Беларусь павялічвае патэнцыял стратэгічнага стрымлівання, але паслабляе ваенна-паветраныя сілы

22 жніўня Міністэрства абароны Беларусі абвесціла пра куплю лёгкіх штурмавікоў і транспартных верталётаў з мэтай мадэрнізацыі ваенна-паветраных сіл. На першы погляд гэтая невялікая пакупка супярэчыць нядаўна абвешчанаму амбітнаму плану па павелічэнні сілаў стрымлівання.

Аднак беларускі падыход да закупкі ваеннага абсталявання значна менш парадаксальны, чым здаецца. Выступаючы на ​​канферэнцыі 1 ліпеня Аляксандр Лукашэнка растлумачыў: пасля вывучэння канфліктаў у Сірыі, Іраку і Украіне Мінск зрабіў выснову, што мабільныя сілы пры падтрымцы агнявых сродкаў з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі ў такога роду канфліктах. “Самалёты і танкі не граюць вялікай ролі ў сённяшніх войнах”, сказаў ён.

Ці сапраўды Мінск прыводзіць сваё войска ў адпаведнасць з сучаснымі выклікамі? Ці гэта толькі прыкрыццё, за якім хаваецца заняпад беларускай арміі з-за фінансавых цяжкасцяў?

Стратэгічнае стрымліванне па-беларуску

22 жніўня беларуская армія афіцыйна задзейнічала “Паланэз”, рэактыўную сістэму залпавага агню (РСЗА). Такім чынам, Мінск завяршыў поўны цыкл стварэння новага ўзбраення. Паводле беларускіх чыноўнікаў гэтая праца вялася з нуля ў інтэнсіўным тэмпе на працягу двух гадоў. У той час як Беларусь не адмаўляе факт кітайскай дапамогі ў распрацоўцы “Паланэза”, некаторыя эксперты падазраюць тут і ўкраінскі след.

Паланэз мае далёкасць стральбы 50-200 км, што значна больш за тыя  РСЗА, якія выкарыстоўваліся беларускай арміяй да гэтага. Звяртаючыся да складу 336-ай ракетна-артылерыйскай брыгады ў Асіповічах, якая першай атрымала “Паланэз”, кіраўнік генеральнага штаба Алег Белаконеў ахарактарызаваў новае ўзбраенне як “элемент стратэгічнага стрымлівання”.

РСЗА “Паланэз” — гэта пацвярджэнне канцэптуальных інавацый беларускай палітыкі ў галіне бяспекі. Ваенная дактрына, якая ўступіла ў сілу 20 ліпеня аперуе, сярод іншага, такім паняццем, як “стратэгічнае стрымліванне”.

З гэтай мэтай Мінск першапачаткова планаваў набыць у Расіі аператыўна-тактычны ракетны комплекс “Іскандэр”. Спачатку Масква адмовіла ў продажы гэтага комплекса, аднак пазней прапанавала яго Беларусі пры ўмове, што “Іскандэр” застанецца пад расійскім кіраўніцтвам. Такія ўмовы для Беларусі былі непрымальнымі.

Тактычная балістычная ракетная сістэма «Грім». Фота: eizvestia.com

Акрамя РСЗА “Паланэз”, Беларусь можа неўзабаве атрымаць і іншае ўзбраенне. Украінскае канструктарскае бюро “Паўднёвае” на працягу трох гадоў распрацоўвае аператыўна-тактычны ракетны комплекс “Грім”, які фінансуецца невядомай замежнай дзяржавай. Некаторыя эксперты, у прыватнасці Аляксандр Храмчыхін, падазраюць, што гэтай дзяржавай можа быць Беларусь. Акалічнасці сапраўды паказваюць на тое, што Беларусь, верагодна разам з трэцяй краінай магла б быць фундатарам новага ракетнага комплекса.

Ваенна-паветраныя сілы: паслабленне працягваецца

22 жніўня тэлеграфнае агенцтва Белта апублікавала звесткі пра пастаўку новага абсталявання для ваенна-паветраных сіл, прадастаўленыя Міністэрствам абароны. Мінск вырашыў набыць яшчэ чатыры самалёты Як-130. У наступныя тыдні беларуская армія таксама атрымала верталёты Мі-8МТВ-5. Хоць Белта не паказала дакладную колькасць верталётаў, у чэрвені 2015 расійскі холдынг “Верталёты Расіі” паведаміў аб кантракце з Беларуссю на пастаўку 12-ці адзінак Мі-8МТВ-5 у 2016-2017 гадах.

Для тлумачэння гэтай пакупкі Міністэрства абароны распавяло, што “ваенна-паветраныя сілы, а таксама войскі паветранай абароны ўдасканальваюцца, грунтуючыся на глабальных тэндэнцыях у развіцці формаў і метадаў разгортвання войскаў”. Яно яшчэ раз падкрэсліла, што самалёт Як-130 з’яўляецца “найноўшым” і “непераўзыйдзеным ў сваім класе”.

Дадзенае сцвярджэнне, аднак, уяўляецца сумніўным. Купля Мі-8 і Як-130 паказвае на існуючы трэнд паслаблення беларускіх ваенна-паветраных сіл. Замест знятых з узбраення састарэлых бамбавікоў СУ-24 і рэактыўных знішчальнікаў СУ-27, Мінск размяшчае вучэбна-баявыя самалёты і штурмавікі Як-130. У будучыні таксама плануецца замяніць штурмавік СУ-25 на той жа Як-130.

Цікава, што Як-130 быў распрацаваны ў выніку расійска-італьянскага праекта і мае брата-блізнюка, Alenia Aermacchi M-346 Master. Польшча нядаўна таксама пачала яго выкарыстанне, аднак, у адрозненне ад Беларусі, яна не спрабуе прадставіць М-346 як нешта большае, чым вучэбна-баявы самалёт і штурмавік, няздатны замяніць сучасныя ваенныя самалёты накшталт СУ-25 або СУ-27 .

Тое ж датычыцца і куплі Мі-8МТВ-5. Гэтыя шматфункцыянальныя ваенныя транспартныя верталёты могуць мець узбраенне, усталяванае на знакамітым верталёце-штурмавіку Мі-24. Такім чынам, яны могуць стаць пэўнай заменай Мі-24, пры гэтым, відавочна, не валодаючы гэткімі ж магчымасцямі.

Цяпер беларуская армія мае некалькі Мі-24, атрыманыя ў спадчыну ад савецкіх узброеных сіл. Нягледзячы на ​​свой узрост, гэтыя самалёты складаюць істотную частку мабільных агнявых магутнасцяў беларускай арміі. Мінск яшчэ ніколі адкрыта не абмяркоўваў планы іх замены на новыя версіі. Цяпер жа ствараецца ўражанне, што беларуская армія мае намер выкарыстоўваць для гэтых мэтаў Мі-8МТВ-5.

Гэта значыць, што ў бліжэйшай будучыні беларускія ваенна-паветраныя сілы будуць усё больш складацца з Як-130 і Мі-8 у розных мадыфікацыях. Яны таксама працягваюць выкарыстоўваць старыя савецкія рэактыўныя знішчальнікі МіГ-29 і спадзяюцца набыць новыя расійскія Су-30С.

Іншы факт, які паказвае на гэту тэндэнцыю,  з’явіўся 17 жніўня. Беларускі ваенны інфармацыйны партал “Ваяр” паведаміў, што беларуская абаронная індустрыя вырабляе сваё ўласнае паліва для некіравальных авіяцыйных ракет С-8М. Гэтыя ракеты ўсталяваныя толькі на Мі-8, Мі-24 і Як-130.

Ваенныя выдаткі Беларусі і іншых еўрапейскіх краін. Малюнак: jakubmarian.com

Мінск, верагодна, засяродзіў свае навуковыя распрацоўкі на неадкладных патрэбах ваенна-паветраных сіл. Беларусь цяпер можа сама папаўняць запас паліва ракет і падтрымліваць старое абсталяванне ў працоўным стане. Раней неабходна было звяртацца да паслуг расійскай кампаніі, якая яшчэ з савецкіх часоў вырабляе гэта абсталяванне.

Радары як адказ амерыканскай сістэме супрацьракетнай абароны?

16 жніўня Міністэрства абароны паведаміла аб ужыванні першай радыёлакацыйнай станцыі далёкага выяўлення “Противник-ГЕ”. Да 2020 года Беларусь плануе атрымаць сем такіх станцый, зробленых у Расіі. Камандзір радыётэхнічных войскаў Ігар Насібянц паведаміў агенцтву Белта, што пасля ўстаноўкі гэтых радараў Беларусь “завершыць усталяванне радыёлакацыйнага разведвальнага кампанента нестратэгічнай супрацьракетнай абароны”.

Іншымі словамі, пастаўка такіх радараў у Беларусь — гэта расійскі адказ амерыканскай сістэме супрацьракетнай абароны ў Еўропе. Масква сцвярджае, што НАТА можа выкарыстоўваць яе для нападу на Расію крылатымі ракетамі. У той жа час новыя радары, якія плануе ўсталяваць Беларусь, з’яўляюцца асабліва эфектыўнымі супраць такіх пагроз.

Для процідзеяння амерыканскай сістэме супрацьракетнай абароны Масква таксама разглядае магчымасць разгортвання ў Беларусі тактычнай балістычнай ракетнай сістэмы “Іскандэр”. Аднак Мінск адмовіўся ад гэтай прапановы, бо сістэмы будуць знаходзіцца пад расійскім камандаваннем. Такім чынам, Мінск і Масква вырашылі замест гэтага разгарнуць новыя радары у якасці рэакцыі на амерыканскую сістэму супрацьракетнай абароны.

Варта адзначыць, што было б няправільна кваліфікаваць бягучую трансфармацыю беларускіх узброеных сілаў як заняпад. Мінск арганізавана змяняе беларускае войска ў адпаведнасці са сваімі фінансавымі рэсурсамі, да прыкладу, шляхам паслаблення магутнасцяў ваенна-паветраных сілаў.

Хоць пастаўкі абсталявання для беларускай арміі адпавядаюць як інтарэсам нацыянальнай абароны, так і інтарэсамі Расіі, апошняе слова застаецца за беларускім кіраўніцтвам. Менавіта таму Мінск усталяваў новыя расійскія радары, але ў той жа час адмовіўся прымаць расійскую авіябазу і расійскія ракетныя ўстаноўкі.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *