Беларуска-расійскія вучэнні Захад-2017: не так маштабна, як меркавалася

Photo: tut.by

Падчас сустрэчы з міністрам абароны Андрэем Раўковым 20 сакавіка Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў “абсалютнай празрыстасці” на маючых адбыцца беларуска-расійскіх вайсковых вучэннях Захад-2017. Беларускі ўрад працуе над прадухіленнем негатыўных наступстваў такой маштабнай дэманстрацыі ваеннай сілы ў рэгіёне.

Гэтыя наступствы ўжо адчуваюцца. 9 лютага прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што падчас Захаду-2017 “агрэсіўныя сілы будуць сканцэнтраваныя ў вельмі вялікіх колькасцях, гэта дэманстратыўная падрыхтоўка да вайны з Захадам”.

Масква, відаць, хацела б павялічыць смугу нявызначанасці вакол сваіх ваенных дзеянняў. Расійскія вайскоўцы раней апублікавалі колькасць чыгуначных вагонаў, неабходных для перамяшчэння войскаў. Ва ўмовах адсутнасці належных тлумачэнняў гэта стварыла застрашальнае ўражанне. Але цяпер ясна, што вучэнні на тэрыторыі Беларусі будуць меншыя па маштабе, чым у 2009 годзе.

Мінск пазбягае канфрантацыі з Захадам

Як выказаўся Лукашэнка, “я патрабую ад усіх вас, каб гэта мерапрыемства на тэрыторыі нашай краіны было празрыстым і ўсе мерапрыемствы былі даступныя не толькі для нашых сяброў па АДКБ, ЕАЭС, СНД, але і для прадстаўнікоў Паўночнаатлантычнага блока – НАТА”.

Аднак беларускія і расійскія СМІ перадалі словы Лукашэнкі на дзіва па-рознаму. Беларускія сродкі масавай інфармацыі, такія як TUT.by, проста працытавалі яго у межах больш агульных матэрыялаў. Між тым, расійскія сродкі масавай інфармацыі, такія як Lenta.ru, выкарысталі цытату ў якасці загалоўка і выразна падкрэслілі “патрабаванне” Лукашэнкі прыцягнуць назіральнікаў НАТО на вучэнні, тым самым ствараючы ўражанне, што ён адкрыта кідае выклік Маскве.

Фота: vsr.mil.by

Масква ж дэманструе схільнасць да ваяўнічых заяваў і неадназначных пагрозаў. Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу, каментуючы Захад-2017, сказаў, што яго ўрад быў вымушаны прыняць падрыхтоўчыя абарончыя меры: “ЗША і іншыя сябры НАТА актыўна нарошчваюць свой наступальны патэнцыял ля заходніх межаў Саюзнай дзяржавы [Беларусі і Расіі].”

Залішне казаць, што яго беларускі калега Андрэй Раўкоў апісвае Захад-2017 толькі ў агульных рысах і падкрэслівае неабходнасць практыкаваць абарончыя меры і працягваць супрацоўніцтва з Расіяй. Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь будзе запрашаць заходніх назіральнікаў, і што “патрабаванні заходніх партнёраў будуць задаволеныя.”

Захад-2017 будзе меншы, чым Захад-2009

Беларусь і Расія праводзяць сумесныя стратэгічныя вучэнні “Захад” кожныя чатыры гады пачынаючы з 2009 года, па чарзе на беларускай і расійскай тэрыторыі. У межах вучэнняў 14-20 верасня беларускія і расійскія войскі будуць разгорнутыя на тэрыторыі ад крайняй Поўначы Расіі да Беларусі. У Беларусі рэгіянальная група расійскіх і беларускіх войскаў будзе весці вучэнні на сямі розных пляцоўках. Рэгіянальная група ўключае ў сябе беларускія ўзброеныя сілы і Першую танкавую армію Расіі.

Масква хоча, каб гэтыя вучэнні рабілі ўражанне. Тым не менш, міністр абароны Беларусі Раўкоў паведаміў, што вучэнні на тэрыторыі Беларусі будуць мець даволі абмежаваны характар. Каля 3000 расійскіх вайскоцаў і 280 адзінак тэхнікі прыбудуць у Беларусь для ўдзелу ў вучэннях. Для параўнання, у 2009 годзе на тэрыторыі Беларусі ў іх удзельнічала больш за 6000 чалавек.

Паведамленне Раўкова паклала канец ажыўленай дыскусіі адносна маштабаў Захаду-2017, якая пачалася ў лістападзе мінулага года. Тады ўкраінскія сайты Inform Napalm і Apostrophe паведамілі, што Міністэрства абароны Расіі абвясціла афіцыйны тэндэр на адгрузку 4162 чыгуначных вагонаў у Беларусь і назад у 2017 годзе.

Расійскія вайскоўцы не патлумачылі, чаму неабходна так шмат вагонаў, і ніякія дадзеныя пра закупкі падчас папярэдніх вучэнняў “Захад” не былі даступныя. У выніку з’явіліся разнастайныя гіпотэзы, якія спрабавалі растлумачыць дадзеную колькасць вагонаў, у тым ліку і планамі анэксіі Беларусі, якая распачнецца пад выглядам вайсковых вучэнняў.

Фота: ont.by

Расійскія ваенныя пракаментавалі тэндэр толькі праз два месяцы. Па просьбе маскоўскай ліберальнай газеты Новая газета, ваенныя патлумачылі справу ўсяго чатырма сказамі.

Па-першае, яны ўдакладнілі, што заяўленая сума вагонаў была прызначаная для перавозкі ў абодва накірункі, гэта значыць 2000 вагонаў у кожным кірунку. Па-другое, яны агучылі ніколі раней не публікаваную інфармацыю пра аб’ёмы перавозкі ваенных грузаў  на беларускую тэрыторыю з папярэдніх сумесных вучэнняў. Падчас Захаду-2009 спатрэбілася больш за 6000 вагонаў, а падчас Захаду-2013 — амаль 2500 вагонаў.

Супрацоўніцтва ў галіне абароны як чырвоная лінія для Крамля

Беларускі ўрад хоча абмежаваць негатыўныя наступствы вучэнняў на адносіны Мінска са сваімі суседзямі і Захадам, таму праяўляе асцярожнасць у ваенным супрацоўніцтве з Расіяй. Двухбаковыя адносіны з Масквой таксама маюць шэраг нявырашаных праблемаў. Тым не менш, 20 сакавіка Лукашэнка сказаў, што Мінск “не збіраецца скарачаць ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй з-за рознагалоссяў, якія ўзніклі ў іншых галінах.”

З аднаго боку, беларускі ўрад захоўвае крытычнае стаўленне да абароннага супрацоўніцтва з Расіяй. Лукашэнка сказаў Раўкову, што хоча, каб беларускае міністэрства абароны “правяло агульную ацэнку эфектыўнасці двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва з Расіяй. Гэта можа быць важна з-за магчымага пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, на якім беларускі лідэр хацеў бы падняць адпаведныя пытанні са сваімі расійскімі калегамі.

З іншага боку, беларускі лідар разумее адчувальнасць пытанняў супрацоўніцтва ў галіне абароны для Масквы і важную ролю Беларусі ў захаванні бяспекі ў цэнтральнай зоне Расіі вакол Масквы. Такім чынам, на той жа канферэнцыі Лукашэнка разам з міністрам абароны заявіў: “Што тычыцца пытанняў бяспекі і абароны нашых агульных межаў, то яны ніколі ні пры якіх абставінах не будуць ігнаравацца.”

Такім чыкам, Мінск і Масква адрозніваюцца ў сваіх адносінах да Захаду-2017. Мінск імнецца нівеляваць канфрантацыйныя аспекты вучэнняў. Масква, наадварот, працуе над тым, каб зрабіць вучэнні непразрыстымі, каб яны выглядалі больш пагрозлівым, чым ёсць на самой справе.

Фота: vsr.mil.by

Уцечка раней нераскрытых аб’ёмаў расійскіх ваенных грузаў праз беларускую чыгунку, нароўні з наўмысна познім тлумачэннем, выглядаюць часткай інфармацыйнай вайны Расіі.

Беларускі ўрад спрабуе нейтралізаваць негатыўныя наступствы гэтага “туману вайны”, робячы практыкаванні больш празрыстым. Гэта разыходжанне ў празрыстасці пачалося многа гадоў таму. Гаворка ў дадзеным выпадку ідзе пра Дамову пра звычайныя ўзброеныя сілы ў Еўропе, якая абапіраецца на прынцыпы празрыстасці. Мінск паслядоўна яе прытрымліваецца, у той час як Масква прыпыніла свой удзел у дамове ў 2007 годзе і выйшла з яе цалкам у 2015 годзе.

Мінск працягвае ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй, ведаючы, што гэта “чырвоная лінія” для Масквы. Тым не менш, беларускі ўрад імкнецца ўплываць на ўмовы і маштабы супрацоўніцтва. Ён не плануе ўдзельнічаць у пуцінскім запалохванні НАТА і яго саюзнікаў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *