Чаму беларускія ўлады не пераследуюць прарасійскіх баевікоў?

18 красавіка беларускія ўлады пачалі судовы працэс па справе Тараса Аватарава, які ўдзельнічаў ва ўкраінскім канфлікце ў складзе батальёна “Правы сектар”.

Раней у красавіку парламент ўхваліў змены ў заканадаўства, якія прадугледжваюць турэмнае зняволенне для асобаў, якія змагаюцца ў замежных канфліктах па ідэйных меркаваннях, а не з мэтай зарабіць грошы.

Але пакуль што выглядае, што ўрад падыходзіць да гэтай праблемы даволі незбалансавана, бо рэпрэсуе толькі прыхільнікаў украінскага боку. У выніку Мінск рызыкуе атрымаць моцную прарасійскую структуру ўнутры краіны, здольную зрынуць непакорлівага прэзідэнта Лукашэнку па загадзе Крамля.

Змаганне з экстрэмізмам як палітыка прадухілення Майдану

4 красавіка беларускі парламент ухваліў папраўкі да закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», прапанаваныя КДБ Беларусі. Папраўкі прадугледжваюць крымінальную адказнасць за экстрэмізм, які раней кваліфікаваўся толькі як адміністрацыйнае правапарушэнне. Яны накіраваныя на асобаў, якія ствараюць экстрэмісцкую групу, або узначальваюць яе ці яе філіялы. Закон будзе караць асуджаных за экстрэмісцкую дзейнасць тэрмінам ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі, а ў выпадку паўторнага парушэння — ад шасці да дзесяці гадоў.

Беларускія фанаты з банэрам «Трымайцеся, браты!». Фота: belultras.by

Незадоўга да таго, як былі прынятыя гэтыя папраўкі, міліцыя пачала рэйд супраць футбольных ультрас і радыкальных прыхільнікаў украінскага боку ў канфлікце на Данбасе.

Да 2014 года беларускія ультрас мала цікавіліся палітыкай. Аднак з пачаткам Еўрамайдану і ўкраінскага канфлікту яны неаднаразова публічна заяўлялі аб падтрымцы Украіны.

Беларускія сілавікі лічаць, што маладыя людзі з каляфутбольных груповак, натхнёныя прыкладам ўкраінскіх калег падчас Майдану, з’яўляюцца адной з асноўных груп, здольных да арганізацыі вулічных пратэстаў у Беларусі.

Ананімныя ультрас паведамілі ў інтэрв’ю газеце Новы Час, што рух футбольных фанатаў Беларусі ў апошнія гады быў практычна знішчаны, пры гэтым незалежна ад ідэалагічных поглядаў той ці іншай групоўкі. Цяпер міліцыя праводзіць ператрусы у кватэрах удзельнікаў фанацкіх групаў і дапытвае іх сваякоў пра сувязі паміж байцамі ва Украіне і групамі ультрас ў Беларусі.

Барацьба за ідэю стане злачынствам

Тая ж сесія парламента ўхваліла папраўкі, што ўводзяць адказнасць за ўдзел у замежных узброеных канфліктах без карыслівых намераў. Цяпер грамадзянам Беларусі, якія ваююць па ідэйных меркаваннях, пагражае да пяці гадоў турмы.

Раней Крымінальны кодэкс утрымліваў толькі пакаранне за наёмніцтва, а таксама вярбоўку, навучанне, фінансаванне і выкарыстанне наймітаў. Але ўлады сутыкнуліся з цяжкасцямі пры пераследзе беларускіх байцоў ва Украіне — міліцыя не можа сабраць доказы таго, што яны атрымліваюць ўзнагароджанне за свае паслугі.

25 сакавіка начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Мікалай Карпянкоў распавёў газеце Звязда, што міліцыя ўжо распачала крымінальныя справы ў дачыненні да 135 беларускіх байцоў з абодвух бакоў канфлікта. Сілавікі збіраюць інфармацыю пра беларусаў ва ўкраінскім канфлікце з розных крыніцаў, а таксама атрымліваюць яе ад сваіх расійскіх калегаў.

Беларускія ўлады бачаць істотную пагрозу ў навучаных байцах, якія вяртаюцца дадому з вайны: яны могуць стаць небяспечнай часткай апазіцыі да ўлады Лукашэнкі. Напружанасці гэтай сітуацыі надае тое, што эканамічная сітуацыя ў Беларусі горшае і беднасць сярод насельніцтва расце. Таму рызыка ўнутранай нестабільнасці становіцца яшчэ вышэй.

Першыя арышты і суды

У красавіку гэтага года беларускія ўлады распачалі судовы працэс па справе Тараса Аватарава, меркаванага ўдзельніка батальёна “Правы сектар”. Ён быў затрыманы ў лістападзе 2015 года на чыгуначным вакзале Мінска са зброяй і самаробнай гранатай. Аватараў меў дакумент, які пацвярджаў яго ўдзел у канфлікце ва Украіне, але “Правы сектар” абвярае гэтае сцвярджэнне.

У сярэдзіне красавіка міліцыя затрымала іншага байца, Стаса Ганчарова па мянушцы «Тэрор-Машына», з праўкраінскага батальёна “Азоў”. Ён абвінавачваецца ў хуліганстве, якое адбылося ў 2013 годзе. Хоць абодва байцы і абвінавачваюцца па звычайных артыкулах крымінальнага кодэкса, улады несумненна будуць правяраць факты іх удзелу ў канфлікце.

Улады заяўляюць, што складаюць спісы баевікоў з абодвух бакоў канфлікту, але выпадкі судовага пераследу прарасійскіх баевікоў у Беларусі дагэтуль невядомыя. Адзін баец з таго боку канфлікту быў затрыманы ў студзені 2016 года за нясплату аліментаў, і толькі пазней высветліўся яго ўдзел у канфлікце.

Шэраг баевікоў ДНР свабодна давалі інтэрв’ю беларускім і расійскіх СМІ падчас знаходжання ў Беларусі, і відаць, што яны не баяцца пераследу.

Прарасійскія байцы застаюцца недатыкальнымі?

Незалежныя каментатары сцвярджаюць, што гэта з’яўляецца вынікам цесных адносін паміж прарасійскімі баевікамі і беларускімі сілавымі структурамі, а таксама пратэкцыі Расіі. Напрыклад, шэраг прарасійскіх камбатантаў паведамлялі, што яны служылі ў элітнай частцы спецназу ў Мар’інай Горцы. Шмат хто з беларускіх сілавых структураў падтрымлівае расійскую палітыку ва Украіне, бо сілавікі дзвюх краінаў працягваюць цеснае супрацоўніцтва яшчэ з савецкіх часоў, калі яны былі адным цэлым.

Казакі навучаюць беларускіх школьнікаў вайсковаму рамяству. Фота: tut.by

Ананімны баец ДНР з Магілёва ў інтэрв’ю Газета.ru паведаміў, што ён быў уцягнуты ў канфлікт праз арганізацыю беларускіх казакоў, калі працаваў у праваслаўным патрыятычным клубе. Многія баевікі з Усходняй Беларусі патрапілі на Данбас падобным чынам. З пачаткам Еўрамайдану казакі і іншыя прарасійскія групы сталі нарошчваць актыўнасць ў Беларусі. Яны выхоўваюць моладзь у ідэалогіі “Рускага свету” і падтрымліваюць цесныя сувязі з расійскімі сілавікамі.

Калі беларускія ўлады сапраўды вырашылі пакінуць у спакоі прарасійскіх баевікоў ва ўгоду Расіі, яны рызыкуюць убачыць спраўджванне свайго галоўнага страху. Падрыхтаваныя баевікі, якія шануюць рускі свет больш, чым беларускую незалежнасць, несумненна паспяшаюцца заняць бок Расіі ў выпадку яе інтэрвенцыі ў Беларусь. У той жа час праўкраінскія ваяры, якія лічаць беларускую незалежнасць каштоўнасцю, разглядаюцца ўладамі як радыкальная апазіцыя і трапляюць пад рэпрэсіі. Відавочна, што гэта вельмі недальнабачная палітыка.

Але беларускія ўлады павінны таксама звярнуць сур’ёзную ўвагу на прычыны, чаму беларусы ідуць ваяваць за сепаратысцкія ўтварэнні.

Як сказаў адзін беларускі баец ДНР у інтэрв’ю расійскаму сайту “Руская планета”, “[На Данбас] ехали те, кто не нашел себя в жизни здесь. Кому не светит ничего, кроме как спиться на местном заводе, жениться на некрасивой бабе и плодить детей, которым уготована такая же судьба. Кто не может вырваться из провинции, где все застыло так, как было 20 лет назад. Из тех белорусов, которых я там встречал, нет ни одного минчанина.Потому что у них менталитет другой, они иначе видят жизнь, у них другие возможности..”

Гэта яркая цытата паказвае на глыбокія сацыяльныя праблемы, якія прымушаюць беларусаў з перыферыі пакінуць свае дамы і накіравацца на вайну. Пад ціскам беспрацоўя, адсутнасці надзеі на лепшае жыццё і агрэсіўнай расійскай прапаганды яны становяцца лёгкай здабычай для вайсковых планаў Расіі.

Праз заплюшчванне вачэй на ​​прарасійскія групы ў Беларусі, адсутнасць процівагі расійскім медыя і правальную рэгіянальную палітыку ўлады спарадзілі пагрозу, якую яны, відаць, не хочуць прызнаваць. Але ў пэўны момант  гэта можа стаць фатальнай памылкай.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *