Беларусь у цэнтры мадэлявання вайсковага канфлікту паміж Расіяй і NATO

23 — 26 студзеня 2017 года ў Варшаве прайшло Балтыйскае вайсковае мадэляванне. Падзею арганізавалі два аналітычныя цэнтры, што спецыялізуюцца на абароне і бяспецы – Фонд Патамак і Фонд Казіміра Пуласкага.

Ініцыятыва была прысвечаная сцэнару канфлікту паміж Расіяй і NATO, і прааналізавала ​​расійскую ваенную пагрозу для краін Балтыі і Польшчы. У выніку Беларусь была вызначаная ключавым актарам рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, які стрымлівае агрэсіўную стратэгію Расіі.

Аўтар гэтага артыкула прымаў удзел у мадэляванні.

Вайскова-гульнявое мадэляванне знутры

Гульня мадэлявала ваенны канфлікт паміж Расіяй і NATO, выкліканы нападам Расіі на краіны Балтыі. Яна выкарыстоўвала камп’ютарную праграму «Гегемон», якая была створаная Злучанымі Штатамі падчас Халоднай вайны.

«Гегемон» выкарыстоўвае адкрытыя і рассакрэчаныя дадзеныя для тактычнага, аператыўнага, тэатральнага і стратэгічнага ўзроўню аналізу.

Летась Фонд Патамак ўжо правёў некалькі гульнявых мадэляванняў з выкарыстаннем платформы «Гегемон» у Балтыйскім каледжы абароны, ў Вашынгтоне з групай ваенных аташэ, ў штаб-кватэры Аб’яднанага корпуса хуткага рэагавання ў Злучаным Каралеўстве, і ў Латвійскім аб’яднаным штабе.

Left to right: Paul Tennant, General of the Union Rapid Reaction Corps (ARRC), General Philip Breedlove, Zbigniew Pisarski (Kazimierz Pulaski Foundation)

Злева направа: генерал Пол Тэнант, генерал Філіп Брыдлаў, Збігнеў Пісарскі (Фонд Казіміра Пуласкага)

У Балтыйскім вайсковым мадэляванні ў Варшаве прынялі ўдзел эксперты ў галіне абароны і прадстаўнікі ўрадаў з Польшчы, ЗША, Балтыі, Паўночнай Еўропы і NATO. Сярод удзельнікаў быў адстаўны генерал ВПС ЗША Філіп Брыдлаў. Ён служыў камандзірам Еўрапейскага камандавання ЗША, а таксама 17-м Вярхоўным камандзірам NATO ў Еўропе. Генерал брыгады Аб’яднанага корпуса хуткага рэагавання NATO Пол Тэнант таксама прыняў удзел у мерапрыемстве.

Некаторыя адкрытыя звесткі, выкарыстаныя “Гегемонам”, выклікалі глыбокую заклапочанасць сярод заходніх ваенных аналітыкаў. Гэтыя звесткі непасрэдна тычацца Беларусі.

Прычына заклапочанасці

Ваенныя аналітыкі з Фонду Патамак лічаць, што цяперашняе аднаўленне 1-й гвардзейскай танкавай арміі Узброеных сіл Расіі мае далёкасяжныя стратэгічныя мэты. У сувязі з гэтым узнікае шэраг праблемаў бяспекі.

Падчас Халоднай вайны 1-я гвардзейская танкавая армія знаходзілася ва Усходняй Германіі ў складзе Групы савецкіх войскаў у Германіі. Яна служыла ў якасці мабільнага цяжкога авангарду Варшаўскага блоку на межах Заходняй Еўропы. Сёння армія знаходзіцца ў Заходняй ваеннай акрузе Расіі, недалёка ад Беларусі, дзе яна будзе выкарыстоўвацца ў выпадку канфлікту з краінамі Балтыі.

1-я гвардзейская танкавая армія складаецца з каля 3 дывізій і 3 манеўраных брыгадаў – гэта вельмі магутная наступальная сіла. Яе арсенал ў бліжэйшы час будзе налічваць каля 700 танкаў, 1300 іншых браніраваных машын, 500 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, пакрытых густой сеткай радыёлакацыйнага парасона. 1-я гвардзейская танкавая армія абсталяваная апошнімі мадэлямі  расійскага ўзбраення, і мае атрымаць новыя баявыя танкі Армата Т-14.

Расія ўжо абвясціла аб тым, што 1-я гвардзейская танкавая армія будзе сфармаваная гэтай вясной. Крэмль плануе выпрабаваць яе ў маючых адбыцца вучэннях Захад — 2017. Яны пройдуць у Заходняй ваеннай акрузе Расіі, а таксама ў Беларусі ў верасні 2017 года.

Russian T-14 Armata Tank

Расійскі танк Армата Т-14

Ваенныя аналітыкі з Фонду Патамак таксама паведамілі, што Расія замовіла больш за 4000 чыгуначных вагонаў для размяшчэння цяжкой тэхнікі ў Беларусі. Па іх ацэнках, гэтага дастаткова, каб транспартаваць усе цяжкія машыны 1-й гвардзейскай танкавай арміі і значную колькасць боепрыпасаў. Гэта азначае, што вайсковыя вучэнні Захад — 2017 могуць сабраць самую магутную колькасць наступальных узбраенняў ва Усходняй Еўропе пасля заканчэння Халоднай вайны, што створыць ваенную пагрозу для NATO.

Канфлікт паміж Расіяй і NATO пачынаецца з Беларусі

У Балтыйскім сцэнары гульні канфлікт паміж Расіяй і NATO пачынаецца з Беларусі, калі беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка адмаўляецца дазволіць буйнамаштабную вайсковую прысутнасць расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.

Крэмль вырашае здзейсніць пераварот і зрынуць Лукашэнку, замяніўшы яго цалкам кіраваным і лаяльным генералам спецслужбаў. Новы лідар Беларусі афіцыйна запрашае расійскія войскі ў Беларусь. Пасля гэтага Крэмль пачынае ствараць гібрыдныя пагрозы для краінаў Балтыі і Польшчы.

NATO вырашае задзейнічаць пяты артыкул і пасылае Сілы хуткага рэагавання для абароны гэтых краінаў. Крэмль інтэрпрэтуе гэта як абвяшчэнне вайны і адказвае буйнамаштабнай наступальнай аперацыяй супраць Балтыйскіх краінаў і Польшчы. Паводле гэтага сцэнару Расія нават разгортвае тактычную ядзерну зброю на тэрыторыі Беларусі.

Некаторыя высновы і вынікі

Балтыйскае гульнявое мадэляванне прайшло ў фармаце “без запісу”. Гэта азначае, што арганізатары і ўдзельнікі не могуць публікаваць усе дэталі і высновы. Па выніках будзе падрыхтаваны  даклад для службовых асобаў Польшчы і ЗША. Аднак відавочна, што гульня паказала значны зрух у заходнім стратэгічным успрыманні Беларусі.

Захад да гэтага часу разглядаў Беларусь і яе кіраўніцтва як цалкам кантраляванага сатэліта і ваенна-палітычны прыдатак Расіі. Сёння заходнія стратэгі пераглядаюць сваё стаўленне да міфаў і стэрэатыпаў пра Беларусь, бо Аляксандр Лукашэнка дэманструе цвёрдую гатоўнасць абараняць суверэнітэт і незалежнасць краіны палітычнымі і ваеннымі сродкамі.

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў сваю пазіцыю ў дачыненні да расійскай авіябазы на сямігадзіннай прэс-канферэнцыі, якую перапаўнялі антыкрамлёўскія настроі. Паводле яго слоў, Беларусь не мае патрэбы ў расійскіх ваенных базах на сваёй тэрыторыі.

Відавочна, што такая пазіцыя супярэчыць стратэгічным намерам Крамля ператварыць Беларусь у свой ваенны фарпост. Гэта можа прывесці да рэалізацыі Масквой крызіснага сцэнару, які разглядаўся ў вайсковым мадэляванні.

Менавіта таму віцэ-прэзідэнт па даследаваннях Фонду Патамак, доктар Філіп Пэтэрсан прапанаваў, каб Захад разгледзеў варыянты дапамогі Беларусі для абароны незалежнасці і сувэрэнітэту.

Ён прапануе адключыць Расію ад SWIFT (Таварыства сусветных міжбанкаўскіх фінансавых каналаў сувязі), калі Крэмль уварвецца ў Беларусь і будзе пагражаць яе незалежнасці. Для таго, каб зноў далучыцца да SWIFT, Масква павінна будзе вывесці свае войскі з тэрыторыі Беларусі і аднавіць яе суверэнітэт.

Толькі моцная, суверэнная і незалежная Беларусь можа спрыяць рэгіянальнай стабільнасці і бяспецы, і прадухіліць распальванне ваеннага супрацьстаяння паміж Расіяй і NATO.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *