Колькі дывізій ў Лукашэнкі?

Фота: Беларуская ваенная газета

18 лютага Аляксандр Лукашэнка прапанаваў размясціць на ўсходзе Украіны 10-тысячны беларускі кантынгент у якасці міратворцаў. Гэта даволі вялікая амбіцыя для беларускага войска, якое агулам мае 46,000 вайскоўцаў.

Мінск надае ўсё большую ўвагу сваёй арміі і нават павялічыў выдаткі на ўзброеныя сілы на адну пятую. Але ў беларускай арміі застаюцца праблемы, якія выходзяць за рамкі набыцця зброі. Яна штогод прыцягвае ўсё менш прызыўнікоў, чым патрабуецца, таму вымушаная выкарыстоўваць прафесійных салдатаў і рэзервістаў. Такім чынам, армія прыстасоўваецца да патрэбаў краіны.

Зброя або салдаты? Беларуская дылема выдаткаў

Сёлета годзе выдаткі Беларусі на войска склалі 576 млн даляраў — прыкладна на пятую больш, чым летась. Гэта невялікая лічба, бо нават суседзі Беларусі са значна меншымі войскамі выдаткоўваюць на абарону больш. Але трэба ўлічваць, што краіны Балтыі шмат плацяць за заходнюю тэхніку, у той час як Мінск мае савецкія запасы, а таксама абаронныя прадпрыемствы, якія вырабляюць пэўнае абсталяванне па даступных цэнах.

Фота: ONT.by

Паколькі Беларусь павялічыла свой вайсковы бюджэт, першапачаткова здавалася, што яна вылучыла больш сродкаў для куплі ў Расіі дарагіх знішчальнікаў. Але пазней стала зразумела, што павелічэнне тычыцца не толькі абсталявання. Па-першае, здзелка па самалётах, паводле апошніх навінаў, яшчэ не здзейсненая. Па-другое, рост выдаткаў можа часткова тлумачыцца ростам выдаткаў на заробкі. У 2017 годзе ўрад павышаў заработную плату вайскоўцам ажно тры разы, а заробкі цывільным чыноўнікам — два разы.

Акрамя таго, на працягу некалькіх гадоў беларускія ўзброеныя сілы павялічвалі долю прафесіяналаў — кантрактных салдатаў. Міністр абароны Андрэй Раўкоў у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву БелТА 23 лютага паведаміў, што ў 2014 годзе прафесійныя вайскоўцы і жанчыны складалі 16% усіх салдатаў і сяржантаў, а ўжо сёлета гэты паказчык дасягнуў 20%. Рэшта складаецца з прызыўнікоў і рэзервістаў, якія рэгулярна выклікаюцца на зборы. Хоць чыноўнікі цвёрда настойваюць на тым, што беларускае войска ніколі не будзе цалкам прафесійным, доля прафесійных кантрактнікаў у ім увесь час расце.

Дрэнна навучаныя салдаты і сяржанты

Але гэтыя лічбы хаваюць нізкую якасць падрыхтоўкі нават прафесійных беларускіх вайскоўцаў. Пасля самагубства прызыўніка з-за дзедаўшчыны ў 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры кантрольныя органы пераправерылі ўсіх сяржантаў, якія працуюць з прызыўнікамі ў цэнтры. Вынікі, як паведаміла Беларуская ваенная газета 15 снежня, уражваюць: каля 30% сяржантаў не змаглі пацвердзіць сваю кваліфікацыю, што прывяло да іх звальнення з аб’екта.

ЗРК Ураган. Фота: Беларуская ваенная газета

Сітуацыя з радавымі салдатамі не лепшая. У апошнія дзесяцігоддзі ў беларускае войска прызываецца менш за адну пятую ад ўсёй узроставай групы. Падчас восеньскай кампаніі 2017 года больш за сем з паловай тысяч чалавек былі прызваныя на абавязковую вайсковую службу тэрмінаў 18 або 12 месяцаў, а больш за паўтары тысячы чалавек былі выкліканыя на службу ў якасці рэзервістаў.

На прэс-канферэнцыі 14 лютага міністр Раўкоў наракаў, што каля пяці адсоткаў прызыўнікоў з апошняга прызыву маюць у мінулыя крымінальныя прысуды. Яшчэ на пачатку 2000-х такія людзі не дапушчаліся ў войска. Міністр дадаў, што амаль дзве траціны прызыўнікоў затрымліваліся міліцыяй за адміністрацыйныя правапарушэнні, а 12% знаходзіліся пад сталым назіраннем з-за паўторных правапарушэнняў.

Нядзіўна, што войска пасоўвае свае прыярытэты ад прызыву да найму прафесійных салдатаў, а таксама да прыцягвання большай колькасці рэзервістаў. Апошнія, як правіла, маюць лепшую адукацыю, чым цяперашнія навабранцы, і служаць у арміі некалькі кароткіх перыядаў на працягу двух гадоў. Пазней іх выклікаюць на курсы павышэння кваліфікацыі і ўдзел у вучэннях.

Беларускае войска можа пахваліцца поспехам у падрыхтоўцы рэзервістаў. 7 лютага “Беларуская ваенная газета” распавяла аб 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгадзе, у якой рэзервісты складаюць дзевяноста адсоткаў асабістага складу. Яны працуюць са складанымі сістэмамі, такімі як рэактыўная сістэма залпавага агню “Ураган”, 152,4-міліметровыя гаўбіцы Мста-Б і 152- міліметровыя самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі Гіацынт-С. У 2015-2017 гадах падраздзяленні гэтай брыгады былі прызнаныя найлепшымі артылерыстамі ў беларускім войску.

Беларусь мае дастаткова афіцэраў

Сітуацыя з афіцэрамі выглядае лепш. Выступаючы на ​​афіцыйным мерапрыемстве 18 студзеня, міністр абароны Раўкоў сказаў: “Укамплектаванне афіцэрамі на працягу некалькіх гадоў расце даволі стабільна і цяпер дасягнула самага высокага ўзроўню за ўвесь перыяд існавання беларускай арміі”.

Большасць афіцэраў атрымліваюць адукацыю ў Беларусі. Начальнік аддзела ваеннай адукацыі ў Міністэрстве абароны Ігар Слуцкі 20 снежня заявіў, што 277 афіцэраў і 1114 афіцэраў-рэзервістаў скончылі ў 2017 годзе беларускія навучальныя ўстановы.

Міністр абароны Раўкоў. Фота: Звязда

Традыцыйна значная колькасць беларускіх афіцэраў навучаецца ў Расіі. У асноўным яны павышаюць там кваліфікацыю ці шукаюць вышэйшага ўзроўню ваеннай адукацыі. Афіцыйныя крыніцы падаюць пра гэта толькі агульныя дадзеныя, паводле  якіх сёння амаль 440 беларусаў вучацца па 56 спецыяльнасцях у расійскіх ваенных установах. Іншымі словамі, прапорцыя беларускіх афіцэраў, якія летась атрымалі адукацыю ў Беларусі і ў Расіі, роўная прыкладна тры да аднаго.

Адаптацыя і скарачэнне

Беларускае войска трансфармуецца не толькі ў сферы тэхнічнага абсталявання: урад таксама рэфармуе асабовы склад і агульную структуру.

Хутчэй за ўсё, Мінск будзе, хоць і не радыкальна, памяншаць памеры сваёй рэгулярнай арміі. Гэта вынікае не толькі з выказванняў афіцыйных асобаў аб праблемах з прызыўнікамі, але і з відавочнага недахопу сродкаў для належнага падтрымання існуючай арміі.

Міністэрства абароны працягвае пазбаўляцца ад непатрэбнай тэхнікі і аб’ектаў, што можа сведчыць пра намер скараціць колькасць персаналу. На прэс-канферэнцыі 14 лютага Раўкоў абвясціў аб планах пазбавіцца 25% запасаў зброі, абсталявання і іншага рыштунку.

Узброеныя сілы Беларусі праводзяць аналагічную палітыку ў адносінах і да грамадзянскага персаналу. 21 снежня начальнік аддзела дапаможных службаў міністэрства абароны Дзмітрый Страшынскі паведаміў афіцыйным ваенным СМІ, што ў 2017 годзе  ўстаноўка электроннага абсталявання дазволіла скараціць грамадзянскі персанал, які займаецца бяспекай ваенных баз, на 346 чалавек.

Вядома, Мінск не проста скарачае свае ваенныя выдаткі. Ён таксама купляе неабходнае абсталяванне і перабудоўвае структуру нацыянальных узброеных сілаў. Прыкладам можа быць стварэнне ў снежні новага палка СПА. Новае падраздзяленне, размешчанае ў горадзе Баранавічы, кіруе сучаснымі ракетнымі сістэмамі Тор-M2. Гэта значыць, што Мінск павялічвае свае магутнасці СПА з-за абавязкаў перад Расіяй.

У сваіх уласных інтарэсах Мінск надае першачарговую ўвагу сілам спецыяльных аперацый і ракетным магчымасцям. Іншыя вайсковыя часткі, верагодна, будуць скарочаныя.

З якімі б праблемамі не сутыкалася беларускае войска з пункту гледжання абсталявання і асабовага складу, урад шукае шляхі іх рашэння. Перш за ўсё, ён робіць гэта праз перабудову арміі ў  адпаведнасці з сёняшнімі патрэбамі і магчымасцямі Беларусі. Мінск старанна ўлічвае пэўны расійскія інтарэсы ў сферы абароны, напрыклад, шляхам падтрымання ў сваіх узброеных сілах буйных кампанентаў супрацьпаветранай абароны, але і ставіць у гэтым пытанні выразныя  межы. У астатнім беларускі ўрад праводзіць уласную палітку і сам аплачвае свае ваенныя выдаткі. Дзейнічаючы такім чынам, ён можа стварыць надзейнае войска без павелічэння напружанасці ў рэгіёне.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *