Як геапалітыка павялічвае вагу каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Мітрапаліт Кандрусевіч правіць вечаровую імшу на Дзень Усіх Святых у Мінску. Фота: catholic.by

Падчас імшы 1 лістапада каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года ў Расіі “экзістэнцыйнай катастрофай”, якая прынесла велізарныя пакуты Беларусі. Ён адзначыў, што Беларусь да гэтага часу святкуе ўгодкі рэвалюцыі як дзяржаўнае свята, у той час як каталіцкае насельніцтва не мае афіцыйнага выходнага на Дзень Усіх Святых і Дзяды для выканання сваіх абрадаў.

У гэтым годзе каталіцкі касцёл ўзмацніў сваю крытыку несправядлівай дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да яго ў параўнанні з пануючай Рускай праваслаўнай царквой. На фоне пацяплення адносінаў Беларусі з Захадам каталіцкі Касцёл, як падаецца, адчувае сябе больш упэўнена, каб публічна агучваць праблемы ў дачыненнях з уладамі.

Між тым, Мінск разумее важнасць Касцёла для дасягнення сваіх стратэгічных мэтаў, і таму мусіць прыслухоўвацца да беларускіх каталікоў больш уважліва.

Праваслаўнае дамінаванне

Паводле афіцыйных дадзеных, доля каталікоў у Беларусі складае 1,4 мільёна людзей, або 15% насельніцтва. Рымска-каталіцкая царква застаецца другой па велічыні дэнамінацыяй пасля праваслаўнай царквы. Беларускія каталікі адрозніваюцца ад праваслаўнага насельніцтва шэрагам рысаў. Як паказала даследаванне Цэнтра Pew 2017 года, яны практыкуюць больш рэгулярна і часцей атаясамляюць рэлігію з асабістай верай, а не з нацыянальнай або сямейнай культурай. Акрамя таго, праваслаўная царква доўгі час працуе ў шчыльным партнёрстве са свецкай дзяржавай і атрымала ад яе разнастайныя прывілеі.

Праваслаўная царква пакідае за сабой выключнае права ўплываць на пэўныя сферы дзейнасці дзяржавы, такія як адукацыя, ахова здароўя і папярэджанне злачыннасці. Дзяржава таксама надала ёй статус “аднаго з самых важных сацыяльных інстытутаў, чыя культурная спадчына ў мінулым і сёння паўплывала на фармаванне духоўных, культурных і нацыянальных традыцый беларускага народа”.

Беларускія каталікі дагэтуль чакаюць аналагічнага пагаднення. Беларускія ўлады адкладалі заключэнне канкардату з каталіцкай царквой на працягу некалькіх гадоў. Да гэтага часу каталікі маюць менш правоў у параўнанні з праваслаўнымі вернікамі, але выступаюць за свае правы больш актыўна. На працягу 2017 года каталіцкая царква агучыла беспрэцэдэнтную колькасць крытыкі ў дачыненні да афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі.

Барацьба за роўнасць у святах

Праваслаўнае насельніцтва Беларусі мае афіцыйнае свята у свой дзень памінання памерлых — Радаўніцу, які святкуецца праз тыдзень пасля Вялікадня ў чацвер. У адрозненне ад іх, беларускія каталікі, якія святкуюць Дзень Усіх Святых 1 лістапада і Дзяды 2 лістапада, не маюць афіцыйных выходных, каб выканаць свае абрады.

Падчас імшы ў Дзень Усіх Святых 1 лістапада мітрапаліт Кандрусевіч сказаў, што ён выступае за ўвядзенне новых афіцыйных святаў у Беларусі ў гэтыя даты. Ён нават заклікаў вернікаў далучыцца да адпаведнай онлайн-петыцыі.

Тадэвуш Кандрусевіч моліцца ў Курапатах. Фота: catholic.by

Мітрапаліт таксама выказаўся наконт 100-й гадавіны бальшавіцкай Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая адзначаецца ў Беларусі па савецкай традыцыі 7 лістапада. Мітрапаліт назваў рэвалюцыю “экзістэнцыйнай катастрофай” і адзначыў, што яна прынесла велізарныя пакуты беларускаму народу, але па-ранейшаму застаецца афіцыйным святам у Беларусі.

За дзень да выступу, 31 кастрычніка Кандрусевіч і некалькі іншых святароў памаліліся ў Курапатах, месцы масавых расстрэлаў падчас сталінскага Вялікага тэрору, і ў Трасцянцы, на месцы былога нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера. Гэтыя малітвы даслалі яскравы сігнал наконт пазіцыі каталіцкай царквы ў пытаннях гістарычнай памяці.

Беларуская дзяржава да гэтага часу не ў поўнай меры асудзіла камуністычныя злачынствы. Між тым, перамога над фашыскай Германіяй падчас Другой сусветнай вайны застаецца асновай афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі. Тым не менш, варта адзначыць, што ў апошні час адбыўся некаторы прагрэс у мемарыялізацыі Курапатаў. У лютым 2017 года вядомыя дзяржаўныя дзеячы і гісторыкі правялі круглы стол па пытанні, ці варта Курапатам стаць месцам нацыянальным жалобы.

Дыскрымінацыя каталікоў працягваецца

Выступаючы ў Акадэміі дзяржаўнага кіравання 2 мая 2017 года, Кандрусевіч прывёў шматлікія факты, якія пацвярджаюць дыскрымінацыю Рымска-каталіцкай царквы беларускай дзяржавай.

Гэта дыскрымінацыя ўключае абмежаванне магчымасці для замежных святароў працаваць у Беларусі, спробы кантраляваць нядзельныя школы, няроўныя правы ў пытанні прызыву на вайсковую службу для навучэнцаў каталіцкіх школаў, і нават ілжывыя абвінавачванні ў перавышэнне хуткасці кіравання аўтамабілем. Кандрусевіч адзначыў, што за час яго служэння ў Расіі і Еўропе ён ніколі не сутыкаўся з падобнымі перашкодамі.

Тым не менш, ён таксама адзначыў пэўны прагрэс у адносінах з уладамі. “Адбылося некалькі сустрэч з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, дзе абмяркоўваліся ўзнятыя мной праблемы. Як мне падаецца, яны былі пачутыя і таму спадзяюся на іх вырашэнне. Адносіны Касцёла і дзяржавы не замарожаны і развіваюцца”, сказаў ён.

Ці сапраўды каталіцкі Касцёл павялічвае свой уплыў?

Рымска-каталіцкая царква мела нялёгкія адносіны з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Пры падтрымцы Польшчы, якая да нядаўняга часу была актыўным крытыкам Беларусі і працягвае быць крыніцай непажаданых замежных святароў, Касцёл выглядаў агентам заходняй цывілізацыі ў збольшага праваслаўным прарасійскім грамадстве.

Улады неаднаразова крытыкавалі каталіцкую царкву. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў абвінавачваў яе ў “недастатковай кадравай падрыхтоўцы” і “дэструктыўнай дзейнасці некаторых беларускіх святароў”. Тым не менш, сам Лукашэнка мусіў падтрымліваць добразычлівыя адносіны з мясцовым касцёлам, а таксама ўстрымлівацца ад любых публічных абвінавачванняў.

Прэзідэнт Лукашэнка на пленарным пасяджэнні Рады Канферэнцыі еўрапейскіх біскупаў. Фота: president.gov.by

Беларускі лідар ужо даўно шукаў падтрымкі ўплывовай каталіцкай іерархіі у спробах нармалізаваць адносінаў з Захадам. У красавіку 2009 года Папа Бенедыкт XVI правёў асабістую аўдыенцыю з прэзідэнтам Лукашэнкам у Апостальскім палацы. Гэта падзея стала сігналам для паступовага разбурэння дыпламатычнай ізаляцыі Лукашэнкі.

Нягледзечы на ​​некаторую міжнародную крытыку, Ватыкан па-ранейшаму прыхільны да сваёй палітыкі ўцягвання Беларусі і гатовы дапамагаць беларускім уладам палепшыць адносіны з ЕС. Напрыклад, у 2016 годзе прэзідэнт Лукашэнка правёў сустрэчу з цяперашнім Папам Францішкам, дзе беларускі лідар у чарговы раз нагадаў Папу пра запрашэнне наведаць Беларусь. Аднак пэўныя перашкоды робяць такі візіт у бліжэйшы час немагчымым. Асноўнай праблемай з’яўляецца пазіцыя ў гэтым пытанні даміноўнай Рускай праваслаўнай царквы.

Цяперашняе геапалітычнае асяроддзе i змена знешняй палітыкі Беларусі павялічваюць уплывовасць каталіцкай царквы як важнага заходняга актара, які ў стане публічна агучваць праблемы ў адносінах з беларускімі ўладамі. Са свайго боку, афіцыйны Мінск разумее важнасць Касцёла для дасягнення сваіх стратэгічных мэтаў, і прымае новыя правілы гульні.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *