Беларусь спрабуе знайсці баланс паміж Расіяй і НАТА

Беларусь, НАТО

1 чэрвеня, выступаючы ў Брусэлі, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей папярэдзіў, што размяшчэнне амерыканскай ваеннай базы ў Польшчы выкліча адпаведны водгук у рэгіёне. Больш за тое, у выніку росту напружанасці беларускі ўрад можа размясціць расійскую ваенную базу ў адказ.

У той жа дзень, падчас наведвання памежнікаў на поўдні краіны, Аляксандр Лукашэнка агучыў зусім іншыя думкі. Прэзідэнт Беларусі палічыў бы за лепшае ўступленне Украіны ў НАТА замест таго, каб назіраць захоп краіны нацыяналістычнымі сіламі і яе ператварэнне ў “бандыцкі стан”, дзе ідзе вайна «усіх супраць усіх».

Беларускі ўрад займае такую двухсэнсоўную пазіцыю на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Па меры пашырэння НАТА ў бок Беларусі Мінск пастаянна карэктаваў сваю рыторыку і пашыраў асцярожнае супрацоўніцтва з альянсам. Тым не менш, «прывід НАТА» дагэтуль застаецца асноўнай тэмай у адносінах Беларусі і Расіі.

Няшмат знакаў непакою ад Мінска

З аднаго боку, заява Макея наконт магчымага размяшчэння расійскай ваеннай базы ў Беларусі прагучала даволі сенсацыйна. За апошнія чатыры гады Мінску ўдалося пазбегчы адкрыцця расійскай авіябазы. Пачынаючы з вясны 2016 года і, магчыма, яшчэ значна раней, беларускае кіраўніцтва адмовілася разгарнуць балістычныя комплексы Іскандэр на сваёй тэрыторыі пры ўмове, што іх абслугоўванне і кіраванне будзе ажыццяўляцца расійскімі вайскоўцамі. Па некаторых паведамленнях, Мінск хацеў самастойна разгарнуць Іскандэры без прыцягнення расійскага ваеннага персанала да іх эксплуатацыі.

НАТО, Беларусь

Дэлегацыя НАТА ў Мінску. Выява: vsr.mil.by

З іншага боку, беларускі ўрад амаль ніколі не дэманстраваў асаблівай незадаволенасці альбо заклапочанасці з нагоды дзейнасці НАТА ў рэгіёне. 14-16 мая дэлегацыя са штаб-кватэры НАТА наведала Мінск. Сумесна з Міністэрствам абароны Беларусі дэлегацыя зацвердзіла новыя мэты, сярод якіх — імкненне Беларусі да супрацоўніцтва з НАТА ў рамках свайго ўдзелу ў  праграме «Партнёрства дзеля міру». Нягледзячы на тое, што пасля той сумеснай сустрэчы было агалошана зусім няшмат інфармацыі, аб’ём супрацоўніцтва паміж Беларуссю і НАТА паступова павялічваецца.

У планаванні беларускага ваеннага бюджэту таксама назіраецца адсутнасць клопату наконт НАТА. Па апошнім дадзеным, прэзідэнт Лукашэнка ўзняў пытанне аб далейшым скарачэнні арміі (у цяперашні час беларуская армія налічвае 46482 салдат). У выпадку рэалізацыі гэтай прапановы, дзве альбо тры тысячы ваеннаслужачых перайдуць у агенцтва памежнікаў.

Наколькі сур’ёзны Мінск наконт «пагрозы НАТА»?

Пры аналізе заявы беларускага міністра замежных спраў наконт магчымага размяшчэння расійскай ваеннай базы, варта памятаць, што беларускія чыноўнікі неаднакратна рабілі падобныя неадназначныя заявы па знешнепалітычных пытаннях у мінулым. Напрыклад, у лютым 2009 года нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung запыталася тагачаснага міністра замежных спраў Сяргея Мартынава: «Ці стане Беларусь калі-небудзь членам ЕС альбо нават НАТА?». Міністр адказаў: «Гэта, вядома, не з’яўляецца часткай нашага сцэнара на бліжэйшую будучыню. Аднак часы могуць змяніцца». Такім чынам, заяву Макея наконт размяшчэння расійскай ваеннай базы ў адказ на ўварванне НАТА трэба ўспрымаць з адмысловым скептыцызмам.

NATO, Belarus

Выява: Council on Foreign Relations

Лепей разгледзець заяву Макея ў кантэксце беларуска-расійскіх адносін. На думку беларускага ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, «прывід монстра НАТО верна служыў Мінску [на працягу многіх гадоў].» Сапраўды, у другой палове 1990-х гадоў прэзідэнт Лукашэнка часта ўзгадваў пра «монстра НАТА», які набліжаўся да межаў Беларусі, асабліва падчас спробаў уварвацца на палітычную сцэну Расіі да прэзідэнцтва Пуціна. Пазней Мінск выкарыстаў падобную тактыку, каб пераканаць Маскву ў неабходнасці падтрымкі беларускага кіраўніцтва.

Гучныя антынатаўскія заявы ў 1990-я гады складалі толькі адзін з аспектаў знешняй палітыкі Беларусі. Паралельна Іван Антановіч, тагачасны намеснік міністра замежных спраў Беларусі і фактычны архітэктар беларускай знешняй палітыкі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, агучваў зусім іншае меркаванне. Паводле яго слоў,

У цяжкія гады пераходнага перыяду […], краіны НАТО паводзілі сябе вельмі стрымана, я б нават сказаў — з жалем. Для такой магутнай арганізацыі, як НАТА, пры жаданні было б лёгка сапсаваць жыццё любой з дзяржаў СНД. Паводізны НАТА былі настолькі годнымі, наколькі гэта было магчыма.

Расія трывае адносіны паміж Беларуссю і НАТА

Масква, вядома, заўважыла неадназначнае стаўленне Беларусі да НАТА. Некаторыя расійскія СМІ нярэдка накідваюцца на Мінск за «дэзертырства» і абвінавачваюць у спробах сысці на Захад. Напрыклад, у сваім артыкуле, апублікаваным 14 красавіка на расійскім вэб-сайце Lenta.ru, Уладзімір Зотаў абвінаваціў Беларусь і яе прэзідэнта ў здрадзе Расіі. На думку Зотава, Беларусь рухаецца ўсё бліжэй на Захад, аднак у той жа час працягвае карыстацца эканамічнай падтрымкай Расіі.

Тым не менш, расійская грамадская думка застаецца станоўчай у дачыненні да Беларусі. Па дадзеных сацыялагічнага апытання, праведзенага расійскім “Фондам грамадскай думкі” у красавіку, расіяне лічаць Беларусь адным з самых цэнных партнёраў, «адносіны, з якім павінны быць добрымі», нараўне з Кітаем і ЗША. Больш за тое, расіяне назвалі Беларусь адной з трох вядучых краін, з якімі Расія павінна ажыццяўляць эканамічнае супрацоўніцтва, нараўне з Кітаем і Германіяй.

Belarus, Ministry of Foreign Affairs

Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў. Выява: Foreign Ministry of Russia

Часам сам Крэмль пасылаў змешаныя сігналы аб НАТА ў Мінск. Пасля сустрэчы са сваім беларускім калегам 29 мая, міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што, нягледзячы на «разбуральныя», на яго думку, новыя разгортванні НАТА ў краінах Балтыі і Польшчы, Мінск і Масква будуць імкнуцца палепшыць свае адносіны з Паўночнаатлантычным блокам. Такім чынам, палітыка Мінска ў дачыненні да НАТА мае даволі хісткае прызнанне ў Расіі.

Акрамя таго, Мінск шукае выхад з дылемы выбару паміж Расіяй і Захадам. 10 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у кітайскім горадзе Цындао. Удзел прэзідэнта Беларусі ў саміце ШАС дэманструе яго поспех у прыцягненні ўвагі Пекіна, аднаго з ключавых прыярытэтаў беларускай знешняй і абароннай палітыкі.

Каб падсумаваць, Мінск праводзіў дваісты знешнепалітычны і абаронны курс на працягу дзесяцігоддзяў. Было б няправільна выносіць маральную ацэнку такому курсу, паколькі, імаверна, што іншы курс, дзе б Беларусь больш відавочна падтрымлівала той ці іншы бок у рэгіянальных альбо глабальных супрацьстаяннях, знішчыў бы беларускую дзяржаўнасць.

Гэта дваісты, аднак паслядоўны курс, які можна ахарактарызаваць як імкненне да большай нейтральнасці, праводзіўся ад пачатку прэзідэнцтва Лукашэнкі. Хоць падобная палітыка зусім не ўпісваецца ў заходнія канцэпцыі, яна ні ў якім разе не з’яўляецца «сола спектаклем» Лукашэнкі. Шэраг беларускіх чыноўнікаў унеслі не меншы ўклад. Эфектыўнасць такой палітыкі залежыць ад прызнання іншых краін і блокаў у якасці легітымнага выбару Беларусі.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *