Беларусь шукае супрацоўніцтва ў галіне бяспекі з Расіяй і Захадам: місія выканальная?

Міністр замежных спраў Беларусі Макей у штаб-кватэры НАТО. Фота: Nato.int

9 траўня ў Вашынгтоне падчас выступу на сустрэчы амерыканскага аналітычнага цэнтра “Атлантычная Рада” намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва ў галіне бяспекі паміж Беларуссю і ЗША.

Між тым, шматлікія ўсходнееўрапейскія чыноўнікі з заходняга блоку выказалі асцярогі з нагоды маючых адбыцца расійска-беларускіх ваенных вучэнняў Захад-2017. Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што Захад-2017 – гэта прыкмета падрыхтоўкі Беларусі і Расіі да вайны з Захадам.

Мінск, аднак, гуляе ў сваю ўласную гульню і спрабуе атрымаць лепшае з абодвух бакоў. Ён выкарыстоўвае вучэнні, каб атрымаць выгоды ад Расіі і ў той жа час спрабуе пераканаць праціўнікаў Расіі ў нейтралітэце Беларусі.

Хто баіцца вучэнняў Захад-2017?

Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў, што яго краіна павінна быць гатовая да любых наступстваў Захаду-2017, у тым ліку разгортвання расійскіх войскаў у Беларусі. Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў сцвярджае, што вучэнні могуць стаць папярэднім этапам для наступальнай аперацыі супраць Украіны.

Літоўскія спецслужбы папярэджваюць, што Расія можа захапіць Прыбалтыку цягам 24-48 гадзінаў. У красавіку Літва правяла вучэнні ў рамках падрыхтоўкі да “Крымскага сцэнару.” Без папярэджання мясцовых супрацоўнікаў паліцыі ўзброеныя людзі напалі на літоўскі горад Салечнікі (Шальчынінкай). Паводле сцэнару захопнікі прыбылі з Беларусі, а краіна-агрэсар называлася Удзія (Udija), што відавочна намякала на ​​Беларусь, адна з назваў якой на літоўскай мове гучыць як Gudija.

Фота: nato.mfa.lt

Цікава, што ні мясцовая паліцыя, ні насельніцтва не супраціўляліся нападу, мабыць, не жадаючы верыць, што Беларусь можа ўварвацца ў Літву. Падаецца, што Захад-2017 турбуе толькі палітыкаў Усходняй Еўропы і спецслужбы,  а не насельніцтва ў цэлым.

Чыноўнікі ў заходніх краінах таксама былі больш стрыманыя ў выказваннях. Напрыклад, міністр абароны ЗША Джэймс Мэціс заявіў, што беларуска-расійскія вучэнні не даюць ніякіх прычынаў для турботы: “Гэта руцінныя вучэнні. Я веру, што яны будуць заставацца такімі”. У лютым генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг толькі абвясціў, што NATO надае “пэўную ўвагу ваенным вучэнням, у тым ліку Захаду-2017”.

Кошт сілавога шоў

Беларускі ўрад імкнецца пераканаць суседнія краіны ў адсутнасці падставаў для хвалявання. У выступе 3-га лютага Лукашэнка адзначыў:

“На вучэннях войскі высадзяць недзе ля палігона, разаб’юць лагер, прывязуць пэўную колькасць боепрыпасаў, каб адстраляць па мішэнях. Яны разам з намі. Лагер наш, лагер іх. Гэта ўсё пад кантролем.”

Мінск спрабуе палепшыць імідж вучэнняў і зрабіць іх больш празрыстымі праз запрашэнне назіральнікаў і публікацыю падрабязнасцяў. Хоць ён і разумее, што вучэнні выклікаюць пратэсты суседзяў, але таксама разглядае іх як магчымасць вырашыць некаторыя праблемы з Расіяй.

Адзін з пунктаў у спісе пажаданняў Беларусі — атрыманне новай дарагой тэхнікі для беларускай арміі. Гэта важная задача для Мінска, які, на жаль, не мае грошай на зброю. Па дадзеных Міжнароднага інстытута даследаванняў праблем міру ў Стакгольме, беларускія ваенныя выдаткі ў 2016 годзе зменшыліся на 17,5% да $597 млн.

Можна разлічыць кошт, які Беларусь спагнала з Расіі за сілавое шоў: Крэмль мусіў даць свайму беларускаму саюзніку дарагую ваенную тэхніку, каб заахвоціць яго да супрацоўніцтва. 7 красавіка Лукашэнка адкрыта сфармуляваў свае надзеі, што Расія дапаможа яму ўзброіць беларускую армію: або за кошт Расіі, або “за невялікую цану.” У прыватнасці, Лукашэнка  хоча нарэшце набыць знішчальнікі Су-30, за якія Мінск спрачаецца з Масквой на працягу больш за дзесяць гадоў.

Су-30. Фота: PressTV

Паводле Лукашэнкі, нядаўна ён абмяркоўваў гэтае пытанне з Пуціным, які “ўскочыў”, пачуўшы беларускія апетыты. Беларускі лідэр прапанаваў заплаціць яму палову кошту (нягледзячы на ​​тое, што кожны самалёт каштуе каля $25 млн) і, мабыць, перамог. Неўзабаве розныя беларускія ваенныя чыноўнікі пачалі гаварыць пра атрыманне новых самалётаў ужо ў 2017 годзе.

Гэта, вядома, не ўсё. Расійская карпарацыя “Верталёты Расіі”  паставіла ў Беларусь дванаццаць новых вайсковых транспартных верталётаў (Мі-8МТВ-5) у два этапы ў лістападзе і сакавіку – на шмат месяцаў раней, чым чакалася.

Беларускі ўрад абвінавачвае ўсе бакі

Мінск мае некалькі іншых прычын для ўдзелу ў гэтым сілавым шоў пад назвай Захад-2017. Гэтыя вучэнні з’яўляюцца відавочнай ініцыятывай Крамля у яго бягучай канфрантацыі з Захадам, а беларускі ўрад проста трымае дыстанцыю ад іхняга канфлікту.

Выступаючы ў Вашынгтоне 9 траўня, намеснік міністра замежных спраў Беларусі Краўчанка падкрэсліў, што Мінск “не разглядае прысутнасць NATO як прамую пагрозу для Беларусі, хоць гэта, безумоўна, стварае рызыкі і праблемы бяспекі ў рэгіёне”. Беларускі ўрад разглядае рост напружанасці ў Еўропе як “найбольшую пагрозу” для нацыянальнай бяспекі.

Краўчанка быў не адзіным беларускім чыноўнікам, які выказаў гэтую пазіцыю. Міністр абароны Андрэй Раўкоў ў даволі ваяўнічай прэзентацыі на чацвёртай Маскоўскай міжнароднай канферэнцыі па пытаннях бяспекі накінуўся на новыя разгортванні NATO у Еўропе. Улічваючы месца правядзення канферэнцыі, такія заявы не дзіўныя. Тым не менш, ён адзначыў, што для Беларусі пашырэнне NATO на ўсход стала здзейсненым фактам.

Фота: function.mil.ru

Выступаючы 28 красавіка, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей згадаў пра рост прысутнасці войскаў NATO паблізу межаў Беларусі ў больш спакойным тоне. Ён падкрэсліў, што ў ваенным плане гэтыя разгортванні не маюць вялікае значэння, і выказаў занепакоенасць іншымі праблемамі:

“Мы занепакоеныя такімі дзеяннямі з-за нядаўняга павышэння ваяўнічай рыторыкі паміж Усходам і Захадам. Я не буду казаць, хто мае рацыю, хто вінаваты. Але … гэтыя абвінавачванні не заўсёды апраўданыя.”

Ціхае супрацоўніцтва з ЗША ў галіне бяспекі

Акрамя таго, Мінск спрабуе ўзмацніць сваё супрацоўніцтва ў галіне бяспекі з Захадам. Намеснік міністра замежных спраў Краўчанка падчас свайго апошняга візіту ў ЗША назваў супрацоўніцтва ў галіне бяспекі “краевугольным каменем” беларуска-амерыканскіх адносінаў. У якасці прыкладу ён прывёў сухапутныя пастаўкі для сілаў NATO ў Афганістане праз тэрыторыю Беларусі.

Нягледзячы на амерыканскія санкцыі супраць Беларусі, ​​“калі Амерыка мела патрэбу ў нашай дапамозе, мы забяспечылі яе. Больш за тое, мы зрабілі гэта свядома, ніколі не спрабавалі гандлявацца, і нават пазбягалі гаварыць пра гэта публічна”. Краўчанка не змог удакладніць далейшыя планы супрацоўніцтва, але ў цяперашніх напружаных умовах ва Усходняй Еўропе Мінск мог бы гуляць важную ролю ў розных міжнародных праектах па-за пасярэдніцтвам ў расійска-ўкраінскім канфлікце.

Такім чынам, беларуская пазіцыя можа стаць важнай, калі ЗША паспрабуюць падняць пытанне аб магчымым парушэнні Расіяй Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Гэтая магчымасць выцякае з інтэрв’ю з Роўз Гетемюлер, былой намесніцы дзяржсакратара ЗША і цяперашняй намесніцы Генеральнага сакратара NATO, апублікаванага 3 красавіка ў расійскай газеце Коммерсант. Яна падкрэслівае, што магчымае парушэнне можна было б абмеркаваць не толькі з Расіяй, але і з іншымі бакамі: Беларуссю, Казахстанам і Украінай.

Беларускаму ўраду варта будаваць больш збалансаваную і нейтральную палітыку шляхам стварэння больш разнастайных партнёрстваў у сферы бяспекі. У той жа час, Мінск разумее адчувальнасць гэтага пытання для Масквы, і згаджаецца з тым, што з’яўляецца найбольш важным для расійскага кіраўніцтва, напрыклад маючымі адбыцца вучэннямі Захад-2017.

Гэта, аднак, не азначае, што Крэмль можа дыктаваць Беларусі ўсё, што хоча. Наадварот, Беларусь змяняе сваю палітыку ў галіне нацыянальнай бяспекі і ўсё яшчэ можа пераканаць Расію дапамагчы ёй ваеннай тэхнікай.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *