Нацыянальная бяспека і абарона Беларусі ва ўмовах эканамічнага крызісу і росту міжнароднай напружанасці: дасягненні і памылкі (+відэа)

Падчас экспертнай дыскусіі на панэлі «Нацыянальная бяспека і абарона Беларусі ва ўмовах эканамічнага крызісу і росту міжнароднай напружанасці: дасягненні і памылкі» меркаванні экспертаў часта былі супрацьлеглыя, але па шэрагу пытанняў назіралася паразуменне.

Дыскусія, поўны запіс якой даступны ніжэй, адбылася на канферэнцыі Ostrogorski Forum 2017  ў Мінску 19 чэрвеня.

Ostrogorski Forum імкнецца наладзіць дыскусію сярод экспертаў, якія ўплываюць на меркаванне грамадскасці, з мэтай наладзіць адкрыты дыялог людзей з рознымі поглядамі.

Удзельнікі

Аляксандр Гелагаеў, вайсковы аглядальнік

Аляксандр Шпакоўскі, кіраўнік праекта “Актуальная канцэпцыя”

Дзяніс Мельянцоў, старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў

Аляксандр Алесін, вайсковы аглядальнік

Згода: Беларусь не застрахаваная ад гібрыднай агрэсіі і здолела зрэагаваць на змену сітуацыі бяспекі

Удзельнікі панэлі пагадзіліся, што наўпроставай вайсковай пагрозы для Беларусі сёння няма, але не адна краіна можа гарантаваць сваю абароненасць ад гібрыднай агрэсіі, якая адбываецца без аб’яўлення вайны і ўключае эканамічныя, палітычныя і інфармацыйныя метады барацьбы.

Беларускія ўлады пасля ўкраінскага крызісу зрабілі высновы, што адлюстравалася ў шэрагу дакументаў, у тым ліку вайсковай дактрыне, дзе з’явілася паняцце гібрыднай пагрозы. Улады ўзялі курс на выраб уласнай летальнай зброі і ўмацаванне сілаў спецыяльных аперацый, ажывілі тэрытарыяльную абарону. У палітыным накірунку яны ініцыявалі стварэнне мінскай перамоўнай пляцоўкі, што стала значным дасягеннем, бо прыняццё аднаго з бакоў канфлікту стварыла б для Беларусі вялікія праблемы.

Таксама ніхто з удзельнікаў не пярэчыў думцы, што для Расіі Беларусь грае выключную ролю ў якасці вайсковага саюзніка і фактычна прыкрывае заходні рэгіён РФ.

Супярэчнасці: грамадзянскі канфлікт ці эканамічны крызіс – што ёсць большай пагрозай бяспецы Беларусі?

На думку Аляксандра Гелагаева, прэстыж вайсковай службы ў Беларусі застаецца нізкім. Спарахнелая савецкая ідэалогія не матывуе моладзь, а эканоміка не дазваляе фінансаваць войска на належным узроўні. Адмаўленне ўладамі нацыянальнай ідэі як ідэлагічнай асновы войска прыводзіць да таго, што моладзь не ўспрымае незалежнасць і яе абарону як каштоўнасці. Гэта таксама псуе міжнародны імідж Беларусі, бо яе армія ўспрымаецца многімі як частка расійскай.

Аляксандр Шпакоўскі і Дзяніс Мельянцоў выказалі нязгоду з тым, што сістэма сілавых структураў у Беларусі не працуе ў плане захвання нацыянальнай бяспекі. Беларусь ёсць адзінай постсавецкай дзяржавай, якая не мае канфліктаў з суседзямі і яўных унутраных канфліктаў міжнацыянальнага і міжканфесійнага характара.

На думку Шпакоўскага, у Беларусі нельга будаваць дзяржаўную ідэалогію па мадэлі нацыяналізму, бо яна спараджае ўнутраныя канфлікты ў грамадстве. Апроч таго, Расія паказала, што здольная адстойваць свае інтарэсы на постсавецкай прасторы, і гэта трэба ўлічваць. Замест гэтага варта развіваць ідэю інтэрнацыяналізму (мірнага суіснавання розных народаў на тэрыторыі Беларусі без гвалтоўнага прымусу да беларушчыны), знітавання вакол суверэнітэту краіны і разумення яе месца ў міжнароных адносінах. Валер Карбалевіч мяркуе, што альтэрнатывай нацыянальнай ідэі ў сённяшнім кантэксце можа быць толькі ідэя “рускага свету”.

Аляксандр Шпакоўскі сцвярджае, што асноўная пагроза для Беларусі сёння – гэта небяспека грамадзянскага канфлікту ідэнтычнасці, нацыяналістычнага і савецкага праектаў, які можа быць справакаваны знешнімі актарамі. Валер Карбалевіч насуперак гэтаму кажа, што ў краіне ўжо ёсць востры ўнутрыпалітычны канфлікт. Праблема палітычнага рэжыму ў Беларусі многа гадоў абмяркоўваецца на многіх міжнародных пляцоўках. А самай вострай пагрозай ён лічыць крах сацыяльна-эканамічнай мадэлі ў Беларусі. У гэтым сэнсе з ім пагаджаецца Аляксандр Алесін, які мяркуе, што галоўная пагроза – гэта беднасць краіны, якая не дазваляе выдаткоўваць дастаткова грошай на бяспеку.

У адрозненне ад Карбалевіча, Дзяніс Мельянцоў сцвярджае, што ўнутрыпалітычнага канфлікта ў Беларусі няма, калі яго разумець як супрацьстаянне палітычных груповак, якія маюць уплыў на прыняццё рашэнняў. Ёсць досыць маргінальная група людзей з адрознай ад дзяржавы пазіцыяй, але яна не ўплывае на рашэнні. Шпакоўскі падтрымлівае яго думку і лічыць, што палітыка дзяржавы ад 1995 года наадварот была скіраваная на прадухіленне канфлікту, які спрабуюць стварыць заходнія агенты ўплыву.

На думку Шпакоўскага, краіны Балтыі, Польшча і Украіна крытыкуюць вучэнні Захад 2017, бо хочуць атрымаць ад NATO летальную зброю, а таксама адвесці ўвагу ад вучэнняў NATO на сваёй тэрыторыі. Гэтыя краіны самі размясцілі замежныя войскі на сваёй тэрыторыі і не могуць лічыцца незалежнымі. Аляксандр Гелагаеў у адказ Шпакоўскаму сцвярджае, што нельга параўноўваць 25 невялікіх вучэнняў NATO, якія падкрэслена дэманструюць абарончы характар, з Захадам 2017, дзе ўдзельнічаюць сотні тысяч салдат па ўсёй мяжы АДКБ і вяглядаюць як пэўны выклік суседу.

Пасол Украіны Ігар Кізім запярэчыў, што краіны NATO ясна дэкларуюць мэты вучэнняў, чаго не відаць у выпадку Захаду 2017. Каб не выклікаць у заходніх суседзяў страху, Беларусі трэба дэманстраваць большую адкрытасць, бо NATO успрымае Беларусь як фарпост РФ і  лічыць, што ўказанні ідуць з Масквы. Дзяніс Мельянцоў не пагаджаецца з непразрыстасцю вучэнняў Захад 2017, бо ўсё адбываецца паводле міжнародных дамоваў.  За месяц да вучэнняў будзе агалошаны сцэнар і запрошаныя назіральнікі. Вучэнні NATO ён лічыць даволі маштабнымі і сувымернымі маштабам АДКБ, таму Расіі трэба паказаць сваю моц, а Беларусь як саюзнік мусіць у гэтым удзельнічаць.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *