Міграцыя і нацыянальная бяспека ў Беларусі

У сакавіку 2016 года беларускі ўрад зацвердзіў новую нацыянальную праграму аховы здароўя і дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на перыяд 2016-2020 гадоў.

Яна накіраваная на «стабілізацыю колькасці насельніцтва і падаўжэнне працягласці жыцця». Для дасягнення гэтых важных мэтаў ўрад плануе, сярод іншага, павялічыць працягласць жыцця з цяперашніх у сярэднім 73,2 гадоў да 74,6 гадоў і прыняць 70,000 мігрантаў з-за мяжы.

Гэтым фактам урад прызнае ролю міграцыі ў захаванні дэмаграфічнай бяспекі. Аднак прагназаваная колькасць мігрантаў уяўляецца вельмі сціплай. Між тым, нацыянальнае статыстычнае агенцтва Белстат толькі ў 2015 годзе зарэгістравала 28,349 мігрантаў.

Вялікая колькасць мігрантаў спрыяла павелічэнню агульнай колькасці насельніцтва і пераважыла высокі ўзровень смяротнасці. Невядома, ці  гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца, але Беларусь ужо цяпер мусіць вучыцца выкарыстоўваць магчымасці міграцыі.

Прыток і адток мігрантаў

Пасля распаду Савецкага Саюза, Беларусь і Расія сталі адзінымі краінамі ў рэгіёне, якія ў 2000-я гады мелі станоўчы прыток міграцыі. Белстат называе лічбу ў 28,349 міжнародных мігрантаў у 2015 годзе. З іх 22,505 паходзяць з СНД або былых савецкіх рэспублік, а астатнія 5,844 — з іншых краінаў. Гэта прывяло сальда міграцыі да рэкордна высокага станоўчага ўзроўню — 18,494 чалавек за апошняе дзесяцігоддзе.

Відавочна, што колькасць прыбылых у Беларусь мігрантаў дасягнула свайго піку ў 2015 годзе з-за вайны ў суседняй Украіне. Але дзяржаўныя органы імкнуцца прыпісаць павелічэнне прытоку мігрантаў не да вайны, а да паляпшэння інвестыцыйнага клімату і эканамічнай прывабнасці краіны. Украінцы і мігранты з іншых краінаў СНД добра адаптуюцца да беларускага грамадства: яны маюць белую скуру, вызнаюць у асноўным хрысціянства і размаўляюць па-руску.

Але для таго, каб сальда міграцыі заставалася станоўчым, беларусы самі не павінны пакідаць сваю краіну. Паводле звестак Белстата, у 2015 годзе назаўсёды пакінулі Беларусь 9,855 чалавек. Аднак статыстыка краін прызначэння малюе зусім іншую карціну.

У 2014 годзе за мяжой жылі 1,3 мільёна ці 453,479 беларусаў,  адпаведна 14,4% і 4,8% ад агульнай колькасці насельніцтва. Велізарная розніца паміж гэтымі дзвюма ацэнкамі залежыць ад таго, якім чынам лічацца беларусы  ў Расіі: паводле краіны паходжання або грамадзянства.

Плыні працоўнай міграцыі

Старэнне і дэпапуляцыя ўяўляюць сур’ёзную пагрозу для беларускай эканамічнай бяспекі. Міграцыя можа аблегчыць дадзеную праблему, але гэта патрабуе адмысловага тыпу мігрантаў — працоўных мігрантаў.

Паводле звестак МУС, ў 2015 годзе 31,770 замежных грамадзянаў атрымалі працу ў Беларусі, але прыцягенне працоўных мігрантаў сутыкаецца з шэрагам праблемаў. Гэта не толькі прыцягненне кваліфікаваных працоўных і іх захаванне, але і забеспячэнне іх доўгатэрміновай занятасці, у адрозненне ад разавых кантрактаў.

Прыведзеная лічба дэманструе зніжэнне колькасці мігрантаў у параўнанні з 2014 годам (тады было 37,868 чалавек). Міністэрства ўнутраных спраў тлумачыць гэта зніжэнне «стабілізацыяй сітуацыі ў Паўднёва-Усходняй Украіне». 14,045 ўкраінцаў падалі запыт і атрымалі афіцыйны дазвол на працу ў Беларусі ў 2015 годзе.

Пасля ўкраінцаў паводле колькасці мігрантаў ідуць 7,225 грамадзянаў Кітая, 2209 расійцаў, 1707 узбекаў і 657 турак.

Мігранты з краін СНД, Кітая і Турцыі ў асноўным прыязджаюць на фізічную працу, у той час як высокакваліфікаваныя працаўнікі, колькасць якіх шмат меншая, паходзяць у асноўным з суседніх краін Балтыі. На дадзены момант выглядае, што Беларусь не мае канкурэнтных перавагаў у прыцягненні і ўтрыманні высокакваліфікаваных замежных працаўнікоў. Суседняя Польшча спрабуе спакусіць маладую працоўную сілу картай паляка і іншымі выгодамі. У адрозненне ад Беларусі, Польшча можа прапанаваць мігрантам доступ да іншых еўрапейскіх краінаў і свабоду перамяшчэння ў ЕС.

Магчыма, Беларусі варта засяродзіцца не на прыцягененні замежнікаў, а на захаванні ўласных талентаў. Міністэрства ўнутраных спраў рэгіструе толькі тых працоўных мігрантаў, якія жадаюць паказаць дзяржаве падпісаныя працоўныя дамовы. У мінулым годзе 6,328 грамадзянаў падалі такую ​​інфармацыю ў Дэпартамент па міграцыі, з іх 5359 чалавек ехалі на заробкі ў Расію. Вядома, нішто не перашкаджае людзям пакідаць Беларусь у пошуках працы за мяжой самастойна, без рэгiстрацыi ў Беларусі або краіне прызначэння.

Іншыя тэндэнцыі ў галіне міграцыі

У той час як Еўропа змагаецца з тысячамі бежанцаў і мігрантаў з Сірыі і іншых краінаў Блізкага Ўсходу, Беларусь застаецца для іх толькі краінай транзіту. Усяго тры сірыйскія сям’і з 6 дарослых і 8 дзяцей перасяліліся ў Беларусь у 2015 годзе. Яны знайшлі свой новы дом у Гомелі.

Паводле дадзеных Управы ААН па справах бежанцаў у Беларусі з 1997 года атрымалі статус бежанца 910 чалавек з 19 краін. У 2015 годзе быў адбыўся рост колькасці асобаў, якія шукаюць прытулку, збольшага за кошт украінцаў.

Пачынаючы з 1950-х гадоў гарадское насельніцтва Беларусі пастаянна павялічваецца. Сёння больш за 75% беларусаў жывуць у гарадах. Кожны трэці беларус жыве ў Мінску або Мінскай вобласці. Па прагнозах ААН, гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца — доля гарадскога насельніцтва чакаецца на ўзроўні 80% да 2030 года.

Цікава, што людзі ў гарадах, як правіла, жывуць на пяць гадоў даўжэй, чым людзі ў сельскай мясцовасці — 74,4 і 69,6 гадоў адпаведна. Беларусам урбанізацыя абяцае даўжэйшае і больш камфортнае жыццё з лепшай сацыяльнай і медыцынскай дапамогай.

Але Нацыянальная праграма аховы здароўя і дэмаграфічнай бяспекі траціць сувязь з рэальнасцю, прынамсі, з пункту гледжання міграцыйнага кампанента. Калі беларускія ўлады нічога не зробяць, 70,000 новых мігрантаў наўрад ці прыедуць ў Беларусь у бліжэйшыя пяць гадоў. Канчатковыя мэты міграцыйнай палітыкі павінны ўключаць у сябе прыцягненне высокакваліфікаванай працоўнай сілы і захаванне ўласных талентаў. Адпаведныя карэкціроўкі заканадаўства, эканамічныя рэформы і перспектыўныя інвестыцыйныя магчымасці могуць палепшыць імідж Беларусі для больш маладых, высокакваліфікаваных працоўных мігрантаў.

У той жа час Беларусь застаецца вельмі гамагенным урбанізаваным грамадствам, дзе амаль 84% насельніцтва ідэнтыфікуюць сябе як беларусы і 8,3% — як рускія. Сёння насельніцтва Беларусі складае прыкладна 9,5 млн. Тэндэнцыі міграцыі, апісаныя вышэй, наўрад ці зменяць гэтую сітуацыю ў бліжэйшыя гады. Нямногія ўцекачы з краінаў Блізкага Ўсходу ці Азіі разглядаюць Беларусь як краіну прызначэння. На жаль, яшчэ меншая колькасць высокакваліфікаваных працоўных мігрантаў лічаць Беларусь прывабным варыянтам для працы і жыцця.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *