Як грошы ЕС стымулююць супрацоўніцтва Літвы і Беларусі

30-31 студзеня кіраўнікі літоўскага горада Панявежыс і беларускага Віцебска сустрэліся ў Мінску. Сёння, калі адносіны паміж дзвюма краінамі атручаныя спрэчкай наконт Астравецкай атамнай станцыі, такія кантакты на мясцовым узроўні набываюць вялікае значэнне.

Абедзве краіны жадаюць развіваць супрацоўніцтва ў галіне турызму і паляпшэння бяспекі межаў не толькі па ўнутраных прычынах, але і таму, што Еўрапейскі саюз плаціць за гэта. ЕС мог бы дапамагчы яшчэ больш, калі б пачаў размяркоўваць грошы па сваёй трансгранічнай праграме больш справядліва, палепшыў рэгуляванне і, нарэшце, лібералізаваў бы візавы рэжым.

Прычына прыгранічнага супрацоўніцтва

Складаныя памежныя працэдуры паміж Беларуссю і Літвой упершыню з’явіліся 15 гадоў таму, калі Літва завяршыла перамовы пра ўступленне ў ЕС. Для многіх жыхароў памежжа гэты дзень апынуўся трагічным, таму што ён падзяліў сваякоў у суседніх вёсках. Да таго часу ў рэгіёне не было рэальных межаў — ні ў часы Расійскай імперыі, ні ў савецкі час, ні ў часы Вялікага Княства Літоўскага.

Вёска Ракай у Літве

Напрыклад, у літоўскай вёсцы Ракай, населенай пераважна этнічнымі беларусамі, шмат хто працаваў у Беларусі. Але ў 2003 годзе увядзенне рэальнай мяжы вымусіла іх шукаць працу ў Літве або пераязджаць у Беларусь.

Людзі з адной сям’і, якія пражылі ўсё жыццё на адлегласці некалькіх кіламетраў адзін ад аднаго, мусілі цяпер праходзіць дарагія і складаныя візавыя працэдуры і ехаць да бліжэйшага пункта перасячэння мяжы, дзе сутыкаліся з доўгай чаргой  на памежную праверку.

Мяжа закранула не толькі сем’і, але і эканамічныя адносіны. Напрыклад, у 2018 годзе Літоўская асацыяцыя перавозчыкаў паведаміла, што аўтатранспартныя кампаніі кожны дзень губляюць 100,000 еўра з-за чэргаў на беларуска-літоўскай мяжы. Памежныя пераходы проста не ў стане прапускаць такую колькасць фураў.

Натуральна, што культурныя, турыстычныя і гістарычныя сувязі таксама пацярпелі ад узнікнення мяжы.

ЕС як фундатар памежнага супрацоўніцтва

Без грошай ЕС краіны рабілі б значна менш крокаў насустрач адна адной, бо яны даволі бедныя і маюць іншыя прыярытэты. На сустрэчы ў пасольстве Літвы ў Беларусі кіраўнікі Панявежыса і Віцебска абмеркавалі Еўрапейскі інструмент добрасуседства для Латвіі, Літвы і Беларусі. Бюджэт па праграмах на 2014-2020 гады складае 81 млн. еўра, з якіх сродкі ЕС складаюць 74 млн. еўра.

У 2007-2013 гадах, падчас папярэдняй праграмы, больш за дзвесце беларускіх, латвійскіх і літоўскіх арганізацый пабудавалі або адрамантавалі амаль 150 аб’ектаў і правялі больш за 300 мерапрыемстваў. Дзякуючы фінансаванню ЕС з’явіліся агульныя маршруты турызму, час паездкі на цягніку Вільня-Мінск знізіўся да дзвюх з паловай гадзінаў, адбыліся сумесныя моладзевыя футбольныя лагеры, а пажарныя з трох краін арганізавалі палявыя вучэнні. Агулам, 57 праектаў атрымалі 37 мільёнаў еўра.

Сродкі ў межах бягучай праграмы накіраваныя на садзейнічанне сацыяльнай інтэграцыі і барацьбу з беднасцю, падтрымку належнага мясцовага кіравання, прасоўванне мясцовай культуры і захаванне гістарычнай спадчыны, кіраванне межамі і бяспеку межаў.

Накірунак кіравання межамі звычайна спажывае найбольшую долю грошай. Без дапамогі ЕС ўся існуючая памежная інфраструктура ў гэтым рэгіёне выглядала б састарэлай. У той жа час колькасць наведвальнікаў у абодва бакі працягвае расці. Нават Беларусь, якая застаецца не вельмі прывабнай для турыстаў, у 2017 годзе выдала ў Літве 73 тысячы візаў. Акрамя таго, літоўцы карысталіся бязьвізавым рэжымам у Гродне і падчас уезду ў Беларусь праз аэрапорт Мінска.

Беларусы і літоўцы наведваюць адзін аднаго з мэтай набыцця таннейшых або лепшых тавараў і паслугаў. Напрыклад, некаторыя беларусы абіраюць нараджэнне дзяцей у Літве, а літоўцы адпраўляюцца ў Беларусь па стаматалагічныя паслугі.

Як ЕС можа дапамагчы?

Брусэль мог бы зрабіць некалькі рэчаў, якія дапамаглі б палепшыць трансгранічнае супрацоўніцтва. У 2017 годзе маніторынгавы камітэт праграмы Латвія-Літва-Беларусь абраў 30 праектаў для фінансавання. Сярод іх толькі два праекты маюць у якасці вядучых бенефіцыяраў беларускія арганізацыі. Ва ўсіх астатніх, як распавялі ostro.by інсайдэры, беларускія арганізацыі гуляюць другарадную ці нават маргінальную ролю. Напрыклад, у ролі гасцей семінараў у Літве ці Латвіі.

Паводле пасла Беларусі ў Літве, праблема заключаецца ў тым, што “беларускім арганізацыям складана працаваць з еўрапейскімі фондамі, але гэта зменіцца, калі яны набудуць больш досведу і палепшацца правілы атрымання замежнай дапамогі ўнутры краіны”. Еўрапейская камісія магла б размяркоўваць сродкі праграмы больш прапарцыйна паміж краінамі, нават калі цяперашняя дыспрапорцыя мае некаторыя аб’ектыўныя падставы.

ЕС можа працягваць інвеставаць у памежную інфраструктуру, але на самой справе прычына доўгіх чэргаў палягае ў нарматыўнай сферы. Кіроўцы фур, якія едуць па тэрытор Польшчы, маюць права імпартаваць толькі 200 літраў дызельнага паліва за паездку, у той час як у Літве такіх абмежаванняў няма. Таму многія абіраюць маршрут праз Літву, і рашэнне гэтай праблемы патрабуе сумеснай працы.

Акрамя таго, ЕС павінен нарэшце лібералізаваць візавы рэжым з Беларуссю. Літва — гэта не толькі мека для забаваў багатых беларусаў, але і краіна,у якой бяднейшыя беларусы маюць сваякоў, якіх яны не бачаць з-за высокіх коштаў візы.

У рэшце рэштаў, у той час як палітычныя эліты сварацца, кантакты паміж людзьмі маглі б зблізіць два народы.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *