Збліжэнне Беларусі і Турцыі: Мінск адмаўляецца падтрымліваць Крэмль і яго саюзнікаў

14-15 красавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у Стамбульскім саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва (АІС).

Гэтая паездка выклікала чарговую хвалю насмешлівай крытыкі ў расійскіх СМІ. Нават ліберальны Коммерсант напісаў пра “дэманстратыўнае збліжэння Анкары і Мінска” на фоне пагаршэння стасункаў паміж Беларуссю і Расіяй.

Не дзіўна, што ў Стамбуле Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Турцыі Эрдаганам, чые адносіны з Масквой застаюцца варожымі пасля выпадку збіцця турэцкімі ВПС расійскага самалёта у канцы мінулага года. Беларускі прэзідэнт нават запрасіў Эрдагана наведаць Беларусь. Нядаўняя адмова Беларусі падтрымаць іншага саюзніка Расіі, Арменіі, у яе канфлікце з Азербайджанам робіць Лукашэнку імідж нелаяльнага ў дачыненні да Крамля суседа.

Масква адмаўляецца прымаць любую пазіцыю, апроч поўнай падтрымкі яе палітыкі. Усё астатняе, на думку Крамля — здрада і варожасць. А Мінск адмаўляецца існаваць ў такіх чорна-белых катэгорыях.

Мінск збліжаецца з Эрдаганам і яго сябрамі

Мінск значна больш зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Турцыяй, чым наадварот. Каментуючы нядаўні кантакт паміж беларускім і турэцкім лідарамі, Коммерсант сцвярджае, што Эрдаган атрымлівае шанец гуляць «беларускую карту» ў адносінах з Расіяй.

Да гэтага часу, аднак, Эрдаган не выявіў да гэтага аніякай цікавасці. Па-першае, яго сустрэча з Лукашэнкам была толькі адной у серыі сустрэч, якія ён правёў з удзельнікамі саміту АІС супастаўнага ўзроўню.

Па-другое, турэцкія ўлады не зрабілі ніякіх заяў пра свой намер гуляць «беларускую карту», а турэцкія СМІ не праявілі зацікаўленасці да візіту Лукашэнкі, падаючы пра яго толькі кароткія згадкі.

Далучэнне да АІС ў якасці назіральніка Мінск разглядае як умацаванне сваіх сувязяў з блокам кансерватыўных і звязаных з Захадам блізкаўсходніх рэжымаў, напрыклад арабскімі манархіямі Персідскай затокі, Турцыяй і Пакістанам. Менавіта гэты блок дамінуе ў АІС. Гэтая знешнепалітычная арыентацыя Мінска праглядаецца ў сустрэчах Лукашэнкі з катарскім эмірам Тамімам бін Хамад аль-Тані і прэзідэнтам Пакістана Мамнунам Хусэйнам.

Незадоўга да гэтага сын Лукашэнкі і памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар наведаў Катар, іншую краіну, якая мае напружаныя адносіны з Расіяй і яе саюзнікамі. Віктар адкрыта сустракаўся з высокімі службовымі асобамі гэтай краіны.

Гэты дэманстратыўны кантакт кантрастуе з адпраўкай Мінскам да саюзніка Расіі, сірыйскага прэзідэнта Башара Асада ўсяго толькі дэлегацыі Беларускай камуністычнай партыі, маргінальнай палітычнай сілы. Беларускія камуністы прывезлі Асаду пасланне ад беларускага кіраўніцтва і карціну з двухсэнсоўнай назвай “Дзень Перамогі”.

Арменія раззлаваная на Беларусь

Вядома, толькі нешматлікія эксперты заўважылі гэтыя красамоўныя дэталі беларускай знешняй палітыкі на Блізкім Усходзе. А вось пазіцыя Мінска па адноўленым канфлікце вакол Нагорнага Карабаха прыцягнула ўвагу шматлікіх беларускіх і замежных медыя.

1346312782_01097_022672

А. Лукашэнка і І. Аліеў. Фота: belvpo.by

Па-першае, 2 красавіка беларускі МЗС адрэагаваў на пачатак новага раўнда ваенных дзеянняў у Карабаху заявай, у якой падкрэсліваецца непарушнасць міжнародных межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці. Гэта заява абурыла Арменію, бо фактычна падтрымала палітыку Азербайджана, які патрабуе аднаўлення ўсіх тэрыторый, што належалі Савецкаму Азербайджану.

Нягледзячы на ​​жорсткую рэакцыю Ерэвана, 4 красавіка Мінск выпусціў другую заяву. Яна гаворыць, што беларускія войскі не могуць быць накіраваныя для ўдзелу ў замежных канфліктах. Гэта было ўдарам па кіраванай з Масквы Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), якую Ерэван спадзяваўся ўцягнуць у канфлікт з Азербайджанам.

І нарэшце, Мінск падвёў фінальную рысу, калі беларускі парламент 4 красавiка прыняў новую ваенную дактрыну. Норма, што прадугледжвае няўдзел беларускіх войскаў у канфліктах за мяжой, існуе ў беларускім заканадаўстве з 1991 года, і новая дактрына проста паўтарае яе.

Але ў напружанай атмасферы, калі Ерэван спрабаваў выкарыстаць АДКБ у яго супрацьстаянні з Баку, прыняцце Мінскам новай дактрыны было вытлумачана па-рознаму. Армянскія СМІ, такія як News.am, убачылі ў хуткім прыняцці беларускай вайсковай дактрыны адказ Мінска на новы пошуг ваенных дзеянняў у Карабаху.

У любым выпадку, дактрына паказвае нежаданне Беларусі прымаць бок Арменіі і падрывае адзінства АДКБ. 15 красавіка намеснік міністра замежных спраў Арменіі Шаварш Качаран публічна заявіў, што новая беларуская ваенная дактрына выклікае заклапочанасць Арменіі як сябра АДКБ. Але Мінск выдатна ведаў, што яго крокі ў дачыненні да Карабаха будуць раздражняць і Маскву.

Уцёкі з пуцінскага Тытаніка?

Масква, як звычайна, пачула здраду, але Мінск папросту з усіх сіл спрабуе знайсці сярэдні шлях паміж Расіяй і яе шматлікімі супернікамі на Захадзе, былым Савецкім Саюзе і Блізкім Ўсходзе. Беларусь прызнае некаторыя інтарэсы Расіі, якія беларускі ўрад лічыць законнымі. Таму яна, напрыклад, працягвае ўдзельнічаць у адзінай сістэме супрацьпаветранай абароны.

У той жа час, Беларусь адмаўляецца падтрымліваць тыя крокі Пуціна, якія ўжо ўблыталі Расію ў палітычную і ваенную канфрантацыю з многімі краінамі. Але Мінск супраціўляецца гэтай палітыцы Крамля не па этычных або маральных меркаваннях.

Беларускае кіраўніцтва напэўна лічыць, што такая палітыка Крамля асуджаныя на паразу і мае хісткую глебу. Лукашэнка свядома высмеяў гістарычнае права  Расіі на Крым, параўноўваючы гэта з магчымасцю перадачы большай часткі Еўразіі, уключаючы Расію, ў мангольскае кіраванне, бо гэтыя землі некалі належалі манголам.

Па словах беларускага палітычнага аналітыка Валера Карбалевіча, пасля таго, як Расія ў лістападзе мінулага года пасварылася з Турцыяй, «з крыніцы падтрымкі [для беларускага ўрада], яна ператварылася ў крыніцу праблем. Прыйшоў час уцякаць з гэтага Тытаніка «.

Гэта было б цяжкай задачай, улічваючы незаменную ролю Расіі ў беларускай эканоміцы. Тым не менш, Мінск ужо паспеў дыстанцыявацца ад рызыкоўных крокаў Расіі і іншых краін у міжнароднай палітыцы, спасылаючыся на міжнароднае права.

Беларусь адмаўляе законнасць мноства палітычных праектаў, у тым ліку аддзялення Косава, Паўднёвай Асеціі, Абхазіі, Крыма (хоць і з агаворкамі) і ў цяперашні час Карабахскага канфлікту.

Яна таксама паслядоўна адмаўляецца падтрымліваць буйныя знешнепалітычныя крокі Расіі не толькі ў некаторых аддаленых месцах, такіх як Блізкі Усход, але і ва Усходняй Еўропе, дзе Мінск спрабуе захаваць добрыя адносіны з Украінай і аднавіць стасункі з Захадам.

Апошнія беларускія крокі па Карабаху і яго адносіны з Арганізацыяй ісламскага супрацоўніцтва прадэманстравалі, што Беларусь працягвае рухацца ў тым жа кірунку.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *