На чыім баку знаходзіцца Беларусь у сірыйскай грамадзянскай вайне?

Фота: belprauda.org

7 верасня ізраільскія ВПС атакавалі Навукова-даследчы цэнтр сірыйскі ваенных. Па дадзеных выдання Times of Israel, беларусы маглі быць сярод тых, хто працаваў ў Цэнтры.

Між тым, балгарская хакерская група нядаўна апублікавала дакументы, паводле якіх азербайджанская авіякампанія “Шаўковы шлях”, якая перавозіць зброю для сірыйскай апазіцыі, накіроўвала некаторыя з сваіх рэйсаў праз Мінск. Адначасова з гэтым, расійскія і польскія СМІ распаўсюдзілі паведамленні пра меркаваныя здзелкі па зброі паміж Мінскам і спонсарамі сірыйскай апазіцыі на некалькі мільёнаў еўра.

Беларусь, такім чынам, абвінавачваецца ў помачы ўсім бакам у сірыйскай грамадзянскай вайне. Але наяўныя дадзеныя сведчаць пра тое, што Мінск з’яўляецца толькі ўскосным удзельнікам. Яго ўдзел у сірыйскім канфлікце ў якасці пастаўшчыка зброі абмяжоўваецца працай з пасярэднікамі, якія дзейнічаюць ад імя заходніх краінаў і іх саюзнікаў.

Беларусь не мае ракетнай тэхналогіі для Дамаска

15 верасня Times of Israel апублікавала артыкул пра нібыта наяўнасць абароннага супрацоўніцтва паміж беларускім і сірыйскім урадамі. Яна цытуе ізраільскага незалежнага аналітыка ў галіне выведкі Ронена Саламона, паводле якога беларусы працуюць у Навукова-даследчым цэнтры сірыйскіх вайскоўцаў і дапамагаюць Дамаску палепшыць балістычныя ракеты.

Аднак сірыйскі апазіцыйны сайт Zaman al-Wasl паведаміў, што на атакаваным аб’екце працавалі рускія, іранцы і паўночнакарэйцы. Саламон сказаў Times of Israel, што “улічваючы характар мясцовасці і інтарэсы Расіі ў рэгіёне, малаверагодна, што Масква накіравала б экспертаў на такі аб’ект”, таму гэта напэўна былі беларусы.

Ён таксама зазначыў, што “Беларусь … асабліва дасведчаная ў абсталяванні існуючых ракет лепшымі сістэмамі навядзення … беларускія кампаніі … таксама рэкламуюць сваю гатоўнасць прадаваць тэхналогіі, якія марыць атрымаць Хізбала, напрыклад, зенітныя сістэмы, беспілотныя лятальныя апараты і супрацькарабельныя ракеты”.

Беларусь, аднак, мала што можа прапанаваць Дамаску у пытанні ракетных тэхналогій. Мінск атрымаў у спадчыну шмат ваенных тэхналогій з Савецкага Саюза, але не мае амаль нічога для будаўніцтва ракетаў. На пачатку 2010-х гадоў краіна нават прасіла кітайцаў, і, магчыма, украінцаў дапамагчы сабраць сістэмы залпавага агню. Гэтыя тыпы сістэм з’яўляюцца базавымі для краіны, якая мае намер асвойваць ракетныя тэхналогіі. Сёлета на выставе абароннай прамысловасці ў Мінску беларускія кампаніі прадэманстравалі нешта падобнае да крылатай або балістычнай ракеты малой дальнасці, але гэта не тыя тыпы тэхналогій, якія цікавяць Сірыю ці яе іранскіх саюзнікаў.

Больш за тое, нават калі б Беларусь мела што прапанаваць сірыйскаму ўраду, яна б наўрадці гэта зрабіла. Мінск ведае, што падобныя здзелкі з уцягнутым у вайну Асадам наўрад ці прынясуць грошы. Апроч таго, яны могуць сапсаваць адносіны Беларусі з супернікамі Асада, у прыватнасці, багатымі арабскімі кансерватыўнымі рэжымамі.

Бясконцыя абвінавачванні

У 2012 годзе рэспектабельны амерыканскі СМІ The Atlantic паведаміў, што Мінск можа паспрабаваць дапамагчы Сірыі пабудаваць валаконна-аптычныя гіраскопы для ракет тыпу зямля-зямля. Аднак доказаў гэтаму ніколі не было публічна прадстаўлена.

Башар Асад у Беларусі ў 2010 годзе. Фота: CTV.by

Тым не менш, пачынаючы з 2012 года Міністэрства фінансаў ЗША наклала санкцыі ў дачыненні да беларускай абароннай фірмы “Белзнешпрамсервіс”. Санкцыі былі ўведзеныя за парушэнне Акта пра нераспаўсюджванне ў дачыненні да Ірану, Паўночнай Карэі і Сірыі, які забараняе пастаўляць гэтым краінам любыя матэрыялы і абсталяванне, звязаныя са зброяй масавага знішчэння, крылатымі або балістычнымі ракетамі.

Не ясна, што стала прычынай увядзення санкцый ЗША. Яшчэ ў 2012 годзе СМІ паведамілі пра тое, што санкцыі былі ўведзены з-за паставак Сірыі “выбухоўнікаў для авіяцыйных бомбаў агульнага прызначэння”. Але на самой справе прычынай магла быць здзелка з любой з трох пералічаных краін. Пагатоў, дакладна вядома, што ў гэты перыяд Мінск пастаўляў радары Ірану.

Зброя для сірыйскай апазіцыі: што ведаў Мінск?

Тымчасам, 30 жніўня расійскі сайт EADaily апублікаваў вялікі артыкул пра нібыта пастаўкі беларускай зброі радыкальнай сірыйскай апазіцыі. На думку расійскіх журналістаў, “пастаўкі ажыццяўляліся праз ланцужок пасярэднікаў, але Мінск не можа не ведаць канчатковых атрымальнікаў”.

Артыкул EADaily быў не першай навіной пра беларускае ўзбраенне, якое ішло для сірыйскай апазіцыі праз Балканы. Ужо ў верасні 2015 года амерыканскі сайт Buzzfeed распавёў, што падрадчык з ЗША праз балгарскага пасярэдніка набыў у Беларусі 700 ракет для супрацьтанкавых сістэмаў “Конкурс” . Акрамя таго, артыкул у Buzzfeed сцвярджаў, што амерыканскія інструктары, якіх паслалі навучаць байцоў сірыйскай апазіцыі, на шляху ў Сірыю наведвалі  Беларусь.

Сірыйская грамадзянская вайна. Фота: RT.com

Гэта можа быць толькі верхам айсберга. У афіцыйным паведамленні балгарскае Міністэрства эканомікі сведчыць пра імпарт зброі з Беларусі на суму €37.8 млн за 2015 год. У 2016 годзе імпарт беларускай зброі вырас да €84.2 млн.

Большая частка гэтых паставак ішла праз Румынію, таму зброя падлягала мытнаму дэклараванню. Паводле афіцыйных дадзеных МЗС Румыніі, Беларускі ваенны экспарт у Балгарыю праз Румынію ў 2015 годзе ўключаў не толькі гладкаствольную зброю з калібрам больш за 20 мм, але і розныя ўзбраенні з калібрам больш за 12,7 мм, боепрыпасы, ракеты, артылерыйскія снарады і бомбы. У 2016 годзе румынскі МЗС адсачыў імпарт ракетных комплексаў і артылерыйскіх снарадаў калібрам больш за 122мм, гранаты RPG, ракеты, і браніраваны аўтамабіль.

Гэтыя пастаўкі выглядаюць незвычайна, бо да 2015 года Беларусь наўрад ці экспартавала зброю ў Балгарыю. Напрыклад, паводле дадзеных Міністэрства эканомікі Балгарыі, у 2013 годзе Балгарыя імпартавала ракетаў, артылерыйскіх снарадаў і ваеннай электроннай тэхнікі з Беларусі на суму €411,000.

Зброя з Беларусі забяспечвае алібі для спонсараў сірыйскай апазіцыі

Вядома, гэтыя абвінаваўчыя паведамленні маўчаць пра канчатковы пункт прызначэння беларускай зброі. Балгарыя не мае неабходнасці ў гэтай зброі. EADaily, акрамя таго, заўважыў, што экспарт з Беларусі ў Балгарыю супадае з памерам афіцыйнага балгарскага экспарту падобных узбраенняў у ЗША і Саудаўскую Аравію. Найбольш верагодна, што беларуская зброя пайшла да сірыйскай апазіцыі.

Дастаўка беларускай гуманітарнай дапамогі ў Сірыю ўлетку 2017 года. Фота: БелТА

Як ні дзіўна, сама Балгарыя вырабляе практычна ўсе віды абсталявання і боепрыпасаў, якія яна купіла ў Мінска. Такія здзелкі, аднак, не пазбаўленыя сэнсу, таму што Мінск дагэтуль мае ўзбраенні, што засталіся з савецкіх часоў. Такая зброя не будзе прыцягваць шмат увагі ў краіне, якая на працягу многіх дзесяцігоддзяў купляла савецкую зброю.

Але сітуацыя выглядае больш складанай. Зброя магла пайсці з Балгарыі не толькі ў Сірыю. Хакеры з групы Anonymous нядаўна апублікавалі дакументы, скрадзеныя з азербайджанскай авіякампаніі “Шаўковы шлях”. Дакументы паказваюць, што кампанія перавозіла зброю для сірыйскай апазіцыі. Яны таксама сведчаць, што “Шаўковы шлях” ажыццяўляў палёты з Мінска, але не ў кірунку Блізкага Усходу. 14 лютага кампанія перавозіла боепрыпасы з Мінска праз Балгарыю ў Афганістан.

У цэлым, заходнія і расійскія СМІ рэгулярна разважаюць пра меркаваныя сувязі Беларусі з рознымі бакамі ў сірыйскай грамадзянскай вайне. Непразрысты і адносна невядомы беларускі рэжым натуральным чынам становіцца аб’ектам падобных абвінавачванняў. У прыватнасці, такія спекуляцыі даюць тлумачэнне цьмяным выпадкам кшталту сірыйскага ракетнага цэнтра.

Акрамя таго, абвінавачванні Беларусі ў дапамозе сірыйскаму ўраду ці апазіцыі могуць быць выкарыстаныя ў якасці палітычнага інструмента супраць Мінску.

Калі абвінавачванні будуць даказаныя, нядобрасумленныя здзелкі ў такім канфлікце могуць быць кваліфікаваныя як грубае парушэнне міжнародных пагадненняў у галіне бяспекі. Рэакцыя ўплывовых дзяржаваў, такіх як ЗША ці Расія, на такое парушэнне будзе значна больш жорсткім, чым іх рэакцыя на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *