Адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны: ці зацягне яна Беларусь у арбіту Расіі?

6 красавіка Масква заявіла, што пагадненне аб стварэнні адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) Беларусі і Расіі выкананае.

Аднак гэта заява прыхоўвае супярэчлівую сітуацыю вакол вайсковага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі і палітыку міжнароднага балансавання Беларусі.

Па-першае, пагадненне пра СПА само па сабе стварае мала новага. У асноўным яно фармалізуе бягучае супрацоўніцтва паміж расійскімі і беларускімі вайсковымі структурамі. Па-другое, 8 красавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей пацвердзіў, што пытанне пра расійскую авіябазу ў Беларусі “закрытае”.

І нарэшце, 3 красавіка галоўны рэдактар ​​найбуйнейшага ўрадавага СМІ Павел Якубовіч назваў візіт афіцыйнага прадстаўніка міністэрства абароны ЗША ў Мінск “падзеяй тыдня”.

Гэта значыць, што Мінск працягвае свае спробы выслізнуць з абцугоў паміж Расіяй і яе апанентамі. Ён развівае адносіны з усімі бакамі і пазбягае хаўрусу з кімсці адным.

У адзінай сістэме супрацьпаветранай абароны мала новага

6 красавіка намеснік камандуючага расійскімі аэракасмічнымі войскамі Павел Курачэнка паведаміў, што рэалізацыя пагаднення ад 2009 года пра адзіную сістэму СПА з Беларуссю завершаная. Яго рэалізацыя пасля сямі гадоў перамоў і гандлю прадугледжвае ў асноўным працяг існуючых дамоўленасцяў у галіне супрацьпаветранай абароны.

З 1995 года Расія спрабуе ўзнавіць падабенства савецкай сістэмы СПА, што прадугледжвае ўключэнне большасці краінаў СНД у калектыўны механізм, але малапаспяхова. Да канца 2000-х гадоў бессэнсоўнасць праектаў на базе СНД праявілася ва ўсіх абласцях, бо прынятыя рашэнні проста заставаліся на паперы. Замест гэтага Масква пачала працаваць з кожнай постсавецкай краінай у індывідуальным парадку.

Такім чынам ў 2009 годзе ўзнікла двухбаковае пагадненне з Мінскам пра сумесную СПА. Расійскія медыя сёння з гонарам аб’яўляюць пра стварэнне “адзінай сістэмы СПА ва Усходняй Еўропе”. Але яны маўчаць пра тое, што ў ёй удзельнічаюць толькі Беларусь і Расія.

Які сэнс у гэтым пагадненні, якога Масква патрабавала ад Мінска на працягу многіх гадоў? Спачатку здавалася, што новая схема хоча паставіць частку беларускай арміі пад расійскае камандаванне. Але Мінск выстаяў і адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны будзе функцыянаваць пад беларускім камандаваннем. Крэмль таксама не даў рады ўсталяваць расійскую авіябазу ў Беларусі ў рамках адзінай сістэмы СПА. З тэхнічнага пункту гледжання сітуацыя застаецца амаль нязменнай, бо часткі СПА дзвюх краін ужо працуюць разам і будуць працягваць працаваць.

Беларускі і расійскі ўрады пазбягаюць тлумачэння, чаго яны хочуць дасягнуць за кошт рэалізацыі гэтага пагаднення. Сапраўды, асноўныя элементы адзінай сістэмы ўжо працавалі на працягу многіх гадоў. Напрыклад, сумеснае баявое дзяжурства вялося з 1996 года. Тое ж тычыцца і абмену інфармацыяй, правядзення сумесных вучэнняў і паставак абсталявання.

Фармалізацыя адносін паміж дзвюма арміямі

Не дзіўна, што ў 2009 годзе афіцыйны расійскі штодзённік Российская газета пракаментаваў нядаўна падпісанае пагадненне ў стрыманым ключы: «Усе гэтыя гады неба над нашымі краінамі ўжо ахоўвалася сумеснымі намаганнямі. Цяпер сумеснае баявое дзяжурства атрымае прававы статус”. Сутыкаючыся з праблемамі ў дачыненнях з краінамі Захаду і Усходняй Еўропы, Крэмль спрабуе прадэманстраваць дасягненні ў іншых накірунках. І таму раскручвае адзіную сістэму СПА.

Але Масква не ўспрымае адзіную сістэму СПА сур’ёзна, і гэта відаць таксама з сітуацыі з пастаўкамі зброі Беларусі. У адказ на ўпартасць Мінска па вайсковых і іншых пытаннях, Масква адмаўляецца пастаўляць Беларусі сучасныя знішчальнікі і прапануе толькі састарэлыя ды ўжываныя зенітна-ракетныя комплексы С-300П. Маскоўская Независимая газета наракала: «Мы ўсё яшчэ не можам сказаць, што [пасля рэалізацыі пагаднення аб адзінай сістэме СПА] ўсе задачы эфектыўнай супрацьпаветранай абароны Саюзнай дзяржавы [Беларусі і Расіі] будуць выкананыя».

На гэтым фоне зразумелым застаецца адно. Праз далейшую фармалізацыю адносінаў ў галіне СПА Мінск і Масква усё больш разыходзяцца ад першапачатковага ўзроўню беларуска-расійскіх вайсковых адносінаў 1990-х гадоў, калі беларускія і расійскія войскі былі, падобна да савецкай арміі, амаль адным цэлым. Выразных межаў і адрозненняў не існавала, а афіцэры лёгка перасоўваліся паміж дзвюма арміямі.

У выніку, стварэнне адзінай сістэмы СПА ёсць не крокам наперад у інтэграцыі, а пераўтварэннем апошніх рэшткаў постсавецкіх вайсковых структур у выразны двухбаковы міжурадавы механізм.

Кантакты з ЗША ў вайсковай сферы пасля дзесяцігадовага перапынку

Апошнія падзеі ў беларуска-амерыканскіх адносін таксама сведчаць пра тое, што стварэнне адзінай сістэмы СПА не ёсць нейкім радыкальным рашэннем Мінска наблізіцца да Расіі.

28 сакавіка амбасада ЗША паведаміла, што ў снежні мінулага года дэлегацыя беларускага міністэрства абароны наведала Вашынгтон. Праз дзесяць гадоў, цягам якіх Мінск не меў ніякага супрацоўніцтва з ЗША у вайсковых пытаннях, беларускі ўрад шукае магчымасць аднавіць кантакты.

Гэтыя крокі Беларусі знайшлі разуменне ў Вашынгтоне, і намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па абароне Майкл Карпентэр наведаў Мінск 28-30 сакавіка. Было відаць, што для беларускага ўраду гэта быў надзвычай важны візіт. Карпентэр правёў сустрэчы з Міністэрствам абароны і Міністэрствам замежных спраў.

Ён нават сустрэўся з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, што выглядала незвычайна, прымаючы пад увагу яго адносна нізкую пасаду. Карпентэр, між іншым, агучыў прапанову абмяняцца вайсковымі аташэ. Мінск пагадзіўся.

Масква адчувае здраду

Візіт Карпентера быў сустрэты гучным асуджэннем ў расійскіх СМІ. Шавіністычнае інфармацыйнае агенцтва Regnum паставіла пытаннне такім чынам: «Ён жадае падражніць Расію ці гэта першыя прыкметы здрады?» Нават умеранае інфармацыйнае агенцтва Lenta.ru абурылася:

“Візіт прадстаўніка Пентагона ў Беларусь з’яўляецца толькі звяном у ланцугу палітычных гульняў вакол Беларусі і яе адносінаў з Расіяй. […] Беларускае кіраўніцтва ўжо знаходзіцца на мяжы страты кантролю над сітуацыяй. МЗС і прэзідэнт Беларусі зайшлі занадта далёка, і гэта таксама відаць з таго факту, што Мінск ласкава прыняў Карпентэра, плюючы на ​​Маскву”.

8 красавіка міністр замежных спраў Беларусі Макей адказаў на гэтую крытыку тым, што Мінск проста хоча весці нармальны дыялог з Захадам і, напрыклад, абмеркаваць з NATO і ЕС іх вайсковую дзейнасць на заходніх межах Беларусі.

Мінск робіць усё магчымае, каб не быць заціснутым паміж усё большай вайсковай актыўнасцю NATO і Расіі. У гэтых абставінах яго спробы знайсці новы канал сувязі з Захадам, асабліва ў сферы бяспекі, адлюстроўваюць логіку выжывання.

У той жа час, беларускі ўрад ўсведамляе рызыкі ігнаравання пытанняў бяспекі, якія Расія лічыць жыццёва важнымі, у тым ліку супрацьпаветраную абарону Масквы. Мінск ідзе насустрач у гэтых пытаннях, але адначасова абараняе ўласны суверэнітэт, інтарэсы і нейтралітэт, наколькі гэта магчыма.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *