Захад і Беларусь: на шляху да новага парадку дня

Вынікі парламенцкіх выбараў 11 верасня здзівілі шмат каго ў Беларусі. Мала хто верыў, што рэжым Лукашэнкі дазволіць незалежным кандыдатам трапіць у парламент, але гэтыя выбары паказалі, што беларускія ўлады прынамсі хочуць выглядаць як гатовыя да пераменаў.

Гэта выклікае аптымізм, але Беларусь і Захад павінны стварыць новы парадак дня, каб гарантаваць развіццё Беларусі ў станоўчым кірунку. Іншымі словамі, ЕС і ЗША не павінны вылучаць патрабаванні, якія цалкам непрымальныя для рэжыму.

Галоўнае патрабаванне Захаду — свабодныя выбары — з’яўляецца досыць справядлівым. Аднак пашырэнне дэмакратычнай прасторы ўнутры краіны павінна быць прыярытэтам. Гэта можа быць дасягнута, напрыклад, шляхам перамяшчэння заходніх фондаў у Беларусь і патрабавання большай колькасці апазіцыйных палітыкаў у мясцовых Саветах пасля выбараў 2018 года.

Парламенцкі сюрпрыз

Меркаванне, што рэжым Лукашэнкі не можа быць зменены, існавала на працягу доўгага часу, але парламенцкія выбары 11 верасня паказалі крыху іншы бок беларускіх уладаў. Аўтар, назіральнік за выбарамі, асабіста быў сведкам завышэння яўкі выбарчай камісіяй і непразрыстага працэсу падліку галасоў. Аднак у выніку беларускія ўлады здзівілі многіх, дазволіўшы Ганне Канапацкай і Алене Анісім, дзвюм жанчынам з дэмакратычнымі поглядамі, трапіць у парламент.

Гэта паказвае, што рэжым Лукашэнкі здольны рэалізаваць прынамсі сімвалічныя рэформы, каб супакоіць Захад. З гэтай мэтай год таму беларускі ўрад выпусціў шэраг палітычных зняволеных, і зараз імкнецца аналагічным чынам выкарыстаць дэмакратычных дэпутатаў. Нягледзячы на існуючыя акалічнасці, гэта істотны крок.

Насамрэч беларускія ўлады пайшлі на саступкі яшчэ раней, падчас дыялога 2008-2010 гг. У гэты час рэжым вярнуў у грамадскі распаўсюд некаторыя незалежныя газеты, такія як “Наша Ніва” і “Народная Воля”, а таксама зарэгістраваў “Рух за Свабоду” на чале з Аляксандрам Мілінкевічам.

Але сённяшнія саступкі носяць іншы характар. Два чалавекі з дэмакратычнымі поглядамі атрымалі афіцыйны статус, заробак ў $800 у месяц і ўплыў, чаго не здаралася ў Беларусі на працягу апошніх 12 гадоў. Гэта легітымізуе дэмакратычных палітыкаў нават перад тымі, хто не падтрымлівае беларускую апазіцыю.

Неабходнасць станоўчага вектара развіцця

Праўладныя эксперты часта сцвярджаюць, што Беларусь пакуль не гатовая да дэмакратыі, але ўлады мудра прадпрымаюць невялікія крокі ў гэтым кірунку. Насамрэч гэта не так. Рэжым Лукашэнкі хацеў бы пазбегнуць дэмакратыі, паколькі гэта стварыла б пад пагрозу для многіх прадстаўнікоў улады і бізнэсу: многія беларускія чыноўнікі ўзбагаціліся дзякуючы аўтарытарнаму рэжыму ў Беларусі. Адным з прыкладаў ёсць Міхаіл Мясніковіч, кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента, чый гадзіннік каштуе $30,000.

Тым не менш, як паказваюць парламенцкія выбары, беларускі ўрад здольны ісці на пэўныя саступкі. Змены сталі магчымымі шмат у чым дзякуючы жаданню Беларусі і Захаду працягваць нармалізацыю адносін. Як сказаў Лукашэнка 6 ліпеня Скоту Роланду, тады яшчэ часоваму паверанаму ў справах ЗША, “Беларусь не зможа мець паўнавартасную знешнюю палітыку без папярэдняй нармалізацыі адносінаў з Вашынгтонам”. Сёння ЕС і ЗША патрэбныя Беларусі па цэлым шэрагу прычын — ад эканамічнай падтрымкі да жадання дыстанцыявацца ад Расіі.

Аднак беларускі рэжым па-ранейшаму не жадае саступаць уладу шляхам правядзення свабодных выбараў і Захад павінен гэта зразумець. Калі ЕС і ЗША будуць патрабаваць толькі свабодных выбараў, гэта не будзе спрыяць таму, каб  рэжым пайшоў хоць на нейкія саступкі. З іншага боку вельмі важна, каб Захад не адмовіўся ад сваіх ідэалаў. У адваротным выпадку Лукашэнка страціць стымулы для правядзення рэформаў.

Абодвум бакам зараз патрэбны станоўчы вектар, у якім заходнія патрабаванні не перавышаюць здольнасць  Лукашэнкі да пераменаў. Натуральна, што рэжым запатрабуе “пернікі”, і Захад павінен іх прапаноўваць на пэўных умовах. Напрыклад цяпер, калі ў беларускім парламенце ёсць дзве прадстаўніцы апазіцыі, узровень супрацоўніцтва з беларускім парламентам павінен быць павышаны.

Міністры замежных спраў Беларусі і Нямеччыны Уладзімір Макей і Франк-Вальтэр Штайнмаер 21-га верасня. Фота: mfa.gov.by

Што могуць зрабіць абодва бакі

Гісторыя Ганны Канапацкай і Алены Анісім паказвае, што Захад павінен засяродзіцца на паступовай інстытуцыяналізацыі дэмакратычных групаў і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Еўрапейскі Саюз і Злучаныя Штаты могуць запатрабаваць ад Беларусі пачысціць Аўгіевы стайні. Некаторыя людзі, такія як Эдуард Пальчыс, па-ранейшаму застаюцца ў турме, а абвінавачванні супраць яго з’яўляюцца прынамсі часткова палітычна матываванымі. У Беларусі таксама працягвае дзейнічаць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу, у адпаведнасці з якім сябра незарэгістраванай арганізацыі можа атрымаць пакаранне да двух гадоў турмы.

Захад павінен заняць прынцыповую пазіцыю па гэтых пытаннях, але яны не павінны быць у цэнтры ўвагі, бо не маюць доўгатэрміновай вартасці. Рэжым Лукашэнкі можа адмяніць закон, але пасадзіць людзей у турму па іншым артыкуле у выпадку змены палітычнага клімату. Напрыклад Алесь Бяляцкі, лідэр незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі “Вясна”, быў асуджаны за нібыта ўхіленне ад выплаты падаткаў у 2011 годзе.

Больш важна зрабіць свой унёсак у доўгатэрміновыя змены — павялічыць прысутнасць Захаду і дапамагчы грамадзянскай супольнасці і дэмакратычным групам зрабіць тое ж самае.

Напрыклад, беларускія ўлады могуць дазволіць заходнім палітычным і грамадзянскім фондам адкрыць свае прадстаўніцтвы ў Беларусі. Іх праца можа быць падкантрольнай, але дзейнасць такіх арганізацый, як амерыканскі Нацыянальны дэмакратычны інстытут або шведскі Форум Сюд будзе больш эфектыўнай, калі яны будуць знаходзіцца ў Беларусі. Іх фінансаванне зможа дасягнуць большай колькасці беларусаў і падтрымліваць беларускія грамадскія ініцыятывы; цяпер жа, працуючы ў Вільні і Варшаве, яны застаюцца нябачнымі.

Акрамя таго, фізічная прысутнасць у Мінску прынясе Захаду і ідэям дэмакратыі большую легітымнасьць у беларускай публічнай прасторы. Беларускія чыноўнікі, эксперты і палітыкі змогуць будаваць доўгатэрміновыя адносіны з Захадам і перастануць успрымаць Еўрасаюз і Злучаныя Штаты як ворагаў.

Апроч таго, Захад можа патрабаваць ад уладаў большай свабоды для дэмакратычных групаў на мясцовых выбарах у 2018 годзе. Прадстаўнікі апазіцыі пакуль не маюць доступу да мясцовых Саветаў, негледзячы на тое, што вартасць Саветаў у беларускай палітычнай сістэме нязначная. Таму абранне некалькіх дзясяткаў апазыцыйных палітыкаў не будзе пагражаць рэжыму Лукашэнкі, але адначасова ўзмоцніць парасткі беларускай дэмакратыі.

Вядомы беларускі палітолаг Віталь Сіліцкі часта падкрэсліваў, што змены павінны прыйсці знутры краіны, а не звонку. Падаецца, што менавіта сёння з’явілася акно магчымасцяў для актыўных пераменаў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *