Кампраміс паміж Беларуссю і Літвой па пытанні Астравецкай АЭС немагчымы?

15 лістапада літоўскі міністр энергетыкі Рокас Масюліс прадставіў новую энергетычную стратэгію сваёй краіны. Нягледзячы на тое, што прамога пацверджання гэтаму няма, стратэгія прадугледжвае, што Літва не будзе купляць электраэнергію з беларускай АЭС, якая пачне працаваць у 2019 годзе.

У апошнія гады пытанне пра беларускую АЭС замаруджвае двухбаковыя адносіны, і здаецца, што кампраміс у гэтай сітуацыі немагчымы. Літва ўвесь час падкрэслівае адсутнасць празрыстасці ў будаўніцтве АЭС. Яна таксама бачыць АЭС як перашкоду для злучэння з сеткамі электраэнергіі ў Заходняй Еўропе.

Атамная электрастанцыя выклікае моцную незадаволенасць

Яшчэ некалькі гадоў таму Літва выглядала галоўным абаронцам дыялогу з беларускімі ўладамі. Нават у 2013 годзе, калі санкцыі былі ўсё яшчэ ў сіле, прэмʼер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч наведваў беларуска-літоўскі эканамічны форум у Літве. Акрамя таго, мала хто памятае, што ў той жа час літоўскі еўрадэпутат Юстас Палецкіс падрыхтаваў даклад па заахвочванні дыялогу паміж Беларуссю і ЕС.

Але цяпер падаецца, што Літва павярнулася ў супрацьлеглым напрамку. Нягледзячы на пацяпленне ў беларуска-еўрапейскіх адносінах, Беларусь і Літва да гэтага часу не палепшылі двухбаковых адносінаў. Напрыклад, цяпер Мінск часцей прымае польскія афіцыйныя дэлегацыі, якія раней былі вядомыя больш жорсткім стаўленнем да Аляксандра Лукашэнкі, чым літоўскія.

Цяпер літоўскія палітыкі ствараюць міжнародную кааліцыю супраць будаўніцтва беларускай АЭС. Праз гэта яны імкнуцца забараніць пастаўку электраэнергіі з Беларусі ў ЕС. Электрастанцыя, якую пачала будаваць Беларусь за 55 км ад Вільні, стала галоўнай перашкодай у адносінах Літвы і Беларусі.

На сённяшні дзень адзіны вынік літоўскай дыпламатыі знайшоў сваё адлюстраванне ў словах прэзідэнта Эстоніі Керсці Кальюлайд, якая нядаўна заявіла, што »у Астраўцы з’явіцца відавочная праблема, калі ўсе выдаткі, у тым ліку экалагічныя выдаткі і рызыкі, не будуць ўключаныя ў коштавую схему. У гэтым выпадку Еўропа не павінна дапускаць такую энергію на свой рынак».

Між тым, Польшча, бенефіцыяр даўняй прапановы пра куплю электраэнергіі з Астравецкай АЭС, прамаўчала, як і іншыя краіны Еўрапейскага саюза. 23 верасня дзяржаўны сакратар латвійскага МЗС Андрэйс Пілдэговічс паведаміў парталу TUT.BY, што Латвія лічыць “будаўніцтва АЭС суверэнным правам беларускага ўраду», і ён “не будзе крытыкаваць, асуджаць ці ставіць пытанні наконт праекту».

Чым беларуская АЭС не задавальняе Літву?

Многія літоўскія палітыкі падкрэсліваюць, што будаўніцтва беларускай АЭС сумнеўнае з гледзішча бяспекі. Гэта сапраўды так, улічваючы вядомую нізкую празрыстасць беларускай дзяржавы. 10 ліпеня корпус рэактара вагой больш за 330 тон зваліўся на зямлю з вышыні ад двух да чатырох метраў. Шырока пра гэту катастрофу стала вядома 25 ліпеня толькі дзякуючы ціску з боку грамадскай думкі.

На дадзены момант на месцы будаўніцтва здарылася каля 10 інцыдэнтаў, у выніку чаго тры будаўнікі загінулі. Гэта стала вядома дзякуючы ціску з боку МЗС Літвы. Як заявіў у верасні намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, “гэта прымальная лічба, улічваючы, што на месцы будаўніцтва працуюць больш за пяць тысяч чалавек”.

Акрамя таго, урад Літвы падкрэслівае блізкасць беларускай АЭС да яе мяжы – у выпадку здарэння Літва вымушана будзе эвакуяваць Вільню.

Тым не менш, літоўскія ўлады перабольшваюць некаторыя праблемы. Нягледзячы на праблему празрыстасці беларускага рэжыму, урад паказаў гатоўнасць да супрацоўніцтва з Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ). У кастрычніку місія МАГАТЭ правяла 12 дзён у Беларусі, і ў рэшце рэшт прыйшла да высновы, што »Беларусь імкнецца да ядзернай бяспекі». Раней, падчас наведвання Беларусі ў красавіку, дырэктар МАГАТЭ Юкія Амана заявіў, што “Беларусь зʼяўляецца адной з самых перадавых ядзерных краін сярод пачаткоўцаў».

Ніякіх кампрамісаў?

Літоўскія ўлады выступаюць супраць беларускай АЭС не толькі па прычынах бяспекі, але і таму, што яна супярэчыць энергетычнай стратэгіі Літвы, мэтай якой зʼяўляецца »падключэнне літоўскай сістэмы перадачы энергіі (сумесна з латвійскай і эстонскай сістэмамі) да энергетычнай сістэмы Еўропы, каб запрацаваць сінхронна да 2025 года». Да гэтага часу Літва па-ранейшаму моцна залежыць ад сетак перадачы электраэнергіі ў Беларусі і Расіі, і гэтую залежнасць яна хоча пераадолець.

Rokas Masiulis

Рокас Масюліс.Фота: enmin.lrv.lt

Літоўскія чыноўнікі разглядаюць будаўніцтва АЭС у якасці расійскага праекта, накіраванага на прадухіленне гэтага. 15 лістапада літоўскі міністр энергетыкі Рокас Масюліс, прадстаўляючы новую стратэгію, адзначыў, што “дзяржава не будзе ў бяспецы, пакуль на сістэму перадачы электраэнергіі ўплывае маскоўскае кіраўніцтва”. Месяцам раней на літоўскай канферэнцыі па энергетыцы Масюліс заявіў, што “калі Беларусь працягне будаўніцтва Астравецкай АЭС, мы перарвем лініі электразабеспячэння з Беларуссю”.

Падаецца, што энергетычная стратэгія Літвы можа быць рэалізаваная, нягледзячы на той факт, што МАГАТЭ высока ацаніла будаўніцтва беларускай АЭС, а беларускія ўлады пачалі паводзіць сябе больш празрыста і адказна. 16 лістапада віцэ-прэмʼер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што Беларусь адкладзе запуск АЭС па прычынах бяспекі.

Падыход Літвы да беларускай АЭС падаецца ўжо перадвызначаным. Праблема стала настолькі палітызаванай, што літоўскія палітыкі нават канкуруюць у больш рэзкіх выступах супраць АЭС у Астраўцы. Нядаўна Вітаўтас Ландсбергіс, адзін з самых вядомых літоўскіх палітыкаў, назваў будаўніцтва АЭС атамнай бомбай супраць Вільні.

Саюз сялянаў і зялёных, які перамог на выбарах у Літве ў мінулым месяцы, бачыць Астравецкую АЭС падобным чынам. Яго палітычныя дзеячы выступілі супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі яшчэ да абрання. Кампраміс па праекце АЭС пры такіх умовах падаецца немагчымым.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *