Беларуска-Расійскае вайсковае супрацоўніцтва: ці можа Крэмль дыктаваць Беларусі ўмовы?

26 кастрычніка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін меўся абмеркаваць планы стварэння расійскай авіябазы ў Беларусі са сваім беларускім калегам Лукашэнкам. Але ў выніку яны не сустрэліся.

Замест гэтага, рускі генерал заявіў журналістам, што рашэнне па базе было ўжо ўзгоднена з беларускім бокам. Міністэрства абароны Беларусі ў адказ запярэчыла, што палітычнае рашэнне па аб’екце не было прынятае.

Стварэнне расійскай авіябазы ў Беларусі спазняецца ўжо на два гады. Аднабаковыя заявы расійскіх чыноўнікаў на працягу ўсяго гэтага перыяду прыхоўваюць адсутнасць прагрэсу па гэтым пытанні. Расійская Независимая газета паскардзілася, што «шматгадовае супрацоўніцтва паміж Мінскам і Масквой не прынесла эфектыўнага механізма сумеснай абароны».

Між тым, ў апошні час скарацілася і колькасць беларускіх афіцэраў, якія навучаюцца ў Расіі, і маштаб рэгулярных сумесных вайсковых вучэнняў, што адбываюцца ў верасні.

Мінск ясна тлумачыць сваю нязгоду з разгортваннем базы

Расія прапанавала стварыць сваю авіябазу ў Беларусі ў красавіку 2013 года. Але перад кастрычніцкімі выбарамі Лукашэнка адхіліў любую магчымасць падобных планаў, і абвінаваціў кіраўніцтва Расіі ва ўкідзе ў прэсу непраўдзівай інфармацыі.

Лукашэнка і Пуцін меліся абмеркаваць базу ў кастрычніку гэтага года на саміце ў Астане. Але пасля Астаны, беларускія ўлады працягваюць цвёрда выступаць супраць авіябазы. Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў і міністар замежных справаў Уладзімір Макей у канцы кастрычніка раскрытыкавалі ідэю расійскай авіябазы.

Апроч таго, на сумеснай нарадзе 21 кастрычніка міністэрствы абароны Беларусі і Расіі, падчас абмеркавання адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны, бакі не закранулі пытання расійскай авіябазы, хоць яна была б неад’емнай часткай такой сістэмы.

Лукашэнка катэгарычна адмаўляецца прымаць расійскую авіябазу. Ён хоча ахоўваць неба Масквы у адпаведнасці са сваімі саюзніцкім абавязальніцтвам – пры дапамозе беларускіх ўзброеных сілаў. Кіраўнік Беларусі працягвае тармазіць пытанне авіябазы з надзяй павялічыць эканамічную выгаду, якую Беларусь атрымлівае ад Масквы.

Расійская авіябаза ў Беларусі: палітычны, а не вайсковы крок

Улічваючы цвёрдую пазіцыю Мінска, Масква зноў вырашыла змяніць свае планы. Яна ўжо пагадзілася перасунуць базу ад мяжы з сябрамі НАТА (з Ліды або Баранавічаў у Бабруйск), а таксама адкласці яе стварэнне.

24 кастрычніка начальнік аператыўнага ўпраўлення паветраных і касмічных сілаў Расіі Аляксандр Ляпкін, выступаючы на ​​семінары ў Маскве заявіў, што Расія хоча размясціць дванаццаць знішчальнікаў Су-27 і чатыры верталёты Мі-8 у Беларусі. Гэта палова таго, што запатрабавала Расія падчас першых абмеркаванняў па стварэнні базы.

Гэткая гнуткасць уздымае пытанне аб стратэгічным значэнні базы, якая можа быць лёгка перанесеная з аднаго канца Беларусі ў іншы, і паменшыць свае сілы ўдвая. Відаць, Масква хоча атрымаць базу ў любой форме. База ёй патрэбная не для таго каб супраціўляцца НАТА, але для нейкіх іншых мэтаў.

Шляхам стварэння вайсковай базы ў Беларусі, Крэмль дамагаецца ў першую чаргу палітычнай мэты – скасаваць любыя праявы беларускага нейтралітэту, якія пабудаваў Мінск у апошняе дзесяцігоддзе, адасабляючыся ад шматлікіх палітычных крокаў Расі (напрыклад, у дачыненні  Грузіі і Ўкраіны) і шукаючы альтэрнатыўных знешнепалітычных партнёраў.

Два дзесяцігоддзі супрацоўніцтва ў сферы абароны: дэкларацыі і рэчаіснасць

На сумеснай канферэнцыі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі 21 кастрычніка, расійскія вайскоўцы паскардзіліся, што нягледзячы на ​​20 гадоў шчыльнага вайсковага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі па-ранейшаму не мае выразнай абарончай сістэмы.

На канферэнцыі таксама абмяркоўвалася рэалізацыя дамоўленасцяў аб знешніх межах Саюзнай дзяржавы і адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны. Апошняя знаходзіцца ў гаротным стане. У 2013 годзе Масква абвясціла аб стварэнні адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расіі, але яна дагэтуль не функцыянуе.

Беларусь у вайсковым плане цесна звязаная з Расіяй, але заявы аб гэтай сувязі і рэчаіснасць моцна адрозніваюцца. Такім чынам, хоць фармальна Беларусь купляе ў Расіі амаль усе найноўшыя ўзбраенні, якія сама не можа вырабляць, гэта толькі палова праўды.

Па-першае, Мінск не можа дазволіць сабе купляць буйныя вайсковыя сістэмы, нягледзячы на ​​пагаршэнне стану сваёй вайсковай тэхнікі. У гэтым годзе яна набыла чатыры трэніровачныя самалёты Як-130 і плануе купіць яшчэ чатыры. Абвешчаная ўгода па куплі у Расіі бронетранспарцёраў існуе пакуль толькі на паперы. Гэта былі адзіныя буйныя пакупкі, якія Беларусь зрабіла з моманту здабыцця незалежнасці. Выключэннем сталі бадай што толькі зенітна-ракетныя комплексы. Масква перадала іх Мінску толькі таму, што не магла дапусціць дэградацыі сістэмы  беларускай  СПА, якая  абараняе расійскую паветраную прастору.

Па-другое, пасля таго, як Крэмль у канцы 2000-х — пачатку 2010-х гадоў адмовіўся перадаць Беларусі пэўныя віды сучасных узбраенняў, такіх як ракетны комплекс Іскандэр, у 2009 годзе Мінск распачаў супрацоўніцтва з Кітаем па распрацоўцы новых узбраенняў. У 2012-2013 гадах, Мінск падпісаў два пагадненні з Кітаем аб распрацоўцы двух буйных сістэму ўзбраенняў: рэактыўнай сістэмы залпавага агню  і зенітна-ракетнага комплекса. Першае з іх ўжо прынесла свой плён – сёлета Мінск прадэманстраваў сістэму залпавага агню  “Паланэз”.

Змяншэнне супрацоўніцтва пачалося пасля Крыму?

Масква мае падставы непакоіцца станам беларуска-расійскай інтэграцыі і ў сферы вайсковай адукацыі. Беларусь пасылае многа вайсковых спецыялістаў на навучанне ў Расію — у апошнія 17 гадоў больш  за 1126 афіцэраў прайшлі там навучанне. Але колькасць беларускіх афіцэраў, што едуць вучыцца ў Расію пасля ўкраінскага крызісу рэзка скарацілася. Год таму такіх было 447, сёлета  толькі 374.

Іншым прыкладам з’яўляецца правядзенне сумесных вайсковых вучэнняў. Беларусь і Расія рэгулярна праводзяць сумесныя шырокамаштабныя вучэнні, такія як Шчыт Саюза. Мала хто з каментатараў згадаў той факт, што сёлета ў гэтай падзеі ўдзельнічалі значна меншыя сілы.

Чатыры гады таму 12000 салдатаў і 450 транспартных сродкаў прадэманстравалі свае навыкі на Шчыце Саюза-2011, а ў гэтым годзе Мінск і Масква адправілі туды толькі 8000 салдатаў і каля 400 транспартных сродкаў. Акрамя таго, упершыню сумеснымі сіламі на вучэннях камандаваў беларускі афіцэр, начальнік Генеральнага штаба Беларусі Алег Белаконеў.

Відавочна, што Беларусь захоўвае і павялічвае сваю аўтаномію ў вайсковай сферы. Мінск не будзе канфліктаваць з Масквой і застанецца партнёрам Расіі. Тым не менш, беларускі ўрад прымае рашэнні самастойна. Хаця многія, асабліва ў расійскіх СМІ, спрабуюць даказаць адваротнае, кожны аспект вайсковага супрацоўніцтва паміж краінамі сведчыць аб павелічынні аўтаноміі Мінска.

Масква хоча супрацьпаставіць гэтай тэндэнцыі свае расійскія баявыя падраздзяленні, размешчаныя ў Беларусі. Стварэнне расійскай авіябазы відавочна павысіць магчымасці ўплыву Масквы на Беларусь і зменшыць здольнасць Мінска праводзіць больш збалансаваную і нейтральную палітыку.

Сяргей Богдан – навуковы дырэктар Цэнтра Астрагорскага. Ён з’яўляецца выпускніком Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Літве.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *