Як супольная спадчына падзяляе Беларусь і Літву

28 студзеня ў Вільні адбылося выступленне беларускага балета “Вітаўт”. Спектакль апынуўся ў віры супярэчнасцяў, калі міністр культуры Літвы паўгады таму назвала яго правакацыяй.

Гэты выпадак паказвае, як супольная спадчына, замест таго каб аб’ядноўваць краіны, насамрэч іх падзяляе і ставіць перад Літвой дылему. З аднаго боку, яна хацела б ператварыць Беларусь у дэмакратыю з заходняй ідэнтычнасцю. Але з іншага боку, Літва прызнае, што заходняя ідэнтычнасць Беларусі кідае выклік ідэнтычнасці Літвы, бо абапіраецца на тую ж гістарычную спадчыну.

Супольная спадчына як праклён

Для многіх жыхароў Захаду Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ) уяўляецца балцкай краінай. Аднак у рэчаіснасці гэта быў саюз балтаў і славян, у якім славяне і іх мова дамінавалі. Напрыклад, літоўскія статуты былі напісаныя русінскай мовай, якую беларусы называюць старабеларускай.

З гадамі гісторыя Вялікага Княства становіцца менш звязанай з сённяшняй Літвой, як на Захадзе, так і ў Беларусі. У 2012 годзе Норман Дэвіс, магчыма, самы вядомы даследчык гісторыі Усходняй Еўропы, апублікаваў кнігу “Зніклая каралеўствы”, дзе раздзел пра Вялікае Княства Літоўскае пачынаецца з фатаграфіі Лукашэнкі.

Помнік вялікаму князю літоўскаму Альгерду ў Віцебску. Фота: Shutterstock

Апошнім часам аўтарытарны лідар Беларусі пачаў выказваць усё болей энтузіязму наконт Вялікага Княства. У 2017 годзе падчас абмеркавання школьных падручнікаў ён заявіў, што “Беларусь павінна ўвесці ў свядомасць нашага народа праўду: Беларусь пачала сваю гісторыю з Полацкага княства і ВКЛ.” 20 студзеня камандзір унутраных войскаў Беларусі сказаў, што нават армія сёння вывучае гісторыю Вялікага Княства Літоўскага.

Многія беларусы любяць жартаваць, што Вільня належыць ім (як дарэчы і палякі). Не дзіўна, што мала хто з літоўцаў лічыць такія жарты смешнымі. Яны ўяўляюць Беларусь сястрой, пра якую ніхто не ведаў, але якая з’явіўлася ў момант, калі прыйшоў час дзяліць спадчыну памерлай бабулі. Больш за тое, цяпер гэтая сястра прыходзіць у Вільню і пачынае вучыць вас гісторыі вашай сям’і.

Балет, які раз’ядноўвае

Яшчэ ў верасні 2017 года, амаль за шэсць месяцаў да прэм’еры балету “Вітаўт” ў Вільні, міністр культуры Літвы Ліяна Руокітэ-Ёнсан назвала пастаноўку “дэманстрацыяй мяккай сілы і правакацыяй”. Літоўскія ўлады, падобна, занепакоеныя тым, што балет прысвечаны стагоддзю незалежнасці Літвы, а таксама тым фактам, што беларускія арганізатары папярэдне не кансультаваліся з імі. Пасольства Беларусі ў Літве адразу адказала Руокітэ-Ёнсан у Твітары, што “тутэйшая мода на абсурд не мае межаў”.

Літоўскія СМІ часам пішуць, што “Лукашэнка нацэліўся на гонар Літвы” або “надыйдзе дзень, калі беларусы скажуць «Вільня наша»”. Цалкам відавочна, што гэтыя сенсацыйныя загалоўкі прыцягваюць трафік на вэб-сайты, але шкодзяць узаемнаму паразуменню паміж двума народамі.

Напрыклад, літоўскія ўлады асцерагаюцца празмернага супрацоўніцтва з арганізацыямі, арентаванымі на Беларусь. Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні служыць самым вядомым прыкладам. Ён атрымлівае дапамогу ад шэрагу міжнародных донараў, уключаючы Літву, і амаль усе ў беларускай грамадзянскай супольнасці застаюцца незадаволеныя яго працай. У 2014 годзе 40 беларускіх інтэлектуалаў, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіяевіч, напісалі адкрыты ліст у падтрымку захавання беларускага зместу ЕГУ.

ЕГУ траціць не менш за $150,000 на гадавы аклад рэктара, у той час як якасць адукацыі ў ім ставіцца пад сумнеў. У снежні 2017 года літоўскі Цэнтр па ацэнцы якасці вышэйшай адукацыі негатыўна ацаніў ЕГУ, а літоўскае Міністэрства адукацыі можа пазбавіць яго ліцэнзіі да канца 2018 года. Але літоўскія ўлады працягваюць падтрымліваць былога рэктара і цяперашняга прэзідэнта ЕГУ прафесара Анатоля Міхайлава. Інсайдэры тлумачаць гэту падтрымку Міхайлава яго касмапалітычным, а не нацыянальна-арыентаваным бачаннем Беларусі, якое літоўцы не ўспрымаюць як канкурэнтны праект.

Спрэчкі вакол гістарычнай спадчыны сілкуюцца іншымі канфліктамі, асабліва сітуацыяй вакол беларускай АЭС. Станцыя, якую Беларусь пачала будаваць у 55 км ад Вільні ў 2013 годзе, стала галоўнай праблемай у двухбаковых адносінах. Літва лічыць яе небяспечнай. Паводле слоў аднаго беларускага грамадскага дзеяча, “калі літоўцы адчуваюць, што вы не падзяляеце іх меркаванне пра беларускую атамную электрастанцыю, то лічаць вас рускім агентам”. Паводле апытання літоўскага агенцтва RAIT, дзве траціны літоўцаў ўспрымаюць Астравецкую АЭС як пагрозу. Паводле іншага агенцтва Spinter, толькі 6,5% літоўцаў лічылі Беларусь сяброўскай краінай у 2014 годзе.

Дылема Літвы

З аднаго боку, Літва лічыць, што яна павінна ўмацоўваць беларускую ідэнтычнасць, каб атрымаць дружалюбнага еўрапейскага суседа. Прасоўванне агульных герояў, такія як Вітаўт, несумненна дапамагае дасягненню гэтай мэты.

З іншага боку, умацаванне беларускай ідэнтычнасці можа прывесці да неабходнасці дзяліцца гістарычнай спадчынай, якую Літва доўгі час лічыла выключна сваёй. Гэта складана, бо абедзве краіны невялікія па памеры і маюць патрэбу ў моцнай і адначасова простай ідэнтычнасці.

Дыялог па супольнай гісторыі мог бы дапамагчы пабудаваць агульнае бачанне ВКЛ, але канфлікты і непаразуменні, такія як Астравецкая АЭС, сеюць недавер паміж краінамі. Раней такі дыялог адбываўся ў межах Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які штогод праводзіўся ў літоўскім Коўне. Але ў 2017 годзе Кангрэс пераехаў у Варшаву, а сёлета мае прайсці ў Менску. Такім чынам, сёння немагчыма казаць пра нейкія сумесныя падручнікі або іншыя гістарычныя праекты.

Хутчэй за ўсё, краіны будуць развівацца паводле сваёй унутранай інэрцыі. Беларусь наноў будзе адкрываць сваю гісторыю, у той час як Літва будзе адчуваць, што яе гісторыю крадуць. Малаверагодна, што гэта прынясе плён супрацоўніцтва паміж краінамі.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *