Чаму Масква ўзводзіць мяжу з Беларуссю і перашкаджае сувязям з Украінай і Балтыяй

Фота: tut.by

Фота: tut.by

16 лютага прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль не плануе ўводзіць візавы рэжым з Беларуссю. Яго заява прагучала ў кантэксце жорсткіх мераў Масквы ў дачыненні да Беларусі, якія ўсё болей ўзмацняліся за апошнія паўгады. Усё пачалося з таго, што Расія вырашыла часткова аднавіць мяжу з Беларуссю, скасаваную ў 1995 годзе.

Крэмль таксама імкнецца сапсаваць эканамічныя сувязі паміж Беларуссю і іншымі суседзямі, звяртаючы асаблівую ўвагу на энергетычны і транспартны сектары. Вынікі гэтага былі адчувальнымі: Беларусь ужо адмовілася ад імпарту ўкраінскай электраэнергіі. Акрамя таго, Масква робіць усё магчымае, каб пераканаць Мінск выкарыстоўваць расійскія парты замест партоў Балтыйскіх краінаў.

Расія абвінавачвае Захад і яго саюзнікаў у рэгіёне ў  пагаршэнні стасункаў паміж краінамі Усходняй Еўропы. Але яе ўласная палітыка пераследуе такую самую​ мэту. Мінск вымушаны прыкладаць вялікія намаганні, каб супрацьстаяць гэтым  захадам Крамля.

Замест жарту: Расія асцерагаецца, што Ісламская дзяржава можа пранікнуць праз Беларусь

Паводле шырока распаўсюджанай ў расійскіх СМІ версіі, якую верагодна падтрымлівае Крэмль, Масква мусіла часткова аднавіць сваю мяжу з-за недобразычлівай палітыкі Мінска. Па-першае, на працягу некалькіх гадоў Мінск рэ-імпартаваў санкцыйныя тавары з Еўрапейскага Саюза ў Расію. Па-другое, адсутнасць памежнага кантролю паміж Беларуссю і Расіяй дазваляла асобам, якім уезд у Расію забаронены, трапляць туды праз Беларусь. Па-трэцяе, увядзенне Беларуссю пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзянаў 80 краінаў стварыла пагрозу бяспецы Расіі.

Толькі першае з гэтых сцвярджэнняў можна назваць легітымным, хоць і з сур’ёзнымі агаворкамі. Астатнія вельмі сумніўныя. Рэальны памежны кантроль паміж Беларуссю і Расіяй знік ў 1995 годзе, і непажаданыя людзі маглі ўязджаць у Расію праз Беларусь на працягу многіх гадоў. Гэта раптам стала праблемай, нягледзячы на ​​тое, што дагэтуль урад Расіі не казаў пра якія-небудзь істотныя праблемы, звязаныя з адустнасцю мяжы з Беларуссю.

Пасол Расіі ў Мінску Аляксандр Сурыкаў. Малюнак: CTV.by

Тлумачэнні расійскіх чыноўнікаў пра тое, чаму Масква раптам вырашыла часткова закрыць мяжу, здаюцца смешнымі. 10 лютага пасол Расіі Аляксандр Сурыкаў заявіў агенцтву ТАСС, што Масква стварыла зону памежнага кантролю ўздоўж мяжы з Беларуссю, каб прадухіліць пранікненне ў Расію праз Беларусь экстрэмістаў з Сірыі, у прыватнасці Ісламскай дзяржавы.

Беларускарасійскі памежны кантроль: хто ўсё гэта пачаў?

Час рашэнняў, прынятых Мінскам і Масквой, таксама паказвае, што дзеянні Расіі не былі проста рэагаваннем на крокі беларускага ўрада. Восенню мінулага года Расія без папярэдняга паведамлення зачыніла мяжу з Беларуссю для грамадзянаў трэціх краінаў. Гэта сур’ёзна ўдарыла па Беларусі, якая імкнецца стаць буйным транзітным вузлом.

Пазней у канца снежня дырэктар Федэральнай службы бяспекі РФ Аляксандр Бортнікаў падпісаў загад аб стварэнні зоны памежнага кантролю ў расійскіх рэгіёнах, прылеглых да Беларусі. Загад заставаўся ў сакрэце да 1 лютага, што стварыла ўражанне, быццам ён ёсць адказам на рашэнне Лукашэнкі пра лібералізацыю візавага рэжыму. Насамрэч, магло быць наадварот: Лукашэнка мог прыняць гэта рашэнне, даведаўшыся пра планы ФСБ.

Такая версія здаецца больш лагічнай. Мінск не жадаў лібералізаваць візавы рэжым на працягу многіх гадоў — хутчэй за ўсё таму, што баяўся рэакцыі Масквы. Аднак пасля рашэння ФСБ беларускае кіраўніцтва зразумела, што губляць больш няма чаго.

Закрыццё мяжы для грамадзянаў трэціх краінаў і стварэнне зоны памежнага кантролю супала з ростам негатыўнага асвятлення Беларусі ў расійскіх сродках масавай інфармацыі. Гэта прывяло да росту падтрымкі насельніцтвам Расіі ўвядзення мяжы з Беларуссю. На мінулым тыдні расійскія медыя выдаткавалі шмат эфірнага часу на дэманстрацыю вынікаў апытання грамадскай думкі, праведзенага аўтарытэтным сацыялагічным інстытутам ВЦИОМ. Аптынне паказала, што 78% расійцаў выступае за ўвядзенне візаў для беларусаў.

Масква імкнецца перанакіраваць энергетычныя і транспартныя плыні

Расійскія ўрадавыя чыноўнікі і палітолагі крытыкуюць ЕС і былыя краіны Усходняга блока за знішчэнне сувязяў паміж краінамі ў рэгіёне праз інтэграцыю краінаў Усходняй Еўропы з ЕС. Нягледзячы на ​​тое, што гэтая крытыка часам абапіраецца на факты, паводзіны Крамля дазваляюць лічыць гэтыя нараканні крывадушнымі.

8 лютага намеснік міністра энергетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі паведаміў, што Беларусь пагадзілася купляць больш электраэнергіі з Расіі. У той жа час, нягледзячы на ​​існуючыя магчымасці купляць электраэнергію ва Украіне, Мінск не здолеў дамовіцца з Кіевам па коштах.

Закупкі ўкраінскай электраэнергіі падаюць з 2014 года, што тлумачыцца як ненадзейнасцю ўкраінскага энергетычнага сектара, такі і ніжэйшымі цэнамі ў Расіі. Такім чынам, у 2015 годзе расійская энергетычная кампанія Інтэр РАО падвоіла гадавыя пастаўкі ў Беларусь з 1.4 млн МВт-г да 2,8 млн МВт-г. Гэта было звязана ў асноўным са скарачэннем закупак ва Украіне.

Расія выкарыстоўвае падобныя, здавалася б, эканамічныя механізмы для перанакіравання беларускіх экспартных і імпартных плыняў у свае парты ў Ленінградскай вобласці. З 2006 года Масква заклікае Мінск спыніць выкарыстанне літоўскіх і латвійскіх партоў, і пераключыцца на больш аддаленыя расійскія парты.

Мінск разумее небяспеку манапалізацыі Масквой яго сувязяў са знешнім светам, і да гэтага часу адмаўляўся ад такіх прапаноў. Тым не менш, Крэмль працягвае намаганні па пазбаўленні Балтыі транзітных прыбыткаў. У кастрычніку мінулага года Расійская чыгунка прапанавала Беларусі «беспрэцэдэнтную зніжку» у памеры 25% з мэтай перанакіраваць экспарт нафтапрадуктаў з краінаў Балтыі ў расійскія парты.

Каментуючы гэтую прапанову, маскоўская газета Коммерсант прызнала, што гэты крок можа быць палітычным.  У прыватнасці, газета казала, што прапанова паўстала пасля таго, як планы па спыненні транзіту праз краіны Балтыі агучыў спецыяльны прадстаўнік і давераная асоба прэзідэнта РФ Сяргей Іваноў. На канферэнцыі ў верасні расійскія фірмы і ўрадавыя ўстановы абмяркоўвалі, як пераканаць Беларусі перайсці ў расійскія парты.

Але спробы Пуціна ўбіць клін паміж Беларуссю і яе суседзямі далі мізэрныя вынікі. Мінск супраціўляецца расійскім спробам змяніць экспартныя плыні яшчэ з 2006 года.

24 студзеня звязаны з расійскім урадам СМІ Спутнік-Беларусь адзначыў, што “зніжка, што была дадзеная Беларусі [для палягчэння экспарту праз расійскія парты], пакуль не дала выніку.” Фактычныя інвестыцыі і планы Мінска выразна дэманструюць яго гатоўнасць працягваць працаваць з краінамі Балтыі. Да прыкладу, Беларуская калійная кампанія скупляе акцыі Клайпедскага порта пачынаючы з 2013 года. Акрамя таго, Мінск, верагодна, будзе выкарыстоўваць латвійскія парты, калі захоча прывезці іранскую нафту ў Беларусь.

Сувязь паміж Беларуссю і партамі Балтыйскага мора. Карта: TUT.by

Іншымі словамі, нягледзячы на ​​цікавасць расійскага кіраўніцтва да лагістычных плыняў Беларусі, Крэмль мае толькі абмежаваныя рычагі ўплыву на Мінск. Тым больш што парты, пра якія ідзе гаворка, па некаторых звестках належаць асабістым сябрам Уладзіміра Пуціна.

Мінск усведамляе рызыкі зніжэння дыверсіфікацыі сувязяў з навакольным светам. Таму рашэнне спыніць куплю ўкраінскай электраэнергіі — гэта хутчэй вынік нестабільнасці ва Украіне, а не жаданне слухацца Маскву. Беларускі ўрад катэгарычна адмаўляецца прымаць бок у бягучых рэгіянальных канфліктах. Сітуацыя з расійскай мяжой паказвае кошт, які Мінск мусіць плаціць за сваю пазіцыю.

Крэмль актыўна спрыяе разбурэнню спадчыны савецкай і дасавецкай інтэграцыі паміж Беларуссю і яе суседзямі, у тым ліку самой Расіяй. Распад сувязяў паміж дзяржавамі ў рэгіёне павялічвае рызыкі нестабільнасці і канфліктаў, і вядзе да пагаршэння ўзроўню жыцця.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *