упершыню сумеснымі сіламі на вучэннях камандаваў беларускі афіцэр, начальнік Генеральнага штаба Беларусі Алег Белаконеў.
Відавочна, што Беларусь захоўвае і павялічвае сваю аўтаномію ў вайсковай сферы. Мінск не будзе канфліктаваць з Масквой і застанецца партнёрам Расіі. Тым не менш, беларускі ўрад прымае рашэнні самастойна. Хаця многія, асабліва ў расійскіх СМІ, спрабуюць даказаць адваротнае, кожны аспект вайсковага супрацоўніцтва паміж краінамі сведчыць аб павелічынні аўтаноміі Мінска.
Масква хоча супрацьпаставіць гэтай тэндэнцыі свае расійскія баявыя падраздзяленні, размешчаныя ў Беларусі. Стварэнне расійскай авіябазы відавочна павысіць магчымасці ўплыву Масквы на Беларусь і зменшыць здольнасць Мінска праводзіць больш збалансаваную і нейтральную палітыку.
Сяргей Богдан – навуковы дырэктар Цэнтра Астрагорскага. Ён з’яўляецца выпускніком Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Літве.
Social Icons