Як прыцягнуць турыстаў у беларускую бязвізавую зону?

бязвізавая зона Гродна

У кастрычніку-снежні 2016 года каля 2,000 турыстаў скарысталіся новай магчымасцю бязвізавага наведвання Гродзенскай вобласці. У адказ на павелічэнне колькасці замежных турыстаў Гродзеншчына пачала працаваць над дзвюма важнымі ініцыятывамі: бязвізавымі чыгуначнымі рэйсамі і запускам недарагіх рэйсаў у аэрапорт Гродна.

Але бязвізавы праезд на чыгунцы і ў аэрапорце Гродна не прыцягнуць турыстаў, калі не з’явіцца развітай сферы турыстычных паслуг. Пашырэнне бязвізавай тэрыторыі на ўсю Беларусь і інвестыцыі ў развіццё паслуг дазволіла б значна павысіць папулярнасць Беларусі для турыстаў.

Два месяцы без візы

26 кастрычніка Беларусь абвясціла бязвізавы ўезд для турыстаў на невялікай тэрыторыі Гродзенскай вобласці, што ўключае горад Гродна. У адпаведнасці з указам прэзідэнта №318 турысты могуць знаходзіцца на гэтай тэрыторыі без візы да 5 дзён.

З 26 кастрычніка па 26 снежня амаль 2,000 замежных грамадзянаў наведалі бязвізавую тэрыторыю. Большасць турыстаў (1,358 чалавек) склалі літоўцы, за якімі ідуць палякі (795). Сярод наведнікаў таксама адзначыліся турысты з Германіі, Іспаніі, Італіі, Партугаліі, ЗША і нават Афрыкі.

Кіраўнік абласнога камітэта спорту і турызму Алег Андрэйчык паведаміў агенцтву БЕЛТА, што Стары горад, заапарк, аграсядзібы і начныя клубы сталі найбольш папулярнымі месцамі для турыстаў. Хаця многія турысты адзначылі нізкія цэны ў Беларусі, недастатковае валоданне ангельскай мовай у сферы паслуг стала істотнай праблемай.

Меркаванні пра бязвізавы рэжым

У снежні вэбсайт Hrodna.life правёў серыю інтэрв’ю з турыстамі, якія прыехалі ў Беларусь па бязвізавым рэжыме. Іспанская сям’я, якая нядаўна наведала Гродна, адзначыла, што Беларусь застаецца невядомай для многіх іншаземцаў і таму павінна больш працаваць над сваім іміджам і маркетынгам, калі хоча прыцягнуць турыстаў.

Іншы падарожнік з Бразіліі адзначыў, што Беларусь далёкая ад тыповай савецкай краіны дзякуючы сваёй архітэктуры і развітым тэхналогіям. Польскі блогер Міхал Сікорскі наведаў Гродна і размясціў у інтэрнэце відэа-справаздачу. Міхал заклікаў беларусаў захаваць сваю ўнікальнасць і адзначыў архітэктуру Гродна, а таксама начныя клубы.

Мясцовыя актывісты з Гродна таксама адзначылі заўважнае павелічэнне колькасці турыстаў за апошнія два месяцы.

Наступны крок для бязвізавага рэжыму

Кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў паведаміў, што ў сувязі з павелічэннем колькасці турыстаў бязвізавая зона павінна быць пашыраная. Можа здацца, быццам ўлады мяркуюць пашырыць тэрыторыю бязвізавай зоны, але папраўкі да закона дазваляюць толькі пашырэнне бязвізавага доступу да чыгункі і авіяпералётаў.

На дадзены момант можна ўехаць у Беларусі без візы толькі на аўтамабілі або аўтобусе. Падчас паездкі на аўтамабілі наведвальнікі павінны набыць страхоўку і правесці непрадказальную колькасць часу на мяжы. Чыгуначнае падарожжа не мае гэтых недахопаў, таму цягнікі з Польшчы ў Беларусь маглі б прыцягнуць больш турыстаў.

Улады Гродзенскай вобласці прапануюць зрабіць нядаўна запушчаны цягнік Гродна — Беласток — Варшава — Кракаў бязвізавым.

Акрамя таго, Гродзеншчына прапануе запусціць недарагія авіялініі ў аэрапорт Гродна і ўключыць аэрапорт у бязвізавую зону. На сённяшні дзень аэрапорт Гродна вельмі малы і недастаткова развіты. Недарагі рэйсы з ЕС запатрабуюць інвестыцый у інфраструктуру аэрапорта і паляпшэнне транспартнага злучэння з горадам.

бязвізавая зона Гродна

Бязвізавая тэрыторыя. Крыніца: grodnovisafree.by

Апошняя прапанова ўсё яшчэ абмяркоўваецца. Улады прапануюць стварыць новы памежны кантрольна-прапускны пункт Сафіева-Ліпчаны. Але згаданыя прапановы, нават пры іх хуткай рэалізацыі, недастатковыя для значнага росту папулярнасці Беларусі сярод замежных турыстаў.

Малыя крокі, малыя дасягненні

Лік турыстаў у Беларусі з 2010 года значна знізіўся. Да гэтага часу Беларусь зрабіла толькі невялікія крокі па лібералізацыі візавага рэжыму. Увядзенне бязвізавага ўезду ў адну з абласцей Беларусі два месяцы таму стала першай спробай адкрыць краіну. Таму вывучэнне досведу суседніх краін магло б палепшыць мадэль развіцця мясцовага турызму.

Напрыклад, Падляскі рэгіён Польшчы стварыў цэнтр для прасоўвання рэгіёну. Цэнтр актыўна ўдзельнічае ў кампаніях, накіраваных на прыцягненне турыстаў, у першую чаргу з Беларусі. Па ініцыятыве цэнтра Беластоцкая опера прадавала білеты беларусам у абмен на бясплатныя візы. Падобны цэнтр ў Гродне мог бы распрацаваць новыя шляхі прыцягнення турыстаў у рэгіён.

Нязначныя ініцыятывы, прапанаваныя гарадзенскімі ўладамі, аказаліся неэфектыўнымі ў змене іміджу і папулярнасці Беларусі сярод замежных турыстаў. З’яўленне недарагіх авіярэйсаў ў Гродна наўрад ці прыцягне значна больш турыстаў, пакуль аэрапорт не будзе лепш абсталяваны і злучаны з горадам. Нізкі ўзровень ведання ангельскай мовы і адсутнасць ангельскіх надпісаў у грамадскіх месцах ствараюць дадатковыя перашкоды для турыстаў.

Пашырэнне бязвізавай тэрыторыі на ўсю Беларусь дало б большы эфект. Нядаўнім прыкладам паспяховай лібералізацыі візавага рэжыму з’яўляецца Казахстан, дзе былі скасаваныя візы для грамадзянаў 37 развітых краінаў тэрмінам да 30 дзён. Краіна накіраваная на пераўтварэнне ў буйны міжнародны фінансавы цэнтр і атрыманне простых інвестыцыяў з заходніх краінаў. Такая мера ў Беларусі зрабіла б краіну больш папулярнай на Захадзе. Візавая адкрытасць  краіны прынесла б толькі карысць ў эканамічным, сацыяльным і культурным аспектах.

Аднак змена візавага рэжыму ня прыцягне вялікай колькасці турыстаў, калі не з’явіцца развітая сфера паслугаў. На дадзены момант Беларусі варта было б укладваць грошы ў сферу турызму, для пачатку хаця б у Гродзенскай вобласці. Для параўнання, Беласток, найбліжэйшы польскі горад да Гродна з падобнай колькасцю жыхароў, мае 18 гатэляў. У той жа час, паводле Booking.com, Гродна мае толькі пяць. Павелічэнне колькасці гатэляў і хостэлаў, а таксама павышэння якасці сферы харчавання і забаваў будзе заахвочваць замежнікаў наведаць Беларусь больш за адзін раз.

Паспяховае ўвядзенне бязвізавай зоны ў Гродзенскай вобласці і яе магчымае пашырэнне усё ж паказваюць намер краіны адкрыцца і палепшыць адносіны з ЕС. Наступным лагічным крокам для Беларусі была б ратыфікацыі пагаднення пра малы памежны рух з Польшчай і Літвой, а таксама адмена візаў для развітых краін, як гэта зрабілі Грузія, Казахстан і Украіна.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *